Яцвяжская мова
Яцвяжская мова, судоўская мова, судзінская мова, мова яцвягаў — адна з мёртвых балтыйскіх моў.
Яцвяжская мова | |
---|---|
Саманазва | Jātvingun/sūdaviun bilā[1]/valda, sūdaviskas |
Краіны | — |
Агульная колькасць носьбітаў |
|
Класіфікацыя | |
|
|
Моўныя коды | |
ISO 639-1 | — |
ISO 639-2 | — |
ISO 639-3 | xsv |
IETF | xsv |
На ёй размаўлялі заходнябалцкія плямёны, што ў I — пач. II тыс. н.э. насялялі тэрыторыю паміж Нёманам і вярхоўямі ракі Нараў. Паступова выцесненая польскай, літоўскай і нямецкай мовамі. Блізкая да прускай мовы.
Перастала існаваць у XVI ст., сляды захаваліся ў XVIII—XIX ст. у некаторых гаворках беларускай і літоўскай моў у выглядзе асобных запазычанняў.
Сувалкійская гаворка аўкштайцкага дыялекту літоўскай мовы, складзеная пад уплывам гаворак яцвягаў, ляжыць у аснове сучаснай літоўскай літаратурнай мовы[2]. Ян Атрэмбскі таксама адзначыў пэўны ўплыў мовы яцвягаў на польскую мову на ўсходзе сучаснай Польшчы — у прыватнасці, на мазавецкую гаворку[3].
Яцвяжская мова доўгі час вывучалася на аснове абмежаванага назоўнага матэрыялу, ажно пакуль не быў апублікаваны знойдзены ў Белавежскай пушчы «Яцвяжскі слоўнічак».
Блізкасць да прускай мовы
правіцьНа думку большасці лінгвістаў, пры ўсіх цяжкасцях і лакунах у даследаванні яцвяжскай мовы гаворкі яцвягаў найбольш блізкія да гаворак балцкага племені прусаў, а таму аднесены да заходняй галіны балтыйскай групы індаеўрапейскай моўнай сям’і[4]. Паводле даследаванняў польскага лінгвіста Яна Атрэмбскага , мова яцвягаў — заходнябалцкая, якая таксама мела некаторыя асаблівасці, характэрныя для славянскіх моў[5][6]. Паводле Ул. Тапарова, у мове «Яцвяжскага слоўнічка» адлюстраваныя пэўныя «пераходныя працэсы ад балцкай стадыі да праславянскай»[7].
Ва ўступе да выдадзенага ў 1545 г. Першага прускага катэхізма гаворыцца: «Яцвягі [Die Sudawen], хоць іх мова і трохі прасцейшая, але здольныя ў гэтай прускай мове, якою выдрукаваны ўвесь гэты катэхізм, зразумець усе словы»[8]. Магчыма, гэта тычылася толькі тэрытарыяльна бліжэйшай да прускіх тэрыторый судаўскай гаворкі.
Пра блізасць яцвяжскай да старапрускай мовы сведчыць шэраг лінгвістычных рыс.
- Як і пруская, яцвяжская мова захоўвала старабалцкі дыфтонг -ei-. Ва ўсходнябалцкіх, або цэнтральна-балцкіх, мовах (літоўскай і латышскай) ён перайшоў у -ie-. Напрыклад, літоўскі тапонім Leipalingis на старой яцвяжскай тэрыторыі суадносяць з літоўскім liepa «ліпа» і выводзяць з яго яцвяжскае *leipa.
- Як і ў прускай, шыпячыя зычныя š, ž перайшлі ў яцвяжскай мове ў s, z. Пра гэта сведчаць, напрыклад, назвы ракі Зэльвы (літ. želvas «зеленаваты») або возера Свіцязь (літ. švitėti «зіхцець»).
- У яцвяжскай, як і ў прускай, прадуктыўным быў суфікс -ing-. Пра гэта гавораць і літоўскія назвы на старой яцвяжскай тэрыторыі Apsingė, Nedzingė, Pilvingis, Suvingis, а таксама і сама назва яцвягаў (jāt-v-ing-).
Зноскі
- ↑ http://www.suduva.com/virdainas/ (англ.)
- ↑ Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 100.
- ↑ Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 413. Архівавана 21 верасня 2021.
- ↑ Языки мира: Балтийские языки. — Москва, 2006. — С. 23, 26.
- ↑ Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Мн., 2007. С. 214.
- ↑ Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 411. Архівавана 21 верасня 2021.
- ↑ Z. Zinkevičius. Lenkų-jotvingių žodynėlis? // Baltistica XXI (1). 1985. C. 64.
- ↑ V. Mažiulis. Prūsų kalbos paminklai. II. Vilnius, 1981. С. 67-68.
Літаратура
правіць- Міхневіч А. Я. Яцвягаў мова // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
Спасылкі
правіць- «Яцвяжскі слоўнічак». Што гэта? — nashaniva.by