Аксамітніца юта (Oeneis jutta) — матыль атраду лускакрылыя (Lepidoptera), сямейства аксамітніцы (Satyridae).
Размах крылаў 42-48 мм. Асноўны тон афарбоўкі шэра-карычневы. Зверху на крылах цёмныя круглыя вочкі ў вохрыстых плямах. Спод задніх крылаў шэры са струменістым малюнкам і больш цёмнай перавяззю на ўнутранай частцы, вочак няма або яны вельмі дробныя.
Таёжная зона Еўразіі. У Беларусі пашырана лакальна па ўсёй тэрыторыі.
Асаблівасці біялогіі
правіць
Аселы від. Дае звычайна 1 пакаленне за 2 гады. У Беларусі трапляецца кожны год, што, магчыма, з'яўляецца вынікам несінхроннага развіцця. Лёт матылёў у другой палове траўня — першай дэкадзе чэрвеня. Вусені кормяцца на асоках і злаках, развіваюцца ўсё лета, зімуюць, жывуць наступнае лета, зноў зімуюць, потым акукліваюцца вясною.
- Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. ISBN 5-85700-095-5