Маладзечанская настаўніцкая семінарыя
Маладзечанская настаўніцкая семінарыя — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова, якая рыхтавала настаўнікаў пачатковых школ.
Гісторыя
правіцьЗаснаваная на базе Маладзечанскай прагімназіі. Існавала ў 1864—1920 г.; заснавана ў Маладзечне, у 1915 г. пераведзена ў Смаленск.
Маладзечанская настаўніцкая семінарыя — старэйшая навучальная ўстанова Заходняга края — была адчыненая, згодна з загадам віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва, у 1864 годзе, пасля падаўлення паўстання 1863 года замест зачыненай у Маладзечне польскай дваранскай пяцікласнай прагімназіі. Размяшчалася яна там, дзе цяпер чыгунна-ліцейны завод (былая Замкавая вуліца)[1].
Прызначэннем семінарыі была падрыхтоўка кадраў народных настаўнікаў для Віленскай губерні. Я там вучыўся з 1906 па 1910 год. У семінарыю прымалі тады па конкурсным экзамене хлопчыкаў-падлеткаў, якія скончылі 2-класнае ці звычайнае пачатковае вучылішча і мелі 15 год. Асноўны кантынгент семінарыстаў складаўся з мужыцкіх дзяцей Віленскай і Мінскай губерняў, хоць былі выпадкі, калі прыязджалі вучыцца ў семінарыю і з больш далёкіх мясцін[1].
Семінарыя складалася з 4 класаў і падрыхтоўчага (мужыцкага рабфака), першага, другога і трэцяга. Усяго ў 4 класах семінарыі вучыліся адначасова каля 120 вучняў. Прыкладна 1/10 частка найменш паспяваючых былі «сваекоштнымі», інакш кажучы, навучаліся за свой кошт і жылі на прыватных кватэрах. Гэта былі, у асноўным, выхаванцы падрыхтоўчага і першага класаў[1].
Астатнія семінарысты карысталіся стыпендыяй ад 80 да 110 рублёў у год і жылі ў інтэрнаце пры семінарыі, дзе вялі сваю гаспадарку на арцельных пачатках і самаабслугоўванні, пад кіраўніцтвам аднаго з настаўнікаў. Кожны, хто атрымліваў стыпендыю, па заканчэнні навучання павінен быў абавязкова адпрацаваць у пачатковай школе не менш за 2 гады. У выпадку невыканання гэтай умовы і пераходу на іншую работу, з яго ўтрымлівалася сума стыпендыі. Народныя настаўнікі вызваляліся ад ваеннай службы да 1914 года[1].
Навучальны корпус уяўляў з сябе цагляны будынак на 2 паверхі ў выглядзе літары «П» з дамавой царквой. Гэта быў да польскай прагімназіі мужчынскі каталічны манастыр ордэна трынітарыяў. Тры вялікія аднапавярховыя драўляныя корпусы адводзіліся пад інтэрнат семінарыстаў. Некалькі драўляных будынкаў меншага памеру былі адведзеныя пад кватэры для выкладчыкаў, дапаможныя службы і майстэрню. Асобна стаяў вялікі драўляны будынак пачатковай школы. Увесь гэты комплекс будынкаў быў абнесены з вуліцы цаглянай сцяной. З тылу да семінарскіх будынкаў падыходзіў стары парк з векавымі дрэвамі: ліпамі, дубамі, клёнамі, язмінамі і таполямі. Пасярэдзіне парку быў сад, побач з паркам — агарод. За паркам і агародам раскінуўся семінарскі луг на дне чатырохкутнай катлавіны (былая манастырская сажалка), якую перасякала рэчка Маладачанка, прыток ракі Уша. Гэтая рэчка ўвосень запруджвалася і на лузе атрымліваўся добрая коўзанка. За семінарскай сядзібай, якая займала каля 10 гектараў, абсаджанай з адваротнага боку арэшнікам, цягнуліся з аднаго боку сялянскія палі, потым — яўрэйскі магільнік, з другога боку — забалочаная пойма рэчкі Уша[1].
Семінарысты насілі форму: чорныя кашулі з рамянём і штаны навыпуск, чорны шынель з жоўтымі металічнымі гузікамі, чорныя чаравікі. На чорнай фуражцы замацоўвалася жоўтая металічная стужачка з раздвоенымі канцамі і трыма металічнымі літарамі «МУС» пасярэдзіне. На бронзавай спражцы былі такія ж самыя літары[1].
Распарадак семінарыстаў быў наступны. Пад‘ём а 7-й гадзіне, агульная малітва з прысутнасцю папа і дзяжурнага настаўніка, сняданак у сталоўцы да 8 гадзін, вучэбныя заняткі з 8 да 12 гадзін. А 12-й гадзіне — паўгадзіны перапынку з другім сняданкам і зноў заняткі да 16 гадзін. Пасля гэтага — абед. Пасля — практычныя заняткі ў садзе і гародзе, у сталярнай майстэрні, у класах спеваў і музыкі па прызначэнні. З 19 гадзін — выкананне дамашніх заданняў і падрыхтоўка да заўтрашніх заняткаў. А 21-й гадзіне вячэра, а 22-й — агульная малітва і адыход да сну. Перад кожным прыёмам ежы і пасля яго — малітва нараспеў. Напярэдадні святаў і ў святы — абавязковае багаслужэнне ў дамавой семінарскай царкве. Гэтая царква абслугоўвалася семінарскім папом, у дапамогу якому прызначаліся дзяк, царкоўны стараста і званар з ліку семінарыстаў. Кожны год на Вялікі пост (на канікулах) — гавенне, гэта значыць, споведзь з абавязковым прадастаўленнем даведкі пра гэта. Семінарыя мела ўласную амбулаторыю з доктарам[1].
Будынак
правіцьБудынак семінарыі быў перабудаваны з былой паўразбуранай манастырскай пабудовы[2]. Аўтарам праекта будынка і дамовай царквы быў Іван Іванавіч Лявіцкі[2].
Адукацыйны працэс
правіцьТэрмін навучання 2 гады, з 1870 г. — 3 гады, а з 1907 г. — 4 гады. Семінарыя рыхтавала настаўнікаў для пачатковых школ. У ёй маглі вучыцца юнакі з 17 гадоў, выхадцы з розных саслоўяў, але перавага аддавалася дзецям сялян.
Выкладаліся Закон Божы, гісторыя праваслаўнай царквы, заалогія, батаніка, арыфметыка, геаметрыя, царкоўнаславянская і руская мовы і літаратура, гісторыя і геаграфія Pacіі, методыка выкладання, асновы педагогікі і інш. Семінарыя мела бібліятэку з 3500 тамоў, музей, тэатр, хор, метэаралагічную станцыю. Семінарысты займаліся зборам і вывучэннем фальклору, частка якога была выдадзена П. А. Гільтабрантам у 1866 г. Пры семінарыі існавала ўзорнае вучылішча, дзе семінарысты праходзілі практыку. У семінарыі выкладалі этнографы і фалькларысты М. Я. Нікіфароўскі, Ю. Ф. Крачкоўскі.
У семінарыі выкладаліся наступныя прадметы: арыфметыка — поўны курс; алгебра — да квадратных ураўненняў — уведзеная з 1909 г.; геаметрыя; фізіка; агульная гісторыя — старажытная, сярэдняя і новая; руская мова і літаратура; чарчэнне; маляванне; чыстапісанне; музыка і спевы; педагогіка; псіхалогія; логіка; дыдактыка; методыка выкладання асобных дысцыплін; асновы царкоўна-славянскай мовы з граматыкай[1].
Акрамя гэтага, выхаванцаў навучалі сталярнай справе ў майстэрні, а таксама выкладалі тэорыю садоўніцтва і агародніцтва. Практыку праходзілі ў садзе і на гародзе. Гэты гарод поўнасцю пакрываў патрэбы семінарскай арцельнай гаспадаркі ў гародніне, якая значна дапамагала пры невялікай стыпендыі. Быў вялікі хмельнік. Хмель з‘яўляўся для Маладзечна новай тэхнічнай культурай[1].
Калі агульнаадукацыйныя і педагагічныя, а таксама прыкладныя прадметы вывучаліся з ахвотай, дык ад царкоўных навук вучні ўсяляк адварочваліся і адведзеныя на іх вывучэнне гадзіны прысвячалі чытанню кніг з семінарскай бібліятэкі, дзе былі творы рускіх класікаў, а таксама Майн Рыда, Жуля Верна, Фенімора Купера, Луі Бусенара, Бічэра Стоўна і іншых[1].
Семінарыя мела свой сімфанічны аркестр з 30-40 удзельнікамі, але ён распаўся ў 1906—1907 г. у сувязі са смерцю капельмайстра і немагчымасцю знайсці яму замену. Пад яго музыку семінарыстаў у асабліва ўрачыстых выпадках вадзілі ў местачковую царкву, дзе семінарскі хор у колькасці чалавек 40 страсаў зводы сваімі магутнымі галасамі. Пад музыку праводзіліся вясновыя і асеннія святы дрэў і іншых раслін. Семінарысты ставілі самадзейныя пастаноўкі, а паколькі стасункі з месцічамі забараняліся, то жаночыя ролі вымушаныя былі выконваць навучэнцы семінарыі[1].
Дырэктар і выкладчыкі семінарыі, у асноўным, былі з духоўнай акадэміі, але былі і з універсітэцкай адукацыяй і тыя, хто скончыў настаўніцкія інстытуты і нават духоўныя семінарыі (поп)[1].
Педагагічны персанал насіў форменныя сурдуты са знакамі ў пятліцах, якія ўказвалі на прыналежнасць да класа табеля…[1]
… Семінарысты апошняга класа па чарзе выкладалі розныя прадметы ў пачатковым вучылішчы пры семінарыі, якое лічылася ўзорным. Выпускнікамі складаўся звычайна разгорнуты канспект урока ў форме пытанняў і адказаў. Канспект зацвярджаўся выкладчыкам адпаведнага прадмета і дырэктарам. На гэтых уроках прысутнічалі па чарзе выхаванцы трэцяга году навучання. Яны глядзелі, як вядуць урокі старэйшыя семінарысты. Па кожным уроку рабілася канферэнцыя, на якой спачатку выступаў сам практыкант, які аналізаваў свае памылкі, затым яго таварышы-семінарысты, пасля настаўнік узорнага пачатковага вучылішча, пасля — семінарскі выкладчык і дырэктар, пасля чаго практыкант атрымліваў адзнаку[1].
У асноўным, семінарыя таксама з‘яўлялася мужыцкім універсітэтам, доступ у вышэйшыя навучальныя ўстановы быў абмежаваны па прычынах класавага характару і з-за заніжанага аб‘ёму семінарскай праграмы, асабліва па матэматыцы, мовах, фізіцы і іншых навуках. І толькі выпадкова некаторыя семінарыстаў з мужыкоў скончылі ўніверсітэт (напрыклад, Іван Новаш). Асноўная маса папаўняла шэрагі народных настаўнікаў. Іншыя паступалі ў настаўніцкія інстытуты і працавалі настаўнікамі ў гарадскіх вучылішчах. Іншыя ж адхіляліся ад педагагічнага шляху і ішлі ў юнкерскія вучылішчы ці ў папы."[1]
У 1914 г. у Вільні выйшла кніга дырэктара семінарыі А. Ярушэвіча «Маладзечна і яго навучальныя ўстановы. Да пяцідзесяцігоддзя Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. 1864—1914» — крыніца звестак па гісторыі Маладзечна і гісторыі народнай адукацыі Беларусі XIX ст. у цэлым.
Вядомыя выпускнікі і навучэнцы
правіцьЗа 50 гадоў семінарыю скончылі 2 тыс. чалавек. Сярод навучэнцаў І. A. Біч, Ф. Валынец, А. Р. Капуцкі, П. В. Мятла, М. Чарот, С. А. Рак-Міхайлоўскі, М. Л. Забэйда-Суміцкі і інш.
Зноскі
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 552. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — С. 50. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Маладзечанская настаўніцкая семінарыя // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 457. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.