Суражская нізіна
Суражская нізіна — фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я. Знаходзіцца на паўночным усходзе Беларусі ў Віцебскай вобласці (Гарадоцкі і Віцебскі раёны), мяжуе з Гарадоцкім узвышшам на захадзе і Віцебскім узвышшам — на поўдні, Шумілінскай раўнінай — на захадзе, плошча каля 900 км². Распрасціраецца на ўсход на тэрыторыю Смаленскай вобласці Расіі (Веліжскі раён), дзе мае назву Заходне-Дзвінская нізіна (руск.: Западно-Двинская низина[1]).
Геалогія
правіцьУ тэктанічных адносінах нізіна прымеркавана да Аршанскай упадзіны. У асадкавай тоўшчы вылучаны магутныя (да 1500 м і болей) адклады верхняга дакембрыю (пяскі, пясчанікі, алеўрыты, гліны), дэвонска-каменнавугальнага (да 200 м; вапнякі, даламіты, мергелі, гліны) і юрска-антрапагенавага (да 190 м; мел, мергелі, пяскі, супескі, гліны) комплексаў.
Тээрыторыя прымеркавана да буйнога паніжэння дэвонскіх парод. Магутнасць чацвярцічных адкладаў ад 20 да 50 м. Для іх ложа характэрныя лагчыны ледавіковага выворвання і размыву, выяўленыя ў даліне ракі Усвячы, а на крайнім захадзе звязаныя з сістэмай Дзвінска-Дняпроўскай мегалагчыны.
Фарміраванне паверхні нізіны звязана з акумуляцыйнай і абразійнай дзейнасцю Суражскага прыледавіковага вадаёма, які існаваў у браслаўскі стадыял паазерскага зледзянення. Пазней вадаём быў спушчаны ракой Заходняя Дзвіна каля горада Віцебск. Нізіна запоўнена азёрна-ледавіковымі глінамі і алеўрытамі, на ускраінах пашыраны флювіягляцыяльныя адклады (жвір, пяскі, супескі), у асобных месцах марэнныя суглінкі.
Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, даламіт, будаўнічыя пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, торф.
Рэльеф
правіцьСучасная паверхня выраўнаваная. Паверхня пласкахвалістая з эолавымі ўзгоркамі і парабалічнымі дзюнамі, лагчынамі, азёрнымі катлавінамі. У межах раёна выдзяляецца паўднёвая азёрна-ледавіковая нізіна і паўночная слабахвалістая марэнная і водна-ледавіковая раўніна. Адносныя перавышэнні рэльефу звычайна 2—3 м, да 10 м і больш паблізу глыбокіх рачных далін, азёрных катлавін у мясцовацях з эолавым рэльефам.
Роўная паверхня азёрна-ледавіковай нізіны набывае разнастайнасць дзякуючы эолавым узгоркам, серпападобным дзюнам, дзюнна-бугрыстым формам, якія складзены тонказярністымі пяскамі. Абсалютныя вышыні тут 150—165 м.
Марэнная і водна-ледавіковая раўніна мае абсалютныя вышыні 165—175 м. Паверхня рассечана лагчынамі сцёку, выцянутымі з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Нярэдка сустракаюцца тэрмакарставыя западзіны, камавыя ўзгоркі, а таксама эолавыя формы ў выглядзе дзюнна-бугрыстага рэльефа.
Гідраграфічная сетка прадстаўлена глыбока ўрэзанай далінай Заходняй Дзвіны, яе правым прытокам Усвячай з Аўсянкай, левым — Каспляй. Даліны адрозніваюцца значным урэзам (Усвяча да 30 м), выражанай поймай і надпоймавай тэрасай. Схілы месцамі крутыя, зрэзаныя невялікімі ярамі.
Азёры размешчаны галоўным чынам у паўночнай частцы Суражскай нізіны. Катлавіны буйных азёр належаць да лагчынных і глыбока ўрэзаны ў марэнныя суглінкі. Найболшыя азёры Вымна, Цёста, Сясіта. Асаблівасцю возера Цёста з’яўляецца ланцуг з астравоў, якія выцягнуты па даўжыні катлавіны, маюць форму друмлінаў і характарызуюць, такім чынам, напрамак руху ледавіковага языка з поўначы — паўночнага ўсходу на поўдзень — паўднёвы захад.
Клімат, глебы і расліннасць
правіцьСярэдняя тэмпература паветра студзеня −7,8 °C, ліпеня 18 °C. Ападкаў 620 мм за год.
Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, а таксама дзярнова-глеістыя і тарфяна-балотныя. У паўднёвай і сярэдняй частцы нізіны пашыраны дзярнова-падзолістыя сярэднеападзоленныя супясчаныя і сугліністыя глебы на азёрна-ледавіковых і марэнных суглінках, добра асвоеныя. На поўначы і паўночным захадзе малаўрадлівыя дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя глебы на пясках занятыя галоўным чынам лесам. Ускладненасць сцёку, высокі ўзровень грунтовых водаў, цяжкі механічны склад глебагрунтоў абумовілі шырокае развіццё працэсаў забалочвання. На плоскай паверхні нізіны нават у невялікіх паглыбленнях утвараюцца дзярнова-глеістыя і тарфяна-балотныя глебы.
Пад лесам каля 30 % тэрыторыі. Карэннымі з’яўляюцца хвойныя (хваёвыя і яловыя зеленамошна-чарнічныя і кіслічныя) лясы, але ў выніку высечак на іх месцы часта ўтвараюцца драбналістыя (бародаўчатабярозавыя, асінавыя і шэраальховыя), якія вылучаны ў міжрэччы Усвячы і Тураўкі. На правабярэжжы Заходняй Дзвіны каля мяжы Беларусі і Расіі пераважаюць бярэзнікі і асіннікі кіслічныя і сніткавыя, сярод якіх невялікімі ўчасткамі трапляюцца ельнікі кіслічныя; характэрна чаргаванне хвойнікаў імшыстых, сфагнавых і даўгамошна-чарнічных. На левабярэжжы Заходняй Дзвіны уздоўж ракі на прыбярэжных пясчаных узгорках хвойнікі верасова-імшыстыя, уздоўж мяжы Беларусі і Расіі асінавыя і бярозавыя лясы з дробнымі ўчасткамі ельнікаў, з дамешкам ясеню, клёну, ліпы, у падлеску ляшчына, брызгліна бародаўчатая.
Балоты вярховага тыпу. Лугі сухадольныя злакавыя збяднелыя, нізінныя разнатраўныя і дробнаасаковыя. разаранасць слабая.
Пад ворывам да 20 % тэрыторыі. Створаны Запольскі біялагічны заказнік.
Зноскі
правіцьЛітаратура
правіць- Су́ражская нізі́на // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 277—278. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Суражская низина // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.