Музей народнай славы (Зембін)
Музей народнай славы (раней І́канскі музей народнай славы) — ваенна-гістарычны музей у в. Зембін Барысаўскага раёна, куды ён быў перанесены з в. Іканы пасля пажару. Філіял Барысаўскага аб’яднанага музея. Размяшчаецца ў будынку па вул. Ленінскай, 1.
Музей народнай славы | |
---|---|
Заснаваны | 4 ліпеня 1964 |
Месцазнаходжанне | |
Памеры фонду | 7822 |
Агульная плошча | 450 м² |
Выставачная плошча | 355,7 м² |
Плошча запаснікаў | 11,8 м² |
Адрас |
222133, Мінская вобласць, Барысаўскі раён, а/г Зембін, вул. Ленінская д. 1 Тэлефон |
Гісторыя
правіцьІканскі музей народнай славы быў заснаваны 04.07.1964 года на базе сярэдняй школы як музей на грамадскіх пачатках. З 1 студзеня 1977 г. атрымаў статус дзяржаўнага музея дзяржаўнага музея народнай славы, з 1988 года ўвайшоў у склад Барысаўскага аб’яднанага музея як структурнае падраздзяленне[1].
Пасля пажару ў 2006 годзе экспазіцыя музея часова была размешчана ў Іканскай базавай школе. Супрацоўнікі ДУ «Барысаўскі аб’яднаны музей» сабралі для ўзнаўлення экспазіцыі дакументы, фотаздымкі, аднавілі 89 адзінак ваеннага рыштунку. Прапановы аб размяшчэнні музея ў памяшканнях базавай школы і дзіцячага садка разглядаліся ўпраўленнем культуры аблвыканкама сумесна з Барысаўскім райвыканкамам яшчэ ў 2006 годзе. Аднак гэтыя будынкі не адпавядалі патрабаванням для размяшчэння музея і захавання музейных прадметаў: памяшканне школы 1955—1957 гг. пабудовы, драўлянае, патрабавала рэканструкцыі; памяшканне ж дзіцячага садка пабудавана ў 1964—1965 гг., драўлянае, абкладзенае цэглай, з 1998 года не эксплуатавалася, неабходна было правядзенне экспертызы тэхнічнага стану, рэканструкцыі, што патрабавала значных капітальных укладанняў. У сувязі са скарачэннем колькасці дзяцей школьнага ўзросту ў вёсцы Іканы была закрыта школа. У 2007 годзе ў музеі праведзена толькі 129 экскурсій, у 2008 г. — 138. Улічваючы, што ў навукова-асветніцкай рабоце значнае месца займаюць арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў патрыятычнага напрамку, а асноўнымі наведвальнікамі музея з’яўляюцца школьнікі, вырашана перавесці музей народнай славы ў аграгарадок Зембін і, пасля завяршэння капітальнага рамонту, размясціць яго ў памяшканні Зембінскага сельскага дома культуры[1].
У 2010 годзе ацалелыя экспанаты перавезены ў будынак Зембінскай карціннай галерэі. Там была створана зала, прысвечаная партызанскаму руху на Барысаўшчыне.
Экспазіцыя
правіцьСтанам на 2001 года колькасць прадметаў асноўнага фонду складала 7822 адзінкі. Агульная плошча музейных будынкаў складала 450 м², экспазіцыйна-выставачная плошча — 355,7 м², плошча пад захаванне фондаў — 11,8 м²[2].
Пастаянная экспазіцыя прысвечана Вялікай Айчыннай вайне, гісторыі Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны, грамадзянскай вайне. У Іканах існавала мемарыяльная зала[2]. Экспанаты музея распавядаюць пра даваенны перыяд, удзельніках рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Маюцца экспазіцыі, прысвечаныя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, аперацыі «Баграціён». Таксама прадстаўлены дакументы акупацыйнага перыяду, фатаграфіі вязняў канцлагераў і мірных жыхароў, вывезеных у Германію.
У музеі можна ўбачыць прадметы даваеннага побыту, фрагменты нямецкай зброі, такарны станок з нажным прывадам з партызанскай зброевай майстэрні брыгады «Дзядзькі Колі». Экспануюцца макеты зямлянкі, асабістыя рэчы партызан, музычныя інструменты (старадаўні гармонік, сабраная рукамі партызана Я. Кругліка, скрыпка, патэфон). Дэманструюцца ўзоры ўзнагарод: ордэн Баявога Чырвонага Сцяга, медалі «За баявыя заслугі», «Партызану Айчыннай вайны», «За перамогу над Германіяй». Ёсць вітрыны, прысвечаныя падпольнай друкарні і партызанскаму шпіталю[3].
У атрадзе імя Чапаева быў свой мастак — С. Алікаў, рэпрадукцыі малюнкаў якога знайшлі сваё месца на стэндах музея. Журнал з малюнкамі быў закапаны ў акопе ў 1944 годзе, і толькі праз 30 гадоў сам аўтар малюнкаў здолеў адшукаць свой альбом, які застаўся ў цэласці і захаванасці[3].
Зембінская карцінная галерэя
правіцьМузей народнай славы мае мастацкую галерэю, дзе выстаўлены мазаічныя творы Надзеі Хадасевіч-Лежэ[4]. У свой час Надзея Лежэ з Францыі даслала цэлы вагон мазаік — больш за 60 твораў — у Савецкі Саюз, а рэпрадукцый раздарыла каля дзвюх тысяч — галоўным чынам тым населеным пунктам, дзе не было сваіх музеяў і галерэй. Шэсць мазаічных работ з мальтыйскага каменя і смальты самой Лежэ, якія патрапілі ў Зембін з падмаскоўнага Дубна. Там яны выстаўляліся пад адкрытым небам, таму з часам сталі разбурацца[5].
У канцы 1980-х гг. лёсам мазаік зацікавіліся ў Зембіне, на радзіме маці Надзі Лежэ, куды яна некалькі разоў прыязджала. У пачатку 1989 года пасля адкрыцця Зембінскай карціннай галерэі (будынак для яе быў спецыяльна прыбудаваны да Дома культуры) тагачасны старшынёй Зембінскага сельсавета Суляціцкі праявіў ініцыятыву аб папаўненні калекцыі новай установы культуры. Перапіску аб перадачы мазаік Надзі Лежэ ў Зембін ён вёў з Міністэрствам культуры СССР і адміністрацыйна-гаспадарчым аддзелам Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў у Дубне. У выніку два мазаічныя партрэты пагадзілася бязвыплатна перадаць са сваіх фондаў Міністэрства культуры СССР, пра што сведчыць ліст намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення па справах выяўленчых мастацтваў Н. Кутузавай ад 2 лютага 1989 года. З Дубны 17 лютага 1989 года прыйшоў адказ, дзе паведамлялася пра наяўнасць 19 мазаічных работ М. Лежэ, якія патрабуюць рэстаўрацыі. Інстытут ядзерных даследаванняў згаджаўся перадаць пано, але перасцерагаў Зембінскі сельсавет і прасіў «узважыць свае магчымасці з размяшчэннем гэтых мазаік». Намаганнямі энтузіястаў, сярод якіх быў і тагачасны дырэктар Дома культуры Э. П. Чарняўскі, шэсць мазаічных пластоў з выявами Уладзіміра Леніна, Марка Шагала (дзве часткі), Пабла Пікаса, Фернана Лежэ і парыжскага харэографа і галерыста Даніэля Анры Канвейлера ўсё ж з’явіліся ў 1990—1991 гадах у Зембінскай галерэі. Унікальным мазаікам аддадзена цэлая зала[6].
Яшчэ ў адной зале размешчаны падораныя М. Лежэ землякам яе маці рэпрадукцыі 21 карціны выдатных майстроў заходне-еўрапейскага жывапісу XV—XX стагоддзяў[6]: Пітэра Брэйгеля Старэйшага, Вінсента Ван Гога, Эдуарда Манэ, Клода Манэ, П’ера Агюста Рэнуара, Поля Гагена[5].
Бібліяграфія
правіць- Чалей М. I стаў музей народным / / Мінская праўда. — 1985. — 6 жн.
Зноскі
- ↑ а б Музей пераедзе ў Зембін № 29 (897) 18.07.2009(недаступная спасылка)
- ↑ а б Іканскі музей народнай славы // Музеі Беларусі=Мuseums Belarus: Інфармацыя аб музеях сістэмы Мін-ва культуры Рэсп. Беларусь / Склад. А.Б. Сташкевіч і інш.; Пер. з бел. мовы А.Б. Сташкевіч, В.У. Мірончык.. — Мн.: Беларусь, 2001. — 272 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-01-0308-6.
- ↑ а б История Зембинского музея Народной славы началась с Надежды Леже
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 красавіка 2022. Праверана 20 сакавіка 2022.
- ↑ а б Картинная галерея Надежды Ходасевич-Леже
- ↑ а б Перешагнувшая через «железный занавес». Уроженка Беларуси Надя Ходасевич-Леже была культурным послом мира, соединившим две страны с разной идеологией и укладом жизни
Літаратура
правіць- Іканскі музей народнай славы // Музеі Беларусі=Мuseums Belarus: Інфармацыя аб музеях сістэмы Мін-ва культуры Рэсп. Беларусь / Склад. А.Б. Сташкевіч і інш.; Пер. з бел. мовы А.Б. Сташкевіч, В.У. Мірончык.. — Мн.: Беларусь, 2001. — 272 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-01-0308-6.