Міхал Карыцкі (4 верасня 1714, в. Дзітрыкі Лідскага пав. Віленскага ваяв., цяпер Лідскі раён, Гродзенская вобласць — 10 сакавіка 1781, Мінск) — вялікалітоўскі паэт-лацініст эпохі Асветніцтва, манах-езуіт, педагог, доктар філасофіі. Брат К. Ф. Карыцкага.

Міхаіл Карыцкі
лац.: Korycki
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 4 верасня 1714(1714-09-04)
Месца нараджэння
Дата смерці 10 сакавіка 1781(1781-03-10) (66 гадоў) ці 1791[1]
Месца смерці
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт
Мова твораў лацінская мова

Біяграфічныя звесткі

правіць

Нарадзіўся ў спадчынным маёнтку Дзітрыкі ў шляхецкай сям'і. Бацьку звалі Аляксандрам, а маці Тарэзай; у элегіі «Да брата Караля» Міхал Карыцкі згадвае таксама сваіх братоў Анупрэя, Луку, Сымона, Андрэя і Караля, найбольш знакаміты з іх быў апошні, які зрабіў вялікі ўклад у распрацоўку тэорыі аратарскага мастацтва, абнаўленне сістэмы адукацыі.

Дзіцячыя гады Міхал правёў у маёнтку бацькоў, а затым быў выпраўлены на навучанне ў Бабруйскую езуіцкую рэзідэнцыю, пры якой існавала школа з класамі граматыкі, паэтыкі і рыторыкі. Яшчэ да гэтага прыватна або іншым шляхам ён павінен быў атрымаць пачатковую адукацыю. Выхаванне яго паэтычнага майстэрства адбывалася, відаць, ужо пазней — у Віленскай езуіцкай акадэміі на факультэце філасофіі і тэалогіі.

7 чэрвеня 1730 ў Вільні М. Карыцкі ўступае ў ордэн езуітаў. Паспяхова прайшоўшы выпрабаванні ў навіцыяце (1730—31), ён быў накіраваны ў Слуцк для атрымання педагагічнай адукацыі (1732—33). Тут пазнаёміўся з Антоніем Скарульскі, разам з якім потым займаўся мадэрнізацыяй школьнай сістэмы. У 1733 паэт прыехаў у Вільню для вывучэння ў акадэміі курса філасофіі, які доўжыўся тры гады.

Пасля вучобы пакінуты ў акадэміі, дзе ў 1736—38 выкладаў граматыку, паэтыку і рыторыку. У 1738 яго перавялі ў Варшаўскі калегіум, які адміністрацыйна належаў да Літоўскай езуіцкай правінцыі, на пасаду выкладчыка паэтыкі. У гэтым жа калегіуме з 1739 ён становіцца студэнтам тэалагічнага факультэта. У 1742 М. Карыцкі вяртаецца ў Віленскую акадэмію, каб прадоўжыць тут вывучэнне тэалогіі. За год да заканчэння прыняў святарскі сан, а ў 1743 здаў іспыт за курс тэалогіі. Пасля ён мусіў яшчэ год быць у Вільні, каб падрыхтавацца да пастырскай і педагагічнай дзейнасці.

У 1744 яго накіроўваюць выкладчыкам паэтыкі і рыторыкі ў Мінскі езуіцкі калегіум. А ў 1745—46 навуч. годзе ён зноў апынуўся ў Віленскай акадэміі, дзе выкладаў рыторыку і атрымаў ступень магістра філасофіі і вызваленых навук.

Дзеля выхавання кадраў маладых настаўнікаў М. Карыцкага накіравалі прафесарам у Слуцкую семінарыю, дзе ён працаваў два гады (1746—48). У 1748—50 ён знаходзіўся ў Пінскім калегіуме. Пасля атрымання ступені доктара філасофіі працаваў у Віленскай акадэміі прафесарам і сеньёрам філасофскага факультэта (1750—55), тут яго вучнем быў паэт Адам Нарушэвіч. У 1756—63 Міхал Карыцкі выкладаў у розных калегіумах Беларусі і Польшчы: Варшаве, Драгічыне, Мінску, Нясвіжы. У 1763 яго прызначылі рэктарам Варшаўскага калегіума. Пры яго рэктарстве дасягнуў росквіту і Варшаўскі свецкі калегіум для шляхты.

3 гэтага ж часу пачынаецца перыяд актыўнай паэтычнай творчасці Міхала Карыцкага: выходзяць асобнымі выданнямі эпіграмы да Младзяёўскага і на каранацыю Станіслава Аўгуста, элегія да Антонія Пшэздзецкага. А ў 1766 з'явіўся лацінскі зборнік Яна Яноцкага «Выбранае з польскай літаратуры», дзе былі надрукаваны дзве згаданыя эпіграмы і яшчэ шэсць новых твораў. Перадрукоўка ў зборніку раней апублікаваных вершаў сведчыць пра прызнанне таленту паэта, рост яго папулярнасці.

6 верасня 1766 Міхал Карыцкі заняў пасаду кіраўніка Мазавецкай правінцыі езуітаў. Падзяляў ідэі Асветніцтва; імкнуўся палепшыць сістэму адукацыі, надаць ёй больш свецкі характар. Пры падтрымцы брата Караля працаваў над удасканаленнем адукацыі. Увёў іспыты па прадмету і методыцы навучання для кандыдатаў у выкладчыкі, адмяніў састарэлы метад дыктавання лекцый і прадпісаў шырока выкарыстоўваць падручнікі. Клапаціўся пра забеспячэнне студэнцкіх бібліятэк, выпісваў кніжкі з-за мяжы. Вялікая ўвага звярталася і на маральнае выхаванне моладзі, асабліва вучняў, што жылі ў канвіктах (інтэрнатах).

У 1770 паэт пакінуў пасаду і ў 1770—71 выконваў абавязкі кансультанта ў Полацкім калегіуме, а затым быў пераведзены ў Бабруйск, дзе працаваў прапаведнікам і загадчыкам школьнай бібліятэкі. Прычына перамяшчэння М. Карыцкага магчыма абумоўлена тым, што яго актыўная асветніцкая дзейнасць не падабалася некаторым кансерватыўным колам езуітаў. Пасля скасавання (1773) Папам ордэна езуітаў Адукацыйная камісія прызначыла М. Карыцкага на пасаду прэфекта Мінскага калегіума, які неўзабаве быў пераўтвораны ў ваяводскую школу.

Міхал Карыцкі не пакідаў займацца паэзіяй. У 1771 выйшаў другі зборнік Яна Яноцкага «Новыя творы сармацкіх музаў», куды ўвайшлі пяць новых твораў паэта: панегірык, дзве элегіі і дзве эпіграмы. Забарона ордэна езуітаў вельмі ўразіла М. Карыцкага, як і тое, што расійская імператрыца Кацярына II дала выгнанцам з прытулак у Полацку, яго прыхільнасць да Расіі вылілася ў вершах, што склалі аснову пасмяротнага зборніка «Песні» (1817).

У Мінску асветнік працаваў да пенсіі, займаючыся школьнымі справамі. Яго новыя вершы, датаваныя 1780—81, былі надрукаваны, відаць, ужо пасля таго, як ён па стану здароўя пакінуў працу ў школе. У апошні год працы ў Мінскай ваяводскай школе паводле ўказу караля Станіслава Аўгуста М. Карыцкі быў узнагароджаны медалем Merentibus (заслужаны). Кароль прапанаваў яму выдаць збор твораў. Але ў 1780 здароўе Міхала Карыцкага значна пагоршылася, 13 чэрвеня ён па хваробе быў вызвалены ад пасады.

На пачатку наступнага года М. Карыцкаму была прызначана пажыццёвая пенсія, якая павінна была выплочвацца з 1 красавіка. Аднак 10 сакавіка 1781 жыццё паэта абарвалася. Cваю маёмасць Міхал Карыцкі ахвяраваў на патрэбы Мінскай школы, дзе выкладаў у апошнія гады.

Творчасць

правіць

Міхал Карыцкі — пачынальнік класіцызму як творчага метаду, яго паэзія паўплывала на лацінамоўную паэзію Рэчы Паспалітай эпохі Асветніцтва. Пісаў вершы, казкі, элегіі, пасланні, пародыі лацінскай мовай.

Большасць твораў прысвечана тагачасным грамадскім і культурным дзеячам, мясцовым падзеям. 3 літаратурнага боку найбольш цікавая сярод іх — эпічная паэма «Птушыны сейм». Яна напісана з нагоды абрання Станіслава Панятоўскага каралём Рэчы Паспалітай у 1764 годзе, відаць, адразу ж пасля элекцыі. Паэма ўяўляе разгорнутую алегорыю, дзе кароль паказаны ў выглядзе арла, а выбарчы сойм — у вобразе птушынага злёту.

Вядома 25 вершаваных твораў М. Карыцкага, выдадзеных прыжыццёва: 11 з іх выйшлі асобнымі выданнямі, 12 апублікаваны ў зборніках Яна Яноцкага, а 2 — асобна і ў зборніках Яноцкага. Мяркуючы па ўсім, вершы карысталіся папулярнасцю і выдаваліся вялікімі тыражамі. Творы арганічна ўліваліся ў літаратурны працэс у Рэчы Паспалітай, чыталіся тут, уплывалі на розум і пачуцці сучаснікаў. Першыя з яго датаваных вершаў былі, відаць, «Аўстрыйскі Марс» (1756—57) і «Дыфірамб» (1757), прысвечаныя Радзівілам. Апошні вядомы паэтычны твор, надрукаваны пры яго жыцці ў 1781, «Песня», адрасаваная Кацярыне II. Аўтар элегій «Да Касакоўскага» і «Да брата Караля», прыродаапісальнай оды «Да Зімы». Некаторыя вершы былі апублікаваныя ў зборніку «Musarum Sarmaticarum specimina nova» (1771).

У панегірыку Марціну Пачобуту-Адляніцкаму з нагоды абрання яго рэктарам Віленскай акадэміі ў 1780 Карыцкі праслаўляе магутнасць чалавечага розуму і навуку, якая на яго думку, мае боскае паходжанне. У панегірыках Кацярыне II з нагоды прыезду яе ў Беларусь і наведвання Полацка ў 1780 паэт выказвае свае пачуцці замілавання родным краем, ганарыцца яго прыгажосцю і багатай гісторыяй, праслаўляе адвечную славянскую раку Дзвіну і старажытны Полацк, куды раіць ён Кацярыне перанесці сваю сталіцу.

Ушанаванне памяці

правіць

Праз 36 гадоў пасля смерці М. Карыцкага яго творчы даробак быў упарадкаваны і выдадзены Полацкай езуіцкай акадэміяй, куды аўтар пераслаў свае творы незадоўга да смерці. Зборнік пад назвай «Carmina» («Песні») выйшаў у 1817 годзе ў Полацку і налічвае 155 старонак. Ён адкрываецца кароткай прадмовай пад назвай «Звесткі пра жыццё і творы аўтара», дзе змяшчаецца таксама вершаванае прысвячэнне М. Карыцкага свайму мецэнату і апекуну каралю Станіславу Аўгусту. Далей ідуць вершы, згрупаваныя паводле жанрава-метрычных асаблівасцей. У кнігу ўвайшло 86 паэтычных твораў

Карэспандэнцыя паэта захоўваецца ў архівах Вільні, Кракава і Масквы.

Ацэнкі

правіць

На літаратурным даляглядзе Беларусі XVIII ст. постаць новалацінскага паэта Міхала Карыцкага вымалёўваецца рэльефна і важка. У эпоху Асветніцтва, калі Еўропа разам з памкненнем да спасціжэння праўды і гармоніі, да ўсталявання справядлівасці і разумнасці ў грамадскім жыцці, успрыняла спакусу пазітывізму, «вызвалення» ад Бога, Карыцкі не паддаўся плыні, скіраванай на дэсакралізацыю свету, і застаўся паэтам хрысціянскім. Ён паказаў, што розум без веры не можа прывесці да ісціны. Міхал Карыцкі, паэт-філосаф, разумеў філасофію не як абстрактнае мудраванне, а як жыццё паводле спазнанай праўды. Ён прысвяціў сябе школе, хрысціянскаму выхаванню і ўдасканаленню адукацыі.[2]

Выказванне паэта XIX ст. Уладзіслава Сыракомлі:

У памятным 1773 годзе заняпалі ў адну хвіліну ўсе калегіі Літвы і Польшчы. У Мінску на той час рэктарам быў Міхал Карыцкі, чалавек заслужаны перад Ордэнам і навукаю, якога разам з яго братам Каралем, таксама езуітам, Альбертранд называў найпершым рэфарматарам навукі і густу езуітаў менавіта ў Літве. Але езуіты не спяшаліся з рэформаю. Цэнячы асобу Карыцкага, пакінулі яго марнець на ніве прапаведніцтва ў Бабруйску.[3]

Зноскі

  1. Faceted Application of Subject Terminology Праверана 7 мая 2020.
  2. Жлутка А. Міхал Карыцкі…
  3. Сыракомля У. Добрыя весці. Мн., 1993. С. 412.

Літаратура

правіць
  • Жлутко А. Міхал Карыцкі — лацінамоўны паэт Беларусі эпохі Асветніцтва // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1988. № 5.
  • Парэцкі Я. Міхаіл Карыцкі. Мн., 1991.
  • Анталогія беларускай паэзіі. Т.1. Мн., 1993. С. 125—126.
  • Корыцкий Михаил // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  • Суднік С. Лідскія юбіляры 2004 года // Лідскі летапісец. № 27-28, 2004.
  • Жлутка А. Міхал Карыцкі // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. Т. 2. — 2-е выд. — Мн., 2010.

Спасылкі

правіць