Клешаўскае радовішча пяскоў

Кле́шаўскае радо́вішча пяско́ў  — радовішча за 3,5 км на паўночны захад ад в. Клешаў Слуцкага раёна. Лінзападобны паклад звязаны з флювіягляцыяльнымі адкладамі часу адступання сожскага ледавіка. Разведаныя запасы 1,55 млн. м³[1].

Пяскі жоўтыя, буравата-шэрыя, пераважна тонка- і сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя, з лінзамі суглінкаў і пясчана-жвіровага матэрыялу; жвіру буйней за 5 мм у іх 5—10 %, гліністых і пылаватых часцінак 2—5 %. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,8—13,7 м, ускрышы да 0,3 м. Карысная тоўшча падсцілаецца суглінкамі і пясчана-жвіровай пародай. Пяскі прыдатныя для будаўнічых работ. Радовішча не распрацоўваецца[1].

Зноскі

  1. а б Клешаўскае радовішча пяскоў // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984. — 588 с., іл. — 10 000 экз.

Літаратура правіць