Леаніды не вернуцца да Зямлі

раман Уладзіміра Караткевіча

Леаніды не вернуцца да Зямлі, або Нельга забыць — раман Уладзіміра Караткевіча, складзены з пралога, які ёсць асобнай скончанай гісторыяй, і з 33 раздзелаў. У яго ўключаны вершы, напісаныя быццам бы галоўным героем Андрэем Грынкевічам. Сам пісьменнік вызначыў раман як «амаль што сентыментальны».

Нельга забыць
Леаніды не вернуцца да Зямлі
Жанр раман
Аўтар Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання скончаны 15 лютага 1962
Дата першай публікацыі 1962
Асобнае выданне 1982
Выдавецтва Мастацкая літаратура

Раман упершыню надрукаваны ў часопісе Полымя ў 5 і 6 нумарах. Планавалася выданне кнігі «Леаніды не вернуцца да Зямлі», куды мусілі ўвайсці аднайменны раман і аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», аднак Караткевіча абвінавацілі ў абстрактным гуманізме, і восенню 1963 года набор кнігі быў рассыпаны. Асобным кніжным выданнем на беларускай мове раман пад назвай «Нельга забыць» выйшаў у 1982 годзе.

Рукапіс рамана захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, пад назвай «Няма забыцця», з паметай на адвароце першай старонкі: Пачаў у верасні 60 г.

Раман прысвечаны памяці сябра Караткевіча — Гераніма Стулпана.

Пралог

Падчас паўстання Кастуся Каліноўскага кіраўнік атрада інсургентаў Усяслаў Грынкевіч узяты ў палон і асуджаны на смерць. Але яго жонка атрымлівае ад Мураўёва памілаванне для мужа — замену смяротнага пакарання на пажыццёвую катаргу. Для таго, каб вызваліць мужа, ёй трэба перабрацца на іншы бераг ракі. Але рака ўсхадзілася, немагчыма пераплыць на пароме, бо знясе, і афіцэр Пора-Леановіч адмаўляе жанчыне ў дапамозе. Рускі капітан Юрый Гораў дапамагае Грынкевічавай трапіць на другі бок ракі, але яна ўсё адно спазняецца на 10 хвілін. Аказваецца, калі інсургентам даюць такое памілаванне, у турму пасылаюць пасланца перадаць, каб спяшаліся з выкананнем прысуду, і калі памілаванне прыходзіць, мілаваць ужо няма каго. Калі Гораў даведваецца аб гэтым, ён выклікае Пора-Леановіча на дуэль і забівае яго. Жонка Грынкевіча вырашае дабіцца справядлівасці, яе высылаюць у Сібір.

Асноўная частка

Праўнук Грынкевіча Андрэй, трыццацігадовы паэт, вучыцца ў Маскве, але ў яго творчасці не хапае палёту. Андрэй лічыць, што ён ніколі не зможа пакахаць, ён не можа забыць старой раны: дзесяць год назад загінула ў аўтамабільнай аварыі яго маладая жонка — Алёна Століч. Але аднойчы ён прыходзіць на лекцыю па тэорыі мастацтва, якую чытае Ірына Горава, яе думкі ўражваюць яго. Андрэй ўлюбляецца ў выкладчыцу. Але Горава замужам, Андрэй вельмі пакутуе ад нявызначанасці іх адносін. Знайшоўшы каханне, ён пачынае пісаць цудоўныя глыбокія вершы, яго паэзія набывае тое, чаго так не хапала. Горава то прызнаецца яму ў каханні, то становіцца да яго халоднай, яна нават спрабуе звесці Андрэя са сваёй сяброўкай — прыгожай і разумнай мастачкай Ганнай. У адзін з вечароў Андрэй вырашае скончыць жыццё самагубствам, але праз некалькі гадзін, паразмаўляўшы са сваім сябрам Янісам Вайвадсам, разумее, што гэта агідная баязлівасць. Урэшце, Горава вырашае кінуць мужа і быць з Андрэем, але пасля складанай аперацыі на сэрцы яна памірае.

Цікавыя факты

правіць
  • Пралог рамана друкаваўся як апавяданне «Паром на бурнай рацэ».
  • Па матывах пралога рамана Аляксеем Дударавым была напісана п’еса «Вераб’іная ноч», якая ідзе ў Драматычным тэатры беларускай арміі.
  • Існуе музычны гурт «Нельга забыць», які быў створаны ў канцы 2009-га адмыслова пад праграму «Леаніды не вернуцца да зямлі…», паводле аднайменнага твора Уладзіміра Караткевіча. Праграма «Леаніды…» ўяўляе сабой адлюстраванне паэтычных вобразаў, якімі прасякнуты раман. Вершы — гэта творы галоўнага героя, 30-гадовага пісьменніка, які дзякуючы сапраўднаму каханню адчуў, што жывы, але прадчуванне, што яны ніколі не будуць разам забівае яго, таму ўсё напісана на нерве, трагічна і ўзнёсла.
  • Паводле твора ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры Якуба Коласа пастаўлены аднайменны спектакль.

Літаратура

правіць
  • Караткевiч У. Нельга забыць / У. Караткевiч. — Мн.:Маст. Лiт., 1982. — 335 с.