Барысаўска-Бягомльская партызанская зона

Барысаўска-Бягомльская партызанская зона — тэрыторыя на поўначы Мінскай вобласці, якую кантралявалі партызаны. У снежні 1942 года партызанская брыгада «Жалязняк» вызваліла гарадскі пасёлак Бягомль. Да пачатку 1943 года ўвесь Бягомльскі раён быў ачышчаны ад акупантаў. Партызаны ўстанавілі кантроль над тэрыторыяй Бягомльскага і паўночнай часткай Барысаўскага раёнаў (плошча 2 250 км²), да канца 1943 года вызвалілі каля 6 000 км² тэрыторыі Барысаўскага, Бягомльскага, Крупскага, Лагойскага, Плешчаніцкага, Смалявіцкага, Халопеніцкага і іншых раёнаў (каля 1 100 населеных пунктаў). На тэрыторыі зоны была адноўлена савецкая ўлада, выдаваліся газеты, у населеных пунктах дзейнічалі камендатуры, праводзілася масава-палітычная работа сярод насельніцтва. Падтрымлівалася рэгулярная радыёсувязь з Вялікай зямлёй, з красавіка 1943 года ў Бягомлі дзейнічаў партызанскі аэрадром, на які з савецкага тылу дастаўлялі зброю, боепрыпасы, медыкаменты для партызан зоны і суседніх раёнаў Віцебскай, Вілейскай абласцей, Літвы.

Гісторыя правіць

Кіраўніцтва ў зоне ажыццяўлялі Мінскі абкам КП(б)Б, Барысаўскі міжрайпартцэнтр, райкамы партыі, штаб партызанскага злучэння Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны. Пасля зліцця Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны з Полацка-Лепельскай і Сенненска-Аршанскай партызанскімі зонамі вызваленная зона склала каля 11 000 км². Зону абаранялі партызанскія брыгады «Жялязняк», «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага, «Дзядзькі Колі», «Штурмавая», «Смерць фашызму», імя Кірава, 1-я Антыфашысцкая і іншыя, што ўваходзілі ў партызанскае злучэнне Барысаўска-Бягомльскай зоны (усяго каля 10,5 тысяч партызан). Усе дарогі, што праходзілі праз зону, пастаянна кантраляваліся партызанамі, на танканебяспечных напрамках ствараліся фартыфікацыйныя ўмацаванні і перашкоды (равы, засекі, мінныя палі і іншае). У мэтах стрымлівання карных вылазак непасрэдна да нямеціх гарнізонаў былі высунуты дыверсійныя, разведвальныя падраздзяленні, засадныя групы. Гэта вымушала праціўніка адцягваць значныя сілы для абароны камунікацый і апорных пунктаў гарнізонаў, перашкаджала прасоўванню карнікаў у глыб зоны і ў населеныя пункты, што кантраляваліся партызанамі. Дапамогу партызанам аказвалі падпольшчыкі Мінска, Барысава, Докшыц і іншыя, якія перадавалі інфармацыю аб намерах і сілах праціўніка. З Вялікай зямлі дастаўляліся медыкаменты, боепрыпасы, праводзілася эвакуацыя параненых. У ходзе карнай аперацыі «Котбус» (май—чэрвень 1943 года), у баях, на рубяжах рэк Проня і Бярэзіна, каля партызанскага аэрадрома партызаны нанеслі праціўніку значныя страты: знішчылі больш за 2 000 салдат і афіцэраў, 24 танкі і бронемашыны, 73 аўтамашыны, 2 самалёты, адначасова з канца красавіка да сярэдзіны чэрвеня пусцілі пад адхон 43 эшалоны. Байцы брыгады «Жалязняк» 12 лютага 1944 года каля вёскі Улессе адбілі наступленне карнага батальёна, узмоцненага 3 танкамі і мінамётна-артылерыйскімі батарэямі. 24 лютага 1944 года каля вёскі Юхнаўка нанеслі страты праціўніку ў жывой сіле. У час карных аперацый «Веснавое свята» і «Баклан» (красавік—чэрвень 1944 года), займаючы кругавую абарону на балоцістых пляцоўках, партызаны толькі ў майска-чэрвеньскіх баях знішчылі 3 375, паранілі 2 400 і ўзялі ў палон каля 1 000 варожых салдат і афіцэраў. Выніковае значэнне ў разгроме карнікаў адыграла імклівае наступленне Чырвонай Арміі і ўзаемадзеянне з ёю партызанскага злучэння зоны.

Память правіць

На месцы партызанскага аэрадрома пастаўлены абеліск, у вёсцы Іканы Барысаўскага раёна ў гонар партызан Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны — помнік.

Зноскі

Літаратура правіць

  • 64-65. У. С. Пасэ, Э. Ф. Языковіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. Барысаўска-Бягомльскаяпартызанская зона. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.

Спасылкі правіць