Асі́навыя лясы́, асі́ннікі — драбналістыя лясы, аснову дрэвастою ў якіх складае асіна. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўночнага паўшар'я, галоўным чынам у Еўропе і Азіі.

На Беларусі сустракаюцца часцей на паўночным усходзе, радзей на паўднёвым захадзе; агульная плошча 151,7 тыс. га (1,96 % лесапакрытай плошчы, 1994). Тут яны з'яўляюцца вытворнымі лясамі, якія растуць на месцы высечак дубовых, радзей ялова-хваёвых і хваёвых лясоў. Займаюць пераважна багатыя супясчаныя і сугліністыя глебы нармальнага ўвільгатнення.

Вылучаюць асіннікі: бруснічны, імшысты, арляковы, кіслічны, сеткавы, крапіўны, папарацевы, прыручайна-травяны, чарнічны, даўгамошны. Асінавыя лясы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы. Пасля высечак асінавых лясоў выкарыстоўваюць для аднаўлення хваёвых, яловых і дубовых лясоў. Асіннікі — кармавыя ўгоддзі для лася, аленя, зубра.

Літаратура

правіць