Брусні́цы звычайныя[3][4], Брусніцы[5], Брушніцы[6], Брусніца[7] (Vaccinium vitis-idaea) — зімова-зялёны кусцік, від роду Ягаднік (Vaccinium) сямейства Верасовыя.

Брусніцы

Брусніцы (Vaccinium vitis-idaea)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Vaccinium vitis-idaea L.


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  505637
NCBI  180772
EOL  484410
GRIN  t:41069
IPNI  293975-2
TPL  tro-12300067

Відавая назва vitis-idaea у перакладзе уласна азначае — «вінаградная лаза з гары Іда» (востраў Крыт). Назва vitis-idaea для брусніц упершыню прыводзіцца ў Даданеўса  (руск.) і Геснера. Антычныя пісьменнікі брусніцы не згадвалі.

Сярод беларускіх назваў такія, як брусніцы, брушніца[8], брусніка, баруўка, брушніца[9], бружыніца, мучыльнік[10][11][12], брусніца, бруснічнік[13].

Біялагічнае апісанне

правіць
 
Кусты брусніц

Шматгадовы вечназялёны кусцік вышынёй 10—30[4][14] см з доўгім паўзучым карэнішчам, прамастойным ці ўзыходным галінастым сцяблом.

Карэнішча гарызантальнае з прыўзнятымі галінастымі парасткамі вышынёй 10-30 см[15].

Лісце чарговае, частае, скурыстае, на кароткіх хвосціках, зваротнаяйкападобнае або эліптычнае, з суцэльнымі загнутымі краямі, бліскучае, даўжынёй 2-3 см, шырынёй да 1,5 см[14][15], зімуючае, мае на ніжняй паверхні маленькія кропкавыя ямачкі. У гэтых ямачках знаходзіцца булавападобнае ўтварэнне, у якім клеткі сценак напоўнены слізістых рэчывам, здольным паглынаць ваду. Змочваючы верхнюю паверхню ліста вада пераходзіць на ніжні бок, напаўняе ямкі і паглынаецца.

 
Кветкі брусніц

Кусцікі брусніцы, парасткі якой часам павінны пракладаць сабе дарогу ў гнілым пні паміж карой і драўнінай, могуць дасягаць у даўжыню аднаго метра, паміж тым як тыя калівы, якія растуць побач на зямлі, маюць звычайна вышыню ад 8 да 15 см.

Кветкі абодваполыя, правільныя, сабраныя па 10-20 шт зверху, густыя, панікаючыя гронкі[15].

Вяночак белы або бледна-ружовы, спаенапялёсткавы, званочкавы, з чатырма некалькі адхіленнымі лопасцямі. Чашачка чатырохраздзельная. Тычынак — 8. Песцік — 1. Завязь ніжняя. Вяночкі брусніц падчас цвіцення панікаюць, гэта абараняе пылок ад волкасці. У пылавіках пылок знаходзіцца ў выглядзе шчыльнай масы, але патроху пушыцца і высыпаецца порцыямі праз дзірачкі, размешчаныя на канцах пылавікоў. Цвіце ў канцы вясны — пачатку лета каля 15 дзён[15].

Формула кветкі:   [16].

Пылковыя зёрны размешчаны ў тэтраэдрычных тэтрадах, маюць амаль шарападобную форму. Даўжыня палярнай восі асобнага зярна 23-30 мкм, экватарыяльны дыяметр 30-39 мкм. У абрысе круглява-трохкутныя, 42-45 мкм у дыяметры. Разоры датыкаюцца паміж сабой, даўжыня паўбаразны 13-17 мкм, шырыня 4,5-6,5 мкм; краі разор роўныя, канцы злёгку адцягнутыя, прытупленыя і накіраваны ў бок дыстальнай паверхні; мембрана разор гладкая. Экзіна покрыўная, таўшчынёй 0,7-1 мкм. Тэкстура плямістая. Пылок цёмна-шэрага колеру[15].

Плады — шарападобныя чырвоныя ці белавата-ружовыя сакавітыя салодкія ягады з прыемнай кіслінай і лёгкім гаркаватым прысмакам даспяваюць у жніўні — верасні (ураджайнасць 150—200 кг/га). Могуць трымацца пад снегам да вясны.

Распаўсюджванне і экалогія

правіць
 
Бруснічнік цвіце. Магілёўская воблаць, чэрвень.

Расце па сухіх і сырых іглічных лясах і лісцяных лясах, хмызняках, часам на тарфяных балотах у Еўрапейскай частцы Расіі, на Урале, у Сібіры і на Далёкім Усходзе, Каўказе, паўночным усходзе Казахстана[14]. У Беларусі трапляюцца па ўсёй тэрыторыі часта ў лясах, хмызняках, на высечках, мохавых балотах[14].

Ягады брусніц, якія рэзка вылучаюцца сваім чырвоным колерам на фоне зялёнай лістоты, паядаюцца жывёламі і птушкамі. Птушкі ж разносяць на вялікія прасторы непераваранае насенне і спрыяюць распаўсюджванню брусніц.

Карані брусніц густа аплецены міцэліем грыба. Ніткі грыба прымаюць глебавыя растворы з мінеральнымі рэчывамі і перадаюць іх караням брусніц.

Брусніцы вонкава падобныя на прадстаўнікоў роду Arctostaphylos.

Пчолы наведваюць кветкі, збіраючы нектар і часткова пылок.

Хімічны склад

правіць

Ягады ўтрымліваюць бялкі, арганічныя кіслоты (бензойную, яблычную, лімонную, воцатную, мурашыную, шчаўёвую і іншыя), да 9 % цукроў (фруктоза, цукроза, глюкоза), пекціны, мінеральныя і дубільныя рэчывы, гліказіды арбуцын, вакцынін, вітаміны C, B9, PP, карацін, катэхіны, фітанцыды, антацыяны і іншыя[14]. Брусніцы багатыя марганцам.

Шкоднікі і хваробы

правіць

Парасткі брусніц паражаюцца грыбком Exobasidium vaccinii. Пры гэтай паразе сцябло і лісце скручваюцца і атрымліваюць бледна-ружовую афарбоўку. Здалёк такія парасткі здаюцца дзіўнымі кветкамі і рэзка вылучаюцца на фоне здаровых зялёных кустоў брусніцы. Часта з прычыны паразы грыбком Melampsora goeppertiana сцёблы даўжэюць, скручваюцца і даюць ўражанне венікаў, а лісты кароцяцца, ніжнія з іх ператвараюцца ў лускавінкі.

Ужыванне

правіць
 
Бруснічны джэм

Ягады спажываюць свежыя і мочаныя[4] (залітыя вадой ягады захоўваюцца да вясны, бо ўтрымліваюць натуральны кансервант — бензойную кіслату); выкарыстоўваюць у кандытарскай прамысловасці, для квашання капусты. З ягад гатуюць варэнне (у тым ліку з яблыкамі, грушамі), джэм, павідла, марынады, кісель, морс, пасцілу, начынку для цукерак і пірагоў. З брусніц таксама робяць узвары, настойваюць на гатаванай астуджанай вадзе з цукрам і мёдам ці віно. Лісце выкарыстоўваюць як сурагат гарбаты. Даўней нарыхтоўка ягад у запас мела вялікае гаспадарчае значэнне: брусніцы парылі ў гаршках, ссыпалі ў кадушкі і бочкі, дадаючы прыправы; з іх рабілі сок, сіроп, павідла (на мёдзе) і іншыя.

У скандынаўскіх краінах папулярнае бруснічнае варэнне ў якасці гарніру да мясных страў. Такі ж ужытак мелі і ў беларускай кулінарыі: да смажаніны брусніцы запякалі ў гаршках або варылі ва ўласным саку.

У навуковай медыцыне ў якасці лекавай сыравіны выкарыстоўваюцца лісце (лац.: Folium Vitis idaeae) — яго адвар і настой ўжываюцца як дэзінфікуючы, супрацьгніласны і мачагонны сродак — і парасткі брусніц (Cormus Vitis idaeae). Нарыхтоўваюць сыравіну увесну да красавання, пакуль бутоны яшчэ зялёныя, і ўвосень пры поўным паспяванні пладоў. Лісце абскубваць з куста або зразаюць парасткі і сушаць на гарышчы, пад падстрэшкамі або ў сушылках пры тэмпературы 35-40 °C. Захоўваюць у сухім, добра праветраным памяшканні. Тэрмін прыдатнасці сыравіны 3 гады[17].

Асноўныя дзеючыя рэчывы сыравіны — фенолагліказіды; змяшчае таксама дубільныя рэчывы, пераважна кандэнсаваныя групы, флаванолавы гліказід гіперазід, урсолавая кіслата[17].

З прычыны таго, што ў брусніцах знойдзены арбуцын (антысептык мочавыводных шляхоў), пры лячэнні растройстваў мочавыводнай сістэмы выкарыстоўваюць выцяжку з сухіх лісцеў (але пры няправільным дазаванні такая выцяжка можа выклікаць атручванне)[18].

Культываванне

правіць
 
Плады брусніц

Звесткі пра першыя спробы культывавання брусніц ставяцца да 1745 года. У Цэнтральным гістарычным архіве Санкт-Пецярбурга ёсць указ Лізаветы Пятроўны, у якім загадваецца ў Царскім садзе «партери убирать брусницею и бушбомами», а таксама ўказ 1765 года Канцылярыі ад будынкаў, у якім прадпісваецца майстру Фоку адшукаць спосабы обсадить ў Пецяргофе, у Манплізе і ля Шахматнай гары замест бушбома «от бываемых великих морозов вызябает».

Але сапраўдныя работы па акультурванню брусніц пачаліся ў 1960-я гады у ЗША, ФРГ, Швецыі, Галандыі, Фінляндыі, Польшчы. У ФРГ у 1994 годзе было створана 40 га бруснічных плантацый, распрацаваны поўны комплекс машын для вырошчвання і ўборкі ўраджаю. У 1960—1970 годы спажыўкааперацыя БССР нарыхтоўвала ў год 2,6-3,4 тыс. т. ягад, але к канцу 1970-х гэта колькасць упала да 0,32-1,8 тыс. т. ягад[19]. Стала актуальным пытанне пра ўвядзенне брусніц у культуру. У 1980-я гады культурныя плантацыі брусніцы былі закладзеныя ў Беларусі, Літве, Расіі. У параўнанні з дзікімі зараснікамі, ураджайнасць ягад на культурных плантацыях вышэй у 20-30 разоў. З адной соткі можна атрымліваць 50-60 кг ягад штогод.

У культуры і мастацтве

правіць

І дрогне снег пухлы, зярністы,
Бяжыць ад камля.
Бруснічніка ліст урачыста
Выносіць зямля.

Якуб Колас. «Лес».

Вядома выслоўе, дзе брусніца выступае сінонімам прыгажосці і маладосці жанчыны[20]: «Маладзіца як брусніца».

 
Елізавета Бём  (руск.). «Брусніцы».

Вядома выява брусніц, створаная рускай мастачкай Елізаветай Бём  (руск.).

У філатэліі

правіць
  • У 1964 годзе ў СССР была выпушчаная паштовая марка з выявай брусніц (ЦФА № 3136).
  • У 2004 годзе ў Беларусі была выпушчана паштовая марка з выявай брусніц
  • Выява брусніц змешчана на гербе Шаркаўшчыны

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Назва згодна з Я. П. Шмярко, І. П. Мазан. Лекавыя расліны ў комплексным лячэнні. — Мн: Навука і тэхніка, 1989. — С. 388. — 399 с. — ISBN 5-343-00120-3.
  4. а б в Дикорастущие плоды и ягоды/Шапиро Д. К., Михайловская В. А., Манциводо Н. И.—2-е изд., перераб. и доп.—Мн.: Ураджай, 1981.—159 с., 16 л. ил.
  5. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 137. — 160 с. — 2 350 экз.
  6. З. Верас. Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік. — Вільня, Субач 2: Выданне газеты «Голас беларуса», Друкарня С. Бэкэра, 1924.
  7. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.
  8. Антонов А. А. О врачебных растениях, дикорастущих в Витебской губернии и употребляемых населением ее в домашней народной медицине. Витебск, 1888
  9. Добровольский В. Н. Смоленский областной словарь. Смоленск, 1914
  10. Анненков Н.  (руск.) Ботанический словарь, Спб, 1878
  11. Васількоў І. Г. Матэрыялы да флоры Горацкага раёна. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. III. Горы-Горкі, 1927
  12. Чоловский К. Опыт описания Могилевской губернии. По программе и под редакцией А. С. Дембовецкого, кн. I. Могілев.
  13. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  14. а б в г д Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Брусника // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 29-31. — 200 с. — 130 000 экз.
  15. а б в г д Бурмистров А. Н., Никитина В. А. Медоносные растения и их пыльца: Справочник. — М.: Росагропромиздат, 1990. — С. 23. — 192 с. — ISBN 5-260-00145-1.
  16. Сербин А. Г. и др. Медицинская ботаника. Учебник для студентов вузов. — Харьков: Изд-во НФаУ: Золотые страницы, 2003. — С. 149. — 364 с. — ISBN 966-615-125-1.
  17. а б Блинова К. Ф. и др. Ботанико-фармакогностический словарь: Справ. пособие / Под ред. К. Ф. Блиновой, Г. П. Яковлева. — М.: Высш. шк., 1990. — С. 174. — ISBN 5-06-000085-0.
  18. Вермейлен, Нико. Полезные травы. Иллюстрированная энциклопедия: Пер. с англ. Б. Н. Головкина. — М.: Лабиринт Пресс, 2002. — С. 298—299. — 320 с. — ISBN 5-9287-0244-2.
  19. Мезян П. С. Экономика и организация заготовок дикорастущих плодов, ягод и грибов. — Мн., 1978.
  20. Русско-белорусский словарь сравнений (руск.)

Літаратура

правіць
  • Белы А. Брусніцы // Праект «Наша ежа»
  • Дикорастущие плоды и ягоды/Шапиро Д. К., Михайловская В. А., Манциводо Н. И.—2-е изд., перераб. и доп.—Мн.: Ураджай, 1981.—159 с., 16 л. ил.
  • Губанов И. А., Киселёва К. В., Новиков В. С., Тихомиров В. Н. 1012. Vaccinium vitis-idaea L. — Брусника // Иллюстрированный определитель растений Средней России. В 3-х томах. — М.: Т-во науч. изд. КМК, Ин-т технолог. иссл, 2004. — Т. 3. Покрытосеменные (двудольные: раздельнолепестные). — С. 26. — ISBN 5-87317-163-7.

Спасылкі

правіць
  • Брусника обыкновенная: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.)