Мазырскі аб’яднаны краязнаўчы музей

Мазырскі аб’яднаны краязнаўчы музей — музей, заснаваны ў г.Мазыр паводле рашэння выканкама Палескага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 18 чэрвеня 1948 г. як Палескі абласны краязнаўчы музей.

Мазырскі аб’яднаны краязнаўчы музей
Заснаваны 18 чэрвеня 1948
Адкрыты 1948 і 1984
Месцазнаходжанне
Агульная плошча 2323 м²
Выставачная плошча 1383 м²
Плошча запаснікаў 251 м²

Аснову фондаў склалі экспанаты Палескай абласной выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі 1949 года і этнаграфічныя экспанаты, сабраныя ў вобласці. У лютым 1954 г. перайменаваны ў Мазырскі краязнаўчы музей. 15 сакавіка 1977 г. музей закрыты, яго дзейнасць зведзена да ўліку і захавання існуючых калекцый. У пачатку 1980-х гт. было праведзена археалагічнае даследаванне Замкавай гары, гістарычнага цэнтра горада, а таксама некаторых аб’ектаў эпохі неаліту, у выніку музейныя фонды папоўніліся новымі прадметамі. У 1984 г. музей зноў пачаў працаваць. У сакавіку 2000 г. перайменаваны ў Мазырскі аб’яднаны краязнаўчы музей. Музеем кіравалі І. В. Гранькоў, АЛ.Пісарчык, А. П. Эльман, А. Р. Бобр і інш. З 1987 дырэктар І. І. Васількова.

Структура правіць

У структуры музея:

  • выставачная зала (дзейнічае з 1984 г.);
  • музей партызанскай славы ў в. Раманаўка1989 г.);
  • музей-майстэрня мастака-кераміста М. М. Пушкара (з 1991 г.);
  • галерэя творчасці У. А. Мінейкі (з 2005 г.);
  • музей народнай культуры Мазыршчыны «Палеская веда» (з 1999 г.);
 
Краязнаўчы музей на Замкавай гары
  • краязнаўчы музей (з 1993 г.) з дэкаратыўна аформленым гістарычным цэнтрам «Мазырскі замак» (з 2005 г.).

Экспазіцыя правіць

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 26 218 адзінак захоўвання, дапаможны — 17 911 адзінку. У склад музея ўваходзяць 6 будынкаў агульнай плошчаю 2323 м², з іх экспазіцыйных — 1383 м², выставачных — 384 м², пад захоўванне фондаў — 251 м². Агульная плошча тэрыторыі 0,85 га.

У краязнаўчым музеі дзейнічаюць пастаянныя выстаўкі «Прырода нашага краю», дзе прадстаўлены чучалы птушак і звяроў Беларусі, і археалагічная, складзеная ў асноўным са знаходак з раскопак на тэрыторыі Мазыршчыны і з прадметаў побыту, перададзеных музею гараджанамі. Сярод шматлікіх экспанатаў заслугоўваюць увагі амфара пачатку 12 ст., фрагменты кафлі з жаночай выявай 15 — 16 ст., недаследаваны старажытны каменны крыж, чарнільны прыбор канца 19 — пачатку 20 ст. Гістарычны цэнтр «Мазырскі замак» уяўляе сабой унікальны музей, які ўключае ўсю ландшафтную зону з архітэктурна-планіровачнай забудовай. На тэрыторыі замка захаваўся падмурак царквы Святога Спаса пачатку 15 ст., студня глыбінёй больш за 70 м. У 3 вежах размясціліся пастаянныя экспазіцыі: «Збройная» з муляжамі зброі Вялікага Княства Літоўскага, «Адміністрацыйная» з гістарычнымі атрыбутамі гарадской улады (пячатка, гербы) і «Паляўнічая», дзе прадстаўлены рыштунак палескага паляўнічага і яго трафеі.

Спасылкі правіць