Французская мова
Французская мова (français, la langue française) — адна з раманскіх моў гала-раманскай падгрупы. Родная мова большасці насельніцтва ў Французскай Рэспубліцы, Рэспубліцы Гаіці, Манака, а таксама каля чвэрці насельніцтва Канады і ў франкамоўных абласцях Швейцарыі (Рамандыя) і Бельгіі (Валонія і Брусель).
Французская мова | |
---|---|
Саманазва | français |
Краіны | — |
Рэгіёны | Заходняя Еўропа і былыя французскія калоніі ў Афрыцы, Паўночнай Амерыцы і Акіяніі |
Афіцыйны статус |
Каля 30 краін
Залежныя тэрыторыі:
Рэгіёны:
Арганізацыі:
|
Арганізацыя, якая рэгулюе | Французская акадэмія, Каралеўская акадэмія французскай мовы і літаратуры[d] і Office québécois de la langue française[d] |
Агульная колькасць носьбітаў |
каля 115 мільёнаў[1] (каля 274 млн. чал. валодаюць як першай ці другой мовай[2]) |
Рэйтынг | 14[3] |
Статус | у бяспецы[d][4][5] |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
|
|
Пісьменнасць | Лацініца (французскі алфавіт) |
Моўныя коды | |
ДАСТ 7.75–97 | фра 745 |
ISO 639-1 | fr |
ISO 639-2 | fre (B); fra (T) |
ISO 639-3 | fra |
WALS | fre |
Ethnologue | fra |
Linguasphere | 51-AAA-i |
ABS ASCL | 2101 і 21 |
IETF | fr |
Glottolog | stan1290 |
Вікіпедыя на гэтай мове |
Французская мова з'яўляецца нашчадкам гаворак лацінскай мовы Рымскай імперыі, як і італьянская, партугальская, іспанская, румынская, сардзінская і каталонская мовы. Яе бліжэйшымі сваякамі аднак з'яўляюцца іншыя мовы ойль і французска-крэольскія мовы . Яе развіццё праходзіла таксама пад уплывам кельцкіх моў рымскай Галіі і германскай франкскай мовы ў перыяд узмацнення франкскай дзяржавы.
Становішча ў свеце
правіцьФранкафоны ў свеце
правіцьУ свеце на французскай мове размаўляе ад 173 (1998) да 500 мільёнаў чалавек (2005). Колькаснае размеркаванне франкафонаў прадстаўлена ў наступнай табліцы:
Кантыненты | «Сапраўдныя» франкафоны | «Частковыя» франкафоны | Агульная колькасць франкафонаў |
---|---|---|---|
Афрыка | 32 189 500 | 46 740 000 | 78 929 500 |
Еўропа | 67 856 500 | 8 200 000 | 76 056 500 |
Амерыка | 10 481 000 | 4 064 000 | 14 450 000 |
Азія | 1 672 000 | 1 560 000 | 3 232 000 |
Акіянія | 467 000 | 45 000 | 512 000 |
Разам | 112 666 000 | 60 612 000 | 173 278 000 |
Статус французскай мовы
правіцьФранцузская мова з'яўляецца афіцыйнай мовай многіх краін свету і шырока ўжываецца ў некаторых іншых краінах. Нацыі, якія карыстаюцца французскай мовай, аб'яднаныя словам «франкафонія». Па-за лінгвістычным аспектам, Галоўны савет па франкафоніі спрыяе рознабаковым сувязям паміж адной трэццю краін свету. Гэта і вызначае агульны стан французскай мовы ў свеце.
Між тым, на міжнароднай арэне роля французскай мовы памяншаецца, асабліва ў параўнанні з англійскай мовай. Тым не менш, французская мова застаецца адной з афіцыйных моў наступных міжнародных арганізацый:
- СГА
- НАТА
- Афрыканскі Саюз
- Еўрапейскі Саюз
- Еўрапейскі саюз радыё і тэлебачання
- Еўрапейскае касмічнае агенцтва
- Міжнародны суд ААН
- Міжнародны крымінальны суд
- Міжнародны алімпійскі камітэт
- Міжнародная федэрацыя футбольных асацыяцый
- Міжнародная федэрацыя плавання
- Міжнародная федэрацыя аўтамабіляў
- Сусветнае антыдопінгавае агенцтва
- Міжнародны сакратарыят вады
- Міжнародная гідраграфічная арганізацыя
- Міжнародная асацыяцыя паліталогіі
- Міжнароднае бюро вагаў і вымярэнняў
- Сусветны паштовы саюз
- Інтэрпал
Французская мова — адна з шасці афіцыйных і дзвюх рабочых моў ААН і яе агенцтваў.
Французскую мову выкладаюць у многіх універсітэтах свету. Найбольш яна распаўсюджана ў сферах дыпламатыі, журналістыкі, юрыспрудэнцыі і вышэйшай адукацыі.
- Краіны і тэрыторыі, дзе французская мова мае статус адзінай афіцыйнай мовы
- Бенін
- Буркіна-Фасо
- Кот-д’Івуар
- Французская Рэспубліка (у т. л. усе замежныя тэрыторыі і дэпартаменты Францыі)
- Габон
- Гвінея
- Малі
- Манака
- Нігер
- Дэмакратычная Рэспубліка Конга
- Рэспубліка Конга
- Сенегал
- Тога
- Краіны і тэрыторыі, дзе французская мова мае статус адной з афіцыйных моў
- Каралеўства Бельгія (Валонія і Брусель) (разам з нідэрландскай і нямецкай)
- Рэспубліка Бурундзі (разам з мовай кірундзі )
- Рэспубліка Камерун (разам з англійскай мовай)
- Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія астравы (разам з арабскай мовай)
- Канада (разам з англійскай мовай, у правінцыі Квебек мае статус адзінай афіцыйнай, у правінцыі Нью-Брансуік мае статус афіцыйнай разам з англійскай).
- Рэспубліка Джыбуці (разам з арабскай мовай)
- Экватарыяльная Гвінея (разам з іспанскай мовай)
- Рэспубліка Гаіці (разам з крэольскай мовай Гаіці )
- Італьянская Рэспубліка (разам з італьянскай і франка-правансальскай мовамі)
- Вялікае Герцагства Люксембург (разам з нямецкай мовай)
- Рэспубліка Мадагаскар (разам з малагасійскай мовай)
- Маўрыкій (разам з англійскай і крэольскай маўрыкійскай мовай)
- Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка (разам з мовай санга)
- Руандзійская рэспубліка (разам з англійскай і мовай кіньяруанда )
- Рэспубліка Сейшэльскія астравы (разам з англійскай і сейшэльскай крэольскай мовай )
- Швейцарская Канфедэрацыя (раманская Швейцарыя) (разам з нямецкай, італьянскай і рэта-раманскай мовамі)
- Рэспубліка Чад (разам з арабскай мовай)
- Вануату (разам з англійскай і мовай біслама)
- Краіны і тэрыторыі, дзе шырока распаўсюджана французская мова
- Алжыр
- Андора
- Марока
- Маўрытанія
- Туніс
- Луізіяна, штат ЗША: французская мова (каюн) не мае афіцыйнага статуса, але з 1968 года, з моманту заснавання Рады па развіцці французскай мовы ў Луізіяне (англ.: Council for the Development of French in Louisiana), ужываецца разам з англійскай.
- Краіны і тэрыторыі, дзе ўжываецца французская мова
- Ліван
- Камбоджа
- В’етнам
- Лаос
- Індыя (Пандышэры)
- Дамініка
- Сент-Люсія
- Ізраіль (у алжырскіх, мараканскіх, тунісійскіх, французскіх суполках)
- Канадскія правінцыі: Антарыа (4,4 % франкафонаў), Востраў Прынца Эдуарда (4,3 % франкафонаў), Манітоба (4,1 % франкафонаў), Новая Шатландыя (3,8 % франкафонаў), Альберта (2 % франкафонаў), Саскачэван (1,9 % франкафонаў), Брытанская Калумбія (1,5 % франкафонаў), Ньюфаўндленд і Лабрадор (0,4 % франкафонаў).
- Тэрыторыі ЗША (каля 2 мільёнаў франкафонаў):
- штат Мэн (квебекскія і акадыйскія суполкі на поўначы ў графстве Арустук),
- Вермонт (маленькая квебекская суполка на поўначы ў графствах Гран-Ісль, Франклэн, Арлеан, Эсекс),
- Нью-Хэмпшыр (маленькая квебекская суполка на поўначы ў графстве Кус),
- штат Масачусетс (маленькія квебекскія і акадзійскія суполкі на поўначы графстваў Ворчэстэр і Мідлсекс),
- Канектыкут (маленькая квебекская суполка на паўночным усходзе ў графстве Уіндхам),
- штат Нью-Ёрк (маленькая квебекская суполка на поўначы штата ў графствах Сен-Лоўрэнс, Франклін, Клінтан, Эсекс, а таксама ў горадзе Кохоэс на захадзе штата),
- Фларыда (вялікая гаіцянская суполка ў графстве Маямі-Дэйд, а таксама маленькая суполка квебекскіх пенсіянераў).
Міжнародная значнасць
правіцьНа сённяшні дзень добра прыкметна зніжэнне частаты выкарыстання французскай мовы ў міжнародных арганізацыях. Хоць французская мова захоўвае высокі статус у свеце, выкарыстоўваецца яна ўсё менш і менш. У ААН Агенцтва Франкафоніі мае статус назіральніка з 1995 года. Тым не менш, англійская мова пераважае ў якасці рабочай мовы, нягледзячы на тое, што са 185 краін-членаў ААН 56 з'яўляюцца ўдзельнікамі Франкафоніі, і вялікая частка з іх просіць сакратарыят ААН весці зносіны з імі на французскай мове. Малое выкарыстанне французскай у многім залежыць ад умоў набору персаналу (веданне французскай не з'яўляецца неабходным патрабаваннем), перавагі англамоўнага асяроддзя, і ад бюджэтных скарачэнняў.
У ЕС французская мова з'яўляецца афіцыйнай мовай. Будучыня мовы залежыць ад таго, якое месца яна зойме ў зменлівым ЕС. Далучэнне да ЕС Фінляндыі, Аўстрыі, Швецыі яшчэ больш аслабіла пазіцыі французскай мовы, бо гэтыя краіны пераважна выкарыстоўваюць у якасці сродка зносін англійскую мову. Пашырэнне ЕС прыводзіць да немагчымасці выканання прынцыпу Рымскага дагавора аб тым, што мовы ўсіх краін-членаў з'яўляюцца афіцыйнымі мовамі ЕС[6].
Вядомы французскі лінгвіст Р. Шадэнсон (фр.: Robert Chaudenson) выказаў радыкальную прапанову: захаваць тры рабочыя мовы — англійскую, французскую і нямецкую. На думку былога прэм'ер-міністра Францыі Жаспена: «унутры ЕС захаванне моўнай разнастайнасці з'яўляецца адной з найважнейшых задач. Іменна ад таго, якое месца зойме французская мова ў Еўропе, залежыць тое, наколькі яна захавае сваю прывабную сілу ў свеце. Ні адна мова не можа стаць адзінай мовай зносін у інстытутах ЕС. Іменна таму Францыя вядзе працу, накіраваную на ўзмацненне выкарыстання французскай як рабочай мовы».
Алфавіт
правіцьФранцузскі алфавіт створаны на аснове лацінскага пісьма. У алфавіце 26 літар, 5 дыякрытычных знакаў і 2 лігатуры, якія агулам утвараюць 42 сімвалы.
Літара | Французскае вымаўленне (МФА) | Літара | Французскае вымаўленне (МФА) | |
---|---|---|---|---|
A a | ɑ | N n | ɛn | |
B b | be | O o | o | |
C c | se | P p | pe | |
D d | de | Q q | ky | |
E e | œ | R r | ɛr | |
F f | ɛf | S s | ɛs | |
G g | ʒe | T t | te | |
H h | aʃ | U u | y | |
I i | i | V v | ve | |
J j | ʒi | W w | dubləve | |
K k | kɑ | X x | iks | |
L l | ɛl | Y y | igrɛk | |
M m | ɛm | Z z | zɛd |
Літары з дыякрытыкай: Àà Ââ Çç Èè Éé Êê Ëë Îî Ïï Ôô Ùù Ûû Üü Ÿÿ. Замена літары з дыякрытыкай на літару без дыякрытыкі дапускаецца толькі для вялікіх літар; напісанне малой літары без дыякрытыкі з'яўляецца арфаграфічнай памылкай.
Лігатуры: Ææ Œœ. Літары k, w і лігатура æ (рэдкая і факультатыўныя) выкарыстоўваюцца толькі ў замежных словах. Пры ўпарадкаванні дыякрытычныя знакі не ўлічваюцца (за выключэннем слоў, якія адрозніваюцца толькі імі).
Дыялекты французскай мовы
правіцьГрупы французскіх дыялектаў[7][8]:
- паўночная група: нармандскі, пікардскі, а таксама валонскі дыялект (Бельгія);
- заходняя група: анжуйскі, гало ды інш.;
- паўднёва-заходняя група: пуацевінскі ды інш.;
- цэнтральныя дыялекты: турэнскі, арлеанскі, берыйскі;
- паўднёва-ўсходняя група: бургундскі, франш-канційскі;
- усходняя група: латарынгскі, шампанскі дыялекты;
- франка-правансальскія гаворкі (пераходныя паміж гаворкамі ойль і аксітанскімі).
У аснову літаратурнай французскай мовы лёг франсійскі дыялект (Іль-дэ-Франс).
Сёння на тэрыторыі Францыі назіраецца распад дыялектаў і ўтварэнне рэгіянальных варыянтаў французскай мовы[7].
Прыклады французскіх рэгіяналізмаў:
- у Канадзе і Швейцарыі замест moufle (рукавічка) кажуць mitaine;
- у Канадзе пра нешта надзвычай дарагое кажуць dispendieux, а замест англійскага запазычання week-end (выхадныя) ужываюць fin de semaine;
- у французскай Нармандыі замест poignée de porte (дзвярная клямка) могуць сказаць clenche, замест serpillière (анучка для падлогі) — toile, замест à midi (апоўдні) — ce midi або dans l'heure de midi і г. д.;
- у французскай Пікардыі замест той жа serpillière (анучка для падлогі) можна пачуць wassingue, якую ў Швейцарыі назавуць panosse, а ў Канадзе — moppe (англіцызм) ці vadrouille;
- на поўдні Францыі замест emballer (запакаваць) ці envelopper (завярнуць) скажуць plier.
Існуюць таксама нацыянальныя варыянты французскай мовы ў Бельгіі (валонскі дыялект), Швейцарыі, Канадзе, а таксама некаторыя (у асноўным, фанетычныя ды лексічныя) адметнасці ў краінах Афрыкі.
У Луізіяне (ЗША) і на Гаіці, а таксама на Малых Антыльскіх і Маскарэнскіх астравах на аснове французскай мовы склаліся крэольскія мовы.
Адметнасці французскай мовы
правіцьУ французскай мове ярка выражаныя многія агульныя рысы раманскіх моў.
- У фанетыцы і фаналогіі
- рэдукцыя ненаціскных (асабліва канцавых) галосных
- змены націскных галосных
- падзенне інтэрвакальных і канцавых зычных
- спрашчэнне груп галосных
- агульнае скарачэнне даўжыні слова
Вакалічная сістэма характарызуецца супрацьстаўленнем галосных па пад'ёме (адкрытыя і закрытыя [е] ды [о]), рада (пярэдні ды задні [а]), лабіялізацыі, назалізацыі, адсутнасцю дыфтонгаў, пазіцыйнай даўжынёй галосных.
Кансанантная сістэма бяднейшая за іншыя раманскія мовы (менш палаталізаваных фанем, адсутнасць афрыкат).
Фанемы вызначаюцца трываласцю дыферэнцыйных прызнакаў, у рэалізацыі — выразнай артыкуляцыяй, адносна невялікімі пазіцыйнымі зменамі.
У французскай мове аксітанальны націск (падае на апошні склад слова, а дакладней, фанетычнага слова). Адметнасць французскага маўлення — утварэнне адзінага фанетычнага слова з агульным націскам з граматычных груп.
- Марфалогія
Большая схільнасць французскай мовы да аналітычнага тыпу праяўляецца ў аналітычных формах складаных часоў (passé composé, passé immédiat, future immédiat, plus-que-parfait, passé antérieur, futur antérieur), станаў, ступеней параўнання. Праяўляецца тэндэнцыя да марфалагічнай нязменнасці слова. Адпаведна, такія граматычныя значэнні як род, лік, склон выражаюцца з дапамогай сінтаксісу; часта ўжываюцца службовыя словы (3 віды артыкляў, дэтэрмінатывы (займеннікавыя прыметнікі) mon, ce і г.д., прыдзеяслоўныя займеннікі je, tu, il і г.д., побач з самастойнымі займеннікамі moi, toi, lui).
Сістэму дзеяслова ўтвараюць 4 лады, 3 станы і разгалінаваная сістэма часавых форм, якія выражаюць а) значэнні абсалютнага і адноснага часу, б) актуальнасць дзеяння (passé simple — passé composé) в) абмежаванасць дзеяння ў часе (passé composé — imparfait).
- Сінтаксіс
У сінтаксісе французская мова характарызуецца наступнымі тэндэнцыямі:
- двухсастаўнасць сказа,
- дзеяслоўнасць выказніка,
- шырокае выкарыстанне канструкцый S-V-O,
- сцяжэнне сінтаксічных груп,
- фіксаваны і прагрэсіўны парадак слоў.
- Лексіка
Базавы лексічны фонд складаюць словы лацінскага паходжання (акрамя таго, з літаратурнай лацінскай мовы былі запазычаны многія словаўтваральныя мадэлі і сінтаксічныя звароты), а таксама пэўная колькасць гальскіх (гальскі субстрат) і франкскіх слоў (франкскі суперстрат).
Таксама ў французскай мове шмат запазычанняў з арабскай, англійскай, італьянскай, іспанскай і іншых раманскіх моў. Колькасць запазычанняў у размоўнай французскай мове (прыблізна 35 000 слоў) ацэньваюць у 13 % (гэта 4200 слоў). Рэйтынг запазычанняў выглядае наступным чынам[9]:
- 1054 слоў — англіцызмы
- 707 — італьянізмы
- 550 — старагерманізмы
- 481 — словы з былых гала-раманскіх моў
- 215 — арабізмы
- 164 — германізмы
- 160 — словы з мёртвай кельцкай мовы
- 159 — іспанізмы
- 153 — галандызмы
- 112 слоў з персідскай мовы і санскрыту
- 101 слова з моў амерыканскіх індзейцаў
- 89 слоў азіяцкага паходжання
- 56 слоў афра-азіяцкага паходжання
- 55 слоў славянскага і балцкага паходжання
- 144 слоў з іншых моў.
Адметнай рысай французскай лексікі з'яўляюцца так званыя этымалагічныя дублеты, у асноўным лацінскага паходжання. Гэта словы, якія паходзяць з аднаго кораня, але адно з іх, размоўнае, у выніку моўнай эвалюцыі дэфармавалася, а другое, «навуковае», было запазычана ў адукаваных колах у «чыстым» выглядзе. Сярод этымалагічных дублетаў пераважаюць пары «размоўны» назоўнік / «навуковы» прыметнік, напрыклад:
- mère / maternel,
- frère / fraternel,
- cheveu / capillaire,
- foi / fidèle,
- froid / frigide,
- œil / oculaire,
- sûreté / sécurité і г. д.
Пісьмовая французская мова
правіцьФранцузская пісьменнасць грунтуецца на лацінскім алфавіце, да якога дадалі лігатуры і дыякрытычныя знакі.
Пісьмовая форма значна адрозніваецца ад вуснай і вызначаецца схільнасцю да іншага, сінтэтычнага, моўнага тыпу[7]. Гэта звязана з тым, што правапіс французскіх слоў, у асноўным, грунтуецца на гістарычным прынцыпе, а развіццё французскай мовы з 5 ст. характарызавалася пераходам ад сінтэтычнага (класічная лацінская мова) да аналітычнага моўнага тыпу.
Гісторыя французскай мовы
правіцьГісторыя французскай мовы пачынаецца з заваявання Галіі рымскімі войскамі пад камандаваннем Юлія Цэзара ў 58-50 гг. да н.э. У той час насельніцтва Галіі складалі шматлікія кельцкія плямёны, якія размаўлялі на розных мовах. Пасля захопу Галіі пачынаецца доўгі працэс раманізацыі гэтага края, у выніку чаго лацінская мова была прынята галамі. Падчас раманізацыі лацінская мова моцна змянілася. У першую чаргу, гэта закранула яе фанетычную і граматычную сістэмы. Мяркуюць, што найстаражытнейшым тэкстам на romana lingua, старафранцузскай мове, з'яўляюцца «Страсбургскія клятвы» (842)[10]. Першае сведчанне існавання «раманскай мовы» адносіцца да 813 года, калі падчас Турскага сінода епіскапам раяць чытаць пропаведзі на народнай мове, бо іначай іх не разумеюць прыхаджане. Першы мастацкі тэкст на старафранцузскай мове — «Секвенцыя аб святой Еўлаліі» (880—881), у якой бачаць вялікі ўплыў пікардска-валонскай гаворкі[11].
- Адметнасці старафранцузскай мовы
У параўнанні з сучаснай для старафранцузскай характэрна
- 2 склоны назоўнікаў,
- радзейшае ўжыванне прыдзеяслоўных займеннікаў,
- больш свабодны парадак слоў і г. д.
- Перыядызацыя французскай мовы
- V—VIII стст.: гала-раманскі перыяд
- IX—XIII стст.: старафранцузскі перыяд
- XIV—XV стст.: сярэднефранцузскі перыяд
- XVI ст.: ранненовафранцузскі перыяд
- XVII—XVIII ст.: класічны новафранцузскі перыяд
- XIX — наш час: сучасны перыяд
- Найважнейшыя падзеі ў гісторыі французскай мовы
- 8 ст.: «Райхенаўскія глосы» , адзін з першых пісьмовых помнікаў французскай мовы;
- 813 год: Турскі сінод;
- 842 год: «Страсбургскія клятвы», першы звязны тэкст на французскай мове;
- 16 ст.: фарміраванне агульнанацыянальнай мовы
- 1539 год: каралеўскім указам Віле-Катрэ французская мова прызнаецца афіцыйнай мовай дзяржавы (а дакладней, мовай справаводства, навукі і г. д.)
- 17 ст.: кадыфікацыя літаратурнай французскай мовы
- 20 ст.: значнае разыходжанне паміж літаратурным і гутарковым маўленнем.
Знакавыя мастацкія творы на французскай мове
правіць- Песня пра Раланда (фр.: La Chanson de Roland)
- Раман пра Ліса (фр.: Le Roman de Renart)
- рыцарскія раманы Крэцьена дэ Труа (фр.: Chrétien de Troyes)
- Гарганцюа і Пантагруэль (фр.: La vie très horrifique du grand Gargantua, père de Pantagruel) Франсуа Рабле
- Абарона і ўхваленне французскай мовы (фр.: Défense et illustration de la langue française) Жаашэна дзю Беле
Зноскі
правіць- ↑ Па ацэнцы "Этналога" на 2012 год. Гл. Французская мова // Этналог (англ.)
- ↑ Французская мова ў свеце 2014 Архівавана 11 кастрычніка 2017., даклад La Francophonie. (англ.)
- ↑ Рэйтынг моў па колькасці носьбітаў // Этналог (англ.)
- ↑ UNESCO Atlas of the World's Languages in Danger
- ↑ https://en.wal.unesco.org/languages/standard-french / UNESCO Праверана 21 мая 2023.
- ↑ Treaty of Rome to build a European Economic Community . Архівавана з першакрыніцы 24 ліпеня 2007. Праверана 26 снежня 2014.
- ↑ а б в Гак В. Г. Французский язык // Лингвистический энциклопедический словарь. 1990. С. 562—563.
- ↑ Реферовская и др. Французский язык // Языки мира: Романские языки. С. 198.
- ↑ Henriette Walter, Gérard Walter, Dictionnaire des mots d'origine étrangère, 1998.
- ↑ Реферовская и др. Французский язык // Языки мира: Романские языки. С. 203.
- ↑ Шишмарёв В.Ф. Книга для чтения по истории французского языка IX-XV вв. — М.-Л.: Изд-во АН СССР, 1955. — С. 22.
Літаратура
правіць- Гак В. Г. Французский язык // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: «Советская энциклопедия», 1990. — С. 562—563 (на партале Philology.ru)
- Французская мова // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16. — С. 461. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0263-6 (Т. 16).
- Реферовская Е. А., Бокадорова Н. Ю., Гулыга О. А., Челышева И. И. Французский язык // Языки мира: Романские языки. — М.: Academia, 2001. — С. 194--249. — ISBN 5-87444-016-X.
- Rapport 1997—1998 du Haut Conseil de la Francophonie, «État de la francophonie dans le monde», La Documentation française, 1999
Спасылкі
правіць- Французская мова ў свеце 2014 Архівавана 11 кастрычніка 2017., даклад La Francophonie, апублікаваны 5 лістапада 2014. (англ.)
- Французская мова // Этналог. (англ.)