Мост Блахіна
Мост імя Блахіна — мост цераз раку Заходняя Дзвіна. Размешчаны недалёка ад цэнтральнай часткі Віцебска, па мосце праходзіць вуліца Генерала Белабародава. Названы ў гонар вызваліцеля Віцебска ад нямецкіх захопнікаў, Героя Савецкага Саюза Фёдара Цімафеевіча Блахіна, які камандаваў сапёрным узводам салдат, якія выратавалі гэты мост ад падрыву нямецкімі войскамі ў 1944 годзе.
Мост Блахіна | |
---|---|
Каардынаты: 55°11′02″ пн. ш. 30°11′50″ у. д.HGЯO | |
Вобласць ужывання | аўтамабільны, пешаходны |
Перасякае | Заходняя Дзвіна |
Месца размяшчэння | Віцебск |
Канструкцыя | |
Агульная даўжыня | 326 м |
Шырыня моста | 11 м |
Эксплуатацыя | |
Адкрыццё | 1934 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьНеабходнасць у горадзе другога моста (першы — Дзвінскі, сённяшні Кіраўскі мост) цераз Заходнюю Дзвіну ўзнікла яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі XX стагоддзя. Першапачатковы мост будаваўся па праекце маставога бюро Галоўдартранса БССР. 7 лістапада 1934 года адбылося ўрачыстае адкрыццё моста, прымеркаванае да гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Гэта быў першы пастаянны гарадскі мост у БССР, разлічаны на аўтамабільную і трамвайную нагрузкі. Першы час у народзе мост называлі Новым. Мост меў даўжыню 326 метраў, шырыня праезжай часткі — 11 метраў.
У час Вялікай Айчыннай вайны
правіцьУ 1941 годзе, пры наступленні германскіх войскаў, эстакады моста былі часткова разбураны, але ў час нямецкай акупацыі адноўлены. На чэрвень 1944 года ў Віцебску, цераз Заходнюю Дзвіну, неразбураным заставаўся толькі гэты мост. Немцы пакінулі яго для адступлення, а пасля збіраліся падарваць. Камандзіру сапёрнага ўзвода 875-га стралковага палка (158-я стралковая дывізія, 39-я армія, 3-ці Беларускі фронт) старэйшаму сяржанту Фёдару Блахіну было даручана выратаваць мост ад падрыву, каб па ім змаглі пераправіцца асноўныя сілы 39-й Арміі.
Напярэдадні атрымання гэтага задання Фёдар Блахін быў апавешчаны аб гібелі ў баі сына. Гэтая вестка моцна паўплывала на эмацыйны стан старэйшага сяржанта Блахіна, і, у некаторай меры, спрыяла паспяховаму выкананню задання. Ноччу 26 чэрвеня 1944 група з 12 чалавек на чале з Фёдарам Блахіным таемна прабралася скрозь варожыя сілы і выйшла да Заходняй Дзвіне. Мост быў замініраваны.
Па сігнале камандзіра байцы закідалі гранатамі траншэі праціўніка і ўварваліся на мост. Завязаўся бой, які перайшоў у рукапашную сутычку. Старэйшы сяржант Блахін ударам нажа забіў гітлераўца і кінуўся да вады, дзе былі працягнуты правады, што вялі да фугаса, пасля чаго перарэзаў іх і разам з яфрэйтарам Міхаілам Кузняцовым дастаў электрадэтанатары. З апор моста сапёры вынялі 300 скрынь выбухоўкі. У гэты момант да моста ўжо падыходзілі савецкія танкі. За гэты подзвіг 24 сакавіка 1945 г старэйшаму сяржанту Фёдару Блахіну было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, а ў 1964, Ф. Ц. Блахін быў удастоены звання Ганаровага грамадзяніна Віцебска.
Пасля вайны
правіцьУ 1956 годзе была праведзена капітальная рэканструкцыя эстакад па праекце Белдзяржпраекта. У 1959 годзе на мосце была ўстаноўлена памятная дошка ў гонар подзвігу Ф. Блахіна і яго ўзвода. У 1968 годзе па праекце Белдзіпрадара рэканструявалі металічную ферму моста. У гонар Блахіна мост названы ў 1974 годзе.
Новы мост
правіцьУ канцы 1980-х гадоў было прынята рашэнне аб дэмантажы старога моста Блахіна і пабудове новага на тым жа месцы. У 1988 годзе на мосце быў закрыты аўтамабільны рух, але яшчэ каля года па ім хадзілі трамваі. Для разборкі моста пад металічную ферму была падведзена здвоеная баржа з апорамі. На яе пагрузілі канструкцыю. Баржа адбуксіравала ферму на бераг. Новы мост Блахіна быў адкрыты для руху ў 1992 годзе. У 2010 годзе на мосце ўстаноўлена дэкаратыўнае падствятленне.
Літаратура
правіць- Витебск: Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1988. — 408 с. — 60 000 экз. — ISBN 5-85700-004-1
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мост Блахіна