Кіявец (Крупскі раён)
Кіяве́ц[1] (трансліт.: Kijaviec, руск.: Киевец) — вёска ў Крупскім раёне Мінскай вобласці, у вярхоўях Бабра. Уваходзіць у склад Акцябрскага сельсавета.
Вёска
Кіявец
|
З 1924 па 28 мая 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Абчугскага сельсавета[2].
Гісторыя
правіцьРазмешчана на месцы старажытнага гарадзішча.
Вядома з 1562 года, калі разам з маёнткамі Загароддзе і Коханава (абодва цяпер у Талачынскім раёне) пасля смерці князя Васіля Юр’евіча Друцкага-Талачынскага перайшлі да паноў Гарнастаяў, але адначасова былі «блізкасцю» нашчадкаў Януша Друцкага-Любецкага.[3]
У 1650 годзе маёнтак Коханава, куды ўваходзіла вёска, купіў Леў Сапега. Вёска стала цэнтрам Кіявецкага войтаўства. Кіявецкае войтаўства было закладзена Ігнацыю Агінскаму, у 1700 годзе Сапега яго выкупіў.
У 1909 годзе — у Абчугскай воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні.
У выніку другога ўзбуйнення БССР вёска апынулася ў складзе Чарэйскага, з 1931 года — Крупскага раёнаў БССР. У час калектывізацыі быў створаны колгас «40 год КІМа».
У баявых дзеяннях Другой сусветнай вайны загінулі 24 чалавекі. У час акупацыі вёска часткова спалена, загублена 25 жыхароў. У 1944 годзе калгас адноўлены.
З 1950 года вёска ў складзе калгаса «Барэц», потым — саўгаса, потым — калгаса «Абчуга». На 1 студзеня 1998 года працавалі крама і жывёлагадоўчая ферма.
Мікратапаніміка на пачатак XX стагоддзя
правіцьУ гаспадарчым плане вёска Кіявец размяшчаецца вельмі нявыгадна, яна стаіць на самым паўднёвым ускрайку сваёй зямлі. З захаду, на адлегласці 600-700 метраў, знаходзіцца балота, З усходу – праз тых жа 600-700 метраў – панскі лес. Недзе за 50 гадоў (з 1865 па 1915) мяжа распрацаваных зямель пасунулася на поўнач амаль на 2км. І кожны лапік новай ворнай зямлі ці пожні ўжо меў назву. Тэрыторыя на поўдзень ад вёскі называецца:
- Той бок – мясцовасць за Малой рэчкай, першапачаткова адносілася да пасёлка Шарнява потым (пасля распаду абшчыны недзе у канцы 19 пачатку 20 стагоддзя), частка зямель была куплена жыхарамі Кіяўца.
- Малая рэчка, калі і проста рэчка-ручэй, які выцякае з балота, працякае уздоўж Кіяўца на адлегласці каля 100м. з паўднёвага боку, у напрамку з захаду на ўсход, каля кладзішча рэзка паварочвае на поўдзень і цераз 1км. упадае ў раку Бобр. Рэчка неаднаразова углублялася, спрамлялася (канец 19 стагоддзя, пяцідзясятыя і шасцідзесятыя годы 20 стагоддзя). Раздзяляе землі Кіяўца і Шарнява
- Гарадзішча – узвышша, гара на Тым боку памерамі 600 на 200 метраў.
- Капказ – рэшткі старажытнага умацавання на Гарадзішчы.
- Прыкапказнік – роў вакол Капказа.
- Цыганскі вугал і Цыганская горка – невялікі лужок і горка на Тым боку на ўскрай лесу з захаду, дзе заўсёды застанаўліваліся табарам цыгане.
- Аніськава пушча – невялічкая пушча на Тым боку, мусіць па прозвішчу жыхара Кіяўца.
- Масейкаў барок – невялічкі бор на Тым боку, мусіць па прозвішчу жыхара Кіяўца.
- Казаноўка – заходні канец вёскі. Мабыць была некалі воскабойня і там пчалярамі быў пастаўлены казан.
- Абчугская вуліца – усходняя частка Кіяўца за шляхам на Чарэю, была застроена у перыяд 1930-2000 годы
- Чарэйская вуліца – частка вёскі уздоўж былога шляха Бобр-Чарэя у напрамку на Чарэю, моладзь у 30-х гадах ХХ ст. называла яе паміж сабой Блындаўка.
- Дзянісаў прагон – прагон насупраць Дзянісавай хаты.
- Несцераў прагон – прагон насупраць Несцеравай хаты. У Кіяўцы было два прагоны імі карысталіся жыхары сярэдзіны вёскі дзеля выезду на сельскагаспадарчыя работы (паўночны напрамак). Жыхарам “канцоў” неабходнасці ў прагонах не было, яны выязжалі у канец вёскі і ехалі на поўнач.
- Піліпава гара – узгорак каля Піліпавай хаты. Некалі, (гадоў 200 таму) тут было кладзішча. На карце 1866 года паказана сучаснае кладзішча.
- Праварышча – пляцоўка над Малой рэчкай на ўсходняй ўскраіне вёскі. Мабыць на гэтым месцы была вінакурня (бровар).
- Гай – зараз невялічкі лужок, паросшы кустамі, непасрэдна прымыкаючы к сядзібам з паўночнага боку Казаноўкі.
Заўвагі:
1. Некаторыя старыя людзі лічылі, што Кіявец заснаваны і названы багамольцамі, якія вярталіся з багамолля у Кіеў, некаторыя звязвалі назву з нейкімі кійкамі, але найбольш паважаныя і граматныя адказвалі, што ня ведаюць. На картах удалося адшукаць яшчэ пяць паселішч з такой назвай: вёска на захад ад Мінска, на Дунаі, у Польшы пад Беластокам і памерлая вёска каля г.Сянно на Віцебшчыне.
2. Кіявец у пачатку 20-га стагоддзя меў у плане выгляд буквы Т. Цяпер вуліцам даны новыя афіцыйныя назвы: Центральная, Вясенняя і новаадбудаваным Маладзёжная і Лясная.
< Поўны тэкст Мікратапанімікi надрукаваны [4]>
Насельніцтва
правіць- XVIII стагоддзе: пачатак XVIII стагоддзя — 27 двароў.
- XX стагоддзе: 1909 год — 45 двароў, 309 жыхароў; 1941 год — 59 двароў, 292 жыхары; 1998 год — 87 гаспадарак, 184 жыхары.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Архівавана 31 сакавіка 2016. (руск.)
- ↑ Насевіч В. Лукомль і Лукомльская воласць // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 4. — Мн., 1994. — С. 161—186.
- ↑ Сяргееў-Сапежынскі У. Мiкратапаніміка вёскі Кіявец /Малое Палесье. Гісторыка-краязнаўчы альманах Друцка-Бярэзінскага краю, Крупкі 2010, стр 72-81.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх