Іасафат Кунцэвіч
Іасафат[4], таксама сустракаецца Іазафат, Іосафат, Іясафат, Язафат, свецкае імя Іван Кунцэвіч (1580, Уладзімір-Валынскі — 12 лістапада 1623, Віцебск) — вялікалітоўскі царкоўны і палітычны дзеяч, прылічаны да святых каталіцкай царквой.
Іасафат Кунцэвіч | |
---|---|
Свецкае імя | Іван Кунцэвіч |
Дата нараджэння | 1580[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 12 лістапада 1623[2][3][…] |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Шануецца | Каталіцкай царквой; Украінскай і Беларускай грэка-каталіцкімі цэрквамі. |
Беатыфікаваны | 16 мая, 1643, у Рыме, Папам Рымскім Урбанам VIII |
Кананізаваны | 1867, у Рыме, Папам Рымскім Піем IX |
У ліку | святы |
Дзень памяці |
12 лістапада (Каталіцкая царква) 25 лістапада (Украінская грэка-каталіцкая царква) |
Падзвіжніцтва | свяшчэннамучанік |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў збяднелай шляхецкай сям'і, якая пераехала на Валынь з цэнтральных зямель ВКЛ. Пачатковую адукацыю атрымаў у Віленскай праваслаўнай школе. З дзяцінства вылучаўся цягай да малебнаў і экзальтаваным настроем. Каля 1599 прыняў унію і пад уплывам езуітаў стаў яе гарачым прыхільнікам. Пасля прыняцця манаства ў 1604 уступіў у Базыльянскі ордэн і накіраваны І. Пацеем у Віленскі Траецкі манастыр. У канцы 1608 ці ў пачатку 1609 пасвечаны ў святары. Блізка сышоўся з Я. Руцкім (пазней віленскім мітрапалітам), разам з якім вёў гарачыя спрэчкі з праваслаўнымі. У 1613 І. Кунцэвіч прызначаны ігуменам Быценскага манастыра, таксама да 1617 быў архімандрытам Віленскага Траецкага манастыра. Шмат зрабіў для добраўпарадкавання манастыра, арганізацыі Базыліянскага ордэна. Па рэкамендацыі Я. Руцкага ў 1617 прызначаны епіскапам віцебскім і адначасова каад'ютарам да полацкага архіепіскапа Гедэона Бральніцкага, чалавека старога і слабага. Пасля смерці Г. Бральніцкага (кан. 1618) І. Кунцэвіч стаў полацкім архіепіскапам.
Полацкі перыяд
правіцьУ Полацк І. Кунцэвіч прыбыў са спецыяльнай місіяй ад мітрапаліта Я. Руцкага — падняць справу уніі ў Полацкай архіепархіі. З запалам выконваў даручаную яму місію, не спыняючыся перад гвалтоўнымі метадамі ўвядзення уніі. Непамяркоўнасць І. Кунцэвіча выклікала пратэст з боку праваслаўных. Уніяты і католікі таксама асуджалі яго метады і перасцерагалі. Канцлер Л. І. Сапега праз Я. Руцкага спрабаваў утаймаваць І. Кунцэвіча, таксама пісаў яму асабіста. У сваім лісце да І. Кунцэвіча ад 22.3.1621 Л. І. Сапега, у прыватнасці, заўважыў: «Вы Вашымі неразважнымі гвалтамі падбухторылі і, скажу, прымусілі народ рускі да адпору і зламання ўчыненае яго каралеўскай міласці прысягі». Але І. Кунцэвіч не прыслухваўся да перасцярог — зачыняў праваслаўныя цэрквы, не дазваляў праваслаўным набажэнствы нават у дамах ці ў будынках па-за населенымі месцамі, хапаў і кідаў у турмы праваслаўных святароў, зневажаў праваслаўныя святыні. Жыхары Полацка не супраціўлялася уніі, даволі пакорна прынялі І. Кунцэвіча, арганізавалі яму ўрачыстую сустрэчу. Напачатку спакойна прыняў яго і Віцебск, але вялікай прыхільнасці да уніі тут не было. Жыхары Магілёва, дзе было праваслаўнае брацтва, зачынілі гарадскія брамы, калі Кунцэвіч з атрадам пад'ехаў да горада, і былі гатовыя да абароны. І. Кунцэвіч паскардзіўся каралю Жыгімонту Вазу, які жорстка расправіўся з завадатарамі — кіраўнікоў выступлення пакаралі смерцю, на гараджан налажылі штраф, усе праваслаўныя цэрквы ў Магілёве перадалі ўніятам. Нядобра сустрэлі І. Кунцэвіча і ў Оршы, адкуль ён накіраваўся ў Віцебск, дзе таксама пачаў ганенні на праваслаўных.
Забойства
правіцьВіцебляне 13 лістапада 1623 забілі І. Кунцэвіча, а яго цела кінулі ў Заходнюю Дзвіну. За забойства І. Кунцэвіча 19 удзельнікам выступлення адсеклі галовы, каля 100 з тых, што паспелі збегчы, былі завочна прыгавораны да пакарання смерцю, а іх маёмасць была канфіскавана. Віцебск быў пазбаўлены ўсіх раней наданых правоў самакіравання, ратуша разбураная, з цэркваў знятыя званы.
Кананізацыя
правіцьПапа Рымскі Урбан VIII ухваліў жорсткія меры караля Жыгімонта Вазы. І. Кунцэвіч быў абвешчаны мучанікам, а ў 1867 Папа Пій IX прылічыў І. Кунцэвіча да святых.
Творы
правіцьАўтар палемічных і багаслоўскіх твораў, Іасафат Кунцэвіч пакінуў значную літаратурную спадчыну. Сярод яго твораў найбольш значныя: «Аб фальшаванні славянскіх кніг», «Правілы для прэсвітэраў», «Катэхізіс», шэраг лістоў, а таксама два рукапісныя тамы «Казанняў» на розныя тэмы.
Каштоўнымі для разумення творчага метаду І. Кунцэвіча з'яляюцца «Правілы для прэсвітараў», у якіх аўтар выказвае патрабаванне, каб святары ўласным прыкладам навучалі людзей, служылі для іх добрым узорам: «Священници мают прикладом живота своего побожности людей учити, бо живот побожный священическій — ест казаннем потужным людем простым».
Літаратурным помнікам і адначасна гістарычнай крыніцай з'яўляецца «Ліст да канцлера Л. Сапегі» (21 студзеня 1621 г.). У ім І. Кунцэвіч прапануе канцлеру не ісці на глыбокія і неапраўданыя кампрамісы з «схізматыкамі» (праваслаўнымі) і заклікае ўрадоўцаў прадухіліць рэгулярныя ўмяшанні Масквы ў царкоўныя справы Вялікага Княства Літоўскага: «Тое і не дзіва, бо Масква была б рада, каб мы перадалі ўсе каталіцкія касцёлы схізматыкам». У «Лісце да канцлера Л. Сапегі» І. Кунцэвіч падае насычаны дэталямі гістарычны сюжэт пра пераход у 1460 г. Ноўгарада Вялікага пад уладу князя Казіміра і пра падпарадкаванне ноўгарадскіх уладыкаў духоўнай уладзе кіеўскага мітрапаліта Грыгорыя, прызначанага на пасаду Папам Рымскім. Ён піша пра жорсткую расправу з наўгародцамі, учыненую царом Іванам Васільевічам, «дзедам Тырана», за зроблены імі выбар на карысць дачыненняў з Захадам.
Значнае месца ў творчай спадчыне І. Кунцэвіча займае «Ліст да мітрапаліта Я. В. Руцкага» (1622). У ім аўтар раскрывае характар супрацьстаяння паміж уніятамі і праваслаўнымі, з абурэннем піша пра інтрыгі полацкіх і магілёўскіх гараджан, што не жадалі прызнаваць яго духоўнай улады, ужывалі ўсе даступныя ім сродкі, перадусім, паднашэнні і хабар: «Повезли тых бестый косматых — соболев, рысев, вепров. Уже теж его полочане и могилевцы аж назбыт уславили тыми подарками по всем краю русском, бо што дадут, або мают дати, в чом кажут».
«Казанні і павучанні» І. Кунцэвіча — узор літаратурнага красамоўства і філасофска-рэлігійнай думкі. У іх пісьменнік вучыў пра чатыры фундаментальныя «цноты» сапраўдных хрысціян — мужнасць, справядлівасць, міласць і спраўнасць, сфармуляваў думку пра сем цялесных і сем духоўных грахоў. І. Кунцэвіч дэталёва раскрыў сутнасць сямі дарункаў Святога Духа.
Аўтар 6 артыкулаў у кнізе Л. Крэўзы «Абарона адзінства» (1617) і інш.
Вобраз у мастацтве
правіць- Выява Іасафата Кунцэвіча прысутнічае на адным з абразоў з Нясвіжскага фарнага касцёла (палатно, алей; 220х100). Верагодна, гэта найбольш ранні з выяўленых на Беларусі твораў іканапісу з выявай Святога. Яго постаць выяўлена ў поўны рост, у дынамічным руху. На ім — квяцістая мантыя і амафор з крыжамі, на галаве мітра. У левай руцэ Кунцэвіч трымае посах з фігурным навершам, правай бласлаўляе. Яго позірк скіраваны ўніз на анёла, які падае Іасафату кнігу[5].
- Адзін з 13 алтароў Гродзенскага касцёла Святога Францішка Ксаверыя прысвечаны Іасафату Кунцэвічу. У ніжнім ярусе алтара, створанага ў 1715 годзе, змешчаны абраз святога (палатно, алей; 210х105). Іасафат Кунцэвіч апрануты ў квяцістую мантыю і амафор з крыжамі, на галаве мітра. У левай руцэ ён трымае раскрытую кнігу і посах з фігурным навершам, правай бласлаўляе. Позірк скіраваны ў верхні левы вугал абраза, дзе знаходзіцца выява анёла з укрыжаваннем у руках[5].
- У адным з касцёлаў Стаўбцоўскага раёна захоўваецца скульптура святога са складзенымі на грудзях рукамі (дрэва, разьба; 118х72х21), які апрануты ў мантыю з нахільнымі палоскамі і амафор з крыжамі. Атрыбутацыя святога як Іасафата Кунцэвіча грунтуецца на тым, што яго адзенне і постаць супадаюць з выявай Кунцэвіча на гравюры з кнігі Якуба Сушы[5].
- У зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь захоўваецца скульптура «Уніят» (дрэва, разьба, паліхромія; 81х26х16), якая можа з’яўляцца выявай Іасафата Кунцэвіча[5].
- Другі ярус алтара Сапоцкінскага касцёла ўтрымлівае абраз з выявай Іасафата Кунцэвіча ў поўны рост (палатно, алей; 139х81). Ён апрануты ў квяцістую мантыю і амафор з крыжамі; у правай паднятай руцэ святы трымае крыж, у левай — посах з фігурным навершам[5].
- Адзіны вядомы абраз з паясной выявай І. Кунцэвіча знаходзіцца ў зборах Львоўскага нацыянальнага музея. Святы прадстаўлены ў малітоўнай позе і апрануты ў квяцістую мантыю і амафор з крыжамі. Гэты абраз паходзіць са збораў мінскага калекцыянера Генрыха Татура і ў 1908 г., пасля смерці апошняга, быў набыты ў яго жонкі Іларыёнам Свянціцкім, дырэктарам Львоўскага царкоўнага музея[5].
- На другім абразе з Глыбоцкага касцёла паясная выява Св. Іасафата Кунцэвіча (палатно, алей, 120 х 80 см) змешчана ў авале. Ніжэй знаходзіліся мітра і скрыжаваныя епіскапскі посах і пальмавая галінка. У верхняй частцы абраза, на воблаках, былі прадстаўлены выявы чатырох пуцці[5].
Зноскі
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Record #122499220 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 15 кастрычніка 2015.
- ↑ Josaphat Kuncewicz // Brockhaus Enzyklopädie
- ↑ Schäfer J. Josaphat Kunzewitsch // Ökumenisches Heiligenlexikon — 1998.
- ↑ Казуля С. Кунцэвіч Іасафат // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 4. - Мн., 1997. - С. 305.
- ↑ а б в г д е ё Вобраз Іасафата Кунцэвіча ў сакральным мастацтве Беларусі . Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь (13 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 6 снежня 2012. Праверана 21.06.2019.
Літаратура
правіць- Пануцэвіч В. Сьвяты Язафат Кунцэвіч. — 1-е выд.: — Чыкага, 1963; 2-е выд.: — Полацк: «Сафія», 2000.
- Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мінск: Кнігазбор, 2010. — («Беларускі кнігазбор»). ISBN 985-6824-43-5
- Эпісталяцыя Сьвятога Язафата: Збор дакумэнтаў /Укладаньне й апрацоўка М. Баўтовiча. - Полацак: Грэка-каталіцкая парафія Сьвятапакутніка Язафата, 2006. - 144 с.
- Талочка Уладзіслаў. Св. Язафат у Вільні // Наша Слова. № 16 (1479), 15 красавіка 2020.
- Хадыка Аляксей. Святы Язафат Кунцэвіч: складанне культу і іканаграфіі ў Беларусі // Наша Вера. 2006. № 2(36). Архівавана 29 мая 2020.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Іасафат Кунцэвіч
- Вобраз Іасафата Кунцэвіча ў сакральным мастацтве Беларусі