Дзвіна
Дзвіна, або Заходняя Дзвіна, Даўгава (руск.: Западная Двина, лат.: Daugava) — рака ў Расіі, Беларусі і Латвіі, адна з найбуйнейшых рэк Беларусі і найбольшая рака Латвіі.
Дзвіна | |
---|---|
лат.: Daugava латг.: Daugova руск.: Западная Двина | |
Характарыстыка | |
Даўжыня |
|
Басейн | 87 900 км² |
Расход вады | 678 м³/с |
Вадацёк | |
Выток | Валдайскае ўзвышша, Андрэапальскі раён і Каракіна[d] |
• Вышыня | 221 м |
• Каардынаты | 56°51′20″ пн. ш. 32°32′30″ у. д.HGЯO |
Вусце | Рыжскі заліў |
• Вышыня | 0 м |
• Каардынаты | 57°03′43″ пн. ш. 24°01′33″ у. д.HGЯO |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Рыжскі заліў |
Краіна | |
Код у ДВР | 01020000112199000000010 |
— выток, — вусце | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Даўжыня ракі 1020 км, у межах Беларусі 335 км[1]. Плошча вадазбору 87,9 тыс. км², у межах Беларусі 33,2 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 666 м³/с. Агульнае падзенне ракі на Беларусі 38 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,12 ‰.
Старажытныя назвы — Эрыда́н, Рубо́н, Рудо́н, Дуна́, Дзіна́, Віна́[2].
Гідраграфія
правіцьПачынаецца на Валдайскім узвышшы з возера Каракіна (Цвярская вобл.) на вышыні 221 м над узроўнем мора, упадае ў Рыжскі заліў Балтыйскага мора. Цячэ на Беларусі пераважна з усходу на захад па Суражскай нізіне, паміж Гарадоцкім і Віцебскім узвышшамі і на большым сваім працягу — па Полацкай нізіне.
Жыўленне ракі мяшанае (пераважна снегавое з вялікай доляй грунтавога). Асаблівасць рэжыму — высокае веснавое разводдзе, нізкая летне-асенняя межань з частымі дажджавымі паводкамі, устойлівая зімовая межань. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 56 % , летне-асеннюю межань 33 % , зімовую — 11 % гадавога сцёку. Веснавое разводдзе доўжыцца 60—70 дзён (з канца сакавіка да 1-й дэкады чэрвеня). Сярэдняя вышыня над самай нізкай межанню 4,4—9 м, найбольшы ўзровень у межах Беларусі 13,5 м (1931). Летне-асенняя межань (доўжыцца 4—5 месяцаў) нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі вышынёй да 6 м. Зімовая межань каля 70—80 дзён. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у 1-й дэкадзе красавіка. Найбольшая таўшчыня лёду 50—78 см (люты — сакавік). Веснавы ледаход 4—10 сутак. Найбольшы расход вады каля Віцебска 3320 м³/с (1991), Полацка 4060 м³/с (1956), найменшы адпаведна 8 м³/с (1940) і 25,4 м³/с (1938—39). Гадавы сцёк завіслых наносаў каля 320 тыс. т. Вада на працягу года (за выключэннем перыядаў веснавога разводдзя і летне-асенніх паводак) гідракарбанатна-кальцыевага класа з рэзка выражаным гідракарбанатным характарам.
Даліна трапецападобнай формы, каля гарадскога пасёлка Руба — каньёнападобная. Шырыня яе ў асноўным 3—4 км, паблізу ўпадзення Улы і на крайняй усходняй частцы Беларусі дасягае 10—15 км. Глыбіня ўрэза зменьваецца ад 20—30 м да 40—50 м. У будове даліны часцей за ўсё вылучаецца пойма і 2 (некаторыя даследчыкі адзначаюць 3—4) надпоймавыя тэрасы. Пойма ў межах Суражскай нізіны вузкая — да 60 м. Адрозніваюць 2 узроўні: нізкі (1,5—2 м над летнім урэзам ракі, заліваецца ў разводдзе кожны год) і высокі (4—5 м, заліваецца толькі пасля мнагаснежных зім). Аналагічная будова захоўваецца да Віцебска, прычым шырыня нізкай поймы 40—50 м, а высскай не перавышае 15—20 м. Каля г.п. Руба пойма звужаецца да 10—20 м. На Полацкай нізіне яна таксама вузкая, з дзвюма ўзроўнямі: ніжняя (2,5—3,5 м над летнім узроўнем вады) шырынёй 5—10 м і верхняя (5—5,5 м) 15—20 м. Толькі на асобных участках пойма пашыраецца да 300—500 м (зрэдку да 3 км).
Рэчышча звілістае, зарастае пераважна каля берагоў. Шырыня яго да вусця р. Ула 60—120 м, зрэдку да 190 м, каля мяжы з Латвіяй 100—140 м, зрэдку да 240 м. На рацэ існуюць парогі — на працягу 12 км вышэй Віцебска цягнецца Вярхоўскі парог, утвораны выхадам блізка да дзённай паверхні дэвонскіх даламітаў: парожыстыя ўчасткі трапляюцца ў сутоках Дзісны і Заходняй Дзвіны каля г. Дзісна, а таксама каля г. Верхнядзвінск. Дно пясчана-камяністае і пясчанае або пясчана-галечнае. Берагі ўмерана-стромкія, супясчаныя, радзей — пясчана-гліністыя з валунамі, вышынёй да 8 м, зрэдку да 22 м.
Асноўныя прытокі
правіцьСправа: Усвяча, Валынка, Шэвінка, Обаль, Палата, Дрыса, Сар’янка.
Злева: Каспля, Лучоса, Крывінка, Ула, Тураўлянка, Ушача, Дзісна, Друйка, Каменка.
Іхтыяфаўна
правіцьВодзяцца: шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась звычайны, верхаводка, гусцяра; каштоўныя — судак, мінога ручаёвая, стронга ручаёвая, галавень.
На рацэ
правіцьГарады: Андрэапаль, Заходняя Дзвіна, Віцебск (порт), Полацк, Наваполацк, Дзісна, Верхнядзвінск, Даўгаўпілс, Рыга.
Гарадскія пасёлкі: Сураж, Руба, Бешанковічы.
Пасёлкі: Ула.
ГЭС: Кегумская, Плявіньская, Рыжская.
Суднаходства
правіцьСа старажытных часоў Дзвіна — важны гандлёвы шлях, у 9—11 ст. па ёй праходзіла адно з асноўных адгалінаванняў шляху з варагаў у грэкі. З 1229 года, згодна з Смаленскай гандлёвай праўдай, па рацэ да Смаленска, Полацка і Віцебска хадзілі на судах нямецкія купцы. Рака злучана Бярэзінскай воднай сістэмай (не дзейнічае) з Дняпром.
Рака прыдатна для суднаходства ад Веліжа (Расія) да Верхнядзвінска, у ніжнім цячэнні (у межах Латвіі) — на асобных участках.
Рэгулярнае пасажырскае суднаходства на Дзвіне пачалося з 1892 г., калі ў гэтых мясцінах з’явіліся параходныя кампаніі. Параходы «Атлет», «Борец», «Гигант», «Силач» бралі на борт не больш за 20 пасажыраў і развозілі іх паміж Веліжам і Бешанковічамі. 27 красавіка 1919 года на рацэ адбылося крушэнне парахода «Надзея».
Падчас Грамадзянскай вайны на Дзвіне дзейнічала Заходнядзвінская ваенная флатылія, якая была сфарміравана ў 1919 г. з 21 баявога карабля. База флатыліі размяшчалася ў Віцебску[1].
У наш час Дзвіна як транспартная артэрыя амаль не выкарыстоўваецца.
Экалагічныя мерапрыемствы
правіцьДля памяншэння забруджвання Заходняй Дзвіны на прамысловых і камунальных прадпрыемствах ствараюцца ачышчальныя збудаванні, вядзецца кантроль за гідратэхнічным рэжымам ракі, аднак стан ракі пакуль не паляпшаецца. У 1990 г. у Наваполацку здарылася аварыя, якая аказала адмоўны ўплыў на іхтыяфаўну да самага вусця ракі, падобная аварыя адбылася і ў 2007 годзе.
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Макарэвіч А. А. Захо́дняя Дзвіна́ // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — С. 23—24. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
- Захо́дняя Дзвіна́ // Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 176—177. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Захо́дняя Дзвіна́ // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — С. 346—347. — 522 с. — 10 000 экз.
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.
- За́падная Двина́ // Большой словарь географических названий (руск.) / Гл. ред. В. М. Котляков. — Екатеринбург: У-Фактория, 2003. — С. 227. — 832 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-94799-148-9.
- За́падная Двина́ // Словарь названий гидрографических объектов России и других стран — членов СНГ (руск.) / Под ред. Г. И. Донидзе. — М.: Картгеоцентр — Геодезиздат, 1999. — С. 139. — 464 с. — 500 экз. — ISBN 5-86066-017-0.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дзвіна
- Заходняя Дзвіна // Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць
- Унікальныя рэкі Беларусі // Сайт праекта «СЛУШНА»
- Унутраныя водныя шляхі // Дзяржаўная адміністрацыя воднага транспарту