Мастацкі твор — апісальны або інфарматыўны твор мастацтва, які часткова альбо цалкам апісвае аб’екты ці падзеі, якія не з’яўляюцца рэальнымі, а вынайдзены і прыдуманы аўтарам[1][2][3]. Да мастацкіх твораў адносяцца творы літаратуры, тэатра і кіно. Мастацкія творы адрозніваюць ад дакументальных фільмаў ці кніг, як і біяграфічных або гістарычных твораў, якія маюць справу з рэальнымі або, па меншай меры, прынятымі за рэальнасць падзеямі, апісаннямі і назіраннямі.

Ілюстрацыя з рамана «Алісіны прыгоды ў дзівоснай краіне» Льюіса Кэрала, якая паказвае прыдуманы персанаж, што гуляе ў фантастычную гульню ў крыкет.

Прыдуманае правіць

Найважнейшай характарыстыкай мастацкай літаратуры з’яўляецца тое, што апісваюцца прыдуманыя падзеі з прыдуманымі людзьмі (ці хаця б адно з двух). Такія падзеі ў рэальным свеце маглі не адбывацца, такіх людзей магло не існаваць, апісаныя месцы можна не адшукаць на мапе. Выдумка мастацкага твора заўсёды дапаўняецца выдумкай чалавека, які ўспрымае мастацкі твор. Напрыклад, успрыманне карціны Роя Ліхтэнштайна «Oh, Jeff… I Love You, Too… But…» немагчыма без стварэння гледачом вобраза Джэфа, якога на самай карціне бракуе.

У тэорыі фантастычнасць і рэалізм з’яўляюцца тэрмінамі, якія паказваюць на долю выдуманага і фактычнага ў прыдуманым апавяданні. Апавяданне лічыцца фантастычным, калі мае вельмі высокую долю прыдуманых элементаў. Творы ў стылі фэнтэзі ці фантастыкі з’яўляюцца мастацкімі творамі з высокім працэнтам прыдуманага, у той час як апавяданне лічыцца рэалістычным, калі падабенства выдуманага свету да рэальнага вельмі высокае, а частка выдуманага ў ім нязначная. Рэалізм не абавязкова звязаны з эпохай рэалізму або рэалістычным стылем. Блытаніна адпаведных значэнняў часцяком вядзе да блытаніны адносна сэнсу «рэалістычнасці» і «фантазіі».

Такія літаратурныя персанажы, як Дон Кіхот з рамана «Дон Кіхот» Мігеля Сервантэса, з’яўляюцца цалкам выдуманымі. Няма надзейных крыніц, якія б сведчылі пра ягонае існаванне. Іншая справа з такімі персанажамі, як Напалеон у рамане Віктора Гюго «Адрынутыя». Напалеон з рамана адпавядае сваёй біяграфіі, мае адпаведны знешні выгляд і ўчынкі, якія здзяйсняў сапраўдны Напалеон, гісторыя жыцця якога досыць падрабязна задакументаваная. Магчыма, што фактычныя персанажы мастацкіх твораў ажыццяўляюць выдуманыя ўчынкі. Паколькі тоеснасць рэальнага і фіктыўнага чалавека можа быць выведзена толькі з пэўнага біяграфічнага матэрыялу, такая сітуацыя з’яўляецца даволі складанай справай, аднак гэта не рэдкасць. Напрыклад, у «Сімфоніі Напалеона» Энтані Бёрджэса сустракаецца эпізод размовы за сталом сям’і Банапартаў. Гэтая гутарка выдумана, але яна ўсё ж служыць для ілюстрацыі і крытыкі гістарычнага Напалеона і яго ўчынкаў.

У мастацкіх творах сустракаюцца як выдуманыя, так і нявыдуманыя месцы. Гэтак горад Мідлмарч у рамане Джордж Эліят — прыдуманы, у той час як Парыж у рамане «У пошуках страчанага часу» Марселя Пруста адпавядае рэальнаму Парыжу. Часта выдумка пераплятаецца з рэальнасцю, напрыклад, у фактычных месцах могуць малявацца выдуманыя вуліцы. У рамане Пруста Парыж не прыдуманы, але ж гарадок Бальбэк — фікцыя.

Зноскі

  1. Sageng, Fossheim, & Larsen (eds.) (2012). «The Philosophy of Computer Games». Springer Science & Business Media. С. 186—187. ISBN 9400742487
  2. William Harmon and C. Hugh Holman. «A Handbook to Literature» (7th edition). New York: Prentice Hall, 1990. — С. 212.
  3. «La fiction». Fabula, la recherche en littérature.

Спасылкі правіць