Дзісна (рака)
Дзісна (літ.: Dysna; у верхнім цячэнні Дзісенка) — рака ў Літве і Беларусі (у Віцебскай вобласці), левы прыток Заходняй Дзвіны. Даўжыня 178 км, у межах Беларусі каля 149 км. Вадазбор 8180 км², у межах Беларусі каля 7730 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 52,4 м³/с. Агульнае падзенне ракі 39,7 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,2 ‰.
Дзісна | |
---|---|
літ. Dysna | |
Характарыстыка | |
Даўжыня | 178 км |
Басейн | 8 180 км² |
Расход вады | 52,4 м³/с |
Вадацёк | |
Выток | |
• Каардынаты | 55°28′15″ пн. ш. 26°23′32″ у. д.HGЯO |
Вусце | Заходняя Дзвіна |
• Каардынаты | 55°33′57″ пн. ш. 28°13′43″ у. д.HGЯO |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Заходняя Дзвіна → Балтыйскае мора |
Краіны | |
Рэгіён | Віцебская вобласць |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Назва
правіцьНазва Дзісны балцкага паходжання[1].
Сваёй структурай назва Дзісна блізкая назвам возера Лісна (на ўсходзе ад возера Асвея), рэк Цна (< Tus-n-, ад балцкага *taus- / *tus- «ціхі»), Лусня (прыток пскоўскай ракі Кунья).
У гэтых назвах карані пашыраныя пашыральнікам -n-. Ён жа ў назвах тыпу Стабна, Стабня (< Stab-in-, ад пруск. stabis «камень»)[2].
Карані Dis-, Tus- асобна не засведчаныя. Асобна карані Lis-, Lus- у гідронімах Lissa (цяпер польск. Liza, левы прыток Нарава ля Суража)[3], Ліс(с)а (прыток Пцічы)[4], Лус(с)а (рака на памежжы Цвярской і Смаленскай абласцей).
Рачныя назвы тыпу Ліс(с)а адносяцца да групы гідронімаў з канчаткам -(с)са: Іса, Ліса, Уса, Эса, Дрыса, Пліса, Неса , Труса, Таса, Рэса, Выса, Васа (на Падняпроўі, Падзвінні, Панёманні, Павісленні, Павоччы)[5].
З іх некаторыя этымалагізуюцца больш-менш надзейна: Уса ад *aus-/*us- «блішчэць», Іса ад *eis-/*is- «імкнуцца»[6]. Балцкае паходжанне вызначаецца і калі корань пашыраецца з дапамогай вядомых балцкіх гідранімічных пашыральнікаў: Іса — *Ісла (< Іслач < Is-l-, ak-), Уса — Усія (Us-ij-), Неса — Несла, Нясета (Nes-, -l-, -et-), Дрыса — Дрысела (Dris-, -el-), Рэса — Рэсята́ (Res-, -et-).
У назве Дзісна аснова Di-s- можа быць звязаная з індаеўрапейскім *dei- / dī- «свяціць» (> літоўскае diena «(светлы) дзень»), які таксама бачаць у назве Дзітва[7]. Тады Дзісна мусіла б значыць «Блішчастая (рака)», як і назвы Лучоса, Свіцязь.
Асноўныя прытокі
правіцьСправа: Бірвета, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Плаўня, Авута. Злева: Дрысвята, Янка, Маціца, Раўкета.
На рацэ
правіцьГарады: Дзісна. Гарадскія пасёлкі: Шаркаўшчына.
Агульнае
правіцьВыцякае з возера Дзіснай («Дзісны») у Літве, цячэ па тэрыторыі Браслаўскага (у т.л. па мяжы з Літвой), Пастаўскага, Шаркаўшчынскага і Мёрскага раёнаў па Дзісенскай нізіне — заходняй частцы Полацкай нізіны. Максімальны расход вады 710 м³/с, мінімальны — 5 м³/с (в. Пазікі Мёрскага раёна, за 15 км ад вусця; адпаведна 1963, 1960). Рака замярзае ў 2-й дэкадзе снежня, крыгалом у 1-й дэкадзе сакавіка.
Даліна трапецападобная, шырыня яе 400—600 м, месцамі да 1,5 км. Пойма ў вярхоўі чаргуецца па берагах (шырыня 200—400 м), на астатнім працягу двухбаковая, шырыня яе ў сярэднім цячэнні 80—100 м, у ніжнім да 500 м.
Рэчышча звілістае, на працягу 7,7 км (1 км на ўсход ад вёскі Германоўшчына — 2 км на поўдні ад вёскі Марозаўка Браслаўскага раёна) каналізаванае; шырыня яго 20—30 м, у сярэднім цячэнні да 60 м, у нізоўях да 100 м. Берагі ў вярхоўях нізкія, часткова забалочаныя, на астатнім працягу стромкія, вышынёй 2—7 м, у месцах выхаду грунтавых водаў забалочаныя.
У басейне Дзісны азёры Асвята, Богінскае, Ілава, Крывое, Княж, Раўкета, Старадворскае, Сэклы, Чорнае і інш.
Крыніцы
правіць- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 87.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 209.
- ↑ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. V. Warszawa, 1884. C. 321.
- ↑ П. Л. Маштаков. Список рек днепровского бассейна. С.-Петербург, 1913. С. 150.
- ↑ Топоров В. Н. Балтийский элемент в гидронимии Поочья III // Балто-славянские исследования 1988—1996. Москва, 1997. С. 281—282.
- ↑ H. Krahe. Unsere ältesten Flussnamen. Wiesbaden, 1964. C. 55—57.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 88.
Літаратура
правіць- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дзісна (рака)