Заказнік Ельня

ландшафтны заказнік

Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння «Ельня» (ландшафтны[1]) — заказнік спецыфічна ўнікальнага тыпу водна-балотных угоддзяў у Беларусі ў Мёрскім і Шаркаўшчынскім[1] раёнах Віцебскай вобласці. Гэта неасвоенае вярховае балота, якое іграе важную ролю ў падтрыманні гідралагічнага рэжыму рэгіёна і ракі Заходняй Дзвіны. Утвораны ў 1968 годзе з мэтай захавання ў натуральным стане балотнага масіву Вялікі Мох, затым ён быў расшыраны ў 1981 годзе, а ў 2002 атрымаў статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння і ахоўваецца згодна з Рамсарскай канвенцыяй. Агульная плошча заказніка 25758 гектараў. Зарэгістраваны Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2007 г. № 1833 (код МСАП 9000003037)[2]

Ельня
Размяшчэнне Беларусь
Плошча 25758 га
Дата заснавання 1968
physical
Ельня
Ельня
physical
Ельня
Ельня

Ландшафт

правіць

Балотны масіў утварыўся на месцы возера на другой тэрасе ракі Дзісна, ён мае авальную форму, паверхня плоская, яго цэнтральная частка вельмі выпуклая і ўзвышаецца на 5—7 метраў над наваколлем. Агульная магутнасць тарфянога пласта дасягае 8,3 метра, а ў сярэднім — 3,8 м. Глеба тарфяная, верхавога тыпу, слаба раскладаецца. Грунтовыя воды знаходзяцца блізка ад паверхні і часам выходзяць на яе. Максімальная вышыня цэнтральнай часткі масіву над узроўнем мора 145 м. Ландшафт адносіцца да падзоны падтаёжных (змешана-лясных), азёрна-ледавіковых, марэнна-аэёрных, пагоркава-марэнна-азёрных.

Гідралогія

правіць

У заказніку 35 азёр (Ельня, Белае, Бярэжа, Бліжняе, Вялікае, Курганістае, Смоўж, Лапухі, Чорнае, Высокае, Сухое, Плоскае і інш.), рэкі Яльнянка, Бярэжа, Волта і іншыя, якія ўсе разам займаюць 4,4 % тэрыторыі. Запаўняюцца яны грунтавымі водамі і атмасфернымі ападкамі. Берагі пераважна забалочаныя. На асобных вадаёмах ёсць невялікія астравы ў асноўным сплавіннага тыпу. Большасць азёр мае плошчу менш гектара, размешчаны яны ў цэнтральнай і паўднёва-заходняй частцы заказніка. Іх узровень вагаецца ад адзнакі 137,9 м (возера Чорнае) да 144,4 м (Лапухі). Самы буйны вадаём — возера Ельня, мелкаводны, алігатрофны, найбольшая глыбіня 3,5 м, водная паверхня плошчай 5,42 км², плошча вадазбору 14,4 км². Ён тыповы для тундравай зоны: мае нізкую мінералізацыю і кіслую рэакцыю, высокую каляровасць і нізкую празрыстасць вады, у ім утвараюцца торф, сапрапелі. Балотны масіў мае з вадаёмамі агульны гідралагічны рэжым і функцыянуе як адзіная сістэма.

Тэрыторыя заказніка адносіцца да падзоны дубова-цёмнахваёвых падтаёжных шыракаліста-яловых лясоў і адлюстроўвае структурныя асаблівасці леса-балотных і балотных комплексаў. 192 віды сасудзістых раслін адносяцца да 126 родаў, 62 сямействаў, 6 класаў, 5 аддзелаў. У іх ліку 177 кветкавых, 8 папаратнікаў, па 3 голасемянныя і хвашчы. Выяўлена 12 відаў дрэў, 22 — хмызнякоў, 4 — паўхмызнякоў, 5 — хмызнячкоў, 134 віды травяністых раслін. Найбольш часта сустракаюцца 18 відаў асакі і 6 — лазы, што ўласціва паўночнаму ўсходу Усходне-Еўрапейскай раўніны. А мхоў нават 24 віды, сярод якіх пануюць сфагны, сустракаюцца вельмі рэдкія для Беларусі і Усходняй Еўропы сфагнум мяккі (Sphagnum molle) і пячоначны мох (Blepharostoma trichophyllum). Лішайнікаў тут каля 50 відаў.

Лясы заказніка адрозніваюцца ад навакольных. Тут пераважаюць бяроза (38,4 % лясной плошчы) і сасна (19,4 %), менш ельнікаў (14,3 %), асіннікаў (12,9 %), чорнаальшаннікаў (8,2 %), ясеню (2,1 %). Сярэдні ўзрост дрэў — 42 гады, 57,7 % іх маюць сярэднюю і поўную спеласць, ёсць нават перастаялыя. Сухадольныя лясы займаюць 19,3 % лясной плошчы, пераўвільготненыя — 54,6 %, балотныя — 26,1 %. Больш за палову сасоннікаў —забалочаныя: багульнікавыя, асакова-сфагнавыя; 35,6 % — пераўвільготненыя (чарнічныя). Ельнікі ў асноўным сухадольныя. Заказнік адметны дубравамі часткова натуральнага паходжання ва ўзросце 65-75 гадоў, якія перамешваюцца з вязам (Ulmus), ліпай (Tilia), елкай (Picea) і бярозай (Betula).

Сярод бяроз найбольшыя плошчы займаюць павіслая (Betula pendula) (75,6 %) і пушыстая (Betula pubescens). Бярэзнікі сталі вынікам чалавечай дзейнасці на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. Асінавыя лясы растуць на дастаткова багатых і непераўвільготненых глебах. Вольха чорная (Alnus glutinosa) займае невялікія ўчасткі на ўскрайках балотнага масіву. Але найбольш каштоўныя ўгоддзі размешчаны толькі на некалькіх кварталах.

Балотная расліннасць

правіць

Яна характарызуецца слаба выражаным рэльефам (курганы да 15—25 см) і двума ярусамі — дрэвы (пераважна Сасна карлікавая (Pinus mugo var Pumilio)) і мох. На адкрытых мясцінах пераважаюць асокі і сфагнавыя мхі (сфагнум абманчывы (Sphagnum fallax) і вузкалістовы (Sphagnum angustifolium)), у некаторых месцах распаўсюджаны балотныя хмызнячкі. Значныя плошчы займаюць пагуркава-мачажныя і пагуркава-азёрныя комплексы расліннасці.

Пасля вялікіх паверхневых пажараў 1998 і 2002 гадоў з’явіліся бяроза пушыстая (Betula pubescens), асіна (Populus tremula), політрыхума (Polytrichum commune) на сотнях гектараў. Лугавая расліннасць займае 0,1 % плошчы ў рэчышчы Яльнянкі. Тут часта сустракаюцца трыснёг (Phragmites), асака (Carex), сітнік (Juncus). На берагах азёраў Ельня, Доўгае, Плоскае, Яжгіня пануюць малінія блакітная (Molinia caerulea), бяроза пушыстая (Betula pubescens) і павіслая (Betula pendula), асіна (Populus tremula), ускраек вады займаюць імхі.

Рэдкія і знікаючыя расліны: бяроза карлікавая (Betula nana), маліна прыземістая (Rubus chamaemorus), гімнакалея ўздутая (Gymnocolea inflata), журавіны дробнаплодныя (Oxycoccus microcarpus), сфагнум мяккі (Sphagnum molle), увярэднік скіпетрападобны (Pedicularis sceptrum-carolinum), зубніца клубяносная (Cardamine californica), вярба чарнічная (Salix myrtilloides), баранец звычайны (Huperzia selago), тайнік яйкападобны (Listera ovata), чубатка прамежкавая (Corydalis intermedia), шпажнік чарапіцавы (Gladiolus imbricatus), ятрышнік дрэмлік (Orchis morio), цыбуля мядзведжая (Allium ursinum), касач сібірскі (Iris sibirica). Для іх захавання дастаткова папярэджання пажараў і абмежавання збору.

На тэрыторыі заказніка выяўлена 10 катэгорый асабліва каштоўных раслінных супольнасцей, агульная плошча якіх склала 18 067 гектараў (69 % тэрыторыі). Гэта карэнныя плакорныя дубравы, ясеневыя і ліпавыя лясы, чорнаальшаннікі, асіннікі ўперамешку з шыракалістымі дрэвамі, балотныя супольнасці з ахоўнымі відамі раслін, у першую чаргу карлікавай бярозай, супольнасці адкрытых верхавых балот, ягаднікі (журавіннікі і бруснічнікі), участкі лекавай і тэхнічнай сыравіны.

Жывёльны свет

правіць

Заказнік з’яўляецца сховішчам для многіх насякомых, якія захаваліся з часін апошняга зледзянення. Па берагах азёр жыве 18 відаў жужаляў, сярод якіх рэдкія і малавядомыя. На масіве зарэгістравана 149 відаў матылёў. Тут выяўлена 117 відаў птушак, 31 — млекакормячых, 7 — земнаводных. Асаблівасцю з’яўляецца мноства гадзюк.

Сярод птушак большасць вадаплаўных і балотных. У параўнанні з іншымі верхавымі балотамі, найбольш шырока прадстаўлены віды паўночнага паходжання, большасць з якіх — рэдкія і якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе ў цэлым. У паслягняздовы перыяд тут канцэнтруюцца гусепадобныя (гусь-гуменніца (Anser fabalis), качка-свіязь (Anas penelope), чырок-траскунок (Anas querquedula), белалобая гусь (Anser albifrons), піскулька (Anser erythropus) — знікаючы від на планеце, шылахвостка (Anas acuta), крахалі (Mergus)). Акрамя таго, на балоце ўтвараецца найбуйнейшы ў рэспубліцы (да 2—3 тысяч асоб) перадвырайны гурт шэрых журавоў (Grus grus). Большасць млекакормячых знаходзіцца на перыферыі балота. Сярод капытных толькі ласі (Alces alces) і дзікі (Sus scrofa).

Рэдкія і знікаючыя

правіць

У межах заказніка выяўлена 27 рэдкіх і знікаючых відаў, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, сярод іх 8 відаў насякомых, 18 — птушак і 1 млекакормячы.

Сярод насякомых — жужаль залацістаямісты, жужаль менетрые (Carabus menetriesi), жужаль бліскучы (Carabus nitens), жужаль шагрэневы (Carabus coriaceus), жужаль рашэцісты (Carabus cancellatus), аксамітніца юта (Oeneis jutta), жаўтушка тарфянікавая (Colias palaeno), перламутраўка Фрыга (Clossiana frigga). Птушкі: гагара чорнаваллёвая (Gavia arctica), піскулька (Anser erythropus), арол-вужаед (Circaetus gallicus), беркут (Aquila chrysaetos), лунь палявы (Circus cyaneus), дзербнік (Falco columbarius), сокал-каршачок (Falco subbuteo), курапатка белая (Lagopus lagopus), журавель шэры (Grus grus), залацісты сявец (Pluvialis apricaria), гаршнэп (Lymnocryptes minimus), кулон сярэдні (Numenius phaeopus), кулон вялікі (Numenius arquata), уліт вялікі (Tringa nebularia), вераценнік вялікі (Limosa limosa), чайка шызая (Larus canus), пугач (Bubo bubo), сава балотная (Asio flammeus). Млекакормячыя — барсук (Meles meles).

Рэкрэацыйны патэнцыял

правіць

На тэрыторыі заказніка знаходзяцца ўгоддзі Мёрскай і Шаркаўшчынскай (адпаведна 24 і 0,5 тыс. га) арганізацый таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Паводле выніках уліку 2006 года ў іх зарэгістравана 27 ласёў, 54 дзікі і 50 казуль (Capreolus capreolus). На балотах гняздуецца каля 100—200 асобін крыжанкі (Anas platyrhynchos), чырка і нырковых качак, а ў час выраю адпачывае 1—2,5 тысячы гусей і каля 500—1000 качак. Яшчэ выяўлены дзясяткі цецерукоў (Tetrao tetrix) і белых курапатак (Lagopus lagopus). Сярод драпежнікаў — 30 лісіц (Vulpes vulpes), 25 янотападобных сабак (Nyctereutes procyonoides) і 7 ваўкоў (Canis lupus), зайцоў-белякоў (Lepus timidus) тут каля 70, баброў (Castor fiber) — з паўсотні.

3 2000 года паляванне на пералётных птушак на тэрыторыі заказніка забаронена. Праз цяжкую даступнасць заказнік «Ельня» слаба выкарыстоўваўся ў рэкрэацыйных мэтах, хаця з’яўляецца перспектыўным для развіцця экатурызму і адукацыйна-асветніцкіх праектаў.

У 2012 годзе на тэрыторыі заказніка будзе ўтворана інфраструктура экалагічнага турызму. Фінансуецца гэты праект па лініі міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС/ПРААН. У Ельні плануецца стварэнне экалагічнага цэнтра, арганізацыя экалагічных сцяжынак і навучанне спецыялістаў і персаналу[3].

Панарама балота з экалагічнай сцежкі

Зноскі

Літаратура

правіць
  • Балота Ельня // Скарбы прыроды Беларусі = Treasures of Belarusian Nature / аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш.]. — Мн., 2005 — С. 154—156.
  • Гидрологический заказник республиканского значения «Ельня» // Очарование Миорского края = Charm of Myory Region / сост. В. А. Ермаленок, П. И. Боголей; фото О. В. Молодечкин — Новополоцк, 2007. — 50 с.
  • Дедюро, Л. Дыши, Европа, глубже! / Л.Дедюро // Віцебскі рабочы. — 2007. — 29 сак. О судьбе гидрологического заказника «Ельня».
  • Зуёнак, С. Ратуем балота «Ельня» / С. Зуёнак // Міёрскія навіны. — 2002. — 13 жн.
  • Ельня // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол. Г. П. Пашков [и др.]. — Мн., 2006. — Т. 3. — С. 497.
  • «Ельня» вачамі вучоных // Міёрскія навіны. — 2007. — 14 ліп.
  • Флора и растительность ландшафтного заказника «Ельня» / Д. Г. Груммо, О. В. Созинов, Н. А. Зеленкевич [и др.]; под ред. Н. Н. Бамбалова; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т эксперименталь-ной ботаники. — Минск: Минсктиппроект, 2010. — 200 с.: ил.
  • Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — С. 18. — 72 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5. (руск.)

Спасылкі

правіць