Княжацкі церам (Полацк)
Княжацкі церам — колішні палац полацкіх князёў, які існаваў у Полацку ў XII—XVI стст.
Пабудаваныя ў паўночнай частцы полацкага дзядзінца ў трэцяй чвэрці XII ст., найверагодней, разам з царквой Архангела Міхаіла[1]. Відаць, у XVI ст. ўваходзілі ў палацавы комплекс полацкага намесніка. Рэшткі выяўленыя выпадкова адкрыты падчас пракладкі вадаправоднай траншэі ў 1976 г. У 1976—1977 гг. П. А. Рапапортам былі праведзены раскопкі помніка[1]. Захаваліся падмурак і частка цаглянай сцяны.
Асноўны будынак (4,7х4,2 м) амаль квадратны ў плане, складзены з плінфы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам», з заходняга боку да яго быў прыбудаваны меншы аб'ём (2,5х2,4 м). Падмурак таўшчынёй 60—75 см (у малым памяшканні 50 см) і глыбінёй 1,8 м зроблены з камянёў на вапнавым растворы. У XIV ст. з паўночнага боку да палат прыбудаваны драўляны, з сасновых брусоў, квадратны ў плане (5,3x5,4 м) аб'ём, сцены якога ўнутры былі абмазаны глінай. У палатах знаходзіліся печы, у іх канструкцыі выкарыстаныя гаршковыя і пазней каробчатыя кафлі.
Полацкі церам меў бэлькавыя перакрыцці, некалькі паверхаў і разам з драўлянымі прыбудовамі ўтвараў маляўнічы архітэктурны выгляд.
Магчыма, выява церама змешчана на мініяцюры Радзівілаўскага летапісу, дзе згадваецца пра мор у Полацку 1092 г. У тэксце летапісу згаданы «хароміны», а на мініяцюры змешчана выява вузкага двухпавярховага будынка з дзвярамі на першым паверсе і вялікім акном на другім. Верагодна, менавіта гэты мураваны будынак (грыдніца) прызначаўся для княжацкіх сходак і піроў[1].
Бліжэйшыя аналагі яму можна знайсці ў Гародне, Чарнігаве і Смаленску. Напрыклад, княжацкія церамы ў Смаленску і Гародне былі размешчаны, як і Полацкі, на краю дзядзінца, над схілам да ракі[1].
Зноскі
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.