МАЗ-504

грузавы аўтамабіль

МАЗ-504 — савецкі буйнатанажны грузавы аўтамабіль, які выпускаўся на Мінскім аўтамабільным заводзе. Седлавы цягач на базе МАЗ-500. Выпускаўся з 1965 па 1970 год. У 1970—1979 гады вырабляўся мадэрнізаваны цягач МАЗ-504А, з 1978 года — МАЗ-5429.

МАЗ-504
МАЗ-504А з паўпрычэпам-панэлявозам
МАЗ-504А з паўпрычэпам-панэлявозам
Вытворца МАЗ
Месца вытворчасці Мінск,  Беларуская ССР
Гады выпуску 1965—1979
Храналогія
МАЗ-200В, МАЗ-200М МАЗ-5429, МАЗ-5432
Фотагалерэя на Wikimedia Commons МАЗ-504 на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Пачатак вытворчасці

правіць

Для замены аўтамабіляў МАЗ-200 капотнай кампаноўкі Мінскі аўтамабільны завод распрацаваў новае пакаленне машын з кабінай над рухавіком. Замест седлавога цягача МАЗ-200В быў створаны МАЗ-504. Пераход на новую кампаноўку дазволіў паменшыць уласную масу (6350 кг замест 6710 кг, выйгрыш 360 кг) і габарыты (даўжыня 5430 мм супраць 6495 мм, колавая база 3200 мм замест 4520 мм)[1]. Для буксіравання самазвальных паўпрычэпаў быў сканструяваны цягач МАЗ-504Б аснашчаны гідраўлічнай сістэмай, якая задзейнічала механізм падымання платформы[2].

У сакавіку 1963 года адбылася пробная зборка цягачоў МАЗ-504 на галоўным канвееры[3].

У лютым 1965 года цягач МАЗ-504 з паўпрычэпам МАЗ-5245 выстаўляўся на Міжнародным кірмашы ў Лейпцыгу[4].

16 сакавіка 1965 года пачалася паточная вытворчасць сямейства 500-х МАЗаў на галоўным канвееры[5][3].

У лістападзе 1967 года МАЗ-504 з аднавосевым паўпрычэпам экспанаваўся на Турынскім аўтасалоне[6].

Мадэрнізацыя 1970 года

правіць

У 1970 годзе МАЗ правёў мадэрнізацыю 500-й серыі. Разам з бартавым грузавіком быў удасканалены і седлавы цягач. Аўтамабіль атрымаў усе тыя ж паляпшэнні, што і базавая мадэль, а акрамя таго, павялічылі колавую базу да 3400 мм. Знешне мадэрнізаваны аўтамабіль адрозніваўся клятчастай рашоткай радыятара. Да абазначэння абноўленай мадэлі дадалі літару «А», а варыянт для самазвальных паўпрычэпаў змяніў назву на МАЗ-504Г[7].

Цягачы МАЗ-504А былі разлічаныя на эксплуатацыю з аднавосевымі паўпрычэпамі МАЗ-5245 (грузападымальнасць — 13 500 кг), а таксама з суцэльнаметалічнымі фургонамі АдАЗ-795 (грузападымальнасць — 13 500 кг)[8]. Для буксіравання самазвальных паўпрычэпаў МАЗ-5232В выкарыстоўваўся седлавы цягач МАЗ-504Г з вывадам гідрапрывада пад’ёмніка на паўпрычэп. Такі аўтапоезд мог перавозіць 14 000 кг жвіру, пяску, глебы[9]. На будоўлях выкарыстоўваліся паўпрычэпы-цэментавозы апорнай канструкцыі разлічаныя на 12 000 кг цэменту, а таксама панэлявозы[10].

У 1972 годзе пачаўся выпуск мадэлі МАЗ-504В, якая прызначалася для міжгародніх і міжнародных грузаперавозак. Гэты цягач атрымаў больш магутны васьміцыліндравы рухавік ЯМЗ-238. Аўтацягнік з паўпрычэпам МАЗ-5205 меў дапушчальную масу 32 тоны і грузападымальнасць да 20 тон[11][12].

У 1972 годзе цягачам МАЗ-504А і МАЗ-504Г быў прысвоены дзяржаўны Знак якасці[13]. У ліпені 1974 года Знак якасці атрымаў цягач МАЗ-504В[14].

Удзельная вага цягачоў МАЗ-504А ў агульным аб’ёме выпуску завода складала 11 працэнтаў[15]. Выпуск МАЗ-504А доўжыўся да 1979 года[16].

Мадэрнізацыя 1978 года

правіць
 

З 1978 года МАЗ пачаў выпуск абноўленай машыны[16]. Для прывядзення светлавых прыбораў у адпаведнасць міжнародным нормам фары перамясцілі на бампер. Кабіна атрымала новую пластыкавую рашотку радыятара з паказальнікамі павароту на тых месцах, дзе раней знаходзілася галаўное асвятленне. Усталявалі новую прыборную панэль. Палепшылі рулявое кіраванне, зрабіўшы ўзмацняльнік мацней. Мадэрнізаваным грузавікам былі нададзены новыя індэксы, прадугледжаныя новай галіновай сістэмай класіфікацыі: МАЗ-504А быў заменены на МАЗ-5429, мадыфікацыя з гідраўлічным абсталяваннем стала звацца МАЗ-5430. Толькі МАЗ-504В захаваў сваю назву[17]. Яму на замену меркавалася выпусціць МАЗ-5428, які меў большую магутнасць дзякуючы наддзіманаму матору ЯМЗ-238П (280 к. с.) і 8-ступеньчатай каробцы перадач. Таксама павялічылася нагрузка на седлава-счэпную прыладу. Поўная маса аўтацягніка ўзрасла да 33 тон. Аднак МАЗ-5428 застаўся доследным і ў вытворчасць не пайшоў, бо ўжо рыхтавалася новае пакаленне аўтамабіляў: з 1978 года пачаўся выпуск трохвосевага цягача МАЗ-6422, а з 1981 года — двухвосевага МАЗ-5432[18].

Будова

правіць

МАЗ-504 прадстаўляе сабой двухвосевы седлавы цягач з прывадам на заднюю вось. Як і базавы аўтамабіль, ён таксама абсталёўваўся чатырохтактным V-падобным дызельным шасціцыліндравым рухавіком ЯМЗ-236 з верхнім размяшчэннем клапанаў. Аб’ём — 11,15 л, магутнасць — 180 к.с. пры 2100 аб/хв, круцільны момант — 68 кгм пры 1500 аб/хв. Каробка перадач — механічная, пяціступеньчатая, з сінхранізатарамі на II, III, IV і V перадачах. Падвеска — на падоўжных паўэліптычных рысорах. Тармазы — барабанныя; нажны тормаз — з пнеўматычным прывадам; ручны — з механічным прывадам, усталяваны на заднім мосце[19]. Кабіна — суцэльнаметалічная, для доступу да рухавіка адкідваецца наперад. У МАЗ-504А і МАЗ-504В кабіна двухмесная, у МАЗ-504 і МАЗ-5429 — трохмесная[16]. Для адпачынку вадзіцеля за спінкамі сядзенняў ёсць спальнае месца. Дадаткова магло быць арганізавана спальнае месца-гамак, які падвешваўся на стойках праёма дзвярэй[20].

Маса цягача без нагрузкі складае 6350 кг. Габарытныя памеры: даўжыня — 5430 мм, шырыня — 2600 мм, вышыня па кабіне — 2640 мм; пярэдняя каляіна — 1950 мм; задняя каляіна — 1900 мм; дарожны прасвет — 295 мм[21].

У параўнанні з бартавым МАЗ-500 колавая база МАЗ-504 меншая на 650 мм — 3200 мм, колавая база МАЗ-504А — 3400 мм. Рама таксама карацейшая, аналагічная раме самазвала МАЗ-503, але, у адрозненне ад апошняга, мае ў задняй частцы кранштэйны для мацавання седлавой прылады[22]. Седлава-счэпная прылада — паўаўтаматычная, з дзвюма ступенямі свабоды. Запасное кола ўсталявана за кабінай на раме ў трымальніку, абсталяваным механізмам для падымання і апускання[23]. Электраабсталяванне адрозніваецца ад МАЗ-500 наяўнасцю другога датчыка паказальніка ўзроўню паліва. На цягачы ўсталяваны два паліўныя бакі і кожны з іх мае ўласны датчык. Узровень паліва паказваецца адным прыборам, праверка запасу паліва ў розных баках ажыццяўляецца пры дапамозе пераключальніка на шчытку прыбораў[24].

Цягачы, якія прызначаліся для буксіроўкі самазвальных паўпрычэпаў, адрозніваюцца спецыяльным гідраўлічным абсталяваннем. У асноўным яно такое ж самае, як і на самазвалах МАЗ-503, але адрозніваецца адсутнасцю на цягачы гідрацыліндра падымання кузава (ён усталяваны на паўпрычэпе), помпай большай прадукцыйнасці (60 л у хвіліну пры абаротах каленчатага вала рухавіка 1300—1400 аб/хв) і масленым бакам большай ёмістасці (45 л)[25]. Гідрафікаваныя цягачы мелі толькі адзін паліўны бак, які быў размешчаны злева, а справа размяшчаўся маслены бак для сілкавання гідраапаратуры паўпрычэпа.

Тэхнічныя характарыстыкі[26][27]
МАЗ-504 МАЗ-504А МАЗ-504В МАЗ-5429
Нагрузка на седлава-счэпную прыладу, кгс 7450 7750 7700 7750
Дапушчальная маса паўпрычэпа, кг 17450 17750 25700 17750
Маса цягача без нагрузкі, кг 6350 6400 6650 6540
Размеркаванне ўласнай масы па восях, кг на пярэднюю 3590 3650 3800 3690
на заднюю 2760 2750 2850 2850
Макс. дазволеная маса аўтамабіля, кг 14025 14375 14500 14515
Размеркаванне поўнай масы па восях, кг на пярэднюю 4025 4375 4500 4515
на заднюю 10000 10000 10000 10000
Радыус развароту, м па следзе знешняга пярэдняга кола 7,0 7,5 7,5 7,8
вонкавы габарытны 7,5 8,5 8,5 8,5
Максімальная хуткасць, км/г 75 85 85 85
Тармазны пуць з хуткасці 40 км/г, м 21 21 21
Расход паліва, л/100 км 32 32 40 32
Маса седлава-счэпнай прылады, кг 300 200 200 200
Паліўны бак, л два па 175 два па 175 два па 200 два па 200

Мадыфікацыі

правіць

МАЗ-504В

правіць
 
МАЗ-504В.

Для міжгародніх і міжнародных перавозак быў распрацаваны цягач МАЗ-504В, які мог буксіраваць паўпрычэп вагой 6 тон з 20 тонамі грузу. Аўтамабіль абсталёўваўся больш магутным маторам. Месца шасціцыліндравага рухавіка ЯМЗ-236 заняў васьміцыліндравы ЯМЗ-238 (14,86 л, 240 к.с. пры 2100 аб/хв). Замест дыстанцыйнага механізма пераключэння перадач быў ужыты рычаг, усталяваны непасрэдна на каробцы перадач. Дзеля спрашчэння абслугоўвання гарлавіна запраўкі сістэмы астуджэння была выведзена вонкі. Таксама быў перанесены паветраны фільтр, які цяпер знаходзіўся не пад кабінай, а ззаду яе знадворку[28]. Абсталявалі ўтульнейшую спальную кабіну з фіранкамі на вокнах і лямпай для чытання ля ложка, а таксама абноўленай прыборнай панэллю, дадатковай гукаізаляцыяй і рэгуляваным сядзеннем кіроўцы[12].

Для работы з гэтым цягачом МАЗ вырабляў двухвосевы паўпрычэп МАЗ-5205[11], аднак яго восевая нагрузка не дазваляла выкарыстоўваць такі аўтапоезд за межамі СССР, з-за чаго на замежных маршрутах цягачы счапляліся з імпартнымі паўпрычэпамі[29][12]. Доўгі перыяд МАЗ-504В быў асноўным аўтамабілем савецкага транспартнага аб’яднання «Савтрансаўта». З часам аўтамабіль састарэў і ўжо не меў дастатковай магутнасці для выкарыстання на заходніх аўтастрадах. Акрамя таго, за межамі краін СЭУ не было сеткі абслугоўвання, здольнай забяспечыць падтрымку машын у дарозе. К канцу 1970-х гадоў «Савтрансаўта» пачала пераходзіць на імпартныя цягачы Volvo F89 і Mercedes-Benz 2232S і адмаўляцца ад МАЗ-504В на міжнароднай працы па-за жалезнай заслонай, пакідаючы іх толькі на рэйсах унутры СССР або ў краіны-члены СЭУ[30][31][32].

МАЗ-504В для Чарнобыльскай АЭС

правіць

Для ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі на базе МАЗ-504В былі створаны спецыяльныя цягачы для працы ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання. Аўтацягнікі прызначаліся для перавозкі жалезабетонных панэляў, з якіх складаўся дах саркафага. Пабудова машын была даручана эксперыментальнаму цэху № 1 (ЭЦ-1) Мінскага аўтазавода.

Для абароны ад радыяцыйнага выпраменьвання ўнутры кабіны на вадзіцельскім месцы абсталявалі свінцовую капсулу. Кіроўца трапляў за руль з правага боку машыны: спачатку адкрываў пасажырскія дзверы кабіны, затым люк капсулы. Капсула зачынялася знутры з дапамогай спецыяльных засавак. На даху кабіны ўсталявалі фільтравентыляцыйную ўстаноўку. Яна забяспечвала ў капсуле залішні ціск, што прадухіляла пранікненне ўнутр радыеактыўнага пылу. Агляд з капсулы забяспечваўся праз акенца. Шыба мела таўшчыню 75 мм і памер 300×200 мм і была выраблена са шкла з утрыманнем аксіду свінцу. Паколькі бачнасць з месца вадзіцеля пагоршылася, змянілі сістэму кранштэйнаў для люстэркаў задняга выгляду. Капсула выйшла занадта цяжкай (каля 3 тон), з-за чаго кабіна нахілілася набок. Для ўзмацнення канструкцыі падвескі гумава-металічныя шарніры замянілі на цалкам металічныя, узмацнілі рысоры, асабліва левыя пярэднія. Для падымання цяжкай кабіны ўсталявалі два дадатковыя гідрацыліндры.

Пабудавалі 4 цягачы. Машыны праходзілі трайную прыёмку. Спачатку іх правяралі кантралёры ўпраўлення кантролю якасці завода. Затым ваенны прадстаўнік, які даваў заключэнне аб гатоўнасці машыны. Пасля кожную машыну правяралі ў Інстытуце ядзернай энергетыкі Акадэміі навук БССР. Там машына падвяргалася апраменьванню, а спецыяльныя датчыкі вымяралі ўзровень радыяцыі ўнутры капсулы. У пачатку жніўня 1986 года аўтамабілі адправілі ў Чарнобыль[33].

МАЗ-508В

правіць

Калі рыхтавалася вытворчасць сямейства грузавікоў на базе МАЗ-500, сярод іншых былі распрацаваныя машыны з колавай формулай 4×4. Акрамя лесавоза МАЗ-509 планавалі выпусціць седлавы цягач МАЗ-508В. Як і МАЗ-509, ён меў пастаянны поўны прывад і двускатныя заднія колы, а таксама дадаткова быў абсталяваны маслянай помпай для сілкавання гідрасістэмы паўпрычэпа-самазвала або цэментавоза. Серыйна не выпускаўся[34].

МАЗ-520В

правіць

Разам з трохвосевымі цягачамі МАЗ-515 колавай формулай 6×4 быў распрацаваны МАЗ-520В з колавай формулай 6×2. Яго адметнасцю былі дзве збліжаныя кіруемыя пярэднія восі. Цягач так і застаўся прататыпам, бо пры ўскладненні канструкцыі машына не набыла істотных пераваг. У 1966 годзе быў пабудаваны адзін доследны цягач[35][36].

Крыніцы

правіць
  1. Шугураў 1994, с. 101.
  2. Томпсан 2021, с. 210—211.
  3. а б Карпоўскі 2005, с. 59.
  4. Автотрак №4 2003, с. 65.
  5. Автотрак №4 2003, с. 63.
  6. A. J. P. Wilding (10 November 1967). "Turin Show". Commercial Motor(англ.). 126 (3242). London: Temple Press: 117. ISSN 0010-3063.
  7. Томпсан 2021, с. 215.
  8. Шугураў 1994, с. 99.
  9. Шугураў 1994, с. 94.
  10. Шугураў 1994, с. 100.
  11. а б Шугураў 1994, с. 102.
  12. а б в Томпсан 2021, с. 216.
  13. Высшая оценка качества(руск.) // За рулём : часопіс. — 1973. — № 3. — С. 5.
  14. Знак качества: Седельный тягач МАЗ-504В и полуприцеп МАЗ-5205А (руск.). maz.by. Мінскі аўтамабільны завод (5 лютага 2024). Праверана 30 чэрвеня 2024.
  15. Шаги пятилетки. Грузовики с маркой "МАЗ"(руск.) // За рулём : часопіс. — 1973. — № 11. — С. 19.
  16. а б в НДІАТ 1982, с. 195.
  17. Томпсан 2021, с. 217—218.
  18. Автопарк №9 2015, с. 80.
  19. НДІАТ 1972, с. 168.
  20. Автомобили МАЗ 1968, с. 263.
  21. НДІАТ 1972, с. 166—167.
  22. Автомобили МАЗ 1968, с. 157.
  23. Автомобили МАЗ 1968, с. 179.
  24. Автомобили МАЗ 1968, с. 254.
  25. Автомобили МАЗ 5335, 5549, 5429, 5430, 504В 1977, с. 98.
  26. НДІАТ 1972, с. 166.
  27. НДІАТ 1982, с. 200.
  28. В. Лосовский «Зубр» везет 20 тонн(руск.) // За рулём : часопіс. — 1972. — № 10. — С. 5.
  29. Автотрак №4 2003, с. 64.
  30. Коммерческий транспорт №7 2004, с. 58.
  31. Томпсан 2021, с. 219.
  32. Томпсан 2021, с. 358.
  33. Ирина Мясникова. МАЗ специального назначения (руск.). СБ. Беларусь сегодня (25 красавіка 2019). Праверана 30 чэрвеня 2024.
  34. Шугураў 1994, с. 119—120.
  35. С. Канунников, М. Шелепенков. Отечественные грузовые автомобили 1900—2000 гг. (руск.). — М.: За рулём, 2018. — С. 425. — 768 с.
  36. Томпсан 2021, с. 211.

Літаратура

правіць
  • Высоцкий М. С. и др. Автомобили МАЗ (руск.). — М.: Транспорт, 1968. — 328 с.
  • Автомобили МАЗ 5335, 5549, 5429, 5430, 504В. Техническое описание и инструкция по эксплуатации (руск.) / Под общей редакцией М. С. Высоцкого. — Мн.: Полымя, 1977. — 240 с.
  • А. Новиков. Бескапотные «зубры»(руск.) // Автотрак : часопіс. — 2003. — № 4. — С. 62—66.
  • Эра пятисотых(руск.) // Коммерческий транспорт : часопіс. — 2004. — № 7 (35). — С. 53—60.
  • Карповский Я. Е. Путь в шесть десятилетий (руск.). — Мн.: Кавалер Паблишерс, 2005. — 263 с. — ISBN 985-6748-01-1.
  • С. Жуков. Минская магистраль(руск.) // Автопарк : часопіс. — 2015. — Декабрь 2015 – январь 2016 — № 9 (80). — С. 76—80.
  • Автомобиль МАЗ-504 (4х2) // Краткий автомобильный справочник НИИАТ (руск.). — 6-е изд. — М.: Транспорт, 1972. — С. 166—169. — 512 с.
  • Автомобили МАЗ-504А, МАЗ-504В и МАЗ-5429 (4х2) // Краткий автомобильный справочник НИИАТ (руск.). — 9-е изд. — М.: Транспорт, 1982. — С. 195—200. — 464 с.
  • Шугуров Л. М. Автомобили России и СССР (руск.). — М.: ИЛБИ, 1994. — Т. 2. — 160 с. — ISBN 5-87483-006-5.
  • Энди Томпсон. Грузовые автомобили СССР: Полная история = Trucks of the Soviet Union: The Definitive History (руск.) / Пер. с англ. В. Брылёва, Р. Белика. — М.: КоЛибри, Азбука-Аттикус, 2021. — 392 с. — ISBN 978-5-389-14376-0.

Спасылкі

правіць