Кве́тка (мн. кве́ткі, лац.: flos -oris, грэч. ἄνθος -ου) — орган насеннага размнажэння кветкавых (пакрытанасенных) раслін.

Постэр з дванаццаццю відамі кветак і суквеццяў розных сямействаў

Кветка ўяўляе сабой відазменены, скарочаны і абмежаваны ў росце спораносны парастак, прыстасаваны для ўтварэння спор, гамет і палавога працэса, які завяршаецца ўтварэннем плода з насеннем. Выключная роля кветкі як асаблівай марфалагічнай структуры звязаная з тым, што ў ёй цалкам сумешчаныя ўсе працэсы бясполага і палавога размнажэння. У двухполай кветцы праходзяць мікра- і мегаспорагенез, мікра -і мегагаметагенез, апыленне, апладненне, развіццё зародка, утварэнне плода.

Схема будовы кветкі

Цэнтральнай часткай кветкі з’яўляецца кветаложа. Гэта вось кветкі, якая з’яўляецца прадаўжэннем кветаножкі. Кветкай сканчаюцца галоўныя або бакавыя сцёблы, а бязліставая частка сцябла пад кветкай называецца кветаножкай. У сядзячых кветак кветаножка скарочаная ці зусім адсутнічае. Форма кветаложа можа быць рознай, падобна да таго, як на сцябле размяшчаюцца лісты, так на кветаложы ў пэўным парадку размяшчаюцца ўсе часткі кветкі: калякветнік, тычынкі і песцікі. Чашалісцікі ўтвараюць падвяночкі, пялёсткі фарміруюць вяночак.

Калякветнік — гэта частка кветкі, якая выконвае розныя, але не асноўныя, функцыі. Ён прываблівае насякомых-апыляльнікаў, ахоўвае тычынкі і песцікі ад нізкіх і высокіх температур, ад механічных пашкоджанняў і шкоднікаў. У некаторых раслін калякветніка няма. Калякветнік можа быць двайным і простым. Двайны калякветнік складаецца з чашачкі і вяночка. Чашачка звычайна ўтворана зялёнымі чашалісцікамі. Вяночак складаецца з пялёсткаў, якія могуць мець розную афарбоўку. Просты калякветнік адрозніваецца ад двайнога тым, што яго лісцікі аднолькава афарбаваны. Чашалісцікі і пялёсткі, а таксама лісцікі простага калякветніка могуць быць свабоднымі або ў рознай ступені зрослымі.

Тычынка складаецца з тычынкавай ніці і пыльніка. Форма і памеры тычынкавай ніці і пыльніка ў розных раслін розныя. Пыльнік мае шматслойную сценку і складаную будову. Ён складаецца з дзвюх палавінак, у кожнай з якіх знаходзіцца па дзве пылковыя камеры. У пылковых камерах утвараюцца пылковыя зярняты. Пылок кветкавых раслін мае розныя памеры, форму і будову. Самы дробны пылок у фікусаў, самы буйны — у гарбуза, агурка, мальвы. Пылковыя зярняты маюць дзве абалонкі — тонкую, унутраную, і трывалую, вонкавую. У вонкавай абалонцы ёсць больш тонкія ўчасткі — поры. Кожнае пылковае зерне ўтрымлівае альбо дзве клеткі — вегетатыўную і генератыўную, альбо тры — вегетатыўную і дзве мужчынскія палавыя клеткі — сперміі. Сперміі ўтвараюцца пры дзяленні генератыўнай клеткі. Колькасць тычынак у розных кветках розная. У казяльцу, суніц, маку іх многа. У радыскі ў кветцы ўсяго 6 тычынак, у лубіну — 10, у большасці злакаў — 3, у многіх асокаў — 2, у некаторых архідэй — 1.

Песцік складаецца з завязі, рыльца і слупка. Самая важная і абавязковая частка песціка — завязь. У завязі знаходзяцца семязачаткі. У кожным семязачатку ў працэсе развіцця фарміруецца зародкавы мяшок. У кожным зародкавым мяшку развіваецца па адной жаночай палавой клетцы — яйцаклетцы і некалькі дапаможных клетак. Абавязковай часткай песціка з’яўляецца рыльца, на якое асядае пылок. Слупок паднімае рыльца над завяззю, што робіць больш простым пападанне на яго пылку. Слупок — гэта неабавязковая частка песціка. Напрыклад, у маку слупок адсутнічае, таму яго рыльца сядзячае. З усяго песціка або толькі з завязі ўтвараюцца плады, а з семязачаткаў — насенне. Колькасць песцікаў і іх будова ў розных раслін розныя. Многа песцікаў у малін, суніц. Адзін песцік у гароху, вішні, агурка.

У поўнай кветцы існуюць усе названыя часткі. Ніжнія яе долі ўтвараюць калякветнік, які часта складаецца з падвяночка і вяночка, вышэй размешчаны тычынкі і маждэр. Парастак, на якім размешчана кветка або суквецце, часта называюць кветканосам. Лісток, з-за пазухі якога выходзіць кветка, называюць крыючым у адносінах да дадзенай кветкі. У раслін на кветаножках ёсць невялікія лісточкі — прыкветкі. Часам прыкветкі называюць як крыючы ліст, а лісточкі на кветаножках — прыкветнічымі, як у браткаў.

Кветкі, у якіх ёсць і тычынкі, і песцікі, называюцца двухполымі. У кабачка, агурка, вярбы кветкі раздзельнаполыя. У гэтых раслін адны кветкі ўтрымліваюць толькі тычынкі, такія кветкі называюць тычынкавымі, або мужчынскімі. Песцікавыя, або жаночыя, кветкі маюць толькі песцікі. Тычынкавыя і песцікавыя кветкі ў кукурузы, гарбуза знаходзяцца на адной расліне. Такія расліны называюцца аднадомнымі. Калі тычынкавыя і песцікавыя кветкі развіваюцца на розных раслінах, расліны называюцца двухдомнымі (таполя, вярба).

Форма кветак разнастайная. Адрозніваюць кветкі правільныя і няправільныя. Праз правільныя кветкі можна правесці некалькі плоскасцей сіметрыі (тамат, ружа, цюльпан). Праз няправільныя — толькі адну (гарох, чабор, гладыёлус).

Літаратура правіць

  • Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / В. М. Ціхаміраў [і інш.]; пад рэд. В. М. Ціхамірава; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — Мінск: Нар. асвета, 2010. — 199 с.: іл. ISBN 978-985-03-1340-9

Гл. таксама правіць

Спасылкі правіць