Адкрыць галоўнае меню

Трасянка — форма змешанага маўлення, у якім чаргуюцца элементы і структуры беларускай і рускай моў.[1] Выяўляецца ў кантамінацыі беларускай мовы рускай лексікай, а часам і сінтаксісам. Трасянка — падобная да такіх моўных з'яў як крэольскія мовы і піджын. Ва Украіне падобная з'ява — украінска-рускае змешанае маўленне, называецца «суржык».

Трасянка
Краіны: Беларусь, Расія, Украіна, Латвія (памежныя з Беларуссю рэгіёны)
Агульная колькасць носьбітаў: некалькі мільёнаў
Класіфікацыя
Катэгорыя: Змяшаная мова
кантактная мова на аснове беларускай і рускай.
Пісьменнасць: кірыліца
(беларускі алфавіт)
Моўныя коды
ISO 639-1:
ISO 639-2:
ISO 639-3:

Этымалогія назвыПравіць

Змешанае маўленне называлася раней па-рознаму: «моўная жвачка», «моўны гібрыд», «моўны сурагат», «моўная хімера», «мешаніна», «ламаніна», «тарабаршчына». У 1920-я гады Вацлаў Ластоўскі называў дадзеную з'яву «чаўня» (магчыма ад слова «чаўпсці» — казаць лухту, плявузгаць). Прыжылося менавіта слова «трасянка»; адно з тлумачэнняў яго этымалогіі:

Тэрмін «трасянка» пайшоў ад назвы корму для буйной рагатай жывёлы, то бок каровы. Калі ў гаспадара не хапае добрага сена — ён дабаўляе салому, старанна растрасаючы яе. Карова не заўважае падману — і з'ядае трасянку.[2]

Сваё новае значэнне («сумесь беларускай і рускай моў») слова атрымала адносна нядаўна — у другой палове 1980-х гадоў, калі цэлы шэраг публікацый на старонках літаратурнай газеты «Літаратура і мастацтва» раскрытыкаваў стан беларускай мовы ў савецкі перыяд.[3] Лічыцца, што значную ролю ў папулярызацыі тэрміна «трасянка» ў адносінах да беларуска-рускага змешанага маўлення адыграў беларускі палітык і публіцыст Зянон Пазняк (параўн. Pozniak, 1988).

ГісторыяПравіць

Змешанае маўленне ў дасавецкі і ранні савецкі перыядПравіць

Змешванне беларускай і рускай моў на тэрыторыі сучаснай Беларусі мае працяглую гісторыю. Прычына ў тым, што беларускія (а таксама украінскія) землі цягам доўгага часу ўяўлялі сабой памежныя рэгіёны, у якіх мясцовыя дыялекты знаходзіліся ў кантакце з блізкароднаснымі і ў той жа час сацыяльна дамінантнымі мовамі: польскай і рускай.

Паводле некаторых даследчыкаў, да трасянкі трэба залічваць таксама «просту мову», на якой пісалі І. Вышанскі, З. Капысценскі, М. Сматрыцкі, П. Бярында, І. Ужэвіч і іншыя беларуска-ўкраінскія пісьменнікі сярэднявечча. Уладзімір Свяжынскі нават сцвярджае, што мова твораў Францішака Скарыны ўяўляе прыклад ранняй беларуска-царкоўнаславянскай трасянкі. Аднак пытанне пра тое, ці можна называць «трасянкай» гэтыя старыя формы змешвання беларускай і рускай моў, з'яўляецца спрэчным, бо ў той час змешанае маўленне не перадавалася ад аднаго пакалення да другога. Аб'ектам публіцыстычных дэбатаў беларуска-рускае маўленне стала не раней за 1920-я гады.[3]

Паводле Генадзя Цыхуна, вялікую ролю ў пашырэнні трасянкі адыгралі сталінскія рэпрэсіі 1920—1930-х гадоў, скіраваныя супраць гэтак званых «нацдэмаў», калі фактычна пад уздзеяннем пануючай тады атмасферы тэрору адбываўся масавы пераход на рускую мову беларускамоўнай часткі жыхароў гарадоў і мястэчак. Міграцыя беларусаў у гарады пашырыла гэтую з'яву і ў гарадах, але трасянка не стала асноўным сродкам камунікацыі, бо ўспрымалася як «некультурная мова».

Пасля Другой сусветнай вайныПравіць

Зараджэнне феномена, які ў 1980-я гады атрымаў назву «трасянка», звязана з фундаментальнымі сацыя-дэмаграфічнымі зменамі, што адбываліся ў Савецкай Беларусі пасля Другой сусветнай вайны, а на тэрыторыі ўсходніх беларускіх абласцей, магчыма, яшчэ і да вайны.[1] Індустрыялізацыя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) выклікала масавую міграцыю працоўнага насельніцтва з вёсак у гарады. Так, калі ў 1959 годзе ў гарадах пражывала толькі каля 31 % насельніцтва рэспублікі, то ў 1990 годзе доля гарадскога насельніцтва павялічылася да 66 %.[4] У той жа час назіраецца наплыў этнічных рускіх з іншых рэгіёнаў Савецкага Саюза ў БССР, дзе яны часта займалі кіруючыя пасады ў Камуністычнай партыі Беларусі, у сферы дзяржаўнага кіравання і на дзяржаўных прадпрыемствах. У такіх умовах былыя вяскоўцы, носьбіты беларускай (пераважна дыялектнай) мовы былі вымушаны падладкоўвацца пад рускамоўнае асяроддзе, што, аднак, атрымлівалася не заўсёды.[5] У выніку падобнага прыстасавання да рускай мовы ўзнікла так званая «трасянка» ў яе сённяшняй форме. Апрача таго, дзеці дадзенага пакалення засвойвалі беларуска-рускае змешанае маўленне ў якасці першай мовы.[6]

Лінгвістычны статус трасянкіПравіць

Па прычыне негатыўнай канатацыі тэрміна «трасянка» — было прапанавана не ўжываць яго ў лінгвістычнай дыскусіі і выкарыстоўваць замест яго тэрмін «беларуска-рускае змешанае маўленне».[7]

Пачатак лінгвістычнай дыскусіі пра беларуска-рускае змешанае маўленне адносіцца да першай паловы 1990-х гадоў.[8] Вядомыя беларускія даследчыкі неаднаразова адзначалі спантанны, індывідуальны, бессістэмны і нават «хаатычны» характар змешвання беларускай і рускай моў.[9][10] Аднак па прычыне адсутнасці корпуса змешанага маўлення — «раннія» дэбаты пра яе грунтаваліся пераважна на неафіцыйных назіраннях. Першае эмпірычнае даследаванне дадзенай з'явы было праведзена толькі ў 2000-х гадах у сталіцы — горадзе Мінску.[11]

У 2008-2013 гады у межах навуковага праекта, праведзенага лінгвістамі і сацыёлагамі з Альдэнбургскага ўніверсітэта (у супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным універсітэтам у горадзе Мінску) былі створаны два корпусы спантаннага змешанага маўлення.[12] Атрыманыя ў межах гэтага праекта вынікі пацвярджаюць меркаванне, што беларуска-рускае змешанае маўленне на сённяшні дзень не можа быць ахарактарызавана як адносна стабільны на ўсёй тэрыторыі Беларусі «fused lect».[1] З іншага боку, у змешаным маўленні на ўсіх моўных узроўнях назіраюцца пэўныя стабільныя мадэлі, характэрныя для ўсёй тэрыторыі Беларусі, якія з'яўляюцца або агульнымі для змешанага маўлення і адной з «моў-донараў» (беларускай ці рускай) або, наадварот, адрознымі ад абедзвюх «моў-донараў». У слоўнікавым складзе і марфасінтаксісе змешанага маўлення адназначна пераважаюць рускія элементы і структуры. Словазмяненне з'яўляецца змешаным, і нават у вымаўленні заўважаецца ўплыў рускай мовы. Увогуле беларуска-рускае змешанае маўленне на дадзеным этапе ў працах праекта класіфікуецца як сукупнасць рэгіянальных сацыялектаў.[6] Іншыя ж працы працягваюць апісваць змешанае маўленне як «хаатычную» і «спантанную» форму змешвання моў.[13]

Сацыялагічныя характарыстыкі змешанага маўленняПравіць

У сацыялагічнай і сацыялінгвістычнай частцы альдэнбургскага навуковага праекта па вывучэнні ўжывання змешанага маўлення ў Беларусі былі, сярод іншых, атрыманыя наступныя вынікі: на пытанне пра «родную мову» прыкладна 38 % з 1200 апытаных выбралі адказ «беларуска-рускае змешанае маўленне», 49 % назвалі беларускую мову і 30 % — рускую мову (было дазволена выбраць некалькі адказаў).[14] Аднак у якасці іх «першай мовы» каля 50 % рэспандэнтаў назвалі змешанае маўленне, 42 % выбралі рускую мову і 18 % — беларускую (тут таксама дазвалялася выбраць некалькі адказаў). А ў якасці «асноўнай мовы» (гэта значыць той, якую рэспандэнт пераважна выкарыстоўвае ў штодзённым жыцці) каля 55 % апытаных назвалі рускую мову, 41 % — змешанае маўленне і толькі 4 % — беларускую мову.

Акрамя таго, вынікі дадзенага праекта пярэчаць распаўсюджанаму меркаванню, што ўжыванне беларуска-рускага змешанага маўлення з'яўляецца паказчыкам нізкага ўзроўню адукацыі і недастатковага валодання беларускай або рускай літаратурнай мовай.[14] Змешанае маўленне распаўсюджана сярод беларусаў з розным узроўнем адукацыі і сярод прадстаўнікоў розных узроставых груп; яно ўжываецца паралельна з літаратурнай мовай, у большасці выпадкаў з рускай.[7] Ступень прыбліжанасці змешанага маўлення да рускай або беларускай літаратурнай мовы залежыць ад такіх фактараў, як суразмоўца, месца і тэма размовы і г.д. Сярод маладога пакалення беларусаў доля ўжывання змешанага маўлення зніжаецца на карысць рускай мовы.

АцэнкіПравіць

«Гвалтоўнае паняволенне адных народаў другімі, масавыя міграцыі, нераўнапраўныя стасункі між рознымі этнасамі складаюць той гістарычны фон, на якім фармуюцца піджыны» — піша М. Дзячкоў у кнізе «Крэольскія мовы» (1987). Але як адзначае беларускі мовазнавец Генадзь Цыхун: «няма падставаў цалкам атаясамліваць трасянку з піджынамі ці нават крэольскімі мовамі, найперш таму, што тут ідзе гутарка аб узаемадзеянні блізкароднасных моваў, у той час як пры ўтварэнні апошніх узаемадзейнічалі звычайна далёкія ў генетычным і тыпалагічным плане мовы. Яе можна вызначыць хутчэй як крэалізаваную мову ці, дакладней, крэалізаваны варыянт беларускай мовы». Большасць даследчыкаў лічаць яе аснову беларускай.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Hentschel, G. (2014): Belarusian and Russian in the Mixed Speech of Belarus. In: Besters-Dilger, J. et al. (eds.): Congruence in Contact-Induced Language Change: Language Families, Typological Resemblance, and Perceived Similarity. Berlin/Boston, 93-121.
  2. «Круг» (часопіс). 4 красавіка 1996.
  3. 3,0 3,1 Zaprudski, S. (2014): Zur öffentlichen Diskussion der weißrussischen Sprachkultur, zum Aufkommen des Terminus Trasjanka und zur modernen Trasjankaforschung. In: Hentschel, G. et al. (Hrsg.): Trasjanka und Suržyk — gemischte weißrussisch-russische und ukrainisch-russische Rede. Sprachlicher Inzest in Weißrussland und der Ukraine? Frankfurt/M., 119—142.
  4. Marples D. A. (1996): Belarus. From Soviet Rule to Nuclear Catastrophe. Basingstoke/London.
  5. Zaprudski, S. (2007): In the grip of replacive bilingualism: the Belarusian language in contact with Russian. International Journal of the Sociology of Language 183, 97-118.
  6. 6,0 6,1 Хентшель, Г. (2013): Белорусский, русский и белорусско-русская смешанная речь. Вопросы языкознания 1, 53-76.
  7. 7,0 7,1 Hentschel, G. & Zeller, J. P. (2012): Gemischte Rede, gemischter Diskurs, Sprechertypen: Weißrussisch, Russisch und gemischte Rede in der Kommunikation weißrussischer Familien. Wiener Slawistischer Almanach 70, 127—155.
  8. Bieder, H. (2014): Die weißrussisch-russische Mischsprache (Trasjanka) als Forschungsproblem. In: Hentschel, G. et al. (Hrsg.): Trasjanka und Suržyk — gemischte weißrussisch-russische und ukrainisch-russische Rede. Sprachlicher Inzest in Weißrussland und der Ukraine? Frankfurt/M., 91-118.
  9. Мечковская, Н. Б. (1994): Языковая ситуация в Беларуси: Этические коллизии двуязычия. Russian Linguistics 18/3, 299—322.
  10. Cychun, H. A. Soziolinguistische, soziokulturelle und psychologische Grundlagen gemischten Sprechens. In: Hentschel, G. et al. (Hrsg.): Trasjanka und Suržyk — gemischte weißrussisch-russische und ukrainisch-russische Rede. Sprachlicher Inzest in Weißrussland und der Ukraine? Frankfurt/M., 163—172.
  11. Liskovets, I. (2009): Trasjanka: A code of rural migrants in Minsk. International Journal of Bilingualism 13, 396—412.
  12. Oldenburger Korpus zur weißrussisch-russischen gemischten Rede — Universität Oldenburg — Institut für Slavistik :: Carl von Ossietzky Universität Oldenburg
  13. Мячкоўская, Н. Б. (2014): Трасянка ў кантынууме беларуска-рускіх ідыялектаў: хто і калі размаўляе на трасянцы? Веснік БДУ 1 серыя 4.
  14. 14,0 14,1 Hentschel, G. & Kittel, B. (2011): Weißrussische Dreisprachigkeit? Zur sprachlichen Situation in Weißrussland auf der Basis von Urteilen von Weißrussen über die Verbreitung ihrer Sprachen im Lande. Wiener Slawistischer Almanach 67, 107—135.

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць