Полацкая друкарня

Полацкая друка́рня — друкарня ў Полацку. Дзейнічала пры Полацкім езуіцкім калегіуме, (з 1812 г. — Полацкай езуіцкай акадэміі) у 1787—1820 гг.

Тытульны ліст каталога Таварыства Ісуса за 1817/1818 навучальны год. Надрукавана ў Полацкай друкарні.

Статус і арганізацыя дзейнасці правіць

У адпаведнасці з «Канстытуцыяй» Таварыства Ісуса напісанне і друкаванне кніг уваходзіла ў абавязкі ордэна. Але дазвол датычыўся толькі рэлігійных выданняў і школьных падручнікаў. Усе выдавецкая прадукцыя павіна была адсылацца ў Рым на цэнзуру (абавязковы экзэмпляр потым перадаваўся ў папскую курыю) і пакрываць выдаткі на сваю вытворчасць. Пры гэтым атрыманыя ад друку даходы маглі выкарыстоўвацца выключна на развіццё кнігадрукавання[1].

Друкарня пры Полацкім езуіцкім калегіуме была створана у 1787 г. па прывілею імператрыцы Кацярыны ІІ, а таму ў архіўных дакументах праходзіць як «Прывілеяваная ад Яе Імператарскай Вялікасці». Такі статус друкарні дазволіў ёй не залежаць ад абмежавальных урадавых указаў канца XVIII ст. адносна кнігалрукавання. 4 мая 1800 г. дзейнасць друкарні была зацверджана па дакладу Сената[2].

Пасля пераўтварэння калегіума ў Полацкую езуіцкую акадэмію імператар Аляксандр І выдаў грамату ад 1 сакавіка 1812 г. згодна з якой «Полоцкая Иезуитская типография состоит в ведении тамошней Академии. Цензура печатаемых в ней книг вверяется трем ученым Членам Общества, известным своими достоинствами». Такім чынам быў створаны цэнзурны камітэт, у склад якога ўваходзілі Міхал Ляснеўскі, Францішак Дзеружынскі і Юзаф Цытовіч (старшыня камітэта)[2].

Тэхнічнае аснашчэнне правіць

Друкарня полацкіх езуітаў была самай моцнай паліграфічнай установай канца XVIII — пачатку ХІХ ст. на тэрыторыі Беларусі. Размяшчалася яна на другім паверсе аднаго з карпусоў калегіума (на першым дзейнічала кнігарня). Неабходнае абсталяванне набывалася ў Пецярбургу. У 1811 г. мелася тры друкарскія станкі, а ў 1820 г. іх налічвалася ўжо чатыры і яшчэ два літаграфічныя.

Лацінскія шрыфты атрымлівалі з-за мяжы, але ў апошнія гады існавання друкарні была набыта словалітня. У выніку яна мела багаты набор шрыфтоў пяці алфавітаў — рускага, грэчаскага, яўрэйскага нямецкага, лацініцы з дадатковымі літарамі для польскай і французскай моў. Агульная вага шрыфтоў складала 4 800 кг.! Ёсць дадзеныя пра тое, што вельмі каштоўная друкарня была выратавана езуітамі ад разрабавання пад час вайны 1812 года дзякуючы выплаце французам мільёна франкаў і прадастаўленню іх маршалам памяшканняў для пражывання[3].

Выданні правіць

Друкарня выпусціла больш за 500 выданняў. Большая частка з іх выйшла на польскай і лацінскай мовах, а таксама на рускай, нямецкай, італьянскай і французскай мовах. Сярод кніг падручнікі па агульнай геаграфіі і гісторыі Рыма (1783), граматыцы лацінскай мовы (1790, 1794), слоўнікі і інш. Таксама друкарня друкавала творы М. Карыцкага, Я. Каханоўскага, І. Красіцкага і інш. З канца XVII ст. выдаваліся календары. З 1818 г. да лютага 1820 г. з перапынкам у 1819 г. выходзіў часопіс «Полацкі штомесячнік» (польск.: «Miesięcznik Połocki»).

Працаўнікі друкарні правіць

Арганізатарамі працы друкарні былі члены Таварыства Ісуса. Важную ролю ў яе стварэнні і далейшай дзейнасці адыграў намеснік прэфекта (кіраўніка) Базыль Шыркевіч (працаваў на гэтай пасадзе да 1800 г., калі пакінуў Таварыства Ісуса)[4]. Пасаду прэфекта (кіраўніка) друкарні займалі: Мацей Ракеты (1787—1797), Тадэвуш Бжазоўскі (1797—1805), Алаіз Лянкевіч (1805—1806), Геранім Гарабурда (1806—1809 і 1811—1814)[5], Ігнацій Хадыкевіч (1814—1818)[6][7] (у літаратуры яго прозвішча часам памылкова падаецца як «Хадыніцкі» (Chodynicki)[5][8]), Вінцэнт Жолудзь (1818—1820)[5].

Друкарамі былі таксама перважна езуіты: Базыль Шыркевіч (1787—1800), Алаіз Лянкевіч (1800—1805), Ян Корсак (1806—1815), Антон Сакалоўскі (1815—1820), Адам Міхалоўскі (1818—1819), Ян Ляшчынскі (1818—1820), Ян Брунер (1819—1820), Мацей Дрыкшаў (1819—1820)[5][9].

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
  2. а б Самайлюк, Т. А. Выдавецкая дзейнасць ордэна езуітаў у Беларусі XVIII — пач. ХІХ ст. Полацкая друкарня езуцкай акадэміі (1787—1820) / Т. А. Самайлюк // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай культуры : зб. навук. арт. : у 2 ч. / Бел. дзярж. уні-т культуры і мастацтваў; складальнікі: Т. А. Дзем’яновіч, Л. І. Доўнар, Т. А. Самайлюк. — Мінск, 2006. — Ч. 1. — С. 130.
  3. Самайлюк, Т. А. Выдавецкая дзейнасць ордэна езуітаў у Беларусі XVIII — пач. ХІХ ст. Полацкая друкарня езуцкай акадэміі (1787—1820) / Т. А. Самайлюк // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай культуры : зб. навук. арт. : у 2 ч. / Бел. дзярж. уні-т культуры і мастацтваў; складальнікі: Т. А. Дзем’яновіч, Л. І. Доўнар, Т. А. Самайлюк. — Мінск, 2006. — Ч. 1. — С. 131.
  4. Kadulska, I. Pracownicy książki w Akademii Połockiej (1812—1820) / I. Kadulska // Acta Universitatis Lodziensis. Folia litteraria Polonica. 4(34), 2016. — s. 258, 261.
  5. а б в г Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
  6. Catalogs SJ 1774—1829. Russiae. Архівавана 13 ліпеня 2020.
  7. Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
  8. Баўтовіч, М. Кнігадрук у Полацку ад . да . / М. Баўтовіч // Кнігадрук у Полацку (1774—1829): Бібліяграфічнае выданне / укладальнік М. Баўтовiч. — Полацк: Выдавецкая ініцыятыва «Полацкая ляда», 2018. — С. 13.
  9. Баўтовіч, М. Кнігадрук у Полацку ад 1774 г. да 1829 г. / М. Баўтовіч // Кнігадрук у Полацку (1774—1829): Бібліяграфічнае выданне / укладальнік М. Баўтовiч. — Полацк: Выдавецкая ініцыятыва «Полацкае ляда», 2018. — С. 13-15.

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (Т. 11).
  • Беларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Кнігадрук у Полацку (1774—1829): Бібліяграфічнае выданне / укладальнік М. Баўтовiч. — Полацк: Выдавецкая ініцыятыва «Полацкае ляда», 2018.
  • Самайлюк, Т. А. Выдавецкая дзейнасць ордэна езуітаў у Беларусі XVIII — пач. ХІХ ст. Полацкая друкарня езуцкай акадэміі (1787—1820) / Т. А. Самайлюк // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай культуры : зб. навук. арт. : у 2 ч. / Бел. дзярж. уні-т культуры і мастацтваў; складальнікі: Т. А. Дзем’яновіч, Л. І. Доўнар, Т. А. Самайлюк. — Мінск, 2006. — Ч. 1. — С. 129—138.
  • Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564—1995 / oprac. L. Grzebień  (польск.). — Kraków : Wyd-wo WAM, 1996. — 882 s.
  • Kadulska, I. Pracownicy książki w Akademii Połockiej (1812—1820) / I. Kadulska // Acta Universitatis Lodziensis. Folia litteraria Polonica. 4(34), 2016. — s. 257—265.