Піярскія школы
Піярскія школы — навучальныя ўстановы ордэна піяраў — пачатковыя вучылішчы і калегіумы.
Ордэн заснаваны ў 1597. Мэтай піяраў было выхаванне і навучанне юнацтва праз стварэнне шырокай сеткі сваіх калегіумаў. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адміністрацыйнымі справамі) і прэфект (загадваў вучэбнай часткай). Вучэбны курс калегіума падзяляўся на 7 класаў: праформа (вучылі пісаць, чытаць і пачаткам арыфметыкі), інфіма (тыя ж самыя прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства), рыторыка (рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі 1-5-га класаў мелі званне магістраў, а 6-7-га — прафесараў. Навучанне было бясплатнае, плата бралася толькі за канвікт (інтэрнат). Найбольш збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але павінны былі выконваць шэраг прац па школьнай гаспадарцы.
Падабенства вучэбнай праграмы піяраў на езуіцкую і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навучальныя ўстановы папулярнымі.
Піярскія школы ў Вялікім княстве Літоўскім
правіцьУ 1722 віленскі біскуп К. К. Бжастоўскі запрасіў піяраў у Вільню, а мерацкі староста А. Сапега ахвяраваў ім палац і 2 іншыя мураваныя будынкі. Кляштары і рэзідэнцыі піяраў пры падтрымцы магнатаў і шляхты з’явіліся таксама ў Шчучыне (1726), Воранаве (1730, пераведзены ў 1756 у Ліду) і Геранёнах (1730), Зэльве (1739), Лужках (1741), Віцебску (1751), Драгічыне-Надбужскім (1773), дзе хутка ўтвараліся і калегіумы. Для павышэння канкурэнтаздольнасці піярскай адукацыі у сярэдзіне XVIII ст. праведзена рэформа піярскіх навучальных устаноў. Былі пашыраны курсы матэматыкі, прыродазнаўчых і свецкіх гуманітарных навук, уведзены французская і нямецкая мовы і інш. Выкладаць новыя прадметы павінны былі спецыяльна падрыхтаваныя асобы па новых падручніках (перакладзеных ці напісаных піярамі), тэрмін навучання складаў 6 гадоў. Значны ўплыў на вучэбныя праграмы піяраў зрабіла французская культура, шэраг прадметаў выкладаўся па-французску, лепшыя выхаванцы накіроўваліся на стажыроўку ў Францыю.
У канцы XVIII ст. на тэрыторыі ВКЛ дзейнічала 18 кляштараў піяраў.
Пасля далучэння зямель ВКЛ да Расійскай імперыі і стварэння Віленскай навучальнай акругі, у 1804 піярскія навучальныя ўстановы былі ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. Адкрываць новыя школы піярам не дазвалялася (выключэннем было заснаванне ў 1822 Полацкага вышэйшага піярскага вучылішча). Піярскія навучальныя ўстановы працягвалі займаць адно з вядучых месцаў у акрузе: у 1803 у піяраў вучыліся 1234 юнакі, у 1816—1245, у 1822—1401. Піяры займалі шэраг прафесарскіх пасад у Віленскім універсітэце: С. Юндзіл, Ф. Серафімовіч, Ф. Галанскі. У 1831-34 пасля паўстання 1830-31 навучальныя ўстановы піяраў былі пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены.
Зноскі
Літаратура
правіць- Самусік А. Ф. Вучэбна-метадычныя выданні Віленскай піярскай друкарні ў канцы 1750-х — пачатку 1770-х гг. // Матэрыялы міжнароднага кангрэса «500 гадоў беларускага кнігадрукавання», Мінск, 14-15 верасня 2017 г. : у 2 ч. / Нац. б-ка Беларусі; склад. А. А. Суша. Мінск, 2017. Ч. 1 : ХІІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні. С. 184—189.
- Самусік А. Ф. Лідскі піярскі калегіум // Ліда і Лідчына : да 685-годдзя з дня заснавання горада : мат-лы рэсп. нав.-практ. канф., 3 кастр. 2008 г. / Мін. Ад. РБ, Лід. раён. вык. кам-т, Гр. дзярж. ун-т ; рэдкал. : А.П. Худык [і інш.]. Ліда, 2008. С. 40-43.
- Самусік А. Ф. Станаўленне гуманітарна-прыродазнаўчай сістэмы адукацыі ў піярскіх калегіумах Беларусі ў першай палове XVIII стагоддзя // Весці Нацыянальнай Акадэміі навук. Серыя гуманітарных навук. 2006. № 5. Ч. 1. С. 94-96.