Дзісенская нізіна

Дзісненская нізіна (літ.: Dysnos lyguma) — фізіка-геаграфічны раён у Беларускім Паазер’і, частка Полацкай нізіны.

Дзісенская нізіна

Знаходзіцца на паўночным захадзе Віцебскай вобласці, трапляе на тэрыторыю Літвы[1]. Мяжуе на поўначы з Браслаўскай градой, на поўдні са Свянцянскімі градамі. Абсалютная вышыня 135—145 м, найбольш нізкая адзнака 130 м (ніжняе цячэнне ракі Дзісна).

Складзена з азёрных ледавіковых, пераважна стужачных, пясчана-гліністых адкладаў. Фарміраванне нізіны звязана з утварэннем вялізнага Дзісенска-Полацкага прыледавіковага вадаёма ў браслаўскую стадыю паазерскага зледзянення. Расталыя ледавіковыя воды намнажаліся ў вялікім паніжэнні, якое з поўдня падпруджвалася Свянцянскімі краявымі марэнамі. Вадаём шырокім пралівам злучаўся з Полацкім прыледавіковым возерам, куды з прылеглых узвышшаў і шматлікіх астравоў паступаў рыхлы матэрыял. У мелкаводнай частцы возера намнажаліся пяскі рознай буйнасці, а ў глыбакаводнай павольна асядалі «тлустыя» стужачныя гліны. Пасля ўтварэння скразной даліны праз Балтыйскую граду на ўчастку Краслава—Даўгаўпілс возера было спушчана, і на яго месцы ўтварылася Полацка-Дзісненская нізіна.

Паверхня сучаснай Дзісненскай нізіны плоска-ўвагнутая, парэзаная далінамі рэк, прасторы паміж якімі аднастайныя і роўныя, з адноснымі вышынямі 3-5 м. Часта трапляюцца забалочаныя катлавіны з астаткавымі азёрамі. Рачныя даліны слабаўрэзаныя, нявыпрацаваныя, у нізоўях глыбіня ўрэзу да 10 м і больш. У рэльефе вылучаюцца ўчасткі марэнных узвышшаў — былыя астравы Дзісенска-Полацкага вадаёма. Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны.

Рака Дзісна

Асноўная рака Дзісна з прытокамі Дрысвята, Янка (злева), БірветаМядзелкай), Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа). Шматлікія рэшткавыя азёры: Ельня, Чорнае, Асвята; найбольш глыбокія (Богінскае возера) трапляюцца на ўскраінах нізіны.

Сярэдняя тэмпература студзеня −7 °C, ліпеня 17,8 °C, ападкаў 560 мм за год.

Воданепранікальныя груныты, плоскаўвагнутая паверхня, слабы прыродны дрэнаж садзейнічаюць працэсам агляення і забалочанасці глеб. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слабаглеяватыя, глеяватыя гліністыя і цяжкасугліністыя глебы. На ўсходзе і захадзе нізіны вялікія лясныя масівы з хвоі, драбналістых парод і елкі, трапляецца алешнік. Балоты пераходныя і вярховыя.

Заказнік Ельня

На тэрыторыі Дзісненскай нізіны размяшчаецца заказнік Ельня. Тут пад аховай знаходзіцца неасвоенае вярховае балота, якое іграе важную ролю ў падтрыманні гідралагічнага рэжыму рэгіёна і ракі Заходняй Дзвіны.

Зноскі

Літаратура

правіць