Маларасійскае ваеннае губернатарства

Маларасійскае ваеннае губернатарства (1801—1835); Чарнігаўскае, Палтаўскае і Харкаўскае генерал-губернатарства (1835—1856) — генерал-губернатарствы Расійскай Імперыі ў 18011856 гг., якія па сутнасці тэрытарыяльна і бюракратычна з'яўляліся пераемнікамі адзін аднаго. Цэнтрам генерал-губернатарстваў да 1837 г. быў горад Палтава, а з 1837 г. горад Харкаў.

Маларасійскае ваеннае губернатарства (1801—1835)

правіць
 
Палац Маларасійскага ваеннага губернатара (пазней — палац палтаўскага губернатара) у Палтаве на Круглай плошчы. Фота пачатку XX ст.
 
Палац Маларасійскага ваеннага губернатара (цяпер Палац прафсаюзаў) у Палтаве на Круглай плошчы. Фота 2008 г.
 
Указ 10 снежня 1819 г. Аб узнаўленні з 1 студзеня 1820 г. збору аброчнага абкладу з маларасійскіх казакоў і аб распаўсюджанні на іх зацверджаных падаткаў для шляхоў зносін. Поўны збор законаў Расійскай Імперыі. Збор першы, Т. 36, №28021.

Маларасійскае ваеннае губернатарства было створана паводле ўказу расійскага імператара (1801—1825) Аляксандра I ад 9 (21) верасня 1801 г.: паводле ўказу былая Маларасійская губерня падзялялася на «дзве маларасійскія» губерні, якія былі ўключаны тым жа ўказам ў склад Маларасійскага ваеннага губернатарства[1].

Указ ад 9 (21) верасня 1801 г. не канкрэтызаваў, на якія дзве губерні павінна была быць падзелена Маларасійская губерня, а таксама не вызначаў губернскія цэнтры гэтых «дзвюх маларасійскіх» губерняў[2]. Неўзабаве маларасійскім ваенным губернатарам з Маларасійскай губерні ў 1802 г. былі створаны Чарнігаўская губерня (з цэнтрам у Чарнігаве) і Палтаўская губерня (з цэнтрам у Палтаве). Пачаткова планавалася зрабіць горад Лубны цэнтрам адной з новых губерняў па прычыне яго цэнтральнага месцазнаходжання, але ў канечным выніку менавіта Палтава 8 сакавіка 1802 г. стала цэнтрам адной з новаўтвораных «маларасійскіх губерняў» — па «гістарычным» прычынам (пад Палтавай адбылася пераможная для рускай арміі бітва са шведамі ў 1709 г., сотая гадавіна якой набліжалася)[3][4]. І менавіта Палтава стала цэнтрам Маларасійскага ваеннага губернатарства і рэзідэцыяй маларасійскага ваеннага губернатара, што дало вялікі штуршок развіццю Палтавы як значнага эканамічнага і культурнага цэнтра, які пачаў развівацца паводле рэгулярнага плана з упарадкаванай забудовай. Увесь час свайго існавання Маларасійскае ваеннае губернатарства (1801—1835) складалася толькі з дзвюх губерняў — Палтаўскай губерні і Чарнігаўскай губерні.

Маларасійскае ваеннае губернатарства з цэнтрам у Палтаве неафіцыйна (а часта і ў афіцыйных дакументах) называлася як «маларасійскія губерні», «Маларасійскі край» ці «Маларосія». Акрамя таго, пасля падзелу паводле ўказа ад 9 (21) верасня 1801 г. Маларасійскай губерні на дзве «дзве маларасійскія» губерні, Чарнігаўская і Палтаўская губерні пэўны час пісаліся ў афіцыйным справаводстве як «Маларасійска-Палтаўская губерня» (альбо «Маларасійская Палтаўская губерня») і Маларасійска-Чарнігаўская губерня» («Маларасійская Чарнігаўская губерня»), чым абазначаўся тапанімічны характар губерняў[5].

З-за таго, што функцыі ваеннага губернатара былі аналагічнымі функцыям генерал-губернатара (кіраванне некалькімі губернямі), то ў гістарыяграфіі Маларасійскае ваеннае губернатарства часта называецца як «Маларасійскае генерал-губернатарства»[6], хоць афіцыйна Маларасійскае ваеннае губернатарства так ніколі не менавалася за часы свайго існавання ў справаводстве Расійскай Імперыі.

Па штатнаму раскладу ад 1802 і 1826 г., пры маларасійскім ваенным губернатары дзейнічалі чыноўнікі асаблівых даручэнняў і канцылярыя, якая складалася з 5 аддзелаў, у якіх разглядаліся адміністрацыйныя, паліцэйскія, судовыя грамадзянскія і крымінальныя справы, казацкія і фабрычна-земляробчыя[7].

У Расійскай Імперыі стратэгіяй утрымання заваяваных і далучаных тэрыторый былі асіміляцыя (русіфікацыя) карэннага насельніцтва і ўніфікацыя кіравання (распаўсюджанне агульнаімперскіх законаў і ўстаноў). Адсюль галоўнай задачай ваенных губернатараў (генерал-губернатараў) на заваяваных і далучаных ускраінах было спрыянне найскарэйшай падрыхтоўцы насельніцтва ўскраіны (праз паступовую ліквідацыю ранейшых юрыдычных норм, парадкаў і звычаяў) да ўспрыняцця агульных правіл кіравання — поўнай інкарпарацыі ў склад імперыі на аснове губернскай сістэмы кіравання (без прамежкавага — генерал-губернатарскага ўзроўню), ператварэння захопленых зямель у звычайныя расійскія губерні[8]. Стварэнне Маларасійскага ваеннага губернатарства было выклікана наяўнасцю у кантраляваных ваенным губернатарам дзвюх губернях (зямель былой Гетманшчыны) шматлікага былога казацкага саслоўя, а таксама спецыфічных адміністрацыйных інстытутаў, што ў першую чаргу вызначала і асаблівасці дзейнасці ваеннага губернатара: на тэрыторыі губерняў дзейнічалі Генеральны Маларасійскі суд (1797—1831) і земскія падкаморскія суды (1797—1834), чаго не было ў звычайных расійскіх губернях.

Акрамя традыцыйных функцый (паўната выканаўчай улады ў падкантрольных губернях, судовыя функцыі, кантраляванне дзейнасці дзяржаўных устаноў і г.д.), маларасійскі ваенны губернатар у тым ліку ажыццяўляў арганізацыйна-вайсковыя мерапрыемствы па фарміраванні казачых нерэгулярных ваенных апалчэнняў у 1812 г. (у час франка-рускай вайны 1812 года) і 1831 г. (у часы Лістападаўскага паўстання), забяспечваў арганізацыю перасялення казакоў і сялян у Наварасійскі край, на Каўказ, на землі Чарнаморскага казацкага войска, Усевялікага Войска Данскога, у Крым; займаўся стварэннем умоў жыцця іншаземным каланістам, якія меліся і прыбывалі для асваення малазаселеных стэпавых тэрыторый і інш.

За час існавання Малрасійскага ваеннага губернатарства былі канчаткова ліквідаваны рэшткі аўтаноміі Гетманшчыны ў адміністрацыйных, судова-прававых, сацыяльна-гаспадарчых адносінах. Адрозненні ў прававым стане мясцовага насельніцтва — шляхты, казацтва, купецтва і сялянства — былі канчаткова нівеліраваны і прыведзены ў адпаведнасць з агульнарасійскім узорам[9].

Чарнігаўскае, Палтаўскае і Харкаўскае генерал-губернатарства (1835—1856)

правіць
 
Указ 12 верасня 1839 г. Аб нераспаўсюджанні на Чарнігаўскую і Палтаўскую губерні ўказа 16 сакавіка 1835 года аб унясенні ў актавыя кнігі судовых устаноў данясенняў аб уводзе ў валоданне маёнткамі. Поўны збор законаў Расійскай Імперыі. Збор другі, Т. 14, аддз. 1, №12683. (фрагмент)

У 1835 г. загадам расійскага імператара было загадана рэарганізаваць Маларасійскае ваеннае губернатарства ў «Чарнігаўскае, Палтаўскае і Харкаўскае генерал-губернатарства»: у выніку ў 1836 г. у склад генерал-губернатарства ўвайшлі Чарнігаўская губерня, Палтаўская губерня і Харкаўская губерня — і генерал-губернатарства ўвесь час свайго існавання складалася толькі з гэтых трох губерняў. Пачаткова цэнтрам генерал-губернатарства быў горад Палтава, але з 1837 г. цэнтр генерал-губернатарства быў перанесены ў горад Харкаў, які стаў і рэзідэнцыяй генерал-губернатара.

Па штатнаму раскладу ад 1836 г., пры генерал-губернатары дзейнічалі чыноўнікі асаблівых даручэнняў і канцылярыя, якая складалася з 5 аддзелаў, у якіх разглядаліся адміністрацыйныя, паліцэйскія, судовыя грамадзянскія і крымінальныя справы, казацкія і фабрычна-земляробчыя[10]. У 1840 г. у складзе канцылярыі быў створаны і тайны аддзел.

Генерал-губернатар ажыццяўляў арганізацыйна-вайсковыя мерапрыемствы па фарміраванні казачых нерэгулярных ваенных апалчэнняў у 1855 г. (у час Крымскай вайны).

Два апошнія генерал-губернатары паралельна займалі і пасаду папячыцеля Харкаўскай навучальнай акругі і мелі права кантролю за дзейнасцю Харкаўскага ўніверсітэта[11].

Пасада чарнігаўскага, палтаўскага і харкаўскага генерал-губернатара была скасавана паводле ўказа Сената ад 17 (29) лютага 1856 г.[12]

Спіс ваенных губернатараў, генерал-губернатараў

правіць

Маларасійскія ваенныя губернатары (1801—1835)

правіць

Чарнігаўскія, палтаўскія і харкаўскія генерал-губернатары (1835—1856)

правіць

Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. Поўны збор законаў Расійскай Імперыі. Збор першы. Т. 26, №20004.
  2. Поўны збор законаў Расійскай Імперыі. Збор першы. Т. 26, №20004, 20005.
  3. Павловский, И.Ф. Полтава. Исторический очерк ее, как губернского города в эпоху управления генерал-губернаторами (1802—1856)... С. xxviii.
  4. Архитектура Круглой площади Полтавы Архівавана 7 сакавіка 2016.
  5. Цікава, што паводле таго ж указу ад 9 (21) верасня 1801 г. Літоўская губерня падзялялася на «дзве літоўскія» губерні (Віленскую і Гродзенскую губерні), а Беларуская губерня на «дзве беларускія» губерні (Віцебскую і Магілёўскую губерні), якія адразу пачалі пісацца як «Літоўска-Віленская губерня» (ці «Літоўская Віленская губерня»), «Літоўска-Гродзенская губерня» (ці «Літоўская Гродзенская губерня»), «Беларуска-Віцебская губерня» (ці «Беларуская Віцебская губерня») і «Беларуска-Магілёўская губерня» (ці «Беларуская Магілёўская губерня»). Азначэнні «Літоўска-» («Літоўская») і «Беларуска-» («Беларуская») выкарыстоўваліся для абазначэння тапанімічнага характару губерні і часта не ўказваліся. Пасады губернатараў і губернскіх устаноў таксама часта пісаліся з указаннем тапанімічнага характару губерні: «літоўска-віленскі губернатар», «Літоўска-Віленскае губернскае праўленне» і г.д. У афіцыйных назвах пасады генерал-губернатара ці генерал-губернатарства (з пералікам губерняў, якія ў ваходзілі ў склад генерал-губернатарства) азначэнні «Літоўская» ці «Беларуская» у назве губерняў у 1801—1840 гг. не выкарыстоўваліся: напрыклад, «віцебскі, магілёўскі, смаленскі і калужскі генерал-губернатар», «віленскі ваенны, гродзенскі, беластоцкі і мінскі генерал-губернатар» і г.д.
  6. Шандра, В.С. Генерал-губернаторства в Україні: XIX — початок XX ст. / В.С. Шандра. — Київ : НАН України, Ін-т історії України, 2005. — 427 с.; Шандра, В.С. Малоросійське генерал-губернаторство / В.С. Шандра // Енциклопедія історії України. — Київ : Наукова думка, 2009. — Т. 6. Ла-Мі. — С. 479—480.
  7. Шандра, В.С. Малоросійське генерал-губернаторство / В.С. Шандра // Енциклопедія історії України. — Київ : Наукова думка, 2009. — Т. 6. Ла-Мі. — С. 479—480.
  8. Лысенко, Л.М. Губернаторы и генерал-губернаторы... С. 166.
  9. Шандра, В.С. Малоросійське генерал-губернаторство / В.С. Шандра // Енциклопедія історії України. — Київ : Наукова думка, 2009. — Т. 6. Ла-Мі. — С. 479—480.
  10. Шандра, В.С. Малоросійське генерал-губернаторство / В.С. Шандра // Енциклопедія історії України. — Київ : Наукова думка, 2009. — Т. 6. Ла-Мі. — С. 479—480.
  11. Шандра, В.С. Малоросійське генерал-губернаторство / В.С. Шандра // Енциклопедія історії України. — Київ : Наукова думка, 2009. — Т. 6. Ла-Мі. — С. 479—480.
  12. Тым жа ўказам была скасавана пасада віцебскага, магілёўскага і смаленскага генерал-губернатара.

Літаратура

правіць
  • Большакова, О.В. Российская империя: система управления. Современная зарубежная историография: аналитический обзор / О.В. Большакова ; Центр социал. науч.-информ. исслед. Отд. отеч. и зарубеж. истории; Отв. ред. В.М. Шевырин. — М., 2003. — 92 с. [1](недаступная спасылка)
  • Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — Москва: Новое литературное обозрение, 2006. — 608 с.
  • Каппелер, А. Россия — многонациональная империя: Возникновение. История. Распад / А. Каппелер; пер. с нем. С. Червонная. — М. : Традиция, 2000. — 344 с. — ISBN 5-89493-009-Х
  • Лысенко, Л.М. Губернаторы и генерал-губернаторы Российской империи (XVIII — начало XX века) / Л.М. Лысенко. — М. : МПГУ, 2001. — 2-е изд. — 358 с.
  • Павловский, И.Ф. Полтава. Исторический очерк ее, как губернского города в эпоху управления генерал-губернаторами (1802—1856) / И.Ф. Павловский. — Полтава : Электрич. типо-литография Т-ва быв. "И. А. Дохман", 1910. — 238 с.
  • Реклю, Э. Россия европейская и азиатская : в 2 т. / Э. Реклю. — Т. 1. Европейская Россия. До Урала. — СПб. : А. Ильин, 1883. — 700 с.
  • Труды Полтавской Ученой Архивной Комиссии / под ред. И.Ф. Павловского, А.Ф. Мальцева и Л.В. Падалки. — Полтава : Электрич. тип. Г.И. Маркевича, Бульвар Котляревского, 1916. — 416 с.
  • Устрялов, Н. Русская история: в 2 ч. / Н. Устрялов. — Изд. 5-е. — Санкт-Петербург : тип. Апполона Фридрихсона, 1855. — Ч. 2. Новая история. — 600 с.
  • Шандра, В.С. Генерал-губернаторства в Україні: XIX — початок XX ст. / В.С. Шандра. — Київ : НАН України, Ін-т історії України, 2005. — 427 с.
  • Шандра, В.С. Малоросійське генерал-губернаторство / В.С. Шандра // Енциклопедія історії України. — Київ : Наукова думка, 2009. — Т. 6. Ла-Мі. — С. 479—480.

Спасылкі

правіць