Кварц
Кварц (ням.: Quarz) — прыродны і штучны мінерал, адзін з самых распаўсюджаных у зямной кары, пародаўтваральны мінерал большасці магматычных і метамарфічных парод. Хімічная формула: SiO2.
Кварц | |
---|---|
Крышталь кварца | |
Формула | SiO2 |
Сінгонія | трыганальная |
Колер | Карычневы, бясколерны, фіялетавы, шэры, жоўты |
Колер рысы | Белая |
Бляск | Шкляны, у суцэльных масах часам тлусты |
Цвёрдасць | 7 |
Спайнасць | недасканалая |
Злом | ракавісты |
Шчыльнасць | 2,6—2,65 г/см³ |
Паказчык пераламлення | 1,544 |
Апісанне
правіцьШчыльнасць кварцу 2,6—2,65 г/см³, тэмпература плаўлення прыблізна 1470 °C[1]. Цвёрдасць 7 адзінак па шкале Моаса. Кварц хімічна ўстойлівы, празрысты да ультрафіялетавага і часткова інфрачырвонага выпраменьвання, валодае нелінейнымі аптычнымі і электронна-аптычнымі ўласцівасцямі.
Крышталі нарослыя або ўрослыя, часта ўтвараюць зросткі-друзы. Трапляюцца зерні, агрэгаты і суцэльныя масы. Крышталі маюць форму шасціграннай прызмы, увемчанай з аднаго або абодвух канцоў шасці- ці трохграннай пірамідай. У напрамку да вяршыні крышталь звужваецца. Грані прызм пакрыты папярочнай штрыхоўкай.
Крышталічныя мадыфікацыі: трыганальная (α-кварц, устойлівы ніжэй 573 °C) і гексаганальная (β-кварц, устойлівы вышэй 573 °C).
Колер разнастайны: бясколерны кварц — горны крышталь, фіялетавы — аметыст, дымчаты — раўхтапаз, чорны — марыён, залацісты — цытрын і інш. Бляск шкляны. Крохкі. Мае моцныя п’езаэлектрычныя ўласцівасці.
Распаўсюджванне ў прыродзе
правіцьПаходжанне пераважна эндагеннае. Свабоднае ўтрыманне кварцу ў зямной кары каля 12 %. Уваходзіць у склад іншых мінералаў у выглядзе сумесяў і сілікатаў. На Беларусі шматлікія радовішчы кварцавых пяскоў.
Выкарыстанне
правіцьКварцавыя пяскі і кварцыты выкарыстоўваюцца ў керамічнай і шкляной прамысловасці, монакрышталі кварцу — для вырабу п'езаэлектрычных прылад, лінзаў ультрафіялетавай оптыкі, прызмаў спектрометраў, кварцавага шкла і інш. Афарбаваныя разнавіднасці кварцу выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
Літаратура
правіць- Бардон У. Кварц // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
- Мінералы, горныя пароды і глебы роднага краю: Кн. для настаўніка / У. Фядотаў, А. Цытленак. — Мн.: Нар. асвета, 1987. — 109, [2] c.
- Физический энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. А. М. Прохоров. Ред. кол. Д. М. Алексеев, А. М. Бонч-Бруевич, А. С. Боровик и др. — М.: Советская энциклопедия, 1983. — С. 279. — 928 с. — 100 000 экз.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кварц
- Пра кварц (руск.)
- Кварц у базе webmineral.com (англ.)
- Кварц і яго разнавіднасці (руск.)
- Кварц у базе catalogmineralov.ru