Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей

Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей — музей, заснаваны ў горадзе Дзятлава 29 жніўня 1966 г. у адпаведнасці з рашэннем Гродзенскага аблвыканкама. З 1998 г. сучасная назва. Дырэктары музея: М. Ф. Петрыкевіч, з 1985 г. — Ф. Ф. Красюк. Асноўны фонд музея (2008) налічвае 12 884 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 2805 адзінак. Плошча экспазіцыі 284 м², у т.л. 48 м² пад часовыя выстаўкі.

Асноўная экспазіцыя размешчана ў 8 залах. У 1-й зале музея раскрываецца гісторыя краю з часоў каменнага веку да сярэдзіны 19 ст. Экспануюцца каменныя прылады працы і зброя першабытных людзей (сякеры, скрабкі, нажы, наканечнікі стрэл і інш.), рэшткі жывёл, на якіх палявалі нашы продкі (бівень і зуб маманта, рог тура і інш.). Прадстаўлены археалагічныя знаходкі эпохі мезаліту і неаліту, човен 16 ст. (знойдзены ў вёсцы Пархуты), дыярама мястэчка Дзятлава, прадметы розных рэлігійных канфесій часоў Вялікага княства Літоўскага (абразы, арнат, біблія, тора, скульптурныя выявы). Вайна 1812 года прадстаўлена калекцыяй тагачаснага ваеннага рыштунку. Асобны стэнд прысвечаны вучоным-землякам І. Дамейку, В. Дмахоўскаму, Т. Жаброўскаму. У 2-й зале наведвальнікі знаёмяцца з матэрыяльнай культурай краю канца 19 — пачатку 20 ст. Экспануюцца вырабы мясцовых майстроў, прылады працы земляробаў, жывёлаводаў і рамеснікаў, узоры мастацкага ткацтва, сталярныя і ганчарныя вырабы, прадметы народнага побыту (адзенне, посуд, мэбля, пісьмовыя прылады і г.д.).

Спецыяльная зала прысвечана нацыянальна-вызваленчаму руху ў Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я г. Тут прадстаўлены падпольныя газеты, транспаранты, лістоўкі, брашуры, якія выдаваліся Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі (КПЗБ), дакументы, фатаграфіі, асабістыя рэчы членаў КПЗБ і Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ). Адлюстравана дзейнасць Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Таварыства беларускай школы (ТБШ), беларускага пасольскага клуба «Змаганне», у арганізацыі і дзейнасці якога прымаў удзел ураджэнец Дзятлаўскага раёна, паэт, публіцыст і літаратуразнавец І. С. Дварчанін. З Дзятлаўшчынай звязана дзейнасць С. В. Прытыцкага, В. З. Харужай, М. Танка і інш. Асобны стэнд прысвечаны пісьменнікам Заходняй Беларусі — удзельнікам барацьбы за вызваленне. Тэма ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР завяршае экспазіцыйны матэрыял 1-га паверха музея.

Экспазіцыя, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне, размешчана ў 3 залах на плошчы 120 м² і налічвае 1200 экспанатаў асноўнага фонду. Тут выстаўлены дакументы, фатаграфіі, асабістыя рэчы ўдзельнікаў абарончых баёў на рацэ Шчара ў чэрвені 1941 г., 14 савецкіх воінаў, што загінулі пры абароне Дзятлава, землякоў — абаронцаў Масквы, Ленінграда, Сталінграда, у т.л. генерал-лейтэнанта авіяцыі С. Г. Караля. Змешчаны фатаграфіі, зброя, узнагароды, прадметы побыту, асабістыя рэчы партызан, у ліку якіх Героі Савецкага Саюза — партызанскія камбрыгі Б. А. Булат і Ф. М. Сінічкін. Прадстаўлены макет помніка работы скульптара А. Салятыцкага і карціна мастака П. Свентахоўскага, прысвечаныя селяніну-патрыёту І. Ю. Філідовічу, які паўтарыў подзвіг І. Сусаніна. Экспануюцца матэрыялы пра разгортванне антыфашысцкага падполля і злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Дзятлаўскім раёне. Шырока паказана тэма вызвалення Дзятлава. Шматлікія дакументы, фотаздымкі і іншыя матэрыялы экспазіцыі адлюстроўваюць перыяд аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі.

У музеі арганізуюцца пастаянныя выстаўкі народных і прафесійных майстроў. Дзейнічае выстаўка мастацкай керамікі М. Л. Несцярэўскага: вазы розных форм і аб'ёмаў, фігуры людзей, жывёл, маскі, якія адлюстроўваюць багацце эмоцый чалавека. На выстаўцы можна ўбачыць вырабленыя М. Л. Несцярэўскім першыя ўзоры дэкаратыўных керамічных пано, што ўпрыгожваюць станцыю метро «Плошча Якуба Коласа» ў Мінску.

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6), С. 166.

Спасылкі правіць