Музычны альбом — набор музычных кампазіцый, выпушчаных разам, у стандартным фармаце, даступных для прайгравання на папулярных прыладах, што граюць музыку.

Раннія альбомы былі пакункам 78 абаротавых запісаў у форме кнігі, падобныя да альбомаў з фатаграфіямі.

Выраз «альбомны запіс» з’явіўся пасля таго, як некалькі грампласцінак сталі прадавацца як адно выданне, змешчаныя ў кнігу, якая нагадвае фотаальбом. Пазней «альбомам» сталі зваць доўгайграючыя 33⅓ аб/хв 12-цалёвыя пласцінкі (гл. таксама LP), таму што ў іх уваходзіла столькі музыкі, колькі раней утрымоўваў цэлы альбом. Стандартам папулярнай музыкі стала 12–14 песень у альбоме, першапачаткова аўтарскія адлічэнні залежалі ад колькасці песень.

Цяпер, калі грампласцінкі сталі архаізмам, тэрмін «альбом» прымяняецца да любой калекцыі гукавых запісаў, такіх як кампакт-касета, кампакт-дыск, мінідыск, DVD-Audio, SACD. У музычных анлайн-крамах, такіх як iTMS, група з некалькіх запісаў, выпушчаных у адзін і той жа час, таксама завецца альбомам.

Класіфікацыя музычных альбомаў правіць

Класіфікацыя па аб’ёме правіць

  • Звычайным «стандартным» альбомам або «LP» (лонгплэй, англ.: Long Play) звычайна завуць альбом, выпушчаны на адной 12-цалёвай кружэлцы або на адным кампакт-дыску з часам гучання парадку 30—80 хвілін.
  • Міні-альбом або «EP» (англ.: Extended Play) — прамежкавы варыянт паміж стандартным альбомам і самотнікам (сінглам). Звычайна на EP больш працяглы час гучання і больш кампазіцый, чым на сінглах, але менш, чым на альбоме.
  • Падвойны альбом — альбом, выпушчаны на двух носьбітах інфармацыі (12-цалёвых пласцінках або CD) і з часам гучання прыблізна ў 1,5-2 разы большым, чым LP. Шматлікія падвойныя альбомы, выпушчаныя на пласцінках яшчэ да эры кампакт-дыскаў, былі пазней перавыдадзеныя на адным кампакт-дыску, таму што апошні фармат дапушчае вялікую працягласць гучання.
  • Бокс-сэт (англ.: box set) — камплект з некалькіх носьбітаў. Звычайна гэта камплект з трох і больш CD у адмысловай агульнай скрынцы або пакунку.

Гл. таксама: сінгл. Сінглы звычайна не адносяць да альбомаў, таму што яны часта складаюцца толькі з адной-дзвюх песень.

Класіфікацыя па тыпах запісу і кампазіцый правіць

  • Студыйны альбом — альбом, запісаны ў студыі гуказапісу.
  • Канцэртны альбом, «канцэртнік» — альбом з запісам канцэртнага выступу. Звычайна на ім запісанае выкананне кампазіцый на сцэне «ўжывую», перад публікай (часта чутныя воплескі і іншыя гукі, якія выдаюцца публікай).
  • Зборнік — звычайна зборнік раней апублікаванага матэрыялу. На складанцы могуць быць кампазіцыі як аднаго, так і некалькіх выканаўцаў. Нярэдка выканаўцы выпускаюць адным альбомам складанку сваіх лепшых твораў або хітоў.
  • «Праграмны» альбом (ён жа «нумарны», «асноўны», «стандартны», «парадкавы» і проста «альбом» у вузейшым значэнні) — расплывістае паняцце для пазначэння звычайна тых альбомаў аднаго выканаўца, якія, у адрозненне ад зборнікаў і большасці канцэртнікаў, утрымоўваюць толькі новы матэрыял, які яшчэ не выдаваўся. Звычайна гэта чарговы запісаны студыйны альбом. Аднак існуе мноства гібрыдных з'яў (напрыклад, канцэртны альбом з такім матэрыялам, які ніколі не быў запісаны ў студыі), і гэтае паняцце, нягледзячы на распаўсюджанасць, з'яўляецца толькі ўмоўным.

Іншыя тыпы альбомаў правіць

  • Бутлег — неафіцыйны альбом. Напрыклад, выпушчаны падпольна або нелегальна зборнік або канцэртны запіс. Бутлегі ў асноўным выпускаліся ў ЗША, Германіі і большай часткай у Італіі. Дзесьці да сярэдзіны 90-х гадоў у Еўропе бутлегі былі ў вольным продажы, нягледзячы на тое, што яны не з’яўляліся афіцыйнымі выданнямі, іх можна было набыць у любой музычнай краме. Пазней з пашырэннем Еўрасаюза гэтую справу прыкрылі. На дадзены момант на CD бутлегі выходзяць вельмі рэдка. З іншага боку, усе пірацкія запісы выкладваюцца ў інтэрнэт, адкуль іх можна спампаваць.
  • Дэма — дэманстрацыйны запіс. Звычайна гэта адзін з першых запісаў музыкі або гурта, створаны яшчэ да выхаду першых рэлізаў (г. зн. афіцыйна не выдадзены) і прызначаны для азнаямлення зацікаўленых асоб (уладальнікі і агенты лэйблаў, арганізатары канцэртаў / фестываляў / конкурсаў, стваральнікі зборнікаў, патэнцыйныя фэны, музычныя крытыкі) з яго музыкай і планаваным творчым кірункам.
  • Дэбютны альбом — першы альбом выканаўца (гл. дэбют).
  • Канцэптуальны альбом — альбом, усе кампазіцыі якога аб'яднаныя адной ідэяй (канцэпцыяй). На канцэптуальных альбомах, у параўнанні з іншымі, звычайна ўгледжваецца некаторая аўтарская задума ў складзе і парадку кампазіцый.
  • Магнітаальбом — музычны альбом, выпушчаны на магнітафоннай стужцы, аўдыякасеце. Звычайна выпуск магнітаальбомаў вырабляўся неафіцыйна (што адрознівае іх ад афіцыйных выпушчаных лэйбламі аўдыякасет), і часта самімі ж музыкамі.
  • Прома — адмысловы выпуск (як правіла, параўнальна невялікім тыражом) музычнага альбома або іншага рэлізу для бясплатнага распаўсюджвання з мэтай прамоўшэну. Не прызначаны для продажу або шырокага распаўсюджвання, у адрозненне ад асноўнага выпуску. Прома-копіі могуць, напрыклад, рассылацца тэле- і радыёстанцыям для трансляцыі новых песень або кліпаў у іх эфіры, а таксама музычным журналістам, каб тыя напісалі рэцэнзіі напярэдадні афіцыйнай даты рэлізу.
  • Саўндтрэк (англ.: soundtrack, даслоўна: гукавая дарожка) — альбом з музыкай з аднаго (радзей — некалькіх) фільмаў. Можа быць як зборнікам некалькіх выканаўцаў, так і альбомам аднаго.
  • Сумесны альбом — альбом, запісаны сумесна выканаўцамі, якія звычайна ўжо маюць самастойную музычную кар'еру. Характарызуецца, як правіла, толькі тым, што ў якасці выканаўца паказаны не адзін чалавек або адзін гурт (або нават адмысловая назва сумеснага праекту), а некалькі (прыклад: «The Basement Tapes» — сумесны альбом Боба Дзілана і гурта The Band).
  • Сольны альбом (ён жа «сольнік») — альбом, выпушчаны пад імем аднаго музыкі. Часам гэты музыка быў раней вядомы ў складзе гурта, і выпуск «сольнікаў» можа расцэньвацца як сольная кар'ера (асобна ад прац гурта і сумесных праектаў) і як рэалізацыя індывідуальных творчых памкненняў. Такія альбомы адрознівае ад іншых рэлізаў толькі тое, што ў якасці выканаўца паказаны адзін чалавек, а не некалькі або назва гурта. Але гэта не заўсёды азначае, што альбом быў цалкам запісаны адным чалавекам. У запісы сольнага альбома аднаго музыкі магло ўдзельнічаць мноства іншых. Напрыклад, на двух сольніках Сіда Барэта запісваліся і ўсё яго калегі па гурце Pink Floyd і іншыя музыкі, але альбомы былі выпушчаны пад імем аднаго Барэта.
  • Спліт (англ.: split, даслоўна: расшчапленне) — альбом, на якім кожнаму з двух (радзей — больш) выканаўцаў прадстаўлена па некалькі кампазіцый, або прыкладна роўны час гучання. У эпоху грампласцінак кожнаму гурту адводзіўся адзін бок пласцінкі.
  • Трыб’ют-альбом (англ.: tribute, даслоўна: даніна, калектыўны дарунак) — альбом-зборнік з кавер-версіямі песень аднаго выканаўца, выкананых іншымі. Звычайна гэта робіцца як даніна павагі і знак шанавання творчасці аднаго выканаўца.