Русіфікацыя Беларусі

сукупнасць захадаў уладаў Расійскай імперыі

Русіфікацыя (па-руску: русский + па-лацінску: -fico «раблю») — сукупнасць захадаў уладаў Расійскай імперыі, а пазней СССР і Рэспублікі Беларусь пад кіраваннем Аляксандра Лукашэнкі[1][2][3][4][5], скіраваных на насаджэнне рускай нацыянальна-палітычнай перавагі на землях, заселеных іншымі народамі, з мэтай наступнай іх асіміляцыі і дасягнення перавагі рускіх мовы і культуры на дадзенай тэрыторыі.

Замена беларускіх вулічных шыльдаў на рускамоўныя. Мінск, 2011 год.
Паступовы перавод раскладу аўтатранспарту ў в. Мікіціха з беларускай мовы на трасянку і, нарэшце, на рускую мову.

Русіфікацыя Беларусі складаецца з шэрагу кампанентаў:

  • Русіфікацыя адукацыі
  • Рэпрэсіі беларускіх элітаў, якія стаяць на пазіцыях нацыянальнай незалежнасці і будуюць беларускую дзяржаву на аснове беларускіх нацыянальных атрыбутаў
  • Увядзенне праваслаўя, звязанага з Рускай праваслаўнай царквой[6]
  • Навязванне рускай культуры[2][6]
  • Навязванне рускай ментальнасці, антызаходніцтва, адмова ад каштоўнасцей свабоднага дэмакратычнага прававога грамадства[6]
    • Укараненне ў беларускую свядомасць рускіх ментальных шаблонаў («братэрскія народы», «Вялікая Айчынная вайна», непрыязнасць або нянавісць да свабоды, дэмакратыі, правоў чалавека, антызаходнія догмы і г. д.)
  • Штучная дэфармацыя беларускай мовы з мэтай набліжэння яе да рускай[7]
  • Падтрыманне прававых інстытутаў, якія ствараюць умовы для выцяснення беларускай мовы[7]
  • Разбурэнне альбо мадыфікацыя нацыянальнай архітэктуры[8][9]
  • Масавае ўсталяванне помнікаў расійскім дзеячам
  • Перайменаванне населеных пунктаў, вуліц і іншых геаграфічных аб’ектаў у гонар расійскіх дзеячоў альбо паводле расійскай традыцыі[10][11]
  • Панаванне расійскага тэлебачання, расійскай прадукцыі ў медыйнай прасторы Беларусі[2][6]
  • Адсутнасць умоў для выкарыстання беларускай мовы ў працы і дакументазвароце[2]

У Расійскай імперыі

28 мая 1772 года адразу па першым падзеле Рэчы Паспалітай расійская імператрыца Кацярына II падпісала Наказ, паводле якога ўсе губернатары «былых польскіх» (гэта значыць — беларускіх) губерняў абавязваліся складаць свае выракі, пастановы і загады толькі на рускай мове. Жыхарам дазвалялася карыстацца сваёй мовай і сваімі законамі толькі калі гэта не краналася сферы ўлады. 8 мая 1773 года Кацярына II падпісала чарговы Наказ «Аб заснаванні ў Беларускіх губернях губернскіх і правінцыйных земскіх судоў», дзе было яшчэ раз пазначана пра абавязковае выкарыстанне ў справаводстве толькі рускай мовы[12].

Кацярына II імкнулася да аб’яднання далучаных земляў з іншымі часткамі імперыі, але рабіла гэта асцярожна і паступова. Па здушэнні паўстання 1794 года гэтая палітыка праводзілася больш упарта і настойліва з ужываннем карных захадаў[13]. Расія афіцыйна адмаўляла беларускую нацыю і беларускую мову; чыноўнікі беларускага паходжання звальняліся з дзяржаўных устаноў і замяняліся расійскімі[14].

Павел I, імператар расійскі і Аляксандр I не прымалі значных захадаў супраць распаўсюджвання польскай культуры і мовы, таму польскі ўплыў на беларускіх землях па яго вынішчэнні ў часы Кацярыны II дастаткова хутка аднавіўся і да канца першай чвэрці XIX ст. перавышаў рускі.

 
Карыкатура на адкрыццё помніка Мураўёву-вешальніку ў Вільні, 1898

Па прыходзе да ўлады ў снежні 1825 года Мікалая I наступ на беларускую і польскую культуру аднавіўся і асабліва ўзмацніўся па здушэнні паўстання 1830—1831 гадоў. Палітыка Мікалая I была накіраваная на вяртанне больш узмоцненай русіфікацыі і ўніфікацыі земляў Беларусі[13]. 16 верасня 1831 года ўтварыўся адмысловы «Заходні камітэт», задачай якога з’яўлялася «зраўняць Заходні край ва ўсіх адносінах з унутранымі вялікарускімі губернямі»[13]. Міністр унутраных спраў Расійскай імперыі Пётр Валуеў падрыхтаваў для Камітэту адмысловы «Нарыс пра сродкі абрусення Заходняга края»[15].

25 чэрвеня 1840 года Мікалай I выдаў указ, паводле якога ўсе справы як ва ўрадавай, так і ў судовай частцы, не вылучаючы спраў дваранскіх і дэпутацкіх сходаў, а таксама ўвогуле ўсе акты, якога б роду і наймення яны не былі, трэба было пісаць толькі на рускай мове. У афіцыйнай дакументацыі забаранялася карыстацца словамі «Беларусь» і «беларусы». Беларусь атрымала назву «Паўночна-Заходні край», адначасна скасоўвалася дзеянне Статута Вялікага Княства Літоўскага[14].

Апроч таго, Мікалай I зацвердзіў пастанову пра перасленне ў Беларусь «выхадцаў з унутраных губерняў, якія прынясуць з сабой у гэты край, які цураецца Расіі, нашу мову, звычай, прыхільнасць рускіх да трона»[16].

За Аляксандрам II назіраліся пэўныя паслабленні ў русіфікацыйных працэсах, але палітыка ўніфікацыі і інтэграцыі заходніх губерніяў з іншымі тэрыторыямі Расійскай імперыі ўсё яшчэ працягвалася[13].

У сваіх «Лістах з-пад шыбеніцы», якія былі напісаныя ў 1864 годзе, Кастусь Каліноўскі патлумачыў, што:

  Калі ронд польскі ўсім братнім народам дае самарондства, маскаль мала таго, што гэтак не робіць, но яшчэ там, гдзе жылі палякі, літоўцы і беларусы, заводзіць маскоўскія школы, а ў гэтых школах учаць па-маскоўску, гдзе ніколі не пачуеш і слова па-польску, па-літоўску да і па-беларуску, як народ таго хоча, а ў гэтыя школы адно з другога канца света маскалёў насылаюць, што толька ўмеюць красці, людзей абдзіраці дай служыць за грошы паганаму дзелу на глум народу.[17]  

Па здушэнні паўстання 1863—1864 гадоў працэс расіізацыі ўзначаліў генерал-губернатар М. Мураўёў. Асаблівую ўвагу начальнік «Паўночна-заходняга края» надаваў расіізацыі адукацыі, шырока вядомым з’яўляецца яго дэвіз:

  Што не дарабіў рускі штык — даробіць рускія школа і царква  

Мураўёў запрасіў у Вільню прадстаўніка кансерватыўнага кірунку ў «заходне-русізме» Ксенафонта Гаворскага і спрыяў пераносу яго кіеўскага выдання «Веснік Паўднёва-Заходняй і Заходняй Расіі» пад новай назвай «Веснік Заходняй Расіі». Аднак, нягледзячы нават на ўвядзенне абавязковай падпіскі для духавенства і службоўцаў, часопіс не карыстаўся папулярнасцю, і ў 1871 годзе яго закрылі.

Звяртаючыся да беларускага дваранства Мураўёў казаў:

  Забудзцеся пра наіўныя летуценні і мары, панове, і помніце, што калі вы не зробіцеся тут сваімі думкамі і пачуццямі рускімі, вы будзеце іншаземцамі і мусіце тады пакінуць гэты край  

Апроч таго, істотнымі фактарамі расіізацыі ў «Паўночна-заходнім краі» з’яўляліся падвышаныя (параўнальна з метраполіяй) аклады і разнастайныя прывілеі для чыноўнікаў-выхадцаў з цэнтральнай Расіі, а таксама расійскае войска, шматлікія гарнізоны якога стала размяшчаліся ў беларускіх гарадах і мястэчках[18].

Русіфікатарская палітыка ў архітэктуры

 
Сабор у Барысаве (1874 г.), збудаваны ў стылі маскоўскага дойлідства XVII ст.[19]

У другой палове XIX ст. на Беларусі прыкметна пашырылася і набыло беспрэцэдэнтныя маштабы[20] царкоўнае будаванне, ініцыятарам якога быў генерал-губернатар М. Мураўёў. Мураваныя бажніцы ўзводзіліся паводле «ўзорных» праектаў і мусілі ўвасобіць праваслаўна-рускія і царкоўна-традыцыйныя рысы архітэктуры[21] Маскоўскай царквы:

  Праваслаўныя бажніцы маюць быць адвечнымі сведкамі вялікай эпохі адраджэння рускай народнасці ў Паўночна-Заходнім краі, спрадвеку рускім, які доўгі час пакутаваў пад прыгнётам лацінска-польскай прапаганды.

 

Расійскі этнограф А. М. Пыпін пісаў у 1892 годзе, што «даўгачаснае падляганне Беларусі польскаму панаванню змяніла будаўніцтва нашых цэркваў; яны пабудаваны тут па выгляду каталіцкіх»[22][23].

 
Характэрная мураўёўка з купаламі-цыбулінамі, шатрамі, какошнікамі і інш.

На правядзенне прац прапаноўвалася прыцягваць будаўнічыя арцелі з цэнтральнай Расіі, бо на думку расійскіх уладаў, знаходжанне такіх арцеляў сярод праваслаўныга насельніцтва края мусіла «пасеяць моцнае насенне чыста расійскага жыцця» і азнаёміць бліжэй тутэйшы народ з Расіяй[24].

Сотні аднолькавых цэркваў[25], збудаваных у гэты час, атрымалі назву «мураўёўкі»[26]. З’яўленне «мураўёвак» адпавядала абвешчанай расійскім царом Мікалаем I тэзе: «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць». Падобныя збудаванні як матэрыяльны выраз каланіяльнай палітыкі[27] мусілі ўвасабляць бясспрэчнае панаванне царскай Расіі на Беларусі[14].

У гэты ж час ажыццяўлялася масавае знішчэнне старажытных праваслаўных цэркваў Вялікага Княства Літоўскага[8], а таксама перабудова ў стылі архітэктуры Маскоўскай дзяржавы колішніх рымска-каталіцкіх, уніяцкіх і нават спрадвеку праваслаўных святыняў (Канстанцінопальскі патрыярхат). Фінансавалася гэтая справа з сродкаў, сабраных з удзельнікаў паўстання ў выглядзе штрафаў і кантрыбуцый[20][28].

 
Нясвіжская ратуша ў 1820-я гады (налева) і ў 1894 годзе (направа)

Палітыка русіфікацыі таксама выявілася ў разбурэнні мясцовага каларыту старых гарадскіх цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага. У час непазбежнай мадэрнізацыі гарадоў знішчаліся ратушы (у 1857 годзе па загадзе расійскага цара зруйнавалі Мінскую ратушу), руйнаваліся альбо перабудоўваліся да непазнавальнасці старажытныя цэрквы і касцёлы, змяняліся функцыі старых ансамбляў (комплексы езуіцкіх калегіумаў у Оршы і Гродна ператварылі ў вязніцы). З мэтай стварэння магутнай крэпасці на заходніх рубяжах Расійскай імперыі ў 1830-я гады поўнасцю знішчылі сярэдневяковае Берасце, багатае архітэктурнымі каштоўнасцямі (старажытны замак, 10 цэркваў і касцёлаў, мураваны Рынак з ратушай, палацам князя Чартарыйскага і іншымі будынкамі). Такім чынам закладваліся асноўныя прынцыпы каланіяльнай архітэктурнай практыкі ў Беларусі: гвалтоўная змена функцый старых ансамбляў, брутальнае разбурэнне важных у духоўным і гістарычным сэнсах аб’ектаў, наўмыснае стварэнне эстэтычнага канфлікту праз радыкальную стылістычную змену альбо пабудову чужародных і несумаштабных аб’ектаў у традыцыйным высокамастацкім асяроддзі[29].

3 сакавіка 1918 года ў нямецкай прэсе выйшла публікацыя пра ўражанні ад таго горада, у якое ператварыўся Мінск пад уладай Расійскай імперыі[30][9]: «Мінск не робіць надта спрыяльнага ўражання, галоўным чынам таму, што шмат з старых выдатных барочных будынкаў, цэркваў і манастыроў было абязлічана рускімі праз перабудову яшчэ горш, чым у Вільні. Наогул, урад імкнецца наўмысна знішчыць усё, што магло б нагадваць былыя часы, тым не менш нічога не робіць з свайго боку дзеля ўпрыгажэння горада. Галоўныя будынкі <…> былі збудаваны ў большасці ў XVII стагоддзі. Роўна як цэрквы, таксама праваслаўныя, частка з якіх раней была каталіцкімі. Манастыры былі зведзены да ролі казармаў».

У СССР

У адпаведансці з савецкай камуністычнай тэорыяй працэс зліцця ўсіх народаў Савецкага Саюза ў адну нацыю мусіў адбывацца на падставе ўзаемнага скрыжоўвання нацыянальных элементаў усіх народаў, у тым ліку мовы. Насамрэч гэты працэс праводзіўся толькі на падставе рускай нацыянальнай базы — на базе рускіх гісторыі, культуры, мовы і патрыятызму[31].

Кампанія супраць беларускай мовы была ўзнятая ў СССР у пачатку 1930-х гадоў. Палітыка русіфікацыі беларускай мовы знайшла сваё канкрэтнае адлюстраванне ў выдадзенай у 1931 годзе пад рэдакцыяй дырэктара Інстытуту Філасофіі Беларускай Акадэміі Навук акадэміка С. Я. Вальфсона «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі». Практычным завяршэннем першага этапу кампаніі русіфікацыі беларускай мовы зрабілася ўрадавая пастанова Савету народных камісараў БССР за 28 жніўня 1933 года «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу», якая датычыла не толькі правапісу, але і фанетычных і марфалагічных асаблівасцей беларускай мовы.

У 1950 годзе Сталін пісаў[32]:

  Мы будзем мець справу не з дзвюма мовамі,... а з сотнямі нацыянальных моў, з якіх у выніку доўгага эканамічнага, палітычнага і культурнага супрацоўніцтва нацый будуць выдзяляцца спачатку найбольш узбагачаныя адзіныя занальныя мовы, а потым занальныя мовы зліюцца ў адну супольную міжнародную мову,...якая... будзе новай мовай, што ўбярэ ў сябе найлепшыя элементы нацыянальных і занальных моў  

Адна з прадбачаных Сталіным занальных моў мусіла паўстаць на базе рускай мовы.

Цягам усёй русіфікацыйнай кампаніі, якая пачалася ў 1930-х гадах ва ўсіх нерускіх мовах Савецкага Саюза адбываўся прыблізна адначасна аднолькавы працэс з аднолькавай рэакцыяй на яго з боку асобных народаў. Калі разгледзіць славянскія нерускія мовы СССР — беларускую і ўкраінскую — то ў звязку са сваяцтвам гэтых моў русіфікацыйны працэс у кожнай з іх з’яўляўся ідэнтычным ва ўсіх дэталях. У працэсе русіфікацыі неславянскіх моў — цюркскіх, моў народаў Каўказу, мовы балцкіх народаў — існавалі пэўныя фармальныя і колькасныя розніцы ад русіфікацыйнага працэсу ў беларускай альбо ўкраінскай мовах, але асноўныя мэты, на якія быў скіраваны гэты працэс, заставаліся аднолькавымі.

Рэалізацыя моўнай палітыкі ў БССР праводзілася ў двух кірунках, якія ўзаемна дапаўняюць адзін адно, але паслядоўна вялі да поўнага нівеліравання беларускай мовы:

  1. Звужэнне сферы ўжывання беларускай мовы ў публічным жыцці і замена яе рускай;
  2. Усебаковая русіфікацыя дапушчанай да публічнага ўжывання беларускай мовы.

У пасляваенны час на нізкім прафесійным узроўні вялося выкладанне многіх прадметаў, дрэнна ўлічваліся нацыянальныя асаблівасці ў вучэбна-выхаваўчай рабоце. Гэтаму спрыялі ўмовы, звязаныя з камандзіраваннем у рэспубліку многіх кадраў, якія не валодалі мовай карэннага насельніцтва і не жадалі, каб яе вывучалі іх дзеці. Абыякава адносіўся да беларускай мовы партыйна-дзяржаўны апарат. У 1953 г. толькі 62,2 % кіруючых кадраў рэспубліканскай партыйнай арганізацыі складалі прадстаўнікі карэннай нацыянальнасці. Гэтыя абставіны спрыялі таму, што рэзка скарацілася колькасць беларускіх школ у буйных прамысловых цэнтрах. У Мінску ў 1945/46 н.г. з 28 школ 14 былі беларускамоўнымі, а ўжо ў 1952/53 н.г. з 46 школ беларускіх налічвалася толькі 9. Набірала моц тэндэнцыя скарачэння беларускамоўных школ у раёнах і нават у сельскай мясцовасці[33].

Кепская сітуацыя склалася з выданнем беларускамоўных кніг. Беларускамоўныя кнігі трымаліся на складах, не пушчаліся ў продаж, а потым спісваліся ў якасці затаваранай нехадавой прадукцыі, якую ніхто не хоча чытаць. Разам са змяншэннем тыражаў і колькасці беларускамоўнай друкаванай прадукцыі, павялічвалася колькасць і ўдзельная вага рускамоўнай. У 1946 годзе тыраж часопісаў на рускай мове ў БССР складаў 1 %, 1955 годзе ён дасягнуў 31 %. У 1970 годзе агульны тыраж беларускамоўных кніг складаў 9 мільёнаў асобнікаў, рускамоўных — 16 мільёнаў[34].

26 мая 1983 была прынятая пастанова ЦК КПСС і Савету Міністраў СССР, аб павелічэнні на 15 % заробку настаўнікаў рускай мовы ў беларускамоўных школах. Пастанова прадугледжвала са студзеня 1984 года павелічэнне на 15 % стаўкі настаўнікаў падрыхтоўчых і другіх-трэціх класаў, якія ведалі рускую мову, і настаўнікаў рускай мовы і літаратуры ў 4—11 класах агульнаадукацыйных школ усіх тыпаў[34].

Рэспубліка Беларусь пад кіраваннем Аляксандра Лукашэнкі

Кнігавыданне

Станам на 2014 год у краіне на беларускай мове выдавалася толькі 10-11 % кніг, пра што 3 лютага 2015 года заявіла міністр інфармацыі Лілія Ананіч. Усяго ў 2014 годзе выйшла 11613 найменняў кніг агульным накладам 31,2 мільёна асобнікаў, па прыкладных падліках было толькі 3,4 мільёны кніг выйшлі на беларускай мове. Міністр адзначыла, што гэтыя лічбы адлюстроўваюць рэальны моўны стан кнігавыдання ў краіне[35].

Адукацыя

Канстытуцыя Беларусі дэкларуе роўнасць дзвюх дзяржаўных моваў: беларускай і рускай, аднак у рэальнасці атрымаць адукацыю па-беларуску складана. З кожным годам колькасць беларускамоўных груп у садку і беларускамоўных школ скарачаецца. А вышэйшая адукацыя на беларускай мове практычна ліквідавана[36].

Дашкольныя ўстановы

У дзіцячых садках па-беларуску ў 2014 годзе навучалася 11 % дашкольнікаў (45 тысяч чалавек), а ў 2013 годзе іх было яшчэ 11,4 %[37]. У Мінску ў беларускамоўныя групы запісаныя менш за 3 тысячы дзетак, што складае ўсяго 3,2 % ад агульнай колькасці[36].

2010 2014
колькасць,
тыс. чал.
доля колькасць,
тыс. чал.
доля
усяго навучэнцаў 384 410,6
па-беларуску, з іх: 49,2 12,8 % 43,1 10,5 %
Мінск 3,1 3,8 % 2,9 3,2 %
Брэсцкая вобласць 9,8 16,8 % 9,1 14,7 %
Віцебская вобласць 4,7 10 % 3,8 7,8 %
Гомельская вобласць 5,6 9,7 % 4,8 7,9 %
Гродзенская вобласць 8,8 19 % 8,3 18,2 %
Мінская вобласць 13 24,2 % 10,4 18,2 %
Магілёўская вобласць 4,3 10,4 % 3,6 8,2 %

Сярэдняя адукацыя

Беларуская ССР была самай русіфікаванай з рэспублік СССР, але нават пры канцы савецкага перыяду доля беларускамоўных школьнікаў складала 22 % [38]. Пасля здабыцця незалежнасці (1991) доля беларускамоўных школ рэзка вырасла, але пачала зноў падаць пасля таго, як з прыходам да ўлады А. Лукашэнкі зноў пачалася русіфікацыя[1][2][3][4][5][39].

З 1995 да 2006 года доля беларускамоўных школьнікаў скарацілася з больш чым 40 %, да тых самых савецкіх 22 %. Але і гэта лічба імкліва памяншалася: у 2011-м яна ўпала да 17,8 %, у 2016-м — да 13,3 %[38]. Самы нізкі паказчык па Мінску[37], дзе ў 20132014 на­ву­чаль­ным го­дзе ў 148 кла­сах з бе­ла­рус­кай мо­вай на­ву­ча­лі­ся ўся­го 1,6 % ад агульнай коль­кас­ці мін­скіх школь­ні­каў, што ў 1,5 ра­за менш, чым было за пяць га­доў да таго[40]. Толькі за перыяд з 2011 да 2014 года ў асоб­ных ра­ё­нах Беларусі ў да­школь­ных уста­но­вах, шко­лах і гім­на­зі­ях уво­гу­ле знік­лі бе­ла­рус­ка­моў­ныя кла­сы і групы[40].

2010 2014
колькасць,
тыс. чал.
доля колькасць,
тыс. чал.
доля
усяго навучэнцаў 940,4 931,3
па-беларуску 178,4 19 % 135,1 14,5 %
Мінск 2,3 % 3,9 2,3 %
Брэсцкая вобласць 24,5 % 32,4 20,6 %
Віцебская вобласць 18,6 % 13,1 12,1 %
Гомельская вобласць 18 % 18,7 12,8 %
Гродзенская вобласць 21,8 % 18,1 16,9 %
Мінская вобласць 31,9 % 35,7 25,7 %
Магілёўская вобласць 16,9 % 13,5 12,7 %

Скарачаецца доля першакласнікаў, якія вучыліся па-беларуску[41]. У 2009 годзе яна складала 16,7 %, у 2014—2015 навучальным годзе ўпала да 12,1 %. А ў 2018—2019 навучальным годзе ў Беларусі вучыліся па-беларуску толькі 9,7 % вучняў першых класаў[38].

Пераважная большасць беларускамоўных школ знаходзіцца ў сельскай мясцовасці, якія паступова зачыняюцца праз адток насельніцтва ў гарады. Штогод у Беларусі закрываецца каля 100 невялікіх школ, большасць з якіх беларускамоўная. Назіраецца тэндэнцыя пераводу вучняў згаданых школ у рускамоўныя школы. Такім чынам, адбываецца страта навучання па-беларуску[42].

На люты 2019 года ў абласных цэнтрах Беларусі (з выключэннем Мінска) няма ніводнай беларускамоўнай школы, ёсць толькі асобныя беларускія класы. Колькасць дзяцей у гэтых класах вагаецца ад пяці да двух дзясяткаў. Агулам ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі не налічваецца і трох сотняў дзяцей, якія вучацца цалкам па-беларуску. З 118 беларускіх раённых цэнтраў толькі ў двух з іх ёсць беларускамоўная школа — у Барысаве (гімназія № 2) і Іванаве (сярэдняя школа № 4). Разам з тым, у барысаўскай гімназіі № 2 беларускамоўная толькі пачатковая школа[43]. З 277 сярэдніх навучальных устаноў Мінска толькі 7 — беларускамоўныя[44]. У сярэдняй школе № 190, якая ўваходзіць у лік згаданых сямі беларускамоўных школ Мінску, адбываецца набор як у беларускамоўныя, так і ў рускамоўныя класы[45].

Такім чынам, у сталіцы, абласных і раённых цэнтрах Рэспублікі Беларусь маецца ўсяго 6 беларускамоўных школ:

  1. Гімназія № 4 (вуліца Кунцаўшчына, 18 — г. Мінск, Фрунзенскі раён)
  2. Гімназія № 9 (вуліца Сядых, 10 — г. Мінск, Першамайскі раён)
  3. Гімназія № 14 (вуліца Васняцова, 10 — г. Мінск, Заводскі раён)
  4. Гімназія № 23 (праспект Незалежнасці, 45 — г. Мінск, Савецкі раён)
  5. Гімназія № 28 (праспект Ракасоўскага, 93 — г. Мінск, Ленінскі раён)
  6. Сярэдняя школа № 60 (вуліца Карла Лібкнэхта, 82 — г. Мінск, Маскоўскі раён)
  7. Сярэдняя школа № 4 (вуліца Савецкая, 78 — г. Іванава)
Колькасць беларускамоўных школ у сталіцы, абласных і раённых цэнтрах Беларусі (2019)
Населены пункт Колькасць беларускамоўных школ Агульная колькасць школ Працэнт беларускамоўных школ
Мінск 6 277 2.17 %
Брэст 0 37 0 %
Віцебск 0 48 0 %
Гродна 0 42 0 %
Гомель 0 53 0 %
Магілёў 0 47 0 %
Раённыя цэнтры агулам
(за выняткам сталіцы і абласных цэнтраў)
1* ~ 920 0.11 %
* у Іванаве (сярэдняя школа № 4)[43]

Сярэдняя спецыяльная адукацыя

Колькасць навучэнцаў у беларускамоўных каледжах у перыяд з 2010 года па 2014 год скарацілася ў дзесяць разоў і складае ўсяго 300 чалавек. Яшчэ 21 800 (16,9 %) чалавек навучаюцца па-руску і па-беларуску, што на практыцы азначае выкладанне адзінкавых дысцыплін на беларускай мове[36].

2010 2014
колькасць,
чал.
доля колькасць,
чал.
доля
усяго навучэнцаў 167 600 129 000
па-беларуску 3 200 1,9 % 300 0,2 %

Вышэйшая адукацыя

У Рэспубліцы Беларусь не існуе аніводнай вышэйшай навучальнай установы, дзе б выкладанне вялося па-беларуску. Па-беларуску вышэйшую адукацыю ў 2014 атрымліваў усяго 1 з 670 студэнтаў, агулам гэта складае каля 600 чалавек, у той час як яшчэ ў 2013 годзе гэта лічба была каля 700 чалавек[37]. Паводле іншых звестак, на беларускай мове станам на 2014 год навучаецца ўсяго 300 чалавек, што азначае скарачэнне ў 6 разоў усяго за адну пяцігодку[36].

2010 2014
колькасць,
чал.
доля колькасць,
чал.
доля
усяго 442 900 362 900
па-беларуску 1 700 0,4 % 300 0,1 %

Помнікі і памятныя знакі

23 чэрвеня 2017 года на доме па адрасе вуліца Савецкая 17 (сярод краязнаўцаў і гісторыкаў вядомы як «дом Абрампольскага») з’явілася памятная шыльда, якая сведчыць, што ў доме ў 1922 годзе знаходзіўся Аддзел аховы рэвалюцыйнай законнасці народнага камісарыяту юстыцыі БССР (АДПУ, папярэднік НКУС). Адначасова з гэтым улады праігнаравалі факт, што ў гэтым доме жыла беларуская мецэнатка Магдалена Радзівіл, якая фінансава дапамагала выдаваць першыя кнігі Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага і адкрывала беларускія школкі. Памятная шыльда, прысвечаная Магдалене Радзівіл, на доме адсутнічае. Акурат пасля таго, як у Доме Абрампольскага размясцілі першую ў БССР пракурорскую ўстанову, у краіне пачалася першая хваля рэпрэсій. Па класіфікацыі гісторыка Уладзіміра Адамушкі, прыведзенай у кнізе «Палітычныя рэпрэсіі 20-50-х гадоў у Беларусі», яна працягвалася з 1923 да 1928 года. У тагачаснай Беларусі, якая на 1923 год была па тэрыторыі была меншая за сучасную ў чатыры разы, а на 1928 — амаль удвая, арыштавалі прыкладна столькі ж людзей, колькі і па ўсёй Расіі. Згодна з падлікамі некаторых гісторыкаў, маштабы рэпрэсій у Беларусі ў першай палове 20-х гадоў значна перавышалі тыя, якія адбываліся на іншых тэрыторыях СССР. У сярэднім жыхар Беларусі меў у 20 разоў больш шанцаў быць рэпрэсаваным, чым жыхар РСФСР. Першымі пракурорамі БССР, якія не толькі працавалі ў доме Абрампольскага, але і жылі там, былі Адольф Гетнер (займаў пасаду з 1922 па 1925 гады), Майсей Сегаль (1925—1928), Максім Ляўкоў (1929—1931). Усе яны пазней таксама сталі ахвярамі рэпрэсій. Усталяванне шыльдаў карнаму органу можа сведчыць пра працяг русіфікацыі Беларусі[46].

Бізнес

Выкарыстанне беларускай мовы ў гандлі было абмежавана Тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза 022—2011, паводле якога (п. 1 арт. 4.1) усе тавары павінны абавязкова маркіравацца на рускай мове[47].

У снежні 2020 года кампанія «Synesis Group» была ўнесена ў Чорны спіс Еўрасаюза ў тым ліку за забарону сваім супрацоўнікам размаўляць беларускаю[48].

Прычыны русіфікацыйнай моўнай палітыкі

Рэжым Лукашэнкі не тлумачыць прычын фарсіравання русіфікацыі пасля 1995 года. У беларускай грамадзянскай супольнасці выказаны думкі пра негалосную дамоўленасць паміж рэжымам Лукашэнкі і кіраўніцтвам Расіі. Паводле меркаванай дамоўленасці, рэжым Лукашэнкі абавязаўся забяспечваць палітычную лаяльнасць да Расіі і праводзіць русіфікацыю ў Беларусі, скарачаць сферу ўжывання беларускай мовы, у абмен на сродкі ад Расіі для ўтрымання ўлады ў Беларусі[49][50][51].

Магчымым пацверджаннем такой дамоўленасці можа быць традыцыйнае наданне асаблівай важнасці агрэсіўнай расійскай экспансіі рускай мовы і культуры ў суседнія краіны. Названая акалічнасць была рысай як імперскай, так і савецкай, так і сучаснай Расіі. Пацверджаннямі працягу трымання такой палітыкі ў сучаснасці ёсць напрыклад істэрычная рэакцыя Крамля на дэрусіфікацыю ва Украіне з 2014 года і агрэсіўныя каментары расійскіх афіцыйных асоб на адрас дэрусіфікацыйных ініцыятыў у Казахстане[52][53][54][55].

Прававыя наступствы

  • Русіфікацыя Беларусі з’яўляецца складнікам этнацыду, што падпадае пад крымінальны пераслед міжнародных судовых інстанцый[56].
  • За раследаванне дыскрымінацыі беларускай мовы рэжымам Лукашэнкі выказваўся прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі (адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам), кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдаткі ў прэзідэнты на выбарах 2020 года Святланы Ціханоўскай, блогер і палітычны актывіст Сяргей Ціханоўскі. 28 траўня 2020 года актывіст адзначыў:
  Гэтая мова толькі нашая. Ні ў якой іншай краіне гэтай мовы няма. І вось так, як з ёй учыніла ўлада нашая, гэта злачынства. Я лічу, гэтае злачынства трэба будзе яшчэ раследаваць.[57]
 

Гл. таксама

Зноскі

  1. а б Нацыянальная катастрофа на тле мяккай беларусізацыі // Новы час
  2. а б в г д е Vadzim Smok Архівавана 1 лістапада 2020.. Belarusian Identity: the Impact of Lukashenka’s Rule Архівавана 18 красавіка 2021. // Analytical Paper. Ostrogorski Centre, BelarusDigest, 9 December 2013
  3. а б Belarus has an identity crisis // openDemocracy
  4. а б Галоўная бяда беларусаў у Беларусі — мова // Новы час
  5. а б Аляксандар Русіфікатар // Наша Ніва
  6. а б в г д Andrei Kazakevich (PhD in political science, director, Institute of Political Studies), Vadim Vileita. National Identity as a Necessity for Democracy // Eastern Europe Studies Centre, Nordic Council of Ministers
  7. а б Yuliya Brel. (University of Delaware) The Failure of the Language Policy in Belarus. New Visions for Public Affairs, Volume 9, Spring 2017, pp. 59—74
  8. а б Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003. — С. 54. — 351 с. — ISBN 985-01-0415-5.
  9. а б Волкава В. Мінск 21 лютага 1918 г. вачыма нямецкага салдата (па матэрыялах газеты «Zeitung der 10. Armee») // Беларускі гістарычны часопіс. № 2, 2018. С. 11.
  10. Соркіна І. Палітыка царызму адносна гарадоў Беларусі ў кантэксце гістарычнай памяці і ідэнтычнасці гараджанаў // Трэці міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Працоўныя матэрыялы. Том 3. 2014. С. 376.
  11. Kapylou I., Lipnitskaya S. Current status and related problems of national toponyms standardization in the Republic of Belarus // Studia Białorutenistyczne. Nr. 8, 2014.
  12. Дакументы i матэрыялы па гiсторыi Беларусi. Т. 2. — Мн., 1940.
  13. а б в г Вячаслаў Швед. Эвалюцыя расійскай урадавай палітыкі адносна земляў Беларусі (1772—1863 г.) Архівавана 20 кастрычніка 2015. // «Гістарычны Альманах». Том 7, 2002.
  14. а б в Мікалай Крыжаноўскі. Жывая крыніца ты, родная мова Архівавана 15 жніўня 2009. // «Народная Воля» № 65—66, 1 мая 2008.
  15. Миллер А. И. Планы властей по усилению русского ассимиляторского потенциала в Западном крае // «Украинский вопрос» в политике властей и русском общественном мнении (вторая половина XIХ века). — СПб: Алетейя, 2000.
  16. 1831. Нацыянальна-вызваленчае паўстанне супроць царызму Архівавана 16 верасня 2011.
  17. Пісьмы з-пад шыбеніцы
  18. Калі ў Беларусі пасяліліся рускія? Архівавана 16 верасня 2011.
  19. Кулагін 2000, с. 35.
  20. а б Кулагін 2000, с. 18.
  21. Беларусы: у 13 т. Т. 2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. С. 177.
  22. Пыпин, А. Н. История русской этнографии. Т. 1-4. Т. 4. Белоруссия и Сибирь / [Соч.] А. Н. Пыпина. — СПб. : Тип. М. М. Стасюлевича, 1892. — XII, 488 с.
  23. Б. Бжэго. Ахова помнікаў старажытнасці на Віцебшчыне. «Беларуская школа» № 5 (15). 1932
  24. Лаврецкий Г. Назад в будущее // Архитектура и строительство. 12 ноября 2004 г.
  25. 5 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень настаўніка, Радыё Свабода, 6 кастрычніка 2005 г.
  26. Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі / пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — Мн.: Аверсэв, 2003. — С. 186. — 383 с. — ISBN 985-478-094-5.
  27. Кацер М. С. Белорусская архитектура. Исторический очерк / Ин-т литературы и искусства АН БССР. — Мн.: Гос. изд-во БССР, 1956. С. 114, 115.
  28. Чарановіч С. Ляхавіцкі касцёл Узвышэння Святога Крыжа // Наша Вера. № 3 (21), 2002 г.
  29. Харэўскі С. Два стагоддзі руйнавання Горадні // Горад святога Губерта. Краязнаўчы альманах. Выпуск трэці. — Варшава, 2007
  30. Как германская армия 100 лет назад вступила в Минск. Письмо немецкого солдата, TUT.BY, 5 сакавіка 2018 г.
  31. Русіфікацыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 136. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
  32. И. Сталин. Марксизм и вопросы языкознания. — Москва, 1950.
  33. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. / АН Беларусі, Ін-т гісторыі; Рэдкал.: М. П. Касцюк (гал. рэд.) і інш. Ч. 2. — Мн.: Беларусь, 1995. — 359,[1] с.: іл. — С. 362. — ISBN 5-338-01061-5
  34. а б Беларуская Атлантыда: без бар’ераў. Русіфікацыя // «Радыё Свабода», 13 снежня 2007.
  35. Лічба дня: 11 % кніг, якія выходзяць у краіне, выдаюцца на беларускай мове
  36. а б в г Страшныя лічбы русіфікацыі: з 2010 года колькасць беларускамоўных вучняў зменшылася на 43 тысячы, беларускамоўнае студэнцтва практычна ліквідавана. Наша Ніва // 4 ліпеня 2015
  37. а б в Русіфікацыя нарастае: па-беларуску навучаецца кожны сёмы школьнік і толькі 1 з 670 студэнтаў
  38. а б в Цвёрдая русіфікацыя. Доля беларускамоўных першакласнікаў упершыню склала менш за 10 % // сайт «Наша Ніва», 7 жніўня 2019
  39. Дынаміка прыёму для навучання на беларускай мове 1993 / 1994—1998 / 1998 нав. гг. Архівавана 8 жніўня 2019. // сайт «Ребёнок. BY», 6 жніўня 2019
  40. а б Скараціць нельга пакінуць // Звязда
  41. Как белорусский язык постепенно исчезает из школы Архівавана 8 жніўня 2019. // сайт «Ребёнок. BY», 6 жніўня 2019
  42. Алег Трусаў: Скарачэнне беларускамоўных школ можа прывесці да выраджэння нацыі Архівавана 27 верасня 2020. // Берасцейская вясна
  43. а б Вучыцца на роднай мове. 8 фактаў пра беларускія школы // Радыё Свабода
  44. 13,3 % беларусаў дэкларуе, што не ўмее чытаць па-беларуску, Белсат, 21 лютага 2019 г.
  45. Мікрараён ДУА «Сярэдняя школа № 190 г. Мінска» Архівавана 17 снежня 2019. // Дзяржаўная ўстанова адукацыi «Сярэдняя школа № 190 г. Мiнска»
  46. На дом, дзе жыла Магдалена Радзівіл, павесілі шыльду пра супрацоўнікаў ОГПУ // Беларуская служба радыё Свабода
  47. У Беларусі забароненыя этыкеткі на беларускай мове?
  48. Consolidated text: Council Decision 2012/642/CFSP of 15 October 2012 concerning restrictive measures in view of the situation in Belarus (англ.). EUR-Lex  (польск.). Архівавана з першакрыніцы 26 кастрычніка 2021. Праверана 26 кастрычніка 2021.
  49. Аняменьне. З кронікі зьнішчэньня беларускай мовы // Беларуская Палічка: knihi.com
  50. НАША СЛОВА № 28 (1231), 15 ліпеня 2015 г.
  51. Nelly Bekus. Chapter 15. Paradoxes of Political and Linguistic Russification. Struggle over Identity
  52. Сергій Оснач. Мовна складова гібридної війни Архівавана 8 лютага 2022. // Портал мовної політики
  53. Російська пропаганда про події в Україні: тенденції 2014—2016 років // ГО «Детектор медіа»
  54. Війна між Україною і Росією. Мовно-культурний фронт // Радіо Свобода
  55. Казахстанцы отвергли попытки вмешательства российской Государственной Думы в решения по закону о языке // Caravanserai (руск.)
  56. Bartolomé Clavero. Genocide Or Ethnocide, 1933—2007: How to Make, Unmake, and Remake Law with Words. Giuffrè Editore, 2008. — 268 pages.
  57. Гомель. Пікет па зборы подпісаў кандыдата ў прэзідэнты Ціханоўскай. Ч. 1. 29:26 // Жывы этэр на YouTube

Літаратура

Спасылкі