Мікалай Кміціц
Мікалай Кміціц (польск.: Mikołaj Kmicic; 1601, Віцебшчына — 24 лютага 1632, Вільня) — новалацінскі паэт і педагог.
Мікалай Кміціц | |
---|---|
польск.: Mikołaj Kmicic | |
Дата нараджэння | 1601[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 24 лютага 1632 ці 1632 |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | паэт |
Месца працы | |
Альма-матар |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся на Віцебшчыне. У 1617 г. уступіў у Таварыства Ісуса. Вывучаў у Полацкім езуіцкім калегіуме паэтыку пад кіраўніцтвам Мацея Казіміра Сарбеўскага і рыторыку (1619—1621), а ў Пултуску — філасофію (1621—1624). Вярнуўся ў Полацк, дзе год працаваў выкладчыкам паэтыкі. Быў запрошаны выкладаць паэтыку ў Віленскую акадэмію (універсітэт). У 1628—1632 гг. слухаў там лекцыі па тэалогіі. Памёр і пахаваны ў Вільні[2].
Паэтычная творчасць
правіцьУ Віленскай акадэміі з ініцыятывы Кміціца склаўся гурток гуманістычнага кірунку, у які ўвайшлі найбольш здольныя знаўцы красамоўства і паэзіі (Жыгімонт Лаўксмін, Ян Рывоцкі, Томаш Клягэ і інш.). Вынік дзейнасці гуртка — створаныя яго ўдзельнікамі паэтычныя творы, якія выдаваліся пад агульнай назвай ад імя акадэміі. Частка твораў Кміціца была надрукавана, але частка засталася ў рукапісах, і лёс іх невядомы[3]..
Кміціц — найбольш верагодны аўтар гераічнай паэмы пра смерць Язафата Кунцэвіча («Iosaphatidos sive de nece B. Iosaphat Kuncewicz … libri tres» («Язафатыда, або Пра забойства Язафата Кунцэвіча, … у трох кнігах»), Вільня, 1628)[4]. Таксама вядомыя панегірыкі Кміціца ў гонар М. К. Сарбеўскага, каноніка віленскага Юрыя Тышкевіча і інш.
Ацэнка творчасці
правіцьТалент Кміціца высока цаніў яго настаўнік — Сарбеўскі. Даследчыкі літаратуры В. Каяловіч і Ф. Бянтоўскі адносяць яго да відных дзеячаў Віленскай акадэміі. Каяловіч параўноўваў паэзію Кміціца з паэзіяй Сарбеўскага. Энцыклапедычны слоўнік Бракгауза і Ефрона называе Кміціца «адным з лепшых лацінскіх паэтаў XVII ст.»[5]
Зноскі
- ↑ Mikołaj Kmicic // NUKAT — 2002.
- ↑ КМІЦІЦ, Мікалай / Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл. даведнік / Рэдкал.: Г. П. Пашкоўскі і інш.; Маст. У. М. Жук. — Мінcк: БелЭн, 2001. — C. 239
- ↑ КМІЦІЦ, Мікалай / Асветнікі зямлі Беларускай… — C. 240
- ↑ Некрашэвіч-Кароткая, Ж. В. Агіяграфічная паэма ў лацінамоўнай літаратуры Беларусі XVI — першай паловы XVII ст. / Ж. В. Некрашэвіч-Кароткая // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Серыя 3. Філалогія. Педагогіка. Псіхалогія. — 2012. — № 2 (135). — С. 10.
- ↑ Кмицич, Миколай // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: в 86 т. (82 т. и 4 доп.).— СПб., 1890—1907.
Літаратура
правіць- Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл. даведнік / Рэдкал.: Г. П. Пашкоўскі і інш.; Маст. У. М. Жук. — Мінcк: БелЭн, 2001. — 496 с.
- Дорошкевич, В. И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина ХVІ века / В. И. Дорошкевич. — Минск: Наука и техника, 1979. — 208 с.
- Кмицич, Миколай // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: в 86 т. (82 т. и 4 доп.).— СПб., 1890—1907.
- Некрашэвіч-Кароткая, Ж. В. Агіяграфічная паэма ў лацінамоўнай літаратуры Беларусі XVI — першай паловы XVII ст. / Ж. В. Некрашэвіч-Кароткая // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Серыя 3. Філалогія. Педагогіка. Псіхалогія. — 2012. — № 2 (135). — С. 6-12.