Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Глыбокае)
Царква Раства Багародзіцы знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада Глыбокае, насупраць Троіцкага касцёла.
Праваслаўны храм | |
Свята-Раства-Багародзіцкая царква | |
---|---|
55°08′20,90″ пн. ш. 27°41′51″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Глыбокае |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Полацкая і Глыбоцкая епархія |
Архітэктурны стыль | сармацкае барока (да 1735 года)[1][2]; віленскае[3][4] |
Архітэктар | Іаган Крыштоф Глаўбіц |
Будаўніцтва | 1639—1654 гады |
Матэрыял | цэгла |
Стан | працуе |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьХрам пабудаваны ў 1639—1654 гг. з цэглы па фундацыі ваяводы мсціслаўскага і старосты дзісенскага Іосіфа Львовіча Корсака (пахаваны ў крыпце) як касцёл Успення Багародзіцы кляштара кармелітаў «босых». У 1735 г. касцёл быў дабудаваны архітэктарам І. К. Глаўбіцам і асвячоны віленскім біскупам-суфраганам Ежы Анцутам. Аб гэтым сведчыла мармуравая пліта ў капліцы, якую пры закрыцці касцёла ў 1865 г. перанеслі сюды.
Кляштар скасаваны ў 1861 г. Пасля паўстання 1863—1864 гг. касцёл і кляштар былі заняты праваслаўным духавенствам. Кошт перабудовы склаў 27.000 сярэбраных руб. Пераасвячоны епіскапам Ковенскім праасвяшчэнным Уладзімірам 3 верасня 1878 г. у праваслаўную Ражджаства-Багародзіцкую царкву, кляштарны корпус перададзены гарадской паліцэйскай управе. Асвячэнню царквы папярэднічала перабудова былога касцёла адразу пасля 1863 на асігнаваную ўрадам суму ў 27 тыс. руб. серабром. У склепе пад царквой, у адной з ніш надпіс на лацінскай мове: «Тут спяць у міры косці вяльможнага фундатара, душа яго — на небе». Часткова пашкоджаны ў Вялікую Айчынную вайну.
Архітэктура
правіцьПомнік архітэктуры віленскага барока (першы ўзор на Беларусі). У плане храм меў выгляд працяглага прамавугольніка, які ўключаў 3-нефавую базіліку, вылучаную бакавымі сакрысціямі прамавугольную апсіду, шэраг аб’яднаных калідорам келляў за ёй. У адрозненне ад спрошчанага планіровачнага вырашэння аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя атрымала шмат’ярусны шматпланавы выгляд. Вуглы храма адзначаны 4 вежамі, 2-ярусны перапад нефаў з вылучэннем крылаў трансепта. Асноўны архітэктурна-пластычны акцэнт зроблены на галоўным фасадзе, які фланкіруюць 2 зграбныя шмат’ярусныя вежы, завершаныя цыбулепадобнымі галоўкамі. Іх вертыкальны дынамічны рух узмацняецца вузкімі і высокімі арачнымі праёмамі, шматлікімі крапоўкамі. Паміж вежамі ўзнесены фігурны ступеньчаты франтон. Ніжні ярус фасада вылучаны па цэнтры багата дэкарыраваным уваходным парталам з драўлянымі разнымі дзвярамі і бакавымі нішамі-экседрамі. У сяродкрыжжы будынка пасля 1863 г. быў узведзены драўляны барабан з купалам (згарэў у 1944 г. разам з верхнімі ярусамі вежаў).
У 1735 г. перад храмам пастаўлена барочная 3-арачная 2-ярусная мураваная брама. Да паўночна-заходняга боку апсіды храма дабудаваны 3-павярховы жылы корпус (часткова разабраны ў 1892 г.). Была перароблена арнаментацыя скляпенняў у прэсбітэрыі.
У 1895 г. паміж 4 вонкавымі вежамідабудаваны драўляны візантыйскі купал.
Інтэр’ер
правіцьУ інтэр’еры нефы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. У 1863 г. пастаўлены іканастас. Мастацкую каштоўнасць уяўляе перавезены з царквы в. Сарокі (Глыбоцкі раён) абраз «Маці Божая з дзіцем» (1738).
Крыніцы
правіць- ↑ Габрусь 2001, с. 142—143.
- ↑ Габрусь, Ярашэвіч 2005, с. 539.
- ↑ Праваслаўныя храмы Беларусі 2007, с. 121.
- ↑ Багласаў 1985, с. 229.
Літаратура
правіць- Багласаў С. Г. 1122. Царква Раства Багародзіцы // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — С. 228—229. — 496 с., іл.
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Габрусь Т., Ярашэвіч А. Глыбоцкі кляштар кармелітаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 539. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Глыбоцкага раёна / Гал. рэд. Б. І. Сачанка і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 1995. — 454 с. — С. 48.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0389-4.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Глыбокае)
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Глыбокае) на сайце Radzima.org
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Глыбокае) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Глыбокае) на сайце «Архіварта»