Паняцце «лаялісты» (англ.: loyalists) звычайна перадае сэнс «асобы, верныя ўраду сваёй краіны»[1]. Лаялісты супрацьстаўляўцца паўстанцам ці іншым барацьбітам з уладай. У беларускай мове слова «лаяльны» нярэдка выкарыстоўваецца ў некалькі іншым сэнсе — «паблажлівы», што можа прыводзіць да не зусім адэкватнага ўспрымання лаялізму, як з'явы.

Лаялістамі называлі розных людзей, якія не падтрымлівалі спробы змяніць дзяржаўны лад у пэўных краінах на розных этапах гісторыі гэтых краін. Пры гэтым лаялісты не заўсёды поўнасцю згаджаліся з дзяржаўнай палітыкай, якая выклікала абурэнне рэвалюцыйна настроеных асоб. Падчас яны выступалі за дыялог і кампраміс з уладай. Таму лаялістаў не магчыма лічыць у поўным сэнсе кансерватарамі ці рэакцыянерамі.

Амерыканскія лаялісты падчас вайны за незалежнасць ЗША правіць

Словам «лаяліст» у ЗША ў розны час называлі людзей з рознымі перакананнямі, але найчасцей гэты тэрмін прымяняўся да тых, хто не прымаў удзел у рэвалюцыі паўночнаамерыканскіх калоній ці ваяваў супраць рэвалюцыйных войскаў. Гэтых амерыканскіх лаялістаў яшчэ звалі «торы» (мянушка партыі кансерватараў у Вялікабрытаніі; апанентамі «торы» доўгі час былі «вігі», члены партыі лібералаў ці літаральна «бунтаўшчыкі», так падчас называлі і амерыканскіх рэвалюцыянераў). Згодна некаторым падлікам, каля 20 % белага насельніцтва 13 паўночнаамерыканскіх калоній Вялікабрытаніі ці 500 000 чалавек заставаліся вернымі каралеўскай уладзе[2]. Удзельнікамі мясцовых узброеных фарміраванняў апалчэння лаялістаў былі каля 19000 белых жыхароў калоній. Таксама супраць змагароў за незалежнасць і за брытанскія войскі ваявалі атрады індзейцаў. Многія іншыя лічыліся лаялістамі, таму што проста не падтрымлівалі рэвалюцыю па розных прычынах, але не вялі ўзброенай барацьбы. Тым не менш, наяўнасць значнай колькасці жыхароў адной зямлі, якія ваявалі паміж сабой за розныя палітычныя мэты (падчас гэта былі нават сваякі) пабудзіла некаторых амерыканскіх гісторыкаў пісаць, што вайна за незалежнасць была для Злучаных Штатаў і грамадзянскай вайной[2].

Розныя групы лаялістаў правіць

  • брытанскія чыноўнікі, большасць іх засталася вернай каралеўскай уладзе;
  • святары Англіканскай царквы;
  • некаторыя чорныя нявольнікі, некаторыя губернатары калоній Поўдня абяцалі свабоду кожнаму чорнаму рабу, які далучыцца да апалчэння лаялістаў[3];
  • многія індзейцы, паколькі брытанскі ўрад праводзіў у дачыненні іх памяркоўную палітыку і ўвогуле разглядаў усіх свабодных жыхароў сваіх амерыканскіх тэрыторый як роўных падданых, а для паўночнаамерыканскіх каланістаў індзейцы былі праблемай, якая перашкаджала набываць новыя землі на ўсходзе кантынента;
  • квакеры, а таксама прыхільнікі некаторых іншых пратэстанцкіх цэркваў, для якіх насілле было грахом, калі ў 1770-х гг. ўзрасла напружанасць, квакеры Пенсільваніі высылалі каралю Георгу III прапановы мірнага ўрэгулявання канфлікту паміж калоніямі і метраполіяй, але ён праігнараваў іх[4][5];
  • некаторыя нямецкія імігранты, для якіх нямецкае паходжанне брытанскага караля рабіла яго «сваім»;
  • некаторыя дробныя бізнесмены, у асноўным фермеры і гандляры, якія адмаўляліся прадаваць харчаванне і іншыя прадметы першай неабходнасці арміі Джорджа Вашынгтона за папяровыя долары, але прадавалі брытанцам за золата і срэбра[4]; таксама буйныя плантатары гандлявалі з Англіяй на працягу доўгага часу і не жадалі губляць партнёраў дзеля барацьбы за незалежнасць.

Лёс лаялістаў пасля вайны правіць

Падчас вайны 1775-83 гг. і пасля яе тыя лаялісты, якія актыўна супрацьдзейнічалі рэвалюцыйнаму ўраду і арміі ЗША, падвяргаліся канфіскацыі маёнткаў на карысць змагароў за незалежнасць. Праўда, згодна Парыжскага мірнага пагаднення 1783 г., канфіскаваную маёмасць трэба было вярнуць ці выплаціць кампенсацыю пацярпеўшым, што было зроблена ў дачыненні да некаторых нашчадкаў такіх лаялістаў.

Прыкладна 100000 лаялістаў пакінулі краіну, многія з іх пераехалі ў Канаду ці на Багамы, дзе яны атрымалі зямельныя надзелы за вернасць Кароне. Сярод тых, хто вырашыў уехаць — сын Б. Франкліна Уільям і адзін з найбольш таленавітых мастакоў на ўсіх паўночнаамерыканскіх уладаннях Вялікабрытаніі Джон Сінглтан Коплі. Некаторыя эмігранты вярнуліся праз пэўны час, але ў шэрагу штатаў яны не мелі права займаць пэўныя дзяржаўныя пасады. Значная частка лаялістаў засталася ў ЗША і стала служыць новай уладзе. У некаторых выпадках лаялісты добраахвотна пераходзілі на службу рэвалюцыянерам падчас вайны, як былі і выпадкі наадварот.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. WebWord Offline English Dictionary (Тлумачальны слоўнік англійскай мовы WebWord)
  2. а б An Outline on American History. Published by US Information Agency, p.79
  3. An Outline on American History. Published by US Information Agency, p.72
  4. а б An Outline on American History. Published by US Information Agency, p.70
  5. Цікава, што Другі Кантынентальны Кангрэс таксама не меў адзінай пазіцыі па рашэнню праблем з Лонданам ваеннай сілай, некаторыя члены гэтага Сходу нават прапанавалі мірныя перамовы каралю, так Джон Дыкінсан распрацаваў дакумент, вядомы як «Петыцыя аліўкавай галінкі», але кароль адмовіўся ад перамоў з паўстанцамі. Гл.: An Outline on American History, р.72