Адукацыя ў Беларусі
У сістэму адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь уваходзяць:
- Дашкольная адукацыя;
- Агульная сярэдняя адукацыя;
- Установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі;
- Сярэдняя спецыяльная адукацыя;
- Вышэйшая адукацыя;
- Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі.
Дашкольная адукацыя
правіцьУ Беларусі добра развіта сістэма дашкольнай адукацыі[крыніца?]. І хоць яна не з’яўляецца абавязковай, большасць дзяцей, перш чым пайсці ў школу, наведваюць дзіцячыя дашкольныя ўстановы.
Школьная адукацыя
правіцьШкольная адукацыя ў Беларусі пачынаецца з 6 гадоў і прадугледжвае два ўзроўні: агульная базавая і агульная сярэдняя. Курс базавай школы разлічаны на 9 гадоў, сярэдняй — на 11 гадоў. Паспяхова скончыўшы базавую школу, маладыя людзі маюць магчымасць прадоўжыць навучанне ў каледжах, ліцэях і прафесійна-тэхнічных вучылішчах, дзе адначасова атрымліваюць сярэднюю адукацыю і прафесійную падрыхтоўку. Жадаючыя могуць атрымаць агульную сярэднюю адукацыю, прадоўжыўшы навучанне ў школе. Атэстат аб агульнай сярэдняй або сярэдне-спецыяльнай адукацыі — асноўны дакумент, які дае права на паступленне ў вышэйшую навучальную ўстанову.
У сістэме адукацыі Беларусі выкарыстоўваюцца дзве афіцыйныя мовы — руская і беларуская, а таксама польская і літоўская мовы.
Размеркаванне навучэнцаў дзённых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі паводле мовы навучання | ||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
2005/06 | 2006/07 | 2007/08 | 2008/09 | 2009/10 | 2010/11 | 2011/12 | 2012/13 | 2013/14 | 2014/15 | 2015/16 | 2016/17 | |
Беларуская | 280,2 | 245,9 | 231,5 | 211,2 | 189,1 | 178,4 | 163,4 | 150,7 | 142,0 | 135,1 | 130,6 | 128,6 |
% | 23,3 | 21,5 ▼ | 20,9 ▼ | 20,0 ▼ | 19,2 ▼ | 19,0 ▼ | 17,8 ▼ | 16,6 ▼ | 15,5 ▼ | 14,5 ▼ | 13,7 ▼ | 13,3 ▼ |
Руская | 922,9 | 898,6 | 873,3 | 846,4 | 793,7 | 761,4 | 752,3 | 757,7 | 772,4 | 795,3 | 823,0 | 838,4 |
% | 76,7 | 78,5 ▲ | 79,0 ▲ | 80,0 ▲ | 80,7 ▲ | 80,9 ▲ | 82,1 ▲ | 83,3 ▲ | 84,4 ▲ | 85,4 ▲ | 86,2 ▲ | 86,6 ▲ |
Іншая | 0,7 | 0,6 | 0,6 | 0,6 | 0,6 | 0,6 | 0,8 | 0,7[1] | 0,8 | 0,9 | 0,9 | 0,91[2] |
% | 0,0 | 0,0 ▬ | 0,1 ▲ | 0,0 ▼ | 0,1 ▲ | 0,1 ▬ | 0,1 ▬ | 0,1 ▬ | 0,1 ▬ | 0,1 ▬ | 0,1 ▬ | 0,1 ▬ |
Далейшая адукацыя
правіцьУ Беларусі суадносіны студэнтаў і агульнай колькасці насельніцтва адны з самых высокіх у Еўропе. Прафесійную і навуковую падрыхтоўку студэнтаў ажыццяўляюць як дзяржаўныя, так і прыватныя вышэйшыя навучальныя ўстановы розных тыпаў:
- класічныя ўніверсітэты;
- профільныя ўніверсітэты і акадэміі;
- інстытуты;
- вышэйшыя каледжы.
Паступаючы ў вышэйшую навучальную ўстанову, будучы студэнт выбірае форму навучання, якая можа быць дзённай, вячэрняй або завочнай.
Праграма падрыхтоўкі ў вышэйшых навучальных установах рэспублікі разлічана ў асноўным на 5 гадоў. Студэнты дзённай формы навучання, якія займаюцца паспяхова, атрымліваюць стыпендыю. Усе выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў розных форм уласнасці атрымліваюць дыплом дзяржаўнага ўзору.
У Беларусі ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі, як дзяржаўныя, так і прыватныя, падпарадкоўваюцца Міністэрству адукацыі.
У маі 2015 года Беларусь афіцыйна стала ўдзельнікам Балонскага працэсу — Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.
Гісторыя
правіцьНа Беларусі да з’яўлення пісьменства першасныя элементы асветы грунтаваліся на канонах і ведах народнай педагогікі і найбольш выяўляліся ў працоўным навучанні, у авалоданні навыкамі земляробства, будаўніцтва і разнастайных рамёстваў.
Русь
правіцьСа з’яўленнем пісьменства і кніжнасці асвета стала пашырацца і дасягнула дастаткова высокага ўзроўню ў X—XIII стагоддзях. Цэнтрамі тагачаснай асветы былі цэрквы і манастыры, дзе ствараліся школы, бібліятэкі, вялося летапісанне. У XI стагоддзі ў Полацкім Сафійскім саборы створаны цэнтр летапісання Полацкай зямлі і самая старажытная на Беларусі бібліятэка, дзе захоўваліся і перапісваліся кнігі на стараславянскай і грэчаскай мовах, існавала школа. Вядомыя помнікі асветы і пісьменства — крыж Лазара Богшы (1161) для Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысавы камяні, берасцяныя граматы, знойдзеныя ў Віцебску і Мсціславе, найстаражытнейшае на землях усходніх славян Тураўскае евангелле (XI ст.). Буйнейшыя асветнікі старажытнай Беларусі — Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. У бібліятэках («кніжніцах») пры цэрквах і манастырах пераважала рэлігійна-дыдактычная , гісторыка-асветніцкая літаратура, павучанні, жыціі.
Вялікае Княства Літоўскае
правіцьАфіцыйнай мовай на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага была старабеларуская. На ёй вялося справаводства і судаводства, пісаліся статуты, граматы, соймавыя пастановы, летапісы, хронікі, мастацкія творы. Адбылася пэўная культурна-духоўная пераарыентацыя беларускіх зямель ад Візантыі да суседніх краін Прыбалтыкі, Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, склалася беларуска-літоўскае летапісанне. З развіццём феадальных адносін і ростам гарадоў у XIV—XVI стагоддзях пашыраліся асвета, пісьменства і кніжная культура ў розным сацыяльна-этнічным і прафесійным асяроддзі. Цэнтры кніжнага пісьменства, скрыпторыі (рукапісныя майстэрні) дзейнічалі пры вялікіх манастырах і цэрквах Новагародка, Полацка, Вільні, Віцебска і інш. Раслі і багацелі шматлікія бібліятэкі Супрасльскага Благавешчанскага манастыра, Святатраецкага манастыра ў Вільні, Траецкага манастыра ў Слуцку і інш.
У XVI—XVII стагоддзях бібліятэкі ствараліся пры навучальных установах: Віленскай акадэміі, Полацкім езуіцкім калегіуме. Многія буйныя магнаты — Хадкевічы, Слуцкія, Сапегі, Агінскія, Радзівілы, Храптовічы, і адукаваная шляхта стваралі ўласныя бібліятэкі. У эпоху Адраджэння, якое на Беларусі пачалося з канца XV стагоддзя, развіццё асветы было звязана з пашырэннем гуманістычнага і рэфармацыйнага руху, барацьбой паміж праваслаўем, каталіцтвам і рэфармацыйным рухамі. З уздымам руху пратэстантаў звязана станаўленне на Беларусі кнігадрукавання. Вялікі ўклад у асвету і культуру беларускага народа зрабілі Ф. Скарына, С. Будны, браты Л. Зізаній і С. Зізаній, В. Цяпінскі, М. Гусоўскі, І. Фёдараў, П. Мсціславец, С. Собаль, Л. Сапега і інш. Школьная адукацыя мела саслоўна-канфесійны характар. Існавалі каталіцкія (езуіцкія), праваслаўныя, уніяцкія, пратэстанцкія, іўдзейскія, мусульманскія школы. Складваліся ўмовы і для свецкага школьнага навучання дзяцей сялян і рамеснікаў.
Рэч Паспалітая
правіцьПасля ўтварэння Рэчы Паспалітай у 1569 годзе і перамогі Контррэфармацыі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага пачалі пашырацца сярэднія каталіцкія навучальныя ўстановы еўрапейскага ўзроўню — калегіумы. Першай навучальнай установай такога тыпу быў Віленскі езуіцкі калегіум, заснаваны ў 1570 годзе, у 1579 пераўтвораны ў Віленскую езуіцкую акадэмію — першую вышэйшую навучальную ўстанову у Вялікім Княстве Літоўскім. Існавалі езуіцкія калегіумы ў Берасці, Горадні, Нясвіжы, Полацку, Оршы, Віцебску, Менску і інш. Распаўсюджанне на Беларусі з другой паловы XVIII стагоддзя Асветніцтва выклікала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. У выніку рэформы піярскіх школ пашырылася вывучэнне прыродазнаўчых і гуманітарныз навук, эстэтычнае і фізічнае выхаванне.
Расійская імперыя
правіцьУ канцы XVIII — пачатку XIX ст. школьная адукацыя на Беларусі апынулася ў сферы дзеяння рэформаў Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай і Камісіі па стварэнні народных вучылішчаў Расійскай імперыі. У выніку іх дзейнасці колькасць пачатковых і сярэдніх школ павялічылася, навучанне ўсё больш стала набываць свецкі характар.
Паводле школьнай рэформы 1802 года беларускія губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, вучэбна-метадычным цэнтрам якой быў Віленскі ўніверсітэт. Павялічылася колькасць свецкіх агульнаадукацыйных школ і навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішчаў, заваёўвала правы жаночая адукацыя . Разам са шляхтай доступ да сярэдняй адукацыі атрымалі мяшчане, купцы, разначынная інтэлігенцыя.
Пасля паўстання 1830—1831 гадоў сістэма асветы была рэарганізавана ў кірунку ўзмацнення прынцыпаў «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці», у 1832 годзе быў закрыты Віленскі ўніверсітэт. На пачатак 1860-х гадоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі існавала 576 навучальных устаноў, у тым ліку першая вышэйшая — Горыгорацкі земляробчы інстытут, 12 сярэдніх, 45 няпоўных сярэдніх, 45 дзяржаўных і прыватных жаночых вучылішчаў і больш за 400 дзяржаўных, ведамасных і прыватных пачатковых школ, у якіх навучалася каля 16,5 тысяч чалавек (0,5 % насельніцтва). Істотныя змены адбыліся ў адукацыі настаўнікаў: 80 % настаўнікаў гімназій і павятовых вучылішчаў мелі свецкую адукацыю, больш за 50 % скончылі вышэйшыя і спецыяльныя педагагічныя ўстановы.
У другой палове XIX — пачатку XX ст. на развіццё асветы і культуры Беларусі негатыўна ўздзейнічала вялікадзяржаўная палітыка царызму. Вынікі школьнай рэформы 1860—1870-х гадоў на Беларусі былі менш значныя, чым у цэнтральных губернях Расіі. Пасля задушэння паўстання 1863—1864 гадоў былі закрыты Горыгорацкі земляробчы інстытут, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, ліквідаваны польскія школы і амаль усе прыватныя вучылішчы. Пачатковыя школы аддадзены пад кантроль праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і паліцыі. Паводле палажэння аб царкоўнапрыходскіх школах 1884 года закрыты многія народныя вучылішчы, а на іх базе ўтвораны царкоўнапрыходскія школы і школы граматы, падпарадкаваныя праваслаўнаму духавенству.
У другой палове XIX стагоддзя адкрыты настаўніцкія семінарыі (Маладзечна, Полацк, Нясвіж, Свіслач), жаночыя епархіяльныя вучылішчы і царкоўна-настаўніцкія школы. Аднак узровень народнай асветы і колькасць пісьменнага насельніцтва заставаліся нізкія. У 1897 годзе на Беларусі пісьменных налічвалася 25,7 % (дзеці да 10 гадоў у разлік не браліся).
На пачатак XX стагоддзя пад націскам рэвалюцыйнага руху і патрэб сацыяльна-эканамічнага развіцця царскія ўлады пайшлі на пашырэнне народнай адукацыі. На працягу 1900—1914 гадах колькасць пачатковых і сярэдніх школ павялічылася, адкрыты земскія школы, 5 настаўніцкіх семінарый і 3 інстытуты: Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі. Пачаўся грамадска-педагагічны рух за рэформу народнай адукацыі, адкрываліся нелегальныя беларускія школы, стваралася дзіцячая навучальная літаратура на беларускай мове, у тым ліку кніжкі В. Іваноўскага, К. Каганца, Цёткі, Я. Коласа, В. Ластоўскага, ствараліся педагагічныя таварыствы, педагагічная думка развівалася ў працах Ф. А. Кудрынскага, Дз. А. Сцяпуры, Е. Р. Раманава, К. І. Ціхамірава і інш.
Даваенны перыяд
правіцьПасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, абвяшчэння БНР і стварэння БССР пачалася карэнная перабудова сістэмы асветы. Ліквідаваны саслоўныя, рэлігійныя, нацыянальныя і іншыя прывілеі. У студзені 1919 года створаны Народны камісарыят асветы БССР, у красавіку 1919 года адноўлены Горацкі сельскагаспадарчы інстытут, у 1921 годзе адкрыты Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У 1920-я гады дасягнуты значны прагрэс у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У рамках палітыкі беларусізацыі большасць школ, частка тэхнікумаў і ВНУ перайшлі на беларускую мову навучання. У 1930-я гады БССР адна з першых у СССР перайшла да ўсеагульнага абавязковага пачатковага навучання і да ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі ў гарадах. Але ў сярэдзіне 1930-х гадоў беларусізацыя народнай асветы ў БССР была згорнута.
У Заходняй Беларусі барацьбу за беларускія школы і дэмакратызацыю народнай адукацыі ўзначальвала Таварыства Беларускай школы (ТБШ).
Пасляваенны перыяд
правіцьЗа пасляваеннае дзесяцігоддзе на Беларусі ажыццёўлена абавязковае пачальнае навучанне і пераход да усеагульнай 7-гадовай адукацыі, умацавана матэрыяльная база школ. Уведзеная на Беларусі ў 1950-я гады практыка выбару бацькамі мовы навучання дзяцей вяла да паступовага звужэння беларускай мовы ў агульнаадукацыйных школах. У канцы 1980-х гадоў у школах з рускай мовай навучання займалася ў 4 разы больш вучняў, чым у школах з беларускай мовай. Да канца 1970-х гадоў завершаны пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці са школьнай рэформай 1984 года ўводзілася 11-гадовая (4 + 5 + 2) усеагульная сярэдняя адукацыя, аднак на практыцы праблема поўнага ўсенавуча вырашалася з вялікімі цяжкасцямі.
Сучаснасць
правіцьПаводле закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) адзінства і бесперапыннасць сістэмы адукацыі забяспечваюцца ўзгодненасцю навучальных планаў і праграм, пераемнасцю ступеняў і формаў навучання, стварэннем навучальных устаноў, якія аб’ядноўваюць розныя віды асветы. Закон устанавіў абавязковае базавае 9-гадовае навучанне.
Зноскі
Літаратура
правіць- Асвета // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Самусік А. Ф. «Арол над гняздом сваім» : вылучэнне настаўніцтва ў асобны від прафесійнай дзейнасці на беларускіх землях у XІI – XVIII стагоддзях // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия Е. Педагогические науки. — 2016. — № 7. — С. 2-11.
- Самусік А. Ф. Станаўленне адукацыйнай справы на беларускіх землях ў XІV – сяр. XVI ст. // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага унiверсiтэта. Серыя 2. — 2008. — № 4. — С. 3-7.
- Самусік А. Ф., Яноўскі А. А. Універсітэт Беларусі : Асэнсаванне і рэалізацыя яго ідэі ў гісторыка-палітычных рэаліях часу // Российские и славянские исследования : сб. научн. ст. Вып. 7. — Минск : БГУ, 2012. — С. 357-370.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Адукацыя ў Беларусі
- Адукацыя ў Беларусі — belarus.by Архівавана 21 мая 2017.
- Как два учителя делают «образовательную революцию» в Беларуси // Хартыя'97 (руск.)
У артыкуле або раздзеле ёсць спіс крыніц або спасылак, але крыніцы асобных сцвярждэнняў няясныя праз неўжыванне зносак. |