Міхаіл Сяргеевіч Мандрыкаў

Міхаіл Сяргеевіч Мандрыкаў (5 лістапада 1888, м. Горы, Чавускі павет, Магілёўская губерня — 2 лютага 1920, Нова-Марыінск, Чукотка) — старшыня Першага Рэўкама Чукоткі, удзельнік Усерасійскага Устаноўчага сходу, удзельнік III Усерасійскага з’езда Саветаў.

Міхаіл Сяргеевіч Мандрыкаў
Род дзейнасці рэвалюцыянер, палітык
Дата нараджэння 5 лістапада 1888(1888-11-05)
Месца нараджэння
Дата смерці 2 лютага 1920(1920-02-02) (31 год)
Месца смерці
Грамадзянства

Біяграфія правіць

Вучоба ў Горках. Праца і служба ў царскай арміі правіць

Нарадзіўся ў мястэчку Горы (цяпер аграгарадок Горацкага раёна) у шматдзетнай (8 дзяцей) сялянскай сям’і беларусаў Сяргея Іванавіча і Вольгі Фёдараўны Мандрыкавых.

Пасля заканчэння ў Гарах народнага вучылішча паступае на вучобу ў Горацкае рамеснае вучылішча. Займаючыся ў вучылішчы, у 1904 годзе ўступіў ў Горацкую сацыял-дэмакратычную арганізацыю. За ўдзел у дэманстрацыі пратэсту супраць расстрэлу дэманстрацыі працоўных 9 снежня 1905 года ў Санкт-Пецярбурга, якую арганізавала Горацкая арганізацыя РСДРП, у лютым 1905 года быў выключаны з вучылішча. Аднак праз некалькі месяцаў яго зноў прынялі, і ён скончыў вучылішча ў 1907 годзе[1]. Скончыўшы вучылішча, працаваў слесарам на вагонарамонтным заводзе ў Пецярбургу. У 1909—1910 гг. працуе ў Екацярынаславе на чыгунцы памочнікам вагавага майстра. У 1910 годзе быў прызваны ў армію, служыў на флоце спачатку ў Першым гвардзейскім флоцкім экіпажы, потым на крэйсеры «Громовой» матросам і качагарам. У верасні 1911 года быў пераведзены на крэйсер «Олег» падручным машыніста[2]. Улетку 1913 года М. С. Мандрыкаў быў дэмабілізаваны, працаваў на Балтыйскім суднабудаўнічым заводзе. За ўдзел у вулічных дэманстрацыях арыштаваны, але з-пад варты збег, нелегальна прыехаў у м. Горы да бацькоў і праз два тыдні па рэкамендацыі Магілёўскага камітэта РСДРП выехаў ва Уладзівасток, дзе ў той час жылі і працавалі два яго старэйшыя браты — Цімафей і Фёдар.

На Далёкім Усходзе правіць

Ва Уладзівастоку М. Мандрыкаў уступіў у кааператыў «Экономист», які хутка ўзначаліў. У 1916 годзе працаваў рабочым у вайсковым порце Уладзівастока і падазраваўся паліцыяй у сувязях з сацыял-дэмакратамі. У канцы 1916 года ахоўнае аддзяленне царскай ахранкі вырашыла расправіцца з членамі РСДРП, быў складзены «Спіс асоб, якія падлягаюць ліквідацыі». У спісе было і прозвішча Мандрыкава[3].

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года быў абраны членам Прыморскага абласнога Савета сялянскіх дэпутатаў і Уладзівастокскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У гэты час ён быў сябрам партыі левых эсэраў. У 1917 годзе абраны дэпутатам Усерасійскага Устаноўчага сходу па Прыамурскай выбарчай акрузе (спіс № 2) ад Савета сялянскіх дэпутатаў, які адбыўся ў 1918 годзе. Вярнуўшыся ва Уладзівасток, ён парывае сувязь з левымі эсэрамі і ўступае ў партыю бальшавікоў. У час контррэвалюцыйнага перавароту ва Уладзівастоку, здзейсненага белачэхамі, Мандрыкаў быў арыштаваны і пасаджаны ў канцэнтрацыйны лагер. Аднак яму ўдалося збегчы з лагера і працягнуць працаваць нелегальна. У сяле Аляксандраўскім яго зноў арыштоўваюць і саджаюць у турму, з якой летам 1919 года ён зноў уцякае і хаваецца ва Уладзівастоку. Улічваючы, што калчакаўцы на яго наладзілі паляванне, Уладзівастокскі камітэт бальшавікоў вырашыў адправіць яго на Чукотку[4].

На Чукотцы правіць

У верасні 1919 года ён адправіўся з Уладзівастока на Чукотку на параходзе «Табольск» пад імем Сяргей Бязрукаў. Праз некалькі дзён М. Мандрыкаў уладкаваўся прыказчыкам на прадуктовы склад і пачаў ствараць сярод мясцовых жыхароў падпольную групу з ліку тых, хто спачуваў савецкай уладзе[5].

Устанаўленне новай улады падпольшчыкамі было запланавана на пачатак 1920 года. Аднак калчакаўскаму кіраўніцтву пасёлка стала вядома пра дзейнасць рэвалюцыйнай групы, пра што паведамілі Мандрыкаву, і таму актыўныя дзеянні падпольшчыкаў пачаліся раней.

Выступіўшы ў ноч з 15 на 16 снежня 1919 года, падпольшчыкі захапілі ўладу і стварылі Першы рэвалюцыйны камітэт Чукоткі. У склад рэўкама ўвайшлі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Старшыня М. Мандрыкаў — беларус, сакратар М. Куркуцкі — чуваш, яго намеснік А. Булат — літовец, камісар народнай аховы А. Берзін — латыш, камісар радыёстанцыі В. Цітоў — рускі, члены рэўкама Я. Мальсагаў — асецін, С. Грынчук — украінец, М. Каліноўскі — камчадал, Арсен Вольтар — нарвежац, Бучак Іосіф (Васіль) — славак[6].

У першы дзень пасля захопу ўлады на сходзе мясцовага насельніцтва М. С. Мандрыкаў у сваім выступе казаў: «Прыйдзе час, ён ужо не за гарамі, калі наш далёкі край стане квітнеючым. Будуць тут пабудаваныя заводы, школы і бальніцы, будуць з часам універсітэты. Вашы дзеці, як і дзеці чукч, эскімосаў, камчадалаў, чуванцаў, стануць інжынерамі, пісьменнікамі, лекарамі, слесарамі, машыністамі… Гэта зробім мы сваімі рукамі, а дапаможа нам Савецкая Расія»[7].

Рэўкам існаваў усяго 45 дзён, але з першых дзён ён пачаў праводзіць дэкрэты Савецкай улады. Яму ўдалося павялічыць заробак настаўнікам, арганізаваць закупку вугалю ў рабочых-вугальшчыкаў на копях для раздачы яго бясплатна немаёмнаму насельніцтву, усталяваць кантроль над працай харчовых складоў, зацвердзіць расцэнкі і нормы выдачы тавараў. Рэўкам у мэтах паляпшэння забеспячэння насельніцтва таварамі, а таксама для прадухілення голаду жыхароў Чукоткі нацыяналізаваў тавары замежных і рускіх купцоў. Нацыяналізаваны былі таксама рыбалкі Грушэцкага і Соне ў вусці ракі Анадыр, якія па-драпежніцку знішчалі рыбу[8]. Гэта не спадабалася мясцовым багацеям і былым белагвардзейцам, якія хаваліся ад Чырвонай Арміі на Чукотцы. Баяліся яны і таго, што іх таксама могуць расстраляць па загадзе рэўкама, як гэта было зроблена з камерсантамі Смірновым і Малкавым.

У канцы студзеня 1920 года паляўнічыя пайшлі ў тундру на паляванне пясца, а рыбакі адправіліся на падлёдную лоўлю. Камісар народнай аховы А. Берзін паехаў у другую вёску. У гэты час контррэвалюцыйныя сілы арганізавалі групу змоўшчыкаў, якія 31 студзеня 1920 года пачалі паўстанне. У час паседжання рэўкама яны акружылі будынак і адкрылі агонь. Адна з куль трапіла ў галаву В. Цітова, і ён загінуў, былі паранены яшчэ два рэўкамаўцы. М. Мандрыкаў, бачачы, што супраціўленне немагчымае, вырашыў здацца, каб выйграць час. Арыштаваных зачынілі ў цёмны хлеў, дзе ў холадзе і без ежы трымалі двое сутак.

Раніцай 2 лютага 1920 года ім абвясцілі аб пераводзе ў турму на другі бераг ракі Казачка. Калі арыштаваныя ступілі на лёд, варта хутка разбеглася, а з акон берагавых будынкаў пачалася страляніна[9]. Целы забітых засталіся ляжаць на лёдзе, і толькі праз некалькі дзён мясцовым жыхарам дазволена было іх пахаваць. Змоўшчыкі зрабілі засаду, і 7 лютага 1920 года пры вяртанні з сяла Маркава былі арыштаваны Берзінь і Мальсагаў, якіх на наступны дзень таксама расстралялі. У Анадыры быў створаны так званы «Савет», аднак ён праіснаваў нядоўга. У чэрвені 1920 года савецкая ўлада ў Анадыры была адноўлена.

У верасні 1969 года прах Мандрыкава разам з іншымі рэўкамаўцамі быў урачыста перапахаваны з могілак сяла Тавайваам (побач з горадам) на высокі бераг Анадырскага лімана. У ходзе перапахавання было ўстаноўлена, што яны былі забіты выстраламі ў спіну.

Іншая версія падзей 1919 года на Чукотцы правіць

Гісторык В. Пуставіт выявіў у архіве следчыя справы некаторых удзельнікаў падзей 1919—1920 гг. на Чукотцы, у тым ліку справу І. Перапечкі, арыштаванага ў 1933 годзе[10]. І. Перапечка, які з’яўляўся адным з актыўных удзельнікаў перавароту 1920 года і страляў у рэўкамаўцаў, заявіў на допыце, што прычынай перавароту былі расстрэлы камерсантаў Смірнова і Малкава. Ен лічыў што «…гэта быў не рэўкам, а нейкая банда разбойнікаў, якія хацелі абрабаваць казну…»[10]. Ён быў прысуджаны тройкай пры НКУС 9 лістапада 1933 г. да 10 гадоў зняволення. 16 верасня 1992 г. ён быў рэабілітаваны па заключэнні пракурора Камчацкай вобласці[11]. Падставай для рэабілітацыі паслужыла тое, што, як сказана у пастанове пракурора, «Мандрыкаў і іншыя па сутнасці з’яўляліся бандытамі».

Не аспрэчваючы рашэння аб рэабілітацыі, варта адзначыць, што на думку гісторыкаў, якія на працягу больш чым 60 гадоў вывучаюць гісторыю першага рэўкама Чукоткі[12][13][14][15][16][17][18], трэба безумоўна асудзіць расстрэлы, праведзенныя рэўкамам у 1919 годзе. Аднак наўрад ці можна пагадзіцца з заключэннем пракурора Камчацкай вобласці, што «Мандрыкаў і іншыя па сутнасці з’яўляліся бандытамі». «Бандыты» не будуць займацца павелічэннем заробку настаўнікам, закупкай вугалю ў працоўных-вугальшчыкаў і бясплатнай раздачай немаёмнаму насельніцтву, паляпшэннем забеспячэння насельніцтва таварамі і іншымі сацыяльнымі справамі. І калі імёны тых, хто арганізаваў контррэвалюцыйны пераварот у 1920 годзе на Чукотцы, не ўспамінаюць, і фактычна яны забыты, то імёны рэўкамаўцаў засталіся ў памяці народаў Чукоткі і Беларусі.

Памяць правіць

  • У Анадыры ў 1980 г. на месцы магілы рэўкамаўцаў быў адкрыты мемарыяльны комплекс (скульптар — В. Н. Каралёў): у цэнтры — фігура М. Мандрыкава, а побач фігуры яго паплечнікаў. Там быў запалены вечны агонь.
  • У Чукоцкай аўтаномнай акрузе імя Мандрыкава прысвоена рабочаму пасёлку золаташукальнікаў (цяпер пасёлак нежылы), саўгасу, судну ледакольнага тыпу.
  • М. С. Мандрыкаў з’яўляецца героем рамана Ю. Рытхэў «Конец вечной мерзлоты», трылогіі А. Вахова «Ураган идёт с юга», «Пурга в ночи», «Утренний бриз», аповесці А. Афяроўскага «Свет северного сияния».
  • Помнік-бюст устаноўлены ў аграгарадку Горы Горацкага раёна.
  • Імем М. С. Мандрыкава названы вуліцы ў г. Анадыры, на тэрыторыі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (г. Горкі, Магілёўскай вобласці, Рэспубліка Беларусь), у аграгарадку Горы Горацкага раёна.
  • Экспазіцыі ў яго гонар створаны ў музеях: гісторыі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Горацкага гісторыка-этнаграфічнага, Горскай сярэдняй школы.

Цікавы факт правіць

Ірына Супрановіч, дырэктар Жодзінскага краязнаўчага музея, у матэрыяле «Гаспадар Чукоткі» пісала, што аднойчы ў музей зайшоў і прынёс свае вершы Андрэй Аляксандравіч Наскоў — журналіст, гісторык, аўтар сямі кніг па гісторыі Чукоткі і трох зборнікаў паэзіі. Чытаючы яго вершы, яна здзівілася і спытала: «…Адкуль у аўтара, які нарадзіўся і правёў амаль усё жыццё ў горадзе Анадыр на Чукотцы (маці — кітаянка, бацька — рускі), столькі любові, павагі і цеплыні да беларускай зямлі і яе народа?» На што ён адказаў: «Я з дзяцінства выхаваны на станоўчым прыкладзе Асобы, Чалавека, Беларуса — Міхаіла Сяргеевіча Мандрыкава»[19].

Зноскі

  1. Летопись Белорусской государственной сельскохозяйственной академии (1840—2015), 6-е изд., испр. и доп. — Горки: 2010. С. 44
  2. Ліўшыц, Уладзімір. Мандрыкаў Міхаіл Сяргеевіч. // Памяць. Горацкі раён. Гісторыка-дакументальная хроніка — Мн.: 1996. С. 145
  3. Ліўшыц, Уладзімір. Мандрыкаў Міхаіл Сяргеевіч. // Памяць. Горацкі раён. Гісторыка-дакументальная хроніка. — Мн.: 1996. С. 145
  4. Супрановіч, Ірына. Гаспадар Чукоткі Архівавана 20 ліпеня 2020.
  5. Мухачёв, Б. Новые документы о революционной деятельности Михаила Сергеевича Мандрикова // Советская Чукотка. 1958, 14 ноября
  6. Первый Ревком Чукотки (1919—1920 гг.). Сборник документов и материалов. — Магадан: 1957, С. 102
  7. Не гаснет память о первых ревкомовцах(недаступная спасылка)
  8. Первый ревком Чукотки (1919—1923 гг). Сборник документов и материалов. — Магадан: 1957. С. 100—130
  9. Мухачев, Б. Красное знамя реет над Чукоткой: по документальным материалам о первом председателе Анадырского Ревкома М. С. Мандрикове // Советская Чукотка. 1957. 13 июля
  10. а б Валентин Пустовит Вечная мерзлота любви. Окончание. // Камчатский край. 14.09.2011(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 чэрвеня 2015. Праверана 4 сакавіка 2013.
  11. Жертвы политического террора в СССР
  12. Мухачев, Б. Красное знамя реет над Чукоткой: по документальным материалам о первом председателе Анадырского Ревкома М. С. Мандрикове // Советская Чукотка. — 1957. 13 июля
  13. Матвеев-Бодрый, Н. Н. Михаил Сергеевич Мандриков. Воспоминания о председателе Первого Ревкома Чукотки. — Магадан: 1958
  14. Жихарев, Н. А. В борьбе за Советы на Чукотке: Очерки истории борьбы за установление Советской власти на Чукотке. — Магадан: 1958. — 120 с.
  15. Бейзераў, К. М. Мандрыкаў Міхаіл Сяргеевіч. // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. VI. Мінск: 1972. С. 612—613
  16. Диков Н. Н. (отв. ред.) Очерки истории Чукотки с древнейших времен до наших дней. — Новосибирск: 1974
  17. Ліўшыц, Уладзімір. Чалавек з легенды // час. «Маладосць», 1977, № 11, С. 183—191
  18. Адамова, Лариса. Чукотские ревкомовцы. Люди из легенды идут в вечность… Часть 2
  19. Супрановіч, Ірына. Гаспадар Чукоткі Архівавана 20 ліпеня 2020.

Літаратура правіць

  • Аферовский, А. Свет северного сияния. Документально-художественная повесть. — Мн.: 1988.
  • Бейзераў, К. М. Мандрыкаў Міхаіл Сяргеевіч // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. VI. — Мн.: 1972. С. 612—613.
  • Ермоленко В. Основатель Анадыря // У кн.: Белорусы и Русский Север. — Мн.: 2009. С. 118—122.
  • Жихарев, Н. А. В борьбе за Советы на Чукотке: Очерки истории борьбы за установление Советской власти на Чукотке. — Магадан: 1958.
  • Ліўшыц, Уладзімір. Мандрыкаў Міхаіл Сяргеевіч // Памяць. Горацкі раён. Гісторыка-дакументальная хроніка. — Мн.: 1996. С. 145.
  • Ліўшыц, Уладзімір. Чалавек з легенды // час. Маладосць, 1977, № 11, С.183—191
  • Ліўшыц, У. М. Раскопкі вакол Горацкага «Парнаса». Літаратуразнаўчыя нарысы. У 3-х кнігах. Кніга 3. — Горкі: 2019. С.180—185.
  • Ліўшыц, У. М. Жизнь, ставшая легендой // газ. «Сельская газета», 1981, 4 августа
  • Мандрыкаў Міхаіл Сяргеевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі у 6 тамах. Т. 5. — Мн.: 1999. С 67.
  • Матвеев-Бодрый, Н. Н. Михаил Сергеевич Мандриков. Воспоминания о председателе Первого Ревкома Чукотки. — Магадан: 1958. 104 с.
  • Мухачев, Б. Красное знамя реет над Чукоткой: по документальным материалам о первом председателе Анадырского Ревкома М. С. Мандрикове // Советская Чукотка. — 1957. 13 июля.
  • Мухачёв, Б. Новые документы о революционной деятельности Михаила Сергеевича Мандрикова // Советская Чукотка. 1958, 14 ноября.
  • Первый ревком Чукотки (1919—1923 гг.). Сборник документов и материалов. — Магадан: 1957.