Полацкі кадэцкі корпус
Полацкі кадэцкі корпус — сярэдняя ваенная навучальная ўстанова закрытага тыпу ў горадзе Полацку, якая існавала ў 1835—1918 гадах.
Полацкі кадэцкі корпус | |
---|---|
| |
Дэвіз | Жыццё — Айчыне. Душа — Богу. Сэрца — людзям. Гонар — нікому. |
Заснаваны | 1835 |
Год закрыцця | 1918 |
Тып | кадэцкі корпус |
Студэнты | 400 |
Краіна | |
Размяшчэнне | будынкі колішняй Полацкай езуіцкай акадэміі |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Заснавана для падрыхтоўкі да вайсковай службы дваранскіх дзяцей з Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Смаленскай губерняў. Знаходзілася на Корпуснай плошчы[A], у будынках колішняй езуіцкай акадэміі.
Гісторыя
правіцьГісторыя стварэння Полацкага кадэцкага корпуса непасрэдна звязана з Полацкай езуіцкай акадэміяй. Рашэнне аб адкрыцці ў Полацку езуіцкай акадэміі было прынята ў студзені 1812 года і праіснавала да 1820 года, калі была забаронена дзейнасць ордэна езуітаў. Пасля гэтага на месцы езуіцкай акадэміі было створана Вышэйшае піярскае вучылішча[1].
3 мэтай «правядзення на Заходнім краі ідэі рускай асветы, рускага патрыятызму і рускай справы» царскі ўрад 26 красавіка 1830 года прыняў рашэнне аб заснаванні на месцы піярскага вучылішча Полацкага кадэцкага корпуса. Афіцыйнае адкрыццё корпуса адбылося ў дзень нараджэння імператара Мікалая I 25 чэрвеня 1835 года.
Акрамя агульных правіл прыёму для дваранства беларускіх губерняў існавалі некаторыя абмежавaннi: у адпаведнасці з загадам Мікалая I у Полацкі кадэцкі корпус было забаронена прымаць тых дваранскіх дзяцей, чые бацькі ўдзельнічалі ў паўстанні 1830—1831 гадоў, але былі памілаваны. Такіх падлеткаў было рэкамендавана накіроўваць у навучальныя ўстановы, якія знаходзіліся ўнутры імперыі[2].
У 1857 годзе былі створаны двухгадовыя спецыяльныя класы, пасля заканчэння якіх кадэты атрымлівалі афіцэрскае званне i накіроўваліся ва ўсе віды сухапутных войскаў. У 1859—1863 гадах выпускнікамі спецыяльных класаў сталі 172 афіцэры. У 1863 годзе гэтыя класы былі закрыты, i кадэты пасля паспяховага заканчэння навучання накіроўваліся ў Канстанцінаўскае ваеннае вучылішча ў Пецярбургу.
У сувязі з ваеннай рэформай, якая пачалася ў 1862 годзе, замест Полацкага кадэцкага корпуса ў 1865 годзе была створана Полацкая ваенная гімназія з шасцігадовым курсам вучобы (з 1873 года — сямігадовым) i штатам у 350 выхаванцаў. Курс ваеннай гімназіі быў набліжаны да курса рэальнага вучылішча, але перавышаў яго па колькасці гадзін на вывучаемыя дысцыпліны.
22 чэрвеня 1882 года Полацкая ваенная гімназія зноў была рэарганізавана ў кадэцкі корпус, які праіснаваў пад першапачатковай назвай да 1917 года. Поўны курс навучання складаў 7 гадоў. Пасля заканчэння вучобы большая частка выхаванцаў накіроўвалася ў ваенныя вучылішчы.
Падчас Першай сусветнай вайны корпус знаходзіўся ў эвакуацыі. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў жніўні 1917 года перайменаваны ў Полацкую гімназію ваеннага ведамства. Згодна з новымі правіламi прыёму, у гімназіі ваеннага ведамства дазвалялася прымаць дзяцей ваеннаслужачых (генералаў, афіцэраў, салдат, ваенных чыноўнікаў), якія загінулі на фронце або cтaлі інвалідамі[3].
У 1918 годзе гімназія ваеннага ведамства была закрыта. У 1919—1920 гадах рэшткі кадэцкіх корпусаў (у тым ліку Полацкага) былі аб’яднаны ў Крымскі i Феадасійскі кадэцкія карпусы. У 1920 годзе яны былі вывезены за мяжу.
Структура
правіцьСкладаўся з чатырох рот: грэнадзёрскай, неранжырнай і 2 мушкецёрных, якія ўтваралі батальён.
Полацкі кадэцкі корпус быў разлічаны на 400 навучэнцаў, прымаліся хлопчыкі ва ўзросце 9—11 гадоў. Належаў да ліку губернскіх кадэцкіх карпусоў, а гэта азначала, што ў ім былі толькі падрыхтоўчыя (2 гады) i агульныя (4 гады) курсы. Пасля заканчэння курса навук полацкія кадэты пераводзіліся ў Пецярбург у Дваранскі полк, дзе працягвалі адукацыю.
Згодна з правіламі прыёму навучэнцы кадэцкага корпуса падзяляліся на 2 катэгорыі: інтэрнаў (штатныя i звышштатныя) i экстэрнаў (прыходзячыя вучні). У сваю чаргу інтэрны падзяляліся на казённакоштных (утрымліваліся за дзяржаўныя сродкі), сваякоштных (утрымліваліся за кошт бацькоў) і стыпендыятаў, якія вучыліся на стыпендыі дваранства, арганізацый, прыватных асоб[1].
У корпусе выкладаліся Закон Божы, руская, нямецкая i французская мовы, руская i агульная гісторыі, геаграфія, матэматыка (арыфметыка, алгебра, геаметрыя, трыганаметрыя, аналітычная геаметрыя), фізіка, хімія, законазнаўства, чарчэнне, мінералогія, фізіялогія, батаніка, касмаграфія, маляванне, музыка, спевы, танцы. Шмат yвaгi надавалася страявым заняткам, плаванню, гімнастычным практыкаванням, фехтаванню. Сярод ваенных навук выкладаліся тактыка, артылерыя, ваенная гісторыя i фартыфікацыя[3].
Дырэктары
правіць- Павел Кесаравіч Хвашчынскі (1834—1842).
- Фёдар Максімавіч Арэвус (1842—1852).
- Усевалад Мікалаевіч Лермантаў (1852—1854).
- Павел Пятровіч Кіновіч (1854—1858).
- Дзмітрый Міхайлавіч Паўлоўскі (1858—1864).
- Рыгор Паўлавіч Кузьмін-Караваеў (1864—1867).
- Пётр Пятровіч Глотаў (1867—1878).
- Аляксей Пятровіч Тыртаў (1878—1888).
- Канстанцін Мікалаевіч Анчуцін (1888—1891).
- Георгій Іванавіч Ялчанінаў (1891—1897).
- Яўген Сымонавіч Гутар (1897—1905).
- Андрэй Мікалаевіч Ваулін (1905—1908).
- Мадэст Рыгоравіч Чыгір (1908—1918).
Выпускнікі
правіцьЗа час існавання Полацкі кадэцкі корпус падрыхтаваў больш за 3 тысяч афіцэраў[4].
Заўвагі
правіць- ↑ да 1830 года — Парадная плошча, цяпер Плошча Свабоды
Зноскі
- ↑ а б Шайкоў, В., Лукашэвіч, А. Полацкі кадэцкі корпус і яго выхаванцы / В. Шайкоў, А. Лукашэвіч // Беларускі гістарычны часопіс. — 1999. — № 4. — С. 45–51.
- ↑ Полацкі кадэцкі корпус (1835—1918 гг.) Архівавана 8 жніўня 2020.. — Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. (бел.)
- ↑ а б Полацкі кадэцкі корпус(недаступная спасылка). — Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. (бел.)
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. С. 463
Літаратура
правіць- Арлоў, У. Гісторыя Беларусі: год за годам (1835 г. Адкрыццё Полацкага кадэцкага корпуса) / У. Арлоў, Г. Сагановіч // Беларуская мінуўшчына. — 1996 — № 2 — С. 19-20.
- Арлоў, У. Полацкія кадэты / У. Арлоў // Спадчына. — 1993. — № 1. — С. 28-40.
- Лукашэвіч, А.. Полацкі кадэцкі корпус // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
- Лукашэвіч, А.. Полацкі кадэцкі корпус // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.