Маргарыта д’Арэца

Маргарыта д’Арэца, Маргарытонэ з Арэца (італ.: Margaritone d’Arezzo, працаваў у 1250—1270-х гадах) — італьянскі мастак.

Маргарыта д’Арэца
Фатаграфія
Дата нараджэння 1240 ці 1250
Месца нараджэння
Дата смерці 1290
Род дзейнасці мастак, архітэктар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Джорджа Вазары пакінуў пра гэтага майстра даволі падрабязны жыццяпіс. З яго вынікае, што Маргарытонэ (Маргарытонэ — памяншальная форма імя Маргарыта) быў вядомым мастаком і скульптарам, які працаваў у 1260—1270-х гадах у Арэца і ваколіцах, распісваў царквы, і пакінуў у спадчыну мноства выдатных карцін, напісаных у грэчаскай манеры. Вазары апісвае Маргарытонэ, як мастака, які жыў да з’яўлення выдатных італьянскіх майстроў — Чымабуэ, Андрэа Тафі, Гада Гадзі і Джота, ідэалізуючы яго, і прыпісваючы яму цэлы шэраг твораў і архітэктурных работ. Пазнейшая крытыка называла гэтага мастака пасрэдным, а ўслаўленні Вазары тлумачыла выключна тым, што Вазары, як і Маргарытонэ, нарадзіўся ў Арэца.

Вакол яго фігуры да гэтага часу ідуць спрэчкі. Некаторыя спецыялісты не ўпэўненыя ў тым, што дзейнасць Маргарытонэ прыпала менавіта на другую палову XIII стагоддзя, а не на першую. Ёсць некалькі схемаў рэканструкцыі яго творчасці. Становішча ўскладняе тое, што акрамя жыццяпісу Вазары і подпісаў на карцінах існуе толькі адно пацверджанне яго існавання — Маргарытонэ згадваецца ў дакуменце ад 1262 года. Гэты адзіны архіўны дакумент паведамляе, што жывапісец Маргарыта, сын памерлага Маньяна, у 1262 годзе працаваў у клуатры Камальдульскага манастыра Сан Мікеле ў Арэца.

Даты нараджэння і смерці майстра застаюцца невядомымі. Вазары паведамляе, што мастак памёр у 1313 годзе ва ўзросце 77 гадоў. Калі гэта дакладна, то Маргарытонэ мог нарадзіцца ў 1236 годзе. Эксперты мяркуюць, што фармаванне мастака адбывалася ў коле тасканскіх майстроў першай паловы XIII стагоддзя — Майстра Бігала (Майстар распяцця з Бігала) і Майстра з Трэсы.