Ко́дэкс (лац.: codex — ствол) — звод заканадаўства ў пэўнай галіне грамадскіх адносін.

Змяшчае прававыя нормы штодзённага карыстання. Выключае патрэбу ў далейшым удакладненні ў іншых законах. Групуе прававыя прадпісанні ў агульную і асаблівую часткі, якія распадаюцца на раздзелы, падраздзелы, главы, параграфы і артыкулы[1].

Беларусь правіць

На 1992 год у Беларусі дзейнічалі такія кодэксы, як Крымінальна-працэсуальны, Крымінальны, аб працы, Грамадзянскі і аб шлюбе і сям’і[1]. У 1998 годзе пачалася замена гэтых кодэксаў Беларускай ССР на сучасныя рэдакцыі новых кодэксаў Рэспублікі Беларусь. У 2000 годзе набылі моц Банкаўскі і Выбарчы кодэксы Рэспублікі Беларусь. 2 лютага 2017 года набыў моц Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, які стаў першым выдадзеным толькі па-беларуску[2]. На ліпень 2020 года 14 з 25 кодэксаў Беларусі былі даступныя па-беларуску анлайн[3]. На 17 чэрвеня 2021 года Экспертны савет у пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову ўхваліў 9 перакладаў кодэксаў Беларусі: Кодэкс аб шлюбе і сям’і, Выбарчы, Грамадзянскі, Жыллёвы, Працоўны, Водны, Кодэкс аб зямлі, Кодэкс аб нетрах і Кодэкс аб судовым ладзе і статусе суддзяў. На той час у Экспертны савет уваходзілі прадстаўнікі дзяржаўных і прыватных ВНУ, а таксама 7 дзяржаўных органаў Беларусі: Адміністрацыі прэзідэнта, Нацыянальнай акадэміі навук, Палаты прадстаўнікоў, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства культуры, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў і Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі[4].

Крыніцы правіць

  1. а б Кодэкс // Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік / гал.рэд. Сяргей Кузьмін. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1992. — С. 286. — 636 с. — 25 000 экз. — ISBN 5-85700-087-4.
  2. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры ад 20 ліпеня 2016 г. № 413-З. Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (2 жніўня 2016). Праверана 19 ліпеня 2020.
  3. "Удасканаленне працы аўтаматызаваных сістэм па тэкстах юрыдычнай тэматыкі (14 кодэксаў па-беларуску)". Лабараторыя распазнавання і сінтэзу маўлення АІПІ НАН РБ. 11 чэрвеня 2020. Праверана 19 ліпеня 2020.
  4. "Ухвалены пераклад Воднага кодэкса на беларускую мову". Газета «Звязда». 17 чэрвеня 2021. Праверана 17 чэрвеня 2021.