Людвік Уладзіслававіч Грабоўскі

Людвік Уладзіслававіч Грабоўскі (польск.: Ludwik Grabowski; ? — ?) — дзяржаўны службовец.

Людвік Уладзіслававіч Грабоўскі
Окша
Окша
Маршалак шляхты Дзісенскага павета
11 жніўня 1905 — 7 чэрвеня 1906
маршалак шляхты Лідскага павета
7 чэрвеня 1906 — 25 ліпеня 1916
маршалак шляхты Віленскай губерні
з 25 ліпеня 1916
Род Грабоўскія
Бацька Władysław Grabowski[d]
Жонка Марыя са Свентаржэцкіх[d]

Біяграфія правіць

Паходзіў са шляхецкага роду Грабоўскіх герба «Окша». Сын Уладзіслава Грабоўскага і Марыі з Мілачэўскіх.

Валодаў маёнткамі ў Лідскім павеце Віленскай губерні і Навагрудскім павеце Мінскай губерні. Ягоная жонка мела маёнткі ў Вілейскім і Свянцянскім паветах. Да 39 гадоў ён займаўся гаспадаркай у сваіх маёнтках, пакуль ў 1903 г. не быў прызначаны земскім начальнікам ў Свянцянскім павеце[1].

Кар’ера Л. В. Грабоўскага складвалася дрэнна, але ён працягваў служыць, бо спадзяваўся, што губернскае кіраўніцтва выканае свае абяцанні і ён атрымае хуткае падвышэнне па службе, каб такім чынам вырашыць свае матэрыяльныя праблемы. Аднак пасада маршалка наадварот, каштавала яму двух маёнткаў, якія давялося прадаць для пакрыцця расходаў па службе, і страты даверу мясцовых абшарнікаў[1].

Маршалак шляхты Дзісенскага павета з 11 жніўня 1905 па 7 чэрвеня 1906, маршалак шляхты Лідскага павета з 7 чэрвеня 1906 па 25 ліпеня 1916 г[1].

Лідская шляхта запомніла эпізод, як Людвік Грабоўскі сабраў дэлегацыю для сустрэчы цара на вакзале г. Ліды. Уладальнік Малога Мажэйкава Андрэй Брахоцкі пісаў праз шмат гадоў[1]:

  Толькі post factum мы даведваліся, што мой бацька браў удзел у дэлегацыі «дваран», якія на станцыі Ліда віталі цара Мікалая II, калі той праязджаў чыгункай. Тады мы не ведалі, што маршалак шляхты Грабоўскі адмыслова мабілізаваў ваколічную заможную шляхту, байкот гэтага «вернападданніцкага чыну» мог прывесці да рэпрэсій, уключаючы канфіскацыю маёнтка.  

Пра абяцанні службовай кар’еры давялося нагадваць гадамі, адзіным суцяшэннем было залічэнне ў спіс кандыдатаў на пасаду віцэ-губернатара Віленскай альбо ў адной з цэнтральных губерняў. Грабоўскі спрабаваў атрымаць пасаду старшыні Віленскага павятовага з’езда міравых суддзяў ці перавесціся ў Вільню ўчастковым міравым суддзём, але ягоныя просьбы былі пачутыя толькі ўлетку 1916 г., калі губерня была ўжо акупавана немцамі. Губернскі маршалак Віленскай губерні з 25 ліпеня 1916 г[1].

Людвік Грабоўскі быў вядомым конназаводчыкам, пра ягоны ўдзел у Агульнарасійскай выставе 1883 г. пісаў Уладзімір Гіляроўскі ў кнізе «Сябры і сустрэчы»[1]:

  Палова чэрвеня, а ўжо пачыналі вызначацца кандыдаты на выйгрыш дэрбі, хоць уладальнікі на ранішніх галопах стараліся схаваць жвавасць сваіх крэкаў [фаварыт] … Як журавель на балоце, у далёкім куце іпадрома нерухома стаяў польскі конназаводчык Людвік Грабоўскі. Свайго трохгодку, які, як ён верыў, павінен па-за канкурэнцыяй узяць дэрбі, Грабоўскі не пускаў сёння, таму што публікі сабралася зашмат. Гэты заўзяты паляўнічы любіў скакавую публіку толькі ў тыя моманты, калі ягонага каня, які ўзяў вялікі прыз, публіка заахвочвала апладысментамі. Тады Грабоўскі браў левай рукой яшчэ не астылага скакуна за лейцы і праводзіў яго перад трыбунамі пад апладысменты публікі ў адказ размахваючы цыліндрам, паднятым вышэй галавы каня.  

Сям’я правіць

Быў жанаты з Марыяй са Свентаржэцкіх, меў сына Уладзіслава (нар. 1890) і дачку Соф’ю[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё Лаўрэш Леанід. Маршалкі Лідскага павета // Лідскі Летапісец. 2020. № 2(90). С. 13-19.