Музей Станіслава Манюшкі
Музей Станіслава Манюшкі — музей, філіял Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея.
Музей Станіслава Манюшкі | |
---|---|
Профіль | літаратурна-персанальны |
Заснаваны | 1969 |
Падпарадкаванасць | Чэрвеньскі раённы краязнаўчы музей |
Месцазнаходжанне | Мінская вобласць, Чэрвеньскі раён, г. п. Смілавічы (з 2019) |
Памеры фонду | 500 |
Адкрыты 5 мая 1969 г. у пас. Азёрны Чэрвеньскага раёна як аматарскі школьны музей пры Азёрнаўскай васьмігадовай школе ў сувязі з 150-годдзем з дня нараджэння С.Манюшкі. У верасні 1969 г. музею прысвоена званне «народны». Стваральнік і першы дырэктар Васіль Несцяровіч, які за захаванне памяці вялікага кампазітара атрымаў званне «Заслужаны работнік культуры Польшчы». З 1991 дырэктарам музея працавала дачка В. Несцяровіча Ірына Серада.
З 1991 г. быў філіялам Чэрвенскага краязнаўчага музея, з 1993 г. — Аб'яднання дзяржаўных літаратурных музеяў Рэспублікі Беларусь, з 2001 г. — Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь.
Знаходзіўся ў будынку вучэбна-педагагічнага комплексу Азёрнаўскі дзіцячы сад – базавая школа. У 2009 Азёрнаўскую школу закрылі, экспанаты пераехалі ў Чэрвень, а у 2019 — у «Музычную гасцёўню» Смілавічаў, «якая запрацавала ў будынку колішняй школы мастацтва дзякуючы гранту Эўразьвязу і падтрымцы Прадстаўніцтва ААН»[1].
Асноўны фонд Азёрнаўскага музея (2008) налічваў больш за 500 адзінак захоўвання. Агульная плошча 64 м², экспазіцыі – 60 м², меў 4 залы.
Сярод экспанатаў 1-й залы фотаздымкі, копіі малюнкаў бацькі кампазітара Ч. Манюшкі, на якіх адлюстраваны мясцовыя пейзажы, партрэты настаўнікаў, блізкіх сваякоў, дзіцячыя і юнацкія гады сына. Тут знаходзяцца тэатральныя касцюмы (Галькі і Ёнтака з оперы «Галька», Ідамора з оперы «Парыя»), падараваныя Пазнаньскім оперным тэатрам (Польшча).
Экспазіцыя 2-й залы расказвае пра вучобу маладога Манюшкі ў Берлінскай музычнай акадэміі, яго працу дырыжорам у Вільні і Варшаве. Значная яе частка прысвечана сяброўству С. Манюшкі з В. Дуніным-Марцінкевічам і стварэнню першых беларускіх опер «Сялянка» («Ідылія») і «Рэкруцкі набор». Тут прадстаўлены фотаздымкі, копіі дакументаў і інш.
Трэцяя зала знаёміць непасрэдна з опернай творчасцю кампазітара. Сярод экспанатаў: ноты, запісы твораў на шматлікіх пласцінках і касетах, фотаздымкі пастановак опер «Галька» і «Страшны двор» у Беларусі, сцэнічныя касцюмы з Варшаўскага опернага тэатра, кнігі з аўтографамі тэатральнага гісторыка М. Фукса, польскай спявачкі, прапагандысткі творчасці кампазітара М. Фолтын, кампазітара і біёграфа В. Рудзінскага і інш.
Экспанаты 4-й залы – фотаздымкі, афішы фестываляў, буклеты, сувеніры, узнагароды музея.
З 2019 г. музейная экспазіцыя ў смілавіцкай «Музычнай гасцёўні» займае 2 залы. Загадчыца экспазыцыі - Ірына Серада.
Зноскі
- ↑ Да Манюшкі — праз КПП. Чаму памяць пра славутага кампазытара ў Беларусі патрэбная толькі энтузіястам // сайт «Радыё Свабода» 5 траўня 2019
Літаратура
правіць- Музей Станіслава Манюшкі / / Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрвеньскага р-на. – Мн., 2000. – С. 564–565.
- Ляўковіч А. ...I тут ён накрэсліў першыя ноты: Радзіма С. Манюшкі – у цэнтры Беларусі / / Звязда. – 2000. – 18 крас.
Спасылкі
правіць- Чым «памешчык Манюшка» не дагадзіў савецкім партыйцам. Гісторыя музэю, створанага насуперак уладзе // сайт «Радыё Свабода» 18 траўня 2019