Кола Зямное
Кола зямное (старажытнаісл. Heimskringla, Kringla heimsins) — зборнік скандынаўскіх каралеўскіх саг, напісаны ў першай палове XIII ст. Сноры Стурлусанам.
Аўтарства
правіцьСноры Стурлусан (1173—1241 гг.) — знаўца скальдычных вершаў, гісторык, палітычны дзеяч. Мяркуюць, што менавіта ён з’яўляецца аўтарам «Кола Зямнога» і «Сагі пра Олава Святога», якая змешчана ў зборніку саг. Аўтарства Сноры Стурлусана да канца не выяўлена, бо яго імя не значыцца ў копіях саг. Але ў 1550 г. (1551 г.) нарвежац Лауренц Хасан пераклаў пачатковую частку «Кола Зямнога», дзе двойчы ўзгадаў, што дадзены твор належыць Сноры Стурлусану. Таксама нарвежскі багаслоў Педэр Клаўс сэн Фрыс, які пераклаў кнігу з сагамі на дацкую мову, назваў аўтарам Сноры Стурлусана, а пры выданні перакладзеную кнігу назваў «Хроніка нарвежскіх каралёў Сноры Стурлусана». Гісторыкі мяркуюць, што гэтыя аўтары карысталіся арыгінальнымі рукапісамі.
Змест
правіць«Кола Зямное» з’яўляецца адным з каштоўных твораў сваёй эпохі, у якім распавядаецца пра гісторыю Нарвегіі, а таксама яе конунгаў ад самых старажытных часоў і да 1177 года. Таксама твор утрымлівае звесткі пра іншыя землі Еўропы — ад Ірландыі, Шатландыі і Англіі на захадзе, Белага Мора на поўначы, Візантыі і Скіфіі на поўдні, да Гардарыкі (Славеніі — Наўгародскай Русі) і Кіеўскай Русі на ўсходзе Еўропы, і Вялікай Краіны Асаў за Уральскімі горамі на тэрыторыі цяперашняй Заходняй і Усходняй Сібіры.
Зборнік складаецца з наступных частак:
- Пралог
- Сага аб Інглінгах
- Сага пра Хальвдана Чорнага
- Сага пра Харальда Цудоўнавалосага
- Сага пра Хокана Добрага
- Сага пра Харальда Шэрая Шкура
- Сага пра Олава сына Тругві
- Сага пра Олава Святога
- Сага пра Магнуса Добрага
- Сага пра Харальда Суровага
- Сага пра Олава Ціхага
- Сага пра Магнуса Галаногага
- Сага пра сыноў Магнуса Галаногага
- Сага пра Магнуса Сляпога і Харальда Гілі
- Сага пра сыноў Харальда Гілі
- Сага пра Хокана Шырокаплечага
- Сага пра Магнуса сына Эрлінга
Рукапісы
правіцьАрыгінал рукапісу не захаваўся да нашых дзён, але захаваліся перавыданні і спісы з іх. Першае выданне арыгінальнага тэксту (з перакладам на шведскую і лацінскую мовы) было зроблена шведскім каралеўскім антыкварам Ю. Перынгшёльдам у 1697 г. і называлася «Хеймскрынгла, ці нарвежскія каралеўскія сагі Сноры Стурлусана».
Гісторыкам вядома пра сем рукапісаў «Кола Зямнога»:
- Kringla — датуецца 1260 г., не захаваўся;
- AM 39 — датуецца 1300 г., няпоўны рукапіс;
- Codex Frisianus — датуецца пачаткам XIV ст., захаваўся;
- Jöfraskinna — датуецца першай чвэрцю XIV ст., захаваліся некалькі спісаў;
- Eirspennil — датуецца пачаткам XIV ст., захаваўся;
- Gullinskinna — датуецца пачаткам XIV ст., захаваліся некалькі спісаў;
- DG 3 — XIV ст.; рукапіс згублены; змест вядомы з перакладу Ёна Ругмана і са спіса часткі «Сагі пра Олава Святога» у R 686 ва Універсітэцкай бібліятэцы Упсалы.
Рукапісы захоўваліся ў Капенгагенскай бібліятэцы, дзе ў 1728 г. адбыўся пажар, у выніку чаго згарэў рукапіс Kringla і былі пашкоджаны рукапісы Jöfraskinna і Gullinskinna.
Літаратура
правіць- Гуревич, А. Я. История и сага (О произведении Снорри Стурлусона «Хеймскрингла») / А.Я Гуревич. — Москва : Наука, 1972. — 198 с.
- Джаксон, Т. Н. Исландские королевские саги о Восточной Европе: тексты, перевод, комментарий. / Т. Н. Джаксон; под общ. ред. В. Л. Янина — 2-е изд. исправленное и дополненное — Москва: Русский Фонд Содействия Образованию и Науке, 2012. — 753 с.
- Стеблин-Каменский М. И. Мир саги. Становление литературы./ М. И. Стеблин-Каменский.- Ленинград: Наука, 1984. — 248 с.