Лунінецкая нізіна
Лунінецкая нізіна — геамарфалагічны раён на Беларусі ў паўднёвай частцы Палесся, належыць да Палескай нізіны. Займае абшары ўздоўж даліны Прыпяці і ў нізоўях яе шматлікіх прытокаў. Мяжуе са Столінскай і Лельчыцкай раўнінамі на захадзе і ўсходзе. Тэрыторыя выцягнута з захаду на ўсход на 220—230 км, шырыня ад 20 да 70 км.
Лунінецкая нізіна | |
---|---|
Каардынаты: 52°10′ пн. ш. 26°50′ у. д.HGЯO | |
Размяшчэнне | Беларусь |
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да восевай часткі Прыпяцкага прагіна з абсалютнымі адзнакамі паверхні фундамента ад −1000 да −5000 м і больш (за кошт разломных зон, блокаў і ступеней) і паўднёвага схілу Палескай седлавіны з абсалютнымі адзнакамі ад −300 да −500 м. Паверхня карэнных парод складзена пясчана-гліністымі палеаген-неагенавымі пародамі, адносна выраўнаваная, платападобная, з абсалютнымі адзнакамі 110—120 м. Магутнасць водна-ледавіковых і алювіяльных комплексаў складае каля 30 м, зрэдку — больш.
Сучасная паверхня слабанахіленая з нязначнымі ваганнямі вышынь, абсалютныя адзнакі 130—150 м. Асноўны рэльеф — акумулятыўная раўніна паазерска-галацэнавага ўзросту, часта забалочаная, са слядамі блукання рэчышчаў і разлеглымі катлавінамі затарфаваных азёр. Характэрны і формы эолавага рэльефу.
Галоўны вадацёк — рака Прыпяць з асноўнымі прытокамі Стыр, Гарынь, Убарць і інш. Даліна Прыпяці ў межах Лунінецкай нізіны самая шырокая — да 70-75 км.
Глебы дзярнова-падзолістыя пясчаныя, тарфяна-балотныя вярховых, пераходных і нізінных балот, поймава-лугавыя, месцамі перагнойна-карбанатныя. Пад лесам каля 30 % тэрыторыі.
Літаратура
правіць- Нечипоренко Л. А. Лунинецкая низина // Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра / Редкол. Т. В. Белова и др. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3 (руск.)