Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Глыбокае)

Глыбокае

Касцёл Прасвятой Тройцыкаталіцкі храм у горадзе Глыбокае, Беларусь. Знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада, на штучнай насыпной пляцоўцы.

Касцёл
Святой Троіцы
ГлыбокаеТроіцкі касьцёл.JPG
Глыбоцкі Троіцкі касцёл (2009)
55°08′27″ пн. ш. 27°41′38″ у. д.HGЯO
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Горад Глыбокае
Канфесія Каталіцтва
Епархія Віцебская дыяцэзія
Архітэктурны стыль барока
Архітэктар Ю. Заро
Будаўніцтва 17641908 гады
Статус Дзейнічае
Лагатып Вікісховішча Касцёл Найсвяцейшай Тройцы на Вікісховішчы
Касцёл з вышыні птушынага палёту

ГісторыяПравіць

Троіцкі касцёл у Глыбокім быў закладзены насупраць касцёла кармелітаў ў 1764 г. Пабудаваны з цэглы на месцы прыходскага храма 1628 г., фундаванага ваяводам мсціслаўскім і дзісненскім старостам І. Л. Корсакам. Асвячоны ў 1783 г. біскупам П. Тачылоўскім. Калі ў 1878 г. суседні касцёл кармелітаў быў пераасвячоны ў праваслаўную царкву Раства Багародзіцы, узнікла патрэба пашырыць парафіяльны касцёл св. Тройцы. У 190208 г. перабудаваны архітэктарам Ю. Заро.

Асаблівасці архітэктурыПравіць

Помнік архітэктуры позняга барока. Першапачаткова меў выгляд 1-нефавага 2-вежавага храма з выцягнутай паўкруглай апсідай. У выніку перабудовы да яго далучаны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало будынку аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю 3-нефавай крыжовай базілікі. Галоўны фасад насычаны архітэктурнай пластыкай: вязкамі вытанчаных пілястраў, хвалістымі крапаванымі карнізамі, фігурнымі арачнымі праёмамі, высокім франтонам з валютамі па баках і скульптурай «Укрыжаванне» ў арачным праёме. Фасад быў фланкіраваны 2 невысокімі вежамі, якія пры перабудове былі павялічаны на 2 ярусы і набылі, як і цэнтральны фігурны франтон, выцягнутыя вертыкальныя прапорцыі. Фігурным франтонам увенчана і алтарная сцяна храма. Сцены раскрапаваны пілястрамі і карнізнымі паясамі, прарэзаны вялікімі арачнымі аконнымі праёмамі.

Інтэр’ерПравіць

 
Інтэр'ер касцёла

У інтэр'еры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках, бакавыя — крыжовымі. Сцены крапаваны пілястрамі і карнізным поясам. Над нішамі бакавых нефаў невялікія арнаментальныя ўстаўкі ў вохрыста-аліўкавай гаме. Тры драўляныя разныя алтары выкананы ў стылі барока. Цэнтральны ў 1-м ярусе вырашаны карынфскай каланадай з дынамічна раскрапаваным антаблементам, скульптурнымі паліхромнымі постацямі святых апосталаў Пятра і Паўла і іерархаў касцёла па баках. Другі ярус уяўляе сабой прамавугольны шчыт з абразом пачатку 18 ст. «Маці Божая Адзігітрыя»; завершаны барэльефнай кампазіцыяй «Глорыя з анёламі». Фератрон «Маці Божая Замілаванне» і «Юзаф з дзіцем» (пачатак 18 ст.), абраз «Святая Сям'я» (1730-я гг.). Над нартэксам хоры з арганам у стылі неаготыкі.

У касцёле знаходзіўся абраз Іасафата Кунцэвіча (120 х 80 см, палатно, алей), які ўяўляў сабой паясную выяву Святога, змешчаную ў авале. Ніжэй знаходзіліся мітра і скрыжаваныя епіскапскі посах і пальмавая галінка. У верхняй частцы абраза, на воблаках, былі прадстаўлены выявы чатырох пуцці[1].

ЛітаратураПравіць

  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мн., 1985. — 478 с.
  • Кулагін А. М. З архітэктурнай спадчыны // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэд.: Б. І. Сачанка [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн., 1995. — С. 59—73.
  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — Мн., 2008. — 487 с.
  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — Мн., 2000. — 215 с.
  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001. — 287 с.: іл. —С. 255—256. ISBN 985-04-0499-X

СпасылкіПравіць

  1. Вобраз Іасафата Кунцэвіча ў сакральным мастацтве Беларусі (бел.) . Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь (3 чэрвеня 2010). Праверана 4 ліпеня 2019.