Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь

былая дзяржаўная ўстанова Беларусі ў галіне абнародавання і збору прававых актаў

Нацыяна́льны цэ́нтр прававо́й інфарма́цыі Рэспублікі Белару́сь — былая[5] (да 1 ліпеня 2024) цэнтральная дзяржаўная навукова-практычная ўстанова, якая ажыццяўляе збор, улік, апрацоўку, захаванне, сістэматызацыю і актуалізацыю эталоннай прававой інфармацыі, яе распаўсюджванне (прадастаўленне), экспертна-аналітычную дзейнасць у названых сферах, а таксама афіцыйнае апублікаванне прававых актаў[6].

Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Абрэвіятура НЦПІ РБ
Краіна
Адрас г. Мінск, Маскоўскі раён, вул. Берсана, д. 1а[1]
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта апублікаванне заканадаўства Беларусі
Тып арганізацыі выканаўчая
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Заснаванне
Дата заснавання 1 кастрычніка 1997[2]
Матчыная арганізацыя Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь[3]
Папярэднік Навукова-даследчы інстытут праблем крыміналогіі, крыміналістыкі і судовай экспертызы Міністэрства юстыцыі Беларусі
ncpi.gov.by/be

Задачы

правіць

Асноўнымі задачамі НЦПІ Беларусі з’яўляюцца:

  • забеспячэнне функцыянавання і развіцця дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі;
  • утварэнне і вядзенне эталоннага банка даных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў, такіх як Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Беларусі, інфармацыйна-пошукавыя сістэмы «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE», Прававы форум Беларусі, Дзіцячы прававы сайт і аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма Нацыянальнага рэестра прававых актаў Рэспублікі Беларусь;
  • афіцыйнае апублікаванне прававых актаў;
  • правядзенне абавязковай юрыдычнай экспертызы тэхнічных нарматыўных прававых актаў, абавязковых для выканання юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі адпаведна заканадаўчым актам і пастановам Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь;
  • распаўсюджванне эталоннай прававой інфармацыі, а таксама інфармацыі правапрымяняльнага характару;
  • удзел у каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый па пытаннях збору, уліку, апрацоўкі, захавання, сістэматызацыі, актуалізацыі і распаўсюджвання (прадастаўлення) прававой інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь;
  • удзел у падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў (НПА), развіцці і ўдасканаленні юрыдычнай тэрміналогіі на рускай і беларускай мовах, яе перакладзе на замежныя мовы;
  • правядзенне навуковых даследаванняў у галіне прававой інфарматызацыі;
  • распрацоўка інфармацыйных тэхналогій, уключаючы праграмныя сродкі (праграмнае забеспячэнне), у галіне права, для забяспячэння афіцыйнага апублікавання прававых актаў, утварэння дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў і правядзення галоснага абмеркавання праектаў НПА;
  • забеспячэнне міждзяржаўнага абмену прававой інфармацыяй[7].

Структура

правіць

На 2021 год Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Беларусі ўключаў:

  • 12 упраўленняў — 1) эталоннага банка даных прававой інфармацыі, 2) абавязковай юрыдычнай экспертызы тэхнічных нарматыўных прававых актаў (ТНПА), 3) тэматычных і лакальных банкаў даных, 4) рэдакцыйна-выдавецкіх работ, 5) распаўсюджвання прававой інфармацыі, 6) прававой інфарматызацыі, 7) інфармацыйнай палітыкі і інтэрнэт-рэсурсаў, 8) арганізацыйнага і тэхнічнага забеспячэння, 9) праграмнага забеспячэння, 10) фінансава-эканамічнае, 11) прававой работы, 12) інфармацыйна-прававога і лінгвістычнага забеспячэння;
  • аддзел кадравай работы і аддзяленне інфармацыйнай бяспекі[8];
  • 6 абласных ЦПІ і ЦПІ Мінска[9].

Гісторыя

правіць

30 чэрвеня 1997 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 338 «Аб стварэнні Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь» (НЦПІ РБ). Згодна з указам Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі даручалася да 1 кастрычніка 1997 года «рэарганізаваць Навукова-даследчы інстытут праблем крыміналогіі, крыміналістыкі і судовай экспертызы Міністэрства юстыцыі шляхам вылучэння з яго Рэспубліканскага цэнтра прававой інфармацыі з пераўтварэннем гэтага цэнтра ў НЦПІ РБ»[10]. 20 ліпеня 1998 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 369 «Аб Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь» (НРПА РБ), які даручыў стварыць з 1 студзеня 1999 года. На НЦПІ Беларусі ўсклалі вядзенне рэестра. Пагатоў, пастанаўлялася «Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (НС РБ), Савету міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйнаму суду, Вярхоўнаму суду, Вышэйшаму гаспадарчаму суду, Нацыянальнаму банку, міністэрствам, іншым рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, абласным (Мінскаму гарадскому) Саветам дэпутатаў і выканаўчым камітэтам да 1 студзеня 2001 года прадставіць НЦПІ звесткі пра адпаведныя прававыя акты, якія дзейнічаюць на дзень падачы інфармацыі, і тэксты гэтых актаў для ўключэння ў НРПА РБ». У Палажэнні аб НРПА РБ прадугледжвалася, што службовыя асобы і органы, якія выдалі прававы акт, накіроўваюць яго ў НЦПІ для ўключэння ў Нацыянальны рэестр «у 3-дзённы тэрмін з дня прыняцця». Паводле 10-га артыкула Палажэння, пададзеныя ў НЦПІ прававыя акты, якія падлягаюць уключэнню ў Нацыянальны рэестр, рэгіструюцца ў ім «не пазней за 2 рабочыя дні з дня паступлення ў НЦПІ»[11].

24 ліпеня 1998 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 376 «Аб стварэнні камп’ютарнага банка даных праектаў законаў Рэспублікі Беларусь» (КБДПЗ РБ), якое даручалася «НЦПІ сумесна з Нацыянальным цэнтрам законапраектнай дзейнасці (НЦЗД) пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь да 1 студзеня 1999 года». Паводле 2-га артыкула Указа, суб’ектам права заканадаўчай ініцыятывы і іншым дзяржаўным органам і ўстановам, якія ўдзельнічаюць у заканатворчым працэсе, даручалася «забяспечыць падачу НЦПІ матэрыялаў па праектах законаў, унесеных у Палату прадстаўнікоў НС РБ пасля 4 сакавіка 1998 года». Згодна з 3-м артыкулам НЦПІ даручалася «да 15 студзеня 1999 года забяспечыць устаноўку КБДПЗ РБ у Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі НС РБ, Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь і НЦЗД пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь», а таксама ажыццяўляць яе вядзенне. Паводле 7-га артыкула Палажэння аб КБДПЗ РБ, Сакратарыяты Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі мелі накіроўваць у НЦПІ пастановы і звесткі пра разгляд законаў ад адпаведных палат Нацыянальнага сходу Беларусі, а Адміністрацыя прэзідэнта Беларусі — звесткі пра падпісанне закона і пярэчанні пры яго вяртанні прэзідэнтам[12]. 30 кастрычніка 1998 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 524 «Аб захадах удасканалення дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі». У 3-м артыкуле Указа НЦПІ даручалася «да 1 кастрычніка 1999 года стварыць у абласных цэнтрах рэгіянальныя цэнтры прававой інфармацыі па правах філіялаў НЦПІ»[13].

10 снежня 1998 года А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 22 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб афіцыйным апублікаванні і набыцця моцы прававымі актамі Рэспублікі Беларусь»[14]. У 5-м артыкуле Палажэння вызначалася, што «афіцыйнае апублікаванне прававога акту ажыццяўляецца, як правіла на беларускай і рускай мовах у адпаведнасці з падпісаным арыгіналам». Згодна з 12-м артыкулам «рашэнні рэспубліканскіх рэферэндумаў, дэкрэты прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і законы Рэспублікі Беларусь набываюць моц праз 10 дзён пасля іх афіцыйнага апублікавання». Паводле 4-га артыкула Палажэння, «афіцыйным апублікаваннем з’яўляецца давядзенне прававых актаў да ўсеагульнага ведама шляхам узнаўлення іх тэкстаў у поўнай адпаведнасці з падпісаным арыгіналам у наступных афіцыйных выданнях:

  • перыядычным друкаваным выданні НРПА РБ і яго электронным выданні;
  • газеце „Савецкая Беларусь“ (рашэнні рэспубліканскіх рэферэндумаў, дэкрэты, указы і распараджэнні прэзідэнта, узгадняемыя прэзідэнтам і ўрадам міждзяржаўныя і міжурадавыя дагаворы, пастановы пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага судоў);
  • газеце „Звязда“ (на беларускай мове законы Беларусі, пастановы Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, узгадняемыя законам міжнародныя дагаворы і рашэнні Канстытуцыйнага суда);
  • Народнай газеце“ (па-руску);
  • газеце „Рэспубліка“ (пастановы Савета міністраў, распараджэнні старшыні ўрада, НПА Нацыянальнага банка і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, міністэрстваў і іншых ведамстваў, міжведамасныя міжнародныя дагаворы);
  • перыядычных друкаваных выданнях, вызначаных… абласнымі і Мінскім гарадскім Саветамі дэпутатаў і выканаўчымі камітэтамі, мясцовымі Саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі базавага ўзроўню (НПА гэтых органаў і рашэнні абласных, раённых і гарадскіх рэферэндумаў)»[15].

На 31 снежня 1998 года Электронная база даных прававой інфармацыі (ЭБДПІ) змяшчала звыш 22 000 дакументаў, у тым ліку ўсе НПА прэзідэнта, органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады з 1975 года ўключна з усімі кодэксамі Беларусі ў дзеючай рэдакцыі[16]. 4 студзеня 1999 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 1 «Аб зацвярджэнні Адзінага прававога класіфікатара Рэспублікі Беларусь»[17], вядзенне і выданне якога даручалася НЦПІ. Класіфікатар падзяляўся на 10 частак: 1) «Заканадаўства пра дзяржаўны лад»; 2) «Грамадзянскае заканадаўства»; 3) «Заканадаўства пра фінансава-крэдытны лад»; 4) «Заканадаўства пра гаспадарча-эканамічную дзейнасць»; 5) «Сацыяльнае заканадаўства»; 6) «Заканадаўства ў галіне грамадскіх адносін, адукацыі, навукі і культуры»; 7) «Заканадаўства пра ахову навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў»; 8) «Заканадаўства ў галіне абароны, нацыянальнай бяспекі, праваахоўнай дзейнасці, адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Працэсуальнае і выканаўчае права»; 9) «Заканадаўства ў галіне міжнародных адносін»; 10) «Прававыя акты індывідуальнага прымянення»[18].

1 чэрвеня 2001 года на сеціўным вузле НЦПІ размясцілі вэб-старонку Гаспадарчага суда Мінска[19]. 16 снежня 2002 года А. Лукашэнка падпісаў Указ «Аб Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь…», увядзенне якога ў дзеянне меў забяспечыць НЦПІ да 1 студзеня 2004 года. Паводле 4-га артыкула Палажэння аб Нацыянальным прававым партале, НЦПІ меў ажыццяўляць на ім афіцыйнае апублікаванне прававых актаў, уключаных у Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Сярод іншага, 10-м артыкулам Палажэння прадугледжвалася «прадстаўленне інфармацыі на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь, а таксама на англійскай мове»[20]. У 2002 годзе ў ЭБДПІ ўвялі 4901 прававы акт, у выніку чаго банк даных на 31 снежня налічваў 41 910 прававых акта. За 2002 год у Нацыянальны рэестр прававых актаў (НРПА) уключылі 5819 прававых актаў, у выніку на канец год той налічваў 31 555 дакументаў. Таксама за 2002 год выйшлі 144 нумары НРПА. У снежні 2002 года НЦПІ разам з абласнымі ЦПІ абслугоўваў 2544 электронныя копіі ЭБДПІ, усталяваныя ў 1411 карыстальнікаў[21].

14 верасня 2003 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 409, якім абавязаў НЦПІ перадаць у 2004—2005 гадах копіі ЭБДПІ Міністэрству па падатках і зборах Беларусі[22]. За 2003 год лік публічных ЦПІ пры бібліятэках павялічылі ўдвая да 140[23]. 1 кастрычніка 2006 года на кампакт-дыску выпусцілі банк даных «Кодэксы Рэспублікі Беларусь», у якой змясцілі Канстытуцыю Беларусі і ўсе 23 кодэксы[24]. 23 жніўня 2008 года пачаў дзейнасць Дзіцячы прававы сайт[25]. 30 снежня 2010 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 712 «Аб удасканаленні дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь». Паводле 2-га артыкула Указа, прадпрыемствы абавязалі «ажыццяўляць дзейнасць па распаўсюджванні прававой інфармацыі пры ўмове заключэння з НЦПІ дагавора»[26].

24 лютага 2012 года А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 3 «Аб некаторых пытаннях апублікавання і ўваходжання ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь», які набыў моц 1 ліпеня 2012 года[27]. Паводле 1-га артыкула Дэкрэта, Нацыянальны прававы партал стаў адзіным абавязковым месцам апублікавання прававых актаў з НРПА Беларусі. У выніку спынілася рэгулярнае апублікаванне заканадаўства па-беларуску ў газеце «Звязда»[28]. 1 ліпеня 2012 года НЦПІ стварыў у інфармацыйна-пошукавай сістэме «ЭТАЛОН» базу даных «Тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты», якая налічвала звыш 1600 дзеючых актаў[29]. 2 студзеня 2014 года ў інфармацыйна-пошукавай сістэме «ЭТАЛОН-ONLINE» размясцілі базу даных «Прававыя акты БССР», якая змяшчала звыш 3500 актаў заканадаўчых і выканаўчых органаў 1919—1991 гадоў. Сярод іх у свабодны доступ выклалі 27 кодэксаў БССР і Расійскай СФСР 1918—1991 гадоў. Базу даных стварылі пры падтрымцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі[30].

24 лістапада 2014 года сістэма «ЭТАЛОН-ONLINE» займела функцыю «Перакладчык» для машыннага перакладу тэксту дакумента з рускай мовы на беларускую[31]. 15 чэрвеня 2015 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 243 аб падачы ТНПА ў НЦПІ толькі ў электронным выглядзе са студзеня 2015 года[32]. 17 жніўня 2015 года НЦПІ дамогся знішчэння 15 000 асобнікаў Правіл дарожнага руху (ПДР), выдадзеных мінскім прадпрыемствам без дагавора з НЦПІ, які патрабаваўся паводле Указа 2010 года № 712. У выніку страты прадпрыемства перавысілі 500 млн рублёў (30 000 долараў), а спагнанне склала 90 млн рублёў (5500 $)[33]. У 2016 годзе выявілі яшчэ 5 выдаўцоў ПДР без дагавора і з памылкамі[34].

5 красавіка 2016 года разам з Беларускім дзяржаўным інстытутам стандартызацыі і сертыфікацыі запусцілі платформу «ЭТАЛОН-Стандарт», якая ўтрымлівала звыш 200 000 дзяржаўных стандартаў і міжнародных тэхнічных рэгламентаў, а таксама тэхнічных законаў і міжнародных дагавораў[35]. 11 ліпеня 2016 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 261, якім дазволіў установам змяшчаць на сваіх сайтах 5 прававых актаў без дагавора з НЦПІ. Таксама дзяржаўныя ўстановы мелі карыстацца сродкамі НЦПІ ў адміністрацыйных працэдурах. На снежань 2016 года Нацыянальны рэестр прававых актаў налічваў звыш 190 000 прававых актаў, а штодня ўлічвалі каля 70 новых. Эталонны банк даных прававой інфармацыі (ЭБДПІ) налічваў каля 200 000 прававых актаў і міжнародных тамоў. Нацыянальны прававы партал меў 280 000 наведнікаў штомесяц, а Прававы форум Беларусі — 36 000. Агулам НЦПІ стварыў звыш 200 банкаў даных, у тым ліку на звыш 12 000 дакументаў правапрымянальнай практыкі і звыш 16 700 — судовай практыкі. У супрацы з Беларускім дзяржаўным універсітэтам у сістэмах «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE» на больш як 80 000 руска-беларускіх перакладаў слоў павялічылі моўную базу для аўтаперакладу тэкстаў НПА[36].

26 студзеня 2017 года ў Еўразійскім нацыянальным універсітэце, што ў Астане (Казахстан), адкрылі 16-ы замежны цэнтр доступу да беларускага заканадаўства[37]. За 2016 год у НРПА дадалі звыш 10 000 прававых актаў. На верасень 2017 года агульны лік дакументаў ва ўсіх базах НЦПІ перавышаў 270 000, з іх каля 210 000 (78 %) уваходзілі ў Эталонны банк даных прававой інфармацыі (ЭБДПІ)[38]. На 1 кастрычніка 2017 года дзейнічала каля 700 цэнтраў прававой інфармацыі на базе бібліятэк у кожным раёне Беларусі. Яшчэ 20 такіх цэнтраў працавала за мяжой[39]. 12 красавіка 2018 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 135 «Аб абавязковай юрыдычнай экспертызе тэхнічных нарматыўных прававых актаў», якую даручыў праводзіць НЦПІ[40]. На снежань 2018 года вэб-старонкі НЦПІ мелі да 1,5 млн праглядаў за месяц[41].

1 сакавіка 2019 года А. Лукашэнка даручыў стварыць пры НЦПІ Экспертны савет па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову. 23 ліпеня ў склад Экспертнага савета ўвайшлі прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Палаты прадстаўнікоў Беларусі, Міністэрства юстыцыі Беларусі і Міністэрства культуры Беларусі, НЦПІ і Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, ВНУ і грамадскіх аб’яднанняў. На пасяджэнні 10 кастрычніка 2019 года пераклад Кодэкса Беларусі аб шлюбе і сям’і ўхвалілі для размяшчэння на Нацыянальным прававым партале Беларусі. Прававую тэрміналогію спраўдзілі супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа[42]. 5 лістапада на 3-м пасяджэнні ўхвалілі беларускі пераклад Выбарчага кодэкса Беларусі. Экспертны савет налічваў 21-га чалавекі. На 70 % прававыя тэрміны супадалі з беларускай навуковай тэрміналогіяй, закладзенай у 1920-я гады. Сярод 25 кодэксаў адразу па-беларуску быў прыняты Кодэкс Беларусі аб культуры. Таму перакладу падлягалі 24 кодэксы агульным абсягам на 5000 старонак у складзе каля 8000 артыкулаў і прававых нормаў. Трэцім да перакладу вызначылі Грамадзянскі кодэкс Беларусі[43].

23 снежня 2020 года Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 745, якой зацвердзіў Палажэнне аб парадку фарміравання і функцыявання АІС «Узнагароды». Яе даручылі весці НЦПІ з 1 студзеня 2021 года для збору звестак пра лаўрэатаў дзяржаўных узнагарод Беларусі[44]. У 2020 годзе на Нацыянальным прававым партале размясцілі 9698 НПА. Да красавіка 2021 года «Прававы форум Беларусі» правёў каля 560 праектаў заканадаўства ад часу заснавання ў 2013 годзе[45], з іх 196 (35 %) — абмеркавалі ў 2020 годзе[46]. Ад часу заснавання да чэрвеня 2021 года НЦПІ выпусціў 312 прававых выданняў агульных тыражом звыш 2-х млн асобнікаў. За 2020 год у 3000 мерапрыемствах прававой адукацыі ўзялі ўдзел каля 43 000 грамадзян[47].

14 сакавіка 2022 года кіраўнік НЦПІ Андрэй Матэльскі і кіраўнік Дэпартамента пратакола і арганізацыйнага забеспячэння Еўразійскай эканамічнай камісіі Даніяр Турусбекаў падпісалі Дагавор на аказанне паслуг па пісьмовым перакладзе НПА Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) на беларускую мову. Паводле Дагавора, цягам 2022 года НЦПІ меў перакласці міжнародныя дагаворы і акты органаў ЕАЭС для размяшчэння на прававым партале ЕАЭС[48].

1 ліпеня 2024 года арганізацыя спыніла сваё існаванне. Правапераемнікам па ўсіх правах і абавязках Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі стаў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь[49].

Кіраўнікі

правіць

Зноскі

  1. "Кантакты". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 2021. Праверана 29 лістапада 2021.
  2. а б https://www.tvr.by/bel/news/obshchestvo/natsionalnyy_tsentr_pravovoy_informatsii_belarusi_otmechaet_20_letniy_yubiley/
  3. "Найменне і месцазнаходжанне вышэйстаячага органа". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 2021. Праверана 29 лістапада 2021.
  4. https://ncpi.gov.by/be/about/obshchie-polozheniya/
  5. В Беларуси начал работу Национальный центр законодательства и правовой информации (руск.). www.belta.by (1 ліпеня 2024). Праверана 2 ліпеня 2024.
  6. "Агульныя палажэнні". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 2021. Праверана 29 лістапада 2021.
  7. "Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі". Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. 2021. Праверана 29 лістапада 2021.
  8. "Упраўленне эталоннага банка даных прававой інфармацыі (Структура НЦПІ)". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 2021. Праверана 29 лістапада 2021.
  9. "Рэгіянальныя цэнтры прававой інфармацыі". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 2021. Праверана 29 лістапада 2021.
  10. А. Лукашэнка (30 снежня 2010). "Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 чэрвеня 1997 г. № 338 «Аб стварэнні Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь»"(руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Беларусі. Праверана 29 лістапада 2021.
  11. А. Лукашэнка (19 лістапада 2020). "Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 1998 г. № 369 «Аб Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь»"(руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Беларусі. Праверана 29 лістапада 2021.
  12. А. Лукашэнка (13 снежня 2007). "Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 ліпеня 1998 г. № 376 «Аб стварэнні камп'ютарнага банка даных праектаў законаў Рэспублікі Беларусь»"(руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Беларусі. Архівавана з арыгінала 28 студзеня 2023. Праверана 29 лістапада 2021.
  13. А. Лукашэнка (19 лістапада 2020). "Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 кастрычніка 1998 г. № 524 «Аб захадах удасканалення дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі»"(руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Беларусі. Праверана 29 лістапада 2021.
  14. "Дэкрэт аб Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь (Гісторыя)". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 10 снежня 1998. Праверана 29 лістапада 2021.
  15. А. Лукашэнка (лістапад 2011). "Дэкрэт прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 1998 г. № 22 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб афіцыйным апублікаванні і набыцця моцы прававымі актамі Рэспублікі Беларусь»"(руск.). Валерый Леванеўскі. Праверана 29 лістапада 2021. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  16. "Падзеі 1998 года". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 31 снежня 1998. Праверана 29 лістапада 2021.
  17. "Адзіны прававы класіфікатар Рэспублікі Беларусь". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 1 студзеня 1999. Праверана 29 лістапада 2021.
  18. А. Лукашэнка (2021). "Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 1999 г. № 1 «Аб зацвярджэнні Адзінага прававога класіфікатара Рэспублікі Беларусь»"(руск.). Партал «Заканадаўства Рэспублікі Беларусь». Архівавана з арыгінала 29 лістапада 2021. Праверана 29 лістапада 2021.
  19. "Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 609". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 16 снежня 2002. Праверана 29 лістапада 2021.
  20. А. Лукашэнка (19 лістапада 2020). "Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 снежня 2002 г. № 609 «Аб Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь і аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 кастрычніка 1998 г. № 524»"(руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Беларусі. Праверана 29 лістапада 2021.
  21. "Падзеі 2002 года". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 31 снежня 2002. Праверана 29 лістапада 2021.
  22. "Указ № 409 прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 14 верасня 2003. Праверана 29 лістапада 2021.
  23. "Падзеі 2003 года". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 14 верасня 2003. Праверана 29 лістапада 2021.
  24. "Выпушчаны банк даных «Кодэксы Рэспублікі Беларусь»". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 1 кастрычніка 2006. Праверана 29 лістапада 2021.
  25. "Створаны Дзіцячы прававы сайт". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 23 жніўня 2008. Праверана 29 лістапада 2021.
  26. А. Лукашэнка (19 лістапада 2020). "Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2010 г. № 712 «Аб удасканаленні дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь»"(руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Беларусі. Праверана 29 лістапада 2021.
  27. "Дэкрэт прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 «Аб некаторых пытаннях апублікавання і ўваходжання ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь»". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 1 ліпеня 2012. Праверана 29 лістапада 2021.
  28. А. Лукашэнка (23 мая 2020). "Дэкрэт прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лютага 2012 г. № 3 «Аб некаторых пытаннях апублікавання і ўступлення ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь»"(руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Беларусі. Праверана 29 лістапада 2021.
  29. "Створаны новы банк даных «Тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты»". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 1 ліпеня 2012. Праверана 29 лістапада 2021.
  30. "Банк даных «Прававыя акты БССР» — гістарычная прававая спадчына для будучых пакаленняў". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 2 студзеня 2014. Праверана 29 лістапада 2021.
  31. "Упершыню ў Рэспубліцы Беларусь у інфармацыйна-пошукавай сістэме па заканадаўстве ў сетцы Інтэрнэт рэалізаваны пераклад тэкстаў дакументаў на дзве дзяржаўныя мовы". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 24 лістапада 2014. Праверана 29 лістапада 2021.
  32. Тэлеканал «Беларусь 1» (16 чэрвеня 2015). "У Беларусі тэхнічныя прававыя акты будуць падавацца толькі ў электронным выглядзе". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 29 лістапада 2021.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  33. Дзмітрый Лукша, тэлеканал «Беларусь 1» (17 жніўня 2015). "ПДР не па правілах". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 29 лістапада 2021.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  34. Юрый Шаўчук, тэлеканал «Беларусь 1» (31 жніня 2016). "Удасканаленне дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 29 лістапада 2021. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  35. "У Беларусі з'явіўся ўнікальны рэсурс «Эталон-стандарт»". Белтэлерадыёкампанія. 5 красавіка 2016. Праверана 29 лістапада 2021.
  36. Ганна Шылец. Банк права // Звязда : газета. — 3 снежня 2016. — № 246 (27856). — С. 1, 4. — ISSN 1990-763x.
  37. "За мяжой адкрыўся 16-ы цэнтр доступу да беларускага заканадаўства". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 27 студзеня 2017. Праверана 29 лістапада 2021.
  38. Законы ў адкрытым доступе // Звязда. — 30 верасня 2017. — № 189 (28553). — С. 2.
  39. Тэлеканал «Беларусь 1» (1 кастрычніка 2017). "Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Беларусі адзначае 20-гадовы юбілей". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 29 лістапада 2021.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  40. "Аляксандр Лукашэнка вызначыў асноўныя падыходы да правядзення абавязковай юрыдычнай экспэртызы тэхнічных нарматыўных прававых актаў". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 12 кастрычніка 2018. Праверана 29 лістапада 2021.
  41. Аляксандр Камовіч, тэлеканал «Беларусь 1» (15 снежня 2018). "Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі — адзіная ў краіне афіцыйная крыніца публікавання нарматыўных актаў". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 29 лістапада 2021.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  42. "У НЦПI адбылося чарговае пасяджэнне экспертнага савета па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 10 кастрычніка 2019. Праверана 29 лістапада 2021.
  43. Алена Борматава, тэлеканал «Беларусь 1» (5 лістапада 2019). "У Мінску зацвердзілі беларускую версію Выбарчага кодэкса". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 29 лістапада 2021.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  44. "Аўтаматызаваная інфармсістэма «Узнагароды» з'явіцца ў Беларусі". БелТА. 23 снежня 2020. Праверана 29 лістапада 2021.
  45. "Каля 9 700 нарматыўна-прававых актаў апублікавана за год на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале". Газета «Звязда». 28 красавіка 2021. Праверана 29 лістапада 2021.
  46. "Тэкст закона аб правах дзіцяці адаптуюць для дзяцей рознага ўзросту". Газета «Звязда». 29 красавіка 2021. Праверана 29 лістапада 2021.
  47. Ірына Сідарок. Мадэль паводзін паводле закона // Звязда. — 30 верасня 2017. — № 106 (29475). — С. 7.
  48. "Прававыя акты ЕАЭС перакладуць на беларускую мову". Беларускае тэлеграфнае агенцтва. 14 сакавіка 2022. Праверана 18 сакавіка 2022.
  49. В Беларуси начал работу Национальный центр законодательства и правовой информации (руск.)
  50. "Кашынскі Ю.І. прызначаны дырэктарам НЦПІ (Гісторыя)". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 19 лютага 1999. Праверана 29 лістапада 2021.
  51. "Дырэктарам НЦПІ прызначаны Краўцоў А.Э. (Гісторыя)". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 29 жніўня 2006. Праверана 29 лістапада 2021.
  52. "Дырэктарам НЦПІ прызначаны Гаеў Андрэй Анатольевіч (Гісторыя)". Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. 31 ліпеня 2006. Праверана 29 лістапада 2021.
  53. Сяргей Хамянтоўскі (27 студзеня 2015). "Кіраўнік дзяржавы нагадаў новым кіраванцам пра залатое правіла кожнага кіраўніка". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 29 лістапада 2021.
  54. "Лукашэнка прызначыў новага дырэктара ў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі". Беларускае тэлеграфнае агенцтва. 7 красавіка 2020. Праверана 29 лістапада 2021.

Спасылкі

правіць