Адкрыць галоўнае меню

Маргарыта Англійская (герцагіня Брабанта)

БіяграфіяПравіць

Маргарыта нарадзілася 11 верасня 1275 года ў сям'і англійскага караля Эдуарда I і яго першай жонкі Элеаноры Кастыльскай. Яна была дзясятым дзіцем, хоць да моманту яе нараджэння ў жывых заставаліся толькі трое з яе братоў і сясцёр. Шлюб яе бацькоў быў шчаслівым і пладавітым: усяго ў іх нарадзілася шаснаццаць дзяцей.

8 ліпеня 1290 года быў заключаны шлюб паміж Маргарытай Англійскай і Жанам Брабанцкім, сынам Жана Пераможца, герцага Брабанта, Лацье і Лімбурга. Шлюб адбыўся ў Вэстмінстэрскім абацтве Лондана. Маладым на момант шлюбу было па 14 гадоў. Увосень таго ж года памерла маці Маргарыты, Элеанора Кастыльская.

Увесну 1294 года ў Бар-лё-Дзюку Жан I быў смяротна паранены на рыцарскім турніры і сканаў 3 мая. Герцагам Брабанта стаў яго васямнаццацігадовы сын Жан II. Маргарыта атрымала тытул герцагіні.

У 1300 годзе ў пары нарадзіўся іх адзіны сын — Жан, які пазней атрымаў у спадчыну трон бацькі.

Жан II атрымаў мянушку Ціхі. Падчас яго кіравання Брабант, падтрымліваючы адносіны з кааліцыяй, спрабаваў супрацьстаяць французскай экспансіі. Жан II таксама распачаў спробу заваявання Паўднёвай Галандыі, якая не ўвянчалася поспехам. Ведаючы пра сваю хваробу[2] і жадаючы забяспечыць мірны пераход улады да малалетняга сына, Жан зрабіў некалькі важных крокаў для ўмацавання пазіцый герцага. У 1311 годзе, жадаючы перавесці адносіны з Францыяй у мірную плоскасць, ён ажаніў сына з Марыяй д'Эўро, пляменніцай караля Філіпа Прыгожага, а 27 верасня 1312 года падпісаў Кортэнбергскую хартыю. Паводле яе палажэнняў, герцаг павінен быў кіраваць краінай разам з саветам, у якім дзесяць месцаў належалі прадстаўнікам гарадоў Бруселя, Лувена, Антверпена, Тырлемона, Леа, Хертагенбоса, а таксама гарантавалася нязменнасць існага заканадаўства, урадавых і судовых звычаяў і гарадскіх прывілеяў[3]. Праз месяц Жан II сканаў.

Маргарыта перажыла мужа і яшчэ пабачыла ўнукаў. Першае дзіця яе ятроўка, Марыя д'Эўро, нарадзіла ў 1322 годзе. Дзяўчынку назвалі Жаннай. Менавіта яна пасля стала кіраўніцай Брабанта. Памерла Маргарыта пасля 1338 года і была пахавана ў брусельскім саборы Святых Міхаіла і Гудулы.

Зноскі

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць