Полацкі езуіцкі калегіум

Полацкі езуіцкі калегіум — сярэдняя навучальная ўстанова езуітаў у Полацку. Заснаваны ў 1580 годзе. У 1812 г. ператвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію.

Полацкі езуіцкі калегіум
Міжнародная назва Collegium Polocense Societatis Jesu
Заснаваны 1580
Год закрыцця 1820
Рэарганізаваны у Полацкую езуіцкую акадэмію
Год рэарганізацыі 1812
Краіна
Размяшчэнне Полацк, Беларусь
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Езуіцкі калегіум быў заснаваны ў 1580 годзе (у 1581 годзе П. Скаргам)[1]) г. як сярэдняя навучальная ўстанова езуітаў.

У гэтым жа годзе на востраве Заходняй Дзвіны быў пабудаваны будынак калегіума. У 1-й палове XVII ст. пасля пажару быў пабудаваны драўляны касцёл Святога Стафана і будынкі калегіума і вучылішча на новым месцы паміж Верхнім замкам і пасадам. У 1750 годзе быў пабудаваны мураваны 3-павярховы будынак[1].

Калегіум паступова развіваўся да 1772 г., калі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай усходняя частка Беларусі была далучана да Расійскай імперыі. У ліку далучаных да Расіі гарадоў быў і Полацк. Праз год пасля гэтай падзеі, гэта значыць у 1773 г., дзейнасць ордэна езуітаў была забаронена рашэннем папы рымскага (брэвэ Dominus ac Redemptor). Аднак Кацярына II дадзенае рашэнне не падтрымала і на тэрыторыі імперыі езуіты працягнулі сваю дзейнасць. Полацк фактычна стаў іх сталіцай. Больш таго, 2 лютага 1780 г. пры Полацкім калегіуме быў адкрыты адзіны ў тагачаснай Еўропе езуіцкі навіцыят (установа для падрыхтоўкі манахаў).

Пры калегіуме ствараўся і найбуйнейшы кнігазбор горада. Бібліятэка Полацкага езуіцкага калегіума стала адным з цэнтраў інтэлектуальнага жыцця Беларусі, была прадметам пастаяннага клопату полацкіх езуітаў. Пры калегіуме дзейнічала друкарня.

Ператварэнне ў акадэмію

правіць

Прапанова аб стварэнні ў Полацку ўніверсітэта была выказана імператару Аляксандру I у 1807 годзе, калі ён другі раз наведаў гэты беларускі горад (упершыню ў Полацку і мясцовым калегіуме ён пабываў у чэрвені 1802 года). Імператару прапанова не адразу прыйшла даспадобы (на першым этапе яго рэфарматарскай дзейнасці былі адкрыты ўніверсітэты ў Дэрпце, Вільні, Харкаве, Казані), і спатрэбілася яшчэ 4 гады, перш чым 12 студзеня 1812 года сваім указам ён абвясціў: «Во уважение представленного Нам желания белорусского дворянства и пользы для науки от соревнования между несколькими училищами равной степени, признали мы за полезное возвести» калегіум у Полацкую езуіцкую акадэмію, якая атрымала статус універсітэта[2]. Полацкая езуіцкая акадэмія была першай і на той час адзінай вышэйшай навучальнай установай тэрыторыі на сучаснай Беларусі. Урачыстасці з нагоды адкрыцця акадэміі прыйшліся на 10 чэрвеня 1812 года. Вайна Францыі з Расіяй наклала сумны адбітак на лёс акадэміі.

У царскім указе аб заснаванні акадэміі генералу ордэна прадпісвалася падрыхтаваць і прадставіць праект статута, які быў прадстаўлены ў Міністэртва ў 1814 годзе. У ім падрабязна былі выкладзены правы і абавязкі як выкладчыкаў, так і навучэнцаў, структура акадэміі, штаты, арганізацыя вучэбнага працэсу[3]. Але статут так і застаўся праектам. Дзейнасць акадэміі рэгламентавалася палажэннямі Граматы, падпісанай Аляксандрам I 1 сакавіка 1812 года[4].

Пасля вяртання папы Пія VII у Рым і аднаўлення ордэна езуітаў, ён страчвае ролю сродка па ўмацаванні манархічнага ладу ў Расійскай імперыі. У Полацкай акадэміі пачынаецца рэктарская чахарда: у 1815 годзе замест А. Люстыга прызначаецца А. Ландэс, а яшчэ праз год — Р. Бжазоўскі[5]. Міністэртва духоўных спраў і народнай адукацыі вынесла рашэнне без тлумачэння падстаў прыпыніць права акадэміі прысуджаць вучоныя ступені, але ўжо ў 1817 годзе гэтае права было адноўлена[6]. У 1817 годзе кіраўнікі ўсіх езуіцкіх навучальных устаноў, якія падпарадкоўваліся акадэміі, як і рэктар самой акадэміі, былі абвінавачаны (і не без падстаў) Міністэрствам духоўных спраў і народнай адукацыі ў тым, што выкладчыкі падчас вучэбнага працэсу імкнуцца пераканаць юнакоў праваслаўнай і іншых веравызнанняў прыняць каталіцтва. Як вынік — чарговы ўказ Аляксандра I, у адпаведнасці з якім бацькі юнакоў іншых веравызнанняў, акрамя каталіцкага, былі вымушаны ў чэрвені—ліпені гэтага ж году забраць сваіх дзяцей. У 11 езуіцкіх навучальных установах імперыі такіх дзяцей аказалася 160 чал., у т. л. Полацкай акадэміі — 3, у Полацкім вучылішчы — 7[7].

Пасля выгнання ў 1820 годзе Таварыства Ісуса з Расійскай імперыі акадэмія спыніла сваё існаванне.

Навучальны працэс у акадэміі

правіць

Спачатку ў акадэміі было 3 факультэты: філасофскі, тэалагічны, моў і літаратур. У 1815 годзе, у сувязі з рэарганізацыяй, іх засталося два — тэалагічны і факультэт філасофіі і моў. Навучанне доўжылася 4—5 гадоў. Пад канец кожнага курса студэнта павінны былі трымаць іспыт, які працягваўся пасля першага курса 30 хвілін, пасля другога і трэцяга — гадзіну, пасля чацвёртага — 2 гадзіны. Хто не вытрымліваў іспытаў, на наступны курс не пераводзіўся[8].

Навучальны год у акадэміі працягваўся з 15 верасня да 15 ліпеня. Выключэннем сстаў 1812/13 навучальны год, калі заняткі ў сувязі з вайною пачаліся толькі 8 студзеня 1813 года. Набор на першы курс складаў у сярэднім 100—120 студэнтаў. Так, у 1813/14 навучальным годзе імі сталі 84 юнакі, у 1814/15 — 136, у 1816/1817 — 120, у наступным — 119. Агульная колькасць студэнтаў акадэміі складала звыш 800 чал.[9]

Заняткі пачыналіся ў 8 і заканчваліся ў 16 гадзін. З 11 да 13 быў перапынак. Кожная лекцыя працягвалася гадзіну. У аўторак і чацвер было тольуі тры лекцыі — з 8 да 11 гадзін раніцы. Пасля абеду ў гэтыя дні студэнты займаліся музыкай, маляваннем, вучыліся танцаваць, выконвалі гімнастычныя практыкаванні, праводзілі спартыўныя спаборніцтвы. Расклад заняткаў улічваў найбольш спрыяльныя для выкладання галоўных дысцыплін гадзіны: з 9 да 10 і з 14 да 15 гадзін. Напрыклад, на першым курсе філасофскага факультэта ў гэтыя гадзіны выкладаліся логіка і метафізіка, на другім — фізіка, на трэцім — матэматыка, на чацвёртым — красамоўе; з 10 да 11 і з 15 да 16 гадзін выкладаліся адпаведна на першым курсе этыка, статыстыка альбо палітычная эканомія, на другім — хімія і фізіка, на трэцім — астраномія, грамадзянская альбо ваенная архітэктура, на чацвёртым — рымскае права і расійскае права. Мовы выкладаліся з 8 да 9 і з 13 да 14 гадзін штодня, пры гэтым цікава адзначыць, што студэнты два дні на тыдні павінны былі абавязкова наведваць заняткі па выбранай мове (нямецкай, французскай, грэчаскай, лацінскай, яўрэйскай, рускай, польскай і г. д.), а у астатнія дні ён мог вольна наведваць заняткі па іншых мовах[10]. Беларуская мова не выкладалася і ў навучанні не ўжывалася.

Пасля закрыцця

правіць

У 1822 годзе будынкі былога калегіума былі перададзены Полацкаму вышэйшаму піярскаму вучылішчу (1822-1830), а ў 1835 г. яны перайшлі ў распараджэнне Полацкага кадэцкага корпуса.

Разбурэнне

правіць

У 1944 г. пасля выгнання немцаў з Полацка, які часова зьўляўся абласным цэнтрам, у будынку былога калегіума размясціўся шэраг адміністрацыйных устаноў і шпіталь. Тут жа ў аварыйных умовах пражывала звыш ста сем'яў палачанаў. У другой палове 1950-ых гг. адбылася спроба аднавіць будынак і прыстасаваць яго пад Сувораўскую вучэльню, але безвынікова. Стан помніку, пакінутага без нагляду, працягваў пагаршацца. У Полацк зачасцілі рэспубліканскія і абласныя камісіі з Мінску і Віцебску. Апошняя з іх, узначаленая тагачасным намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР В. Г. Каменскімі і старшынёй Дзяржбуда БССР архітэктарам У. А. Каралём прыняла рашэнне аб «немэтазгоднасці і немагчымасці» аднаўлення комплексу. Будынкі былі зняты з уліку помнікаў гісторыі і культуры. На іх знішчэнне «целевым назначением» з бюджэта вобласці было вылучана 30 тысяч (тагачасных!) рублёў. У студзені 1964 г. касцёл Святога Стэфана і частка калегіума былі ўзарваны. Пасля разбурэння атрымалася каля 50 тысяч кубічных метраў «добраякаснай цэглы і шчэбня, якія прадпрыемствамі і насельніцтвам на працягу года былі выкарыстаны на добраўпарадкаванне горада». «За добра выкананыя працы па абрушэнни будынку кадэцкага корпуса ў горадзе Полацку» ўдзельнікам акцыі была аб'яўлена падзяка, двое з іх узнагароджаны ганаровымі граматамі гарвыканкама. Сапраўдныя дакуманты па рэалізацыі гэтага акта вандалізма, доўгі час надзейна схаваныя ад цікаўных у Полацкім архіве, нарэшце апублікаваны ў першым нумары гісторыка-літаратурнага часопіса «Полацкі летапісец».

На месцы зруйнаваных будынкаў у 1976—1979 гг. узведзены «прэстыжны» дзевяціпавярховы жылы дом для правінцыйнай эліты. Ад калегіума, схаванага за гэтай плоскай каробкай «з вушамі», захаваліся ў катастрафічным стане толькі паўднёвая частка галоўнага корпуса і заходняе крыло.

Частковае аднаўленне будынкаў

правіць
 
Будынак былога калегіума

У 2003 годзе комплекс будынкаў былога калегіума быў перададзены Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. Пасля заканчэння ў 2005 годзе рэканструкцыі і добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі у старых езуіцкіх мурах пачаліся заняткі студэнтаў. Сучасны Полацкі ўніверсітэт імкнецца да пераемнасці з традыцыямі калегіума і акадэміі езуітаў.[11]

Архітэктура

правіць

Мураваны калегіум у Полацку лічыўся самым вялікім сярод кляштароў Беларусі. Да велічнага мураванага касцёла прылягалі драўляныя пабудовы. З 1750 г. на месцы знішчанага агнём манастыра ўзведзены мураваны. Высокія грунтовыя воды прымусілі прыняць спецыяльныя меры пры будаўніцтве: у аснаванне галоўнага будынка былі закладзены надземныя мураваныя вадасцёкі, якія дрэнавалі глебу, у сценах убудаваны вентыляцыйныя хады, склепы абсталяваны вадаспускамі.

Агромністы Е-падобны ў плане трохпавярховы калегіум займаў плошчу 7180 м2. Перад яго доўгім без выступаў фасад|фасадам адкрываўся цудоўны краявід: пад вокнамі, на тэрасе, утворанай схілам, умацаваным мураванай падпорнай сценкай, быў закладзены рэгулярны сад. Ніжэй цякла паўнаводная Дзвіна, за ёй ляжала зарэчная, больш нізкая частка Полацка і далей — роўныя палі і лясы. У бок сада быў арыентаваны парадны ўваход у калегіум. Вестыбюль злучаўся з вялікай параднай (летняй) сталоўкай, што знаходзілася ў сярэднім выступе калегіума. Выступ дасягаў па вышыні іншыя трохпавярховыя часткі калегіума. Падлога ў сталоўцы драўляная толькі каля сцен, пасярэдзіне была з кафляў і з ацяпляльнымі каналамі. На сценах віселі карціны, амбон направа ад увахода быў апрацаваны стукам. Да сталоўкі прылягала аднапавярховая кухня. Над ёй знаходзіўся музей з бібліятэкай, што ў разбяных шафах з пазалочанымі бюстамі змяшчала больш 23 тысяч тамоў. Астатнія памяшканні падзяляліся мураванымі сценамі. Зносіны ажыццяўляліся па калідору, што агінаў увесь будынак. Перакрыцці ўсіх паверхаў — скляпеністыя. Дах крыты дахоўкай. Пад цаглянымі і кафлянымі падлогамі пракладзены ацяпляльныя каналы. Каміны і печы амаль не ўжываліся.

Паралельна падоўжнай восі касцёла, з поўдня, праз вуліцу будуецца трохпавярховы, без склепаў, корпус, скончаны да 1778 г. На першым паверсе знаходзілася друкарня з кнігарняй, на другім — вучэльня, на трэцім — тэатр з прыбіральнямі для акцёраў. У сувязі з узрослай колькасцю вучняў з паўночнага боку прыбудоўваецца двухпавярховы канвікт (інтэрнат), павернуты ў плане пад прамым вуглом ад касцёла да пабудаванага раней галоўнага будынка.

У 1780 г. у Полацк прыязджае Кацярына II. Да гэтай падзеі адбудоўваюцца ў цэгле ўсе адна- і двухпавярховыя будынкі гаспадарчага двара. Яны размяшчаюцца ўздоўж рова Ніжняга замка, паварочваюць на поўдзень і завяршаюцца двухпавярховым флігель|флігелем з брамай, што вядзе на мост да Верхняга замка. Каля гэтага флігеля стаяў будынак аптэкі з лабараторыяй і сушыльняй (на гарышчы) для траў. У склепах аптэкі знаходзіўся калодзеж, злучаны сістэмай водаправодных труб з усімі маючымі патрэбу ў вадзе вытворчымі памяшканнямі і іншымі манастырскімі калодзежамі. Акрамя лямусаў, стаен, рамізніцкай, пякарні, вяндлярні, бровара тут працавалі майстэрні (слясарная, такарная, сталярная і г. д.), а таксама суконная фабрыка.

У 1784 г. у Полацк прыязджае архітэктар і матэматык Габрыэль Грубер, у далейшым кіраўнік ордэна. Тэатральны і галоўны карпусы злучаюцца ўзведзеным па яго ініцыятыве корпусам, у якім размяшчаюцца аздобленыя фрэскамі карцінная галерэя, музей, хімічная лабараторыя, абсерваторыя і кабінеты (архітэктурны, фізічны, прыродна-гістарычны, мінералагічны, этнаграфічны і інш.). Побач з гэтым корпусам зрабілі цэнтральны ўваход у калегіум. Апошнімі пабудовамі езуітаў у канцы XVIII ст. сталі два флігелі на поўдзень ад аптэкі: бурса (у 1797 г. на 24 чалавекі) і багадзельня.

Калегіум і канвікт расчляняліся звонку тасканскімі пілястрамі, пастаўленымі ў прасценках, — гэта скупы, але выразны дэкор, асабліва для будынка, што глядзіцца з далёкіх кропак. Падобны дэкор мелі грамадзянскія збудаванні ў другой палове XVII ст. і шматлікія манастырскія пабудовы XVIII ст. Пабудаваныя пасля 1773 г. на поўдзень ад касцёла трохпавярховыя карпусы аздабляліся прыгожымі ордэн іанічнымі пілястрамі, а вокны атрымалі абрамленні з трохкутнымі франтонамі.

У адрозненні ад аддаленых у глыбіню тэрыторыі калегіумаў XVII ст. тут пабудовы павернуты не толькі да галоўнай плошчы горада, як у калегіумах XVIII ст., але і ядро калегіума — галоўны корпус — мае план, канфігурацыя якога вынікае з патрэбы стварыць грандыёзны, працяглы, адкрыты пейзажу фасад. Падобныя прынцыпы планіроўкі можна знайсці ў шэрагу манастыроў XVIII ст. іншых ордэнаў.

Адукацыя

правіць

Калегіум ствараўся як сярэдняя навучальная ўстанова класічнага, пераважна філалагічнага тыпу. Ён быў створаны па ініцыятыве вядомага езуіта-прапаведніка Пятра Скаргі, які меў на мэце выхаванне навучэнцаў у духу адданасці каталіцызму і справе ордэна езуітаў. У пяці класах калегіума выкладалася лацінская і грэчаская мовы, рыторыка і паэтыка, антычная літаратура і Святое Пісанне. У перыяд Рэчы Паспалітай выкладанне вялося на польскай мове, пасля яе падзелу — уведзена руская мова. У адпаведнасці з гнуткай ідэалагічнай стратэгіяй езуітаў, яны імкнуліся спалучаць схаластычную багаслоўскую адукацыю з гуманістычнай свецкай культурай.

У 1620-ых гг. лекцыі па рыторыцы, паэтыцы і антычнай міфалогіі ў калегіуме чытаў паэт і мысляр М. К. Сарбеўскі. У 1797 г. у калегіуме навучалася 336 студэнтаў і 31 малады манах, якія рыхтаваліся стаць прафесарамі. Выкладаннем займаліся 24 прафесары.

У 1811 г. бібліятэка налічвала больш 40 тысяч тамоў і з'яўлялася найбагацейшым кнігазборам у Беларусі. Аснову кніжнага фонду складалі выданні XVI—XVIII стст. на польскай, лацінскай, французскай і нямецкай мовах, а таксама літаратура, выдадзеная ў Беларусі, у тым ліку ва ўласнай друкарні акадэміі. Сярод іх падручнікі па ўсеагульнай геаграфіі і гісторыі Рыма, слоўнікі, творы пісьменнікаў Я. Каханоўскага, П. Скаргі, М. Карыцкага, Н. Мусніцкага, А. Нарушэвіча і іншых. У бібліятэцы зберагаліся таксама і старажытныя рукапісы, каралеўскія граматы і іншыя дакуманты, дысертацыі, энцыклапедычныя выданні і дапаможнікі па асобных дысцыплінах.

Рэктары

правіць

У канцы XVI - XVII стагоддзі

правіць

У XVIIІ — пачатку ХІХ стагоддзі

правіць

Выбітныя выпускнікі

правіць

Вядомыя выкладчыкі

правіць

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. а б Беларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  2. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў (РДГА). Ф. 733. — Воп. 62. — Спр. 198. — Л. 3.
  3. РДГА. Ф. 733. — Воп. 62. — Спр. 360. — Л. 4—47.
  4. РДГА. Ф. 733. — Воп. 62. — Спр. 198. — Л. 3; Сапунов, А. П. Заметка о коллегии и академии иезуитов в Полоцке / А. П. Сапунов. — Полоцк: Издатель Л. Ф. Данько, 1997. — 29 с.
  5. РДГА. Ф. 733. — Воп. 62. — Спр. 198. — Л. 85, 106 адв.
  6. РДГА. Ф. 733. — Воп. 62. — Спр. 198. — Л. 129—130, 182—183.
  7. РГДА. Ф. 733. — Воп. 62. — Спр. 198. — Л. 167, 172—174 адв.
  8. РДГА. Ф. 733. — Воп. 62. — Спр. 360. — Л. 19.
  9. РДГА. Ф. 733. — Воп. 62. — Спр. 198. — Л. 74 адв., 87, 95, 107, 133, 152.
  10. РДГА. Ф. 733. — Воп. 62. — Спр. 360. — Л. 12—16.
  11. http://www.psu.by/index.php/universitet.html Архівавана 3 лютага 2014.

Літаратура

правіць
  • Возникновение и становление архитектурного ансамбля Полоцкого коллегиума иезуитов в 1579–1830 гадах / В. И. Матвейчук, Е. М. Орфанова // Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета. — 2008. — Вып. 8. — С. 6—8. (3ОК13118) (руск.)
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (Т. 11).
  • Беларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 168-167.
  • Шайкоў, В. Полацкая езуіцкая акадэмія (1812–1820 гг.) / В. Шайкоў // Беларускі гістарычны часопіс. — 1995. — № 4. — С. 73—82.

Спасылкі

правіць