Клецкі гісторыка-этнаграфічны музей

Дзяржаўная ўстанова «Музей гісторыі Клеччыны» — музей гісторыі горада Клецка і Клецкага раёна. Знаходзіцца на вуліцы Гагарына, 6[1].

Клецкі гісторыка-этнаграфічны музей
Месцазнаходжанне
Адрас Мінская вобласць, г. Клецк, вул. Гагарына, 6
kletsk.museum.by/be

Гісторыя

правіць

Першыя прапановы аб арганізацыі ў Клецку гісторыка-краязнаўчага музея былі зроблены энтузіястамі у канцы 1950-х гадоў. Ініцыятарамі сталі супрацоўнік міліцыі Васіль Абрамовіч, настаўнік геаграфіі Дарафей Чорны і дырэктар Клецкай школы Анатоль Фінскі. Матэрыялы збіраліся школьнікамі, сябрамі таварыства «Юны краязнаўца», падчас турыстычных паходаў і вандровак па раёну. У 1961 годзе ў Клецкай школе была адкрыта першая музейная экспазіцыя. Праз нейкі час побач са школай пачалося будаўніцтва асобнага памяшкання для музея, узорам для якога стаў паляўнічы домік з палацава-паркавага комплекса Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі. Будаўніцтва ішло амаль 10 гадоў.

1 верасня 1979 года школьны музей пасля пераезду ў новы будынак атрымаў статус дзяржаўнага, а 1 кастрычніка 2005 года рэарганізаваны ў Дзяржаўную ўстанову «Музей гісторыі Клеччыны»[2].

Асновай археалагічнай калекцыі сталі прадметы, знойдзеныя падчас раскопак 1986—1990 гадоў пад кіраўніцтвам В. С. Пазднякова. Найбольш каштоўныя экспанаты: жалезнае пісала XI ст., калекцыя жалезных і бронзавых фібул Х-ХІ стст., пярсцёнак-сігнет з выявай грыфона XII ст., візантыйская амфара ХІІ стагоддзя, калекцыя кафлі XVI—XVIII стст.

У нумізматычную калекцыю ўваходзяць манеты Рэчы Паспалітай XVII—XVIII стст., Расійскай імперыі XVIII — пач. ХХ стст., еўрапейскіх краін ХХ ст. Самыя старажытныя манеты гэтай калекцыі — паўгрошы літоўскія (1492—1506) і рыжскі шылінг 1541 года. Уяўляюць цікавасць боны Клецкага гарнізона Корпуса аховы памежжа, якія выпускаліся для польскіх вайскоўцаў у 1920-я — 1930-я гг.

Самы старадаўні экспанат калекцыі «Дакументы» — арыгінал граматы караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІ ад 9 студзеня 1746 года. Сабрана вялікая колькасць дакументаў перыяда ўваходжання Клеччыны ў склад Польскай Рэспублікі (1921—1939) і нямецкай акупацыі (1941—1944).

У калекцыі «Друкаваныя выданні» найбольш каштоўнымі з’яўляюцца царкоўная праваслаўная літаратура канца ХІХ — пач. ХХ стст., друкаваны Каран (меркавана 1800 года выдання, Асманская імперыя), падручнікі канца ХІХ — першай паловы ХХ стст. Сярод іх — падручнік для чытання па-арабску, выдадзены Польскім муфтыятам; падручнік Б. Тарашкевіча «Беларуская граматыка. Выданьне шостае».

У калекцыі «Рукапісы» — рукапісны Каран на арабскай мове, 1817 года, фрагмент Світка Торы, ХІХ ст.

У ліку каштоўных прадметаў калекцыі «Фотадакументы» — гэта арыгінальны здымак удзельнікаў І з’езда салдацкіх і працоўных дэпутатаў арміі і тыла Заходняга фронта, які праходзіў у Мінску ў 1917 годзе; рэдкі арыгінальны фотапартрэт акадэміка Яўхіма Фёдаравіча Карскага — выбітнага беларускага філолага, палеографа і этнографа, які падарожнічаў па Клеччыне падчас працы над новым томам свайго трохтомніка «Беларусы»; арыгінальны фотапартрэт князя Антонія Вільгельма Радзівіла (1833—1904), ад’ютанта трох нямецкіх імператараў, генерала прускай арміі, XVI нясвіжскага і ХІІ клецкага ардыната; фатаграфіі, зробленыя клецкімі фатографамі (1910-х — 1930-х гг.); фатаграфіі касцёла Святой Тройцы, пабудаванага ў сярэдзіне XIV ст. і разбуранага ў 1950-х гг.

Нямала цікавых і ўнікальных прадметаў калекцыі «Прадметы побыту і этнаграфіі», ганчарныя вырабы майстроў вёсак Сіняўка і Ганявічы («сіняўская кераміка»).

Царкоўнае начынне, адзенне святароў з цэркваў Клецкага раёна, якія ў пачатку 1960-х гадоў былі знішчаны. Элементы малітоўнага ўбору іўдзеяў (тфіліны) і мяшочкі для захоўвання рытуальных прыладаў.

Зноскі

Спасылкі

правіць