Партызанскія аэрадромы
Партызанскія аэрадромы — ствараліся для забеспячэння авіяперавозак і сувязі партызанскіх фарміраванняў з савецкім тылам. На тэрыторыі Беларусі дзейнічаў 41 партызанскі аэрадром. Цяжкія самалёты (Лі-2, Сі-47, Р-6 і іншыя) маглі прымаць 21, лёгкія (Р-5, У-2 і іншыя) — 20 аэрадромаў. Для дастаўкі грузаў партызанам выкарыстоўваліся таксама планёры. Існавала больш за 83 пляцоўкі для прыёму парашутыстаў і грузаў на парашутах. Аэрадромы і пляцоўкі будавалі партызаны і мясцовае насельніцтва. Першыя палёты савецкіх самалётаў у нямецкі тыл да партызан Магілёўскай вобласці пачаліся ў чэрвені 1942 года. Пасадка рабілася на Клічаўскім і Галынскім[1] аэрадромах. Адным з ініцыятараў стварэння партызанскіх аэрадромаў быў камандзір 208-га партызанскага палка імя Сталіна У. І. Нічыпаровіч, які забяспечыў будаўніцтва неабходнымі матэрыяламі, інжынерамі, тэхнікамі і іншымі кіраўнікамі. Аэрадромы і пляцоўкі абслугоўваліся партызанскімі радыёстанцыямі, якія перадавалі для самалётаў радыёсігналы, даныя аб метэаўмовах і іншае. Прыём і адпраўку самалётаў рабілі спецыяльна падрыхтаваныя каманды (да 65 чалавек). Работу на пляцоўках вялі каманды партызан (15 — 20 чалавек). У раёнах размяшчэння буйных партызанскіх аэрадромаў для іх аховы і абароны прыцягваліся вялікія партызанскія сілы (да 5 партызанскіх брыгад колькасцю ад 1 да 5 тысяч чалавек). Буйныя аэрадромы ў Бягомлі, вёсках Сяляўшчына, Печышча (за 13 км на захад ад Івянца), на востраве Зыслаў, у вёсцы Парэчча (за 30 км на поўдзень ад Глуска), каля вёскі Сварынь былі абсталяваны ў 1943 годзе і адыгралі вялікую ролю ў забеспячэнні надзейнай сувязі партызан з Вялікай зямлёй. Так, праз Бягомльскі аэрадром вялося забеспячэнне больш за 40 партызанскіх атрадаў і брыгад Мінскай, Віцебскай, Вілейскай і Баранавіцкай абласцей. Аэрадром у вёсцы Галынка забяспечаў да 30 партызанскіх атрадаў. З гэтых аэрадромаў эвакуіравалі цяжка параненых і хворых партызан, а таксама дзяцей і мясцовых жыхароў з партызанскіх зон. Аэрадромы служылі базамі забеспячэння партызан зброяй, боепрыпасамі і іншай неабходнай маёмасцю, у тым ліку медыцынскай, газетамі, часопісамі, лістоўкамі, сюды прыбывалі групы арганізатараў партызанскага руху, інструктары, радысты. У савецкі тыл з партызанскіх аэрадромаў адпраўляліся дакументы аб баявых дзеяннях партызан і падпольшчыкаў, атэстацыйны і наградны матэрыял, разведданыя аб перамяшчэннях варожых часцей, важныя аператыўныя дакументы, захопленыя ў праціўніка, грошы і каштоўнасці, унесеныя партызанамі і мясцовым насельніцтвам у фонд абароны краіны і іншае. Аэрадромамі ў партызанскіх зонах Беларусі карысталіся ЦШПР і БШПР, Галоўнае разведвальнае ўпраўленне Чырвонай Арміі НКУС СССР і НКУС БССР, Украінскі, Латвійскі і Літоўскі штабы партызанскага руху. На партызанскіх аэрадромах іншы раз збіралася да 10 самалётаў. Партызанскія аэрадромы і пляцоўкі выкарыстоўваліся франтавой савецкай авіяцыяй пры вымушаных пасадках і выкідах экіпажаў з падбітых самалётаў. Толькі ў маі 1943 года з Бягомльскага аэрадрома вывезена 25 авіятараў. Ведаючы значэнне партызанскіх аэрадромаў нямецкія акупацыйныя ўлады вялі барацьбу па іх знішчэнню. Так, у ліпені 1943 года для разгрому партызанскага аэрадрому ў Бягомлі была арганізавана спецыяльная карная экпедыцыя з удзелам рэгулярных часцей. Праціўніку ўдалося пацясніць партызан і захапіць аэрадром. Праз 20 дзён партызаны адбілі ворага і аэрадром аднавіў сваю дзейнасць. За час нямецкай акупацыі Беларусі савецкія авіятары здзейснілі 5945 самалёта-вылетаў да партызан. Яны даставілі ў тыл праціўніка 2403,4 тоны разнастайных грузаў, перавезлі з Вялікай зямлі 2626 чалавек і вывезлі з партызанскіх зон каля 9 тысяч чалавек. Партызанскія аэрадромы адыгралі значную ролю ў забеспячэнні дапамогі савецкага тылу партызанам, што садзейнічала актывізацыі іх баявых дзеянняў. На месцах аэрадромаў пастаўлены помнікі (Зыслаў).
Зноскі
- ↑ за 35 км на захад ад ракі Друць
Літаратура
правіць- М. А. Якубоўскі. Партызанскія аэрадромы // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 480-481. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.